— На Тройцу ў нас кірмаш быў! — А што там прадаюць? — Нічога. У гэты дзень можна прыяжджаць у госьці без папярэджаньня і запрашэньняў.

Апошняе пакаленьне дробнай шляхты сьвяткавала Тройцу, як не сьвяткуюць нават Вялікдзень ці Купальле. Русальныя песьні, саладкаваты водар явару. Гула бяседа. «Колькі ў небе зор, цяжка палічыць…» Піша Тацяна Барысік.

Напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х у вёсцы Круглоніва ўжо даўно не было каму вадзіць траецкія карагоды, заломваць бярозкі. Найбліжэйшая царква месьцілася ў суседнім Глускім раёне, у Гарадку, кілямэтраў за дзесяць. Тыя, хто меў звычку па сьвятах хадзіць туды, памерлі ці састарыліся зусім. Дый явару, каб сьвяціць, а пасьля на падлогу слаць, не было. Рака Пціч таксама за дзесяць кілямэтраў, а балота асушылі яшчэ задоўга да таго, як я нарадзілася. Пэўна, таму й русалкі не вяліся, калгаснага жыта ня блыталі.

Але затое пажылыя круглоніўцы, апошняе пакаленьне колішняй дробнай шляхты, сьвяткавалі Тройцу, як не сьвяткуюць нават Вялікдзень ці Купальле.

На Тройцу ў нас Кірмаш быў! Неяк у студэнцкія гады ў кампаніі знаёмых, збольшага таксама гарадзкіх вяскоўцаў, толькі з-пад Магілёва і ваколіц, згадала пра кірмаш. Адразу прагучала пытаньне:

— А што там прадаюць?

— Нічога. У гэты дзень можна прыяжджаць у госьці без папярэджаньня і запрашэньняў.

Да той пары я чамусьці лічыла, нібыта кірмашы паўсюль у вёсках правяць, толькі ў розныя дні. Пра тое, што «па-правільнаму» гэты звычай завецца Прастольным сьвятам і захаваўся мала дзе, даведалася ня так даўно. У дзяцінстве ж траецкі кірмаш бачыўся мне абавязковым, як Новы год, як Першамай.

Напярэдадні мялі дзеркачом вуліцу, двор. Прыбіралі ў хаце — засьцілалі найноўшыя палавікі, дарожкі, пакрывалы, накрыўкі.

На Тройцу заўсёды красаваў дзівоснымі зубкамі лубін. На Тройцу нам зь сястрой бабуля дазваляла апрануць гарадзкія строі, якія бацькі ў сумкі пакавалі. У астатнія дні мазаць «харошую адзёжу» забаранялася. Мы штогод у вёсцы летавалі. Сукенкі тыя так і заставаліся новымі.

Але на кірмаш з раніцы, «строіўшыся» як найлепш, ішлі да аўтобуса сустракаць гасьцей, хоць дакладна ня ведалі, хто менавіта прыедзе і ці прыедзе наагул. Пасьля ўсе разам грамадою ішлі ў хату. За стол сядалі. У бабулі зь дзядулем заўсёды абед быў нішто сабе, да Тройцы ж рыхтаваліся асабліва, сёе-тое прывозілі й госьці.

На кірмаш прыяжджалі розныя людзі, хто часьцей, хто радзей. Усе яны нарадзіліся ў Круглоніве, даводзіліся нам сваякамі, але настолькі далёкімі, што растлумачыць роднасныя сувязі ўдавалася адной бабулі. Я ж, колькі ні спрабавала, так і ня здолела запомніць.

Прыяжджалі Нікіціны — Анатоль і Соф’я з Бабруйску. Адукаваныя, нягледзячы на немалады век, надзіва зарыентаваныя ў сучасным жыцьці людзі. Пасталеўшы, я даведалася, што ні партызанская мінуўшчына, ні гады не заміналі ім ані да дачкі ў Ізраіль падарожнічаць, ані слухаць радыё «Свабода», ані філязофіяй Рэрыха цікавіцца.

Наведаўся неяк жвавы, падобны да артыста дзед Дзямян зь Менску. Яго мае дзядуля з бабуляй у свае семдзесят з гакам гадоў паважна называлі дзядзькам Дзямянам. Калісьці Дзямян быў сасланы ў Сібір — як спэкулянт і кулак.

— Прыйшлі па мяне, а ў мяне рукі па локці ў крыві — кабана разьбіраў.

Гналі па этапе. Ён здагадаўся, на воз да кухара ўскочыў, у памагатыя папрасіўся. Кухар, пашкадаваўшы, ці яшчэ зь якой прычыны не прагнаў Дзямяна з воза. Мо таму і пашчасьціла выжыць. У Беларусь вярнуўся, збудаваў дом у Асіповічах, пасьля ў Менску. Заўжды ўмеў зарабіць — быў на ўсе рукі майстар, апроч таго вырошчваў кветкі, гадаваў нутрый. З аповедаў дзеда Дзямяна я баялася прапусьціць хаця слова. Ужо ведала ад бабулі, што раскулачвалі працавітых, ні ў чым не вінаватых людзей. Падручнікі школьныя пісалі адваротнае.

Бываў на кірмашы і знакаміты Ванька Лявонаў з Салігорску. Як можна было такога сівога дзядзьку Ванькам клікаць? Бабуля, пэўна, памятала яго іншым. У маладосьці Ванька не адрозьніваўся прыкладнымі паводзінамі. Аднаго разу нават бацьку прыстрашыў:

— Жані, а то печ разбуру!

У адказ на пагрозу бацька адлупцаваў сына, зьвязаў і пад лаўку кінуў. Дапамагло. Іван вывучыўся, выбіўся ў людзі, уладкаваўся як ніхто іншы. Ні ў чым ня меў недахвату! Дачка ў Нямеччыне, сын у Ленінградзе. Сам працаваў спэцыяльным карэспандэнтам нейкай сталічнай газэты. Прыедзе ў калгас і пытае ў старшыні:

— Ну, пахваліць цябе ці збэсьціць?

Той адразу і яйкі, і мяса нясе.

У вачах сваякоў Іван быў пасьпяховаю асобай, ухвальным прыкладам для маладзейшых. Таму мне ў падлеткавыя гады хацелася быць падобнай да яго, а не да Юр’я Гагарына.

Гула бяседа. Сьпявалі песьні:

— Колькі ў небе зор, цяжка палічыць… — шырокаю павольнай ракою разьліваўся бабулін голас.

І размовы, размовы! Пра што толькі ні гаманілі, ні спрачаліся.

— Выпіць калі-небудзь трэба. Толькі хворыя ня п’юць, — лаялі антыалькагольны закон.

— Людзі падзяляюцца на некалькі частак. Самая вялікая — падхалімы, — выказваў свае думкі дзядуля. На жаль, прыведзеную ім клясыфікацыю цалкам ня памятаю. А вось пра падхалімаў чамусьці не забылася. У 10—13 год такія словы шмат пра навакольны сьвет тлумачаць.

Усё было на тых бяседах, апроч хлусьні і дурнаватай хамаватасьці накшталт:

— Выпілі, дык во супам закусіце.

— Вася! Вася! Дай я цябе пацалую!

Наагул не было нічога, што нагадвала б кепскія фільмы на тэму вясковага жыцьця. Усёй вёскай пасярод вуліцы не пілі, мацерных прыпевак пад гармонік не сьпявалі.

Госьці хаця і ў нас спыняліся, але й на іншых аднавяскоўцаў, таксама далёкіх сваякоў, не забываліся. Добрая пачостка ў такі дзень у кожнай хаце была. Наведвалі ня толькі жывых, а й памерлых на могілках. Даўней, покуль не зьвялася моладзь, былі танцы. Зараз жа ціхім адвячоркам проста сядзелі на вуліцы, нясьпешна абмахваючыся бэзавымі галінкамі.

Апошнія гады на Тройцу гасьцей не было. Хто ў лепшы сьвет адышоў, хто занядужаў. Нямоглая ўжо бабуля ўсё роўна памятала пра кірмаш. Прасіла прыбраць у хаце. Спадзявалася:

— А мо хто і прыедзе…

Год таму ня стала і яе. Памерла ў траўні, якіх двух тыдняў не дажыўшы да сьвята. Сёлета будуць помнік ставіць, таксама на Тройцу. Так супала выпадкова. А можа, і не зусім. Як пра яе і ўсё добрае напамінак.

У дзяцінстве мне не прыходзіла ў галаву, нібыта Тройцу сьвяткуюць іначай.

Усё-такі ёсьць генэтычная памяць. Русальныя песьні, саладкаваты водар явару вярэдзяць душу. Ды пачуцьці гэтыя адразу засьціць туга па амаль адмерлай завядзёнцы, па сьвяце, зь якім нельга павіншаваць па тэлефоне, або як кажуць у тых краях, праздравіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0