Цана Эўропы

Нарвэскім уладам, адказным

за прыём і разьмяшчэньне

бежанцаў…

Землякам…

Дачцэ Ксені…

Паэт ня можа служыць уладзе —

таму што ён сам — улада.

Паэт ня можа служыць сіле —

таму што ён сам — сіла.

Паэт ня можа служыць народу —

таму што ён сам — народ.

Марына Цьвятаева

І. «Гуманітарны прытулак»

Раніцай 13 лютага 2005 году (было ўжо сьветла) у маёй нарвэскай кватэры ў запалярным гарадку Будзё заверашчаў званок. Я хацеў спаць, але мусіў падняцца, бо званок быў настырным. Устаўшы з ложка, я паглядзеў у акно, але нікога не было відаць — значыць, той, хто званіў, ужо стаяў каля дзьвярэй кватэры. Тады мне падумалася, што гэта, як і плянавалі, прыехалі амэрыканскія мармоны, каб забраць мяне ў царкву на нядзельную службу. З гэтай думкай я й адамкнуў дзьверы…

Што было далей, памятаю цьмяна. Памятаю, было іх двое-трое, у шапачках-масках, якія цяпер модныя сярод бандзюкоў, тэрарыстаў і рознага роду «службаў бясьпекі прэзыдэнтаў». Памятаю, яны разам пасьпелі выгугніць нешта падобнае да баявога клічу — каб агаломшыць… Далей, відаць, быў трапны ўдар, які на нейкі час адключыў мяне ад рэчаіснасьці. Аднак жывое ня так проста здаецца ў абдымкі сьмерці раней прызначанай пары. І мая істота — ня я, паэт С.А., а мая фізіялёгія, маё цела — змагалася за жыцьцё і ў адключцы…

Каб я не махаў рукамі, мне зьвязалі іх ззаду плястыкавым шнурам — засталіся сьляды на запясьцях.

Каб не крычаў — душылі маім жа махровым ручніком, выхапленым з душавога пакою (на шыі нейкі час былі відаць странгуляцыйныя сінякі-палосы).

Але самае цікавае — тэхналёгія зьбіцьця! Білі прафэсійна і… «шкадуючы», бо ні нос, ні зубы, ні корпус цела не пашкоджаныя, што цяжка ўявіць па выніках звычайнай побытавай бойкі. Сур’ёзна адбілі толькі правую шчаку, зрабілі «адбіўную», якая і праз два месяцы яшчэ не прайшла, і добра калі пройдзе…

У выніку шматлікіх удараў па твары я атрымаў міністрасеньне мазгоў, а таксама часовае разбалянсаваньне зроку.

Пасьля таго як бандыты пакінулі кватэру, я, відаць, нейкі час валяўся непрытомны ў вітальні. Нарэшце апрытомнеў, зразумеў, што адбылося, і ўжо сьвядома пачаў змагацца за сваё далейшае выжываньне. Ногі не трымалі ад слабасьці: страціў носам шмат крыві. На калідор выпаўз на каленях. Пэрыядычна выключалася памяць, і пэрыядычна я спрабаваў устаць на ногі, абапіраючыся сьпінай аб сьцяну. Паспрабаваў паклікаць на дапамогу суседзяў — не аказалася голасу, толькі глухія хрыпы пасьля махровай сьцяжкі-пятлі. Тады выпаўз у пад’езд і, стоячы на каленях, скрываўленым носам (рукі ж ззаду зьвязаныя) націскаў на кнопкі кватэрных званкоў. Скрывавіў усю панэль, але так ніхто і ня выйшаў. Трацячы апошнія сілы, змог трапіць у нейкі калідор, дзе і заўважыў кабету з малым дзіцем…

Жанчына разрэзала дрот на руках і выклікала хуткую.

ІІ. Чаму?

Гэты напад на мяне — характэрны прыклад у шэрагу яскравых іншых, які сьведчыць пра альбо бяздарную, альбо злачынную, альбо бяздарна-злачынную адначасова палітыку нарвэскіх уладаў адносна бежанцаў.

…Мая бежанская справа пачалася з допыту, які цягнуўся два дні агулам гадзін каля 12. Расказаў я шмат пра нашы беларускія справы, дакумэнцікі паказаў, даведачкі, відэаматэрыялы etc., etc… Маладая сьледчая і маладая ж перакладчыца гатовы былі віншаваць мяне з хуткім атрыманьнем палітпрытулку, настолькі відавочным для іх быў менавіта палітычны характар маёй справы.

Але замежны дырэктарат (UDI) — а магчыма, і той, хто стаіць яшчэ вышэй?.. — так не лічыў. Пасьля транзытнага лягеру мяне разам з тысячамі іншых бежанцаў, добрую палову якіх складалі ўцекачы з былога СССР, адправілі ў бежанскі лягер у запалярным Рогнане. Там я хутка адчуў непараўнальную ні з чым сілу непрыязнасьці, каварнасьці, а то й адкрытай нянавісьці бежанцаў адзін да аднаго і да краіны, якая іх прыняла.

Ужо вясной 2003-га стала мне зразумела, што хуткага адказу ад нарвэскіх уладаў чакаць не выпадае — наадварот, чакаць трэба дэпартацыі. І тады, як і многія іншыя бежанцы, я пачаў эканоміць на сацыяльнай выплаце: стаў харчавацца прадуктовымі адкідамі, апранацца выключна ў сэканд-хэнд, зьбіраць і здаваць пустыя пляшкі… Я апусьціў сябе на самае дно эўрапейскага кантэйнэра; я пачаў спазнаваць адваротны бок эўрапейскай дэмакратыі і эўрапейскага эканамічнага цуду ў нарвэскім выкананьні. Пры гэтым я штодня адчуваў, як расьце непрыязнасьць маіх былых суайчыньнікаў па СССР да мяне пэрсанальна, нібы гэта я быў прычынай іх бедаў і праблем…

Летам я ўцякаў зь лягеру ў горы, на прыроду; зімой станавіўся на лыжы…

Разы два я прасіў дырэктарку лягеру ў Рогнане пасяліць мяне асобна ад іншых бежанцаў. Замест гэтага на працягу больш як двух гадоў лягернага існаваньня мяне пад дзесяць разоў перасялялі з пакою ў пакой.

Між тым час ішоў, і дырэктарат па справах замежнікаў нарэшце прыняў рашэньне: на свой дзень нараджэньня, 8 сакавіка 2003 году, я атрымаў адмову ў палітпрытулку.

Перажылі і гэта. Адвакат даслаў скаргу. Новая беларуская дыяспара Эўропы паабяцала падняць шум…

Другое рашэньне было станоўчым: 30 сьнежня 2004 году я атрымаў прытулак, але — і гэта ўдакладніў адвакат — не палітычны, а толькі так званы гуманітарны.

ІІІ. Успамін пра самагонаварэньне

Гэта калісьці было:

хата, зіма і холад.

У полі шмат намяло,

пад ложкам бушуе солад.

Сусед нечакана прыйшоў

(варыць самагонку з бацькам);

схаваўшы пад шапку вушшо,

дастаў самагонныя цацкі.

Сьпярша разьвялі агонь,

паставілі трубкі і трубы,

і цэбар, і цеста ў далонь

уліпла, як воск у зубы…

У хаце палілі печ,

за садам кіпела работа…

Варыць самагонку — рэч! —

на хутары, у суботу.

Было гэта так даўно —

пачатак сямідзясятых…

Лавілі дарослых, і дно

выбівалі з цэбраў мурзатых.

Але самагонка — напой

жытнёвы, жывы і чысты,

хто піў яго з галавой,

рабіўся як дуб — вячысты…

Я помню, што пасядзець

бацькі маладыя ўмелі:

хто голас меў — мог сьпець…

Пад закусь павольна хмялелі…

А як жа елі!.. Бабуля на стол

стаўляла капусту зь дзежкі,

грыбную поліўку і расол,

мачоныя сыраежкі…

З шаста дасталі пару кілбас

і бондачку для малечы.

Гарэлка — дарослым, а дзецям — квас

і дранікі сьвежыя зь печы.

Пяршак пілі, курэў «Беламор»,

партыйных крыху згадалі,

і хтосьці, на хлеб намазаўшы здор,

выпіў і крэкнуў: «Дасталі!..»

06.03.2005, Паўночная Нарвэгія

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0