Валиконите И., Гудавичюс Ю., ЛазуткаС. Первый Литовский Статут (1529 г.).

— Вильнюс: Марги Раштай, 2004. 522 с., ил.

У своеасаблівым «падзеле працы», які склаўся ў дасьледчыкаў гісторыі ВКЛ, супрацоўнікі Віленскага ўнівэрсытэту займаюць гісторыка-прававую нішу — менавіта пры гэтым унівэрсытэце створана працоўная група «Літоўскія статуты і Літоўская Мэтрыка». І сярод кніг Мэтрыкі ВКЛ Віленскі ўнівэрсытэт выдае якраз Судовыя кнігі. Чарговая публікацыя групы — новае шыкоўнае расейскамоўнае выданьне Статуту 1529 г. Кніга зьмяшчае акадэмічны тэкст Статуту на старабеларускай мове (з адзнакаю ўсіх розначытаньняў ва ўсіх сямі сьпісах XVI ст.) і пераклад тэксту на сучасную расейскую. Упершыню зроблены шырокі камэнтар усіх трынаццаці разьдзелаў Статуту і большасьці яго артыкулаў (разам 282). У выданьні таксама публікуецца старабеларуска-расейска-лацінскі слоўнік. Гэтая публікацыя стала 14-м па ліку выданьнем Першага Статуту ВКЛ. Але кніга адметная ня толькі сваім акадэмічным статусам, але і той палемічнасьцю, якую прыўнесьлі яе выдаўцы.

Хто аўтар?

На пачатку ХІХ ст. у гістарыяграфіі замацавалася меркаваньне, што галоўным кадыфікатарам і кіраўніком працэсу падрыхтоўкі Статуту быў канцлер Альбрэхт Гаштаўт, якога яшчэ называлі кіраўніком «літоўскае партыі» ў ВКЛ. Паводле ўкладальнікаў выданьня, аўтары першай рэдакцыі Статуту — Мікалай і Ян Радзівілы. Паміж дзьвюма слаўнымі фаміліямі ВКЛ пралягла паласа непаразуменьня і нянавісьці. А.Гаштаўт, стаўшы канцлерам і фактычна кіраўніком дзяржавы, тарпэдаваў першую рэдакцыю, прынятую ў 1522 г. на Віленскім сойме, і цягам сямі гадоў стараўся так перарабіць тэкст, каб аддаць поўнаму забыцьцю першых яго творцаў. Гэта яму ўдалося.

Менавіта ў артыкулах першага Cтатуту знайшоў найбольш поўнае адлюстраваньне філязофскі і дзяржаўна-палітычны сьветапогляд Гаштаўта як ідэоляга ды практыка праваахоўнай станавай манархіі самабытнага Вялікага княства Літоўскага з асобным манархам, але той жа каралеўскай фаміліі, што і ў Польшчы. Гэта дазволіла б захаваць раўнапраўныя ўнітарныя дачыненьні з Каронай. Але добранамерныя ідэі аказаліся ілюзіяй. Манарх празь дзесяць гадоў пасьля сьмерці А.Гаштаўта зноў стаў супольным, хутка стала супольнай і дзяржава, у якой умацавалася так званая шляхецкая дэмакратыя, якой у мэмарыялах каралеве Боне рашуча не прымаў А.Гаштаўт.

Як называць?

У кнізе зроблены падрабязны аналіз гісторыі дасьледаваньня Статуту 1529 г. Пры гэтым аўтары тэксту палемізуюць з замацаванай у беларускай гістарыяграфіі практыкай называць помнікі заканадаўства ВКЛ не «Літоўскімі Статутамі», а «Статутамі ВКЛ». Ужо менскае выданьне 1960 г. мела такую назву. Пазьней гэту пазыцыю абгрунтаваў гісторык права Язэп Юхо, спасылаючыся непасрэдна на крыніцы: Статут 1529 г. меў тытульную назву «Права пісаныя…», а Статуты 1566 г. і 1588 г. — «Статут Вялікага Князьства Літоўскага…».

Падаецца, што ў далейшых развагах наконт гэтага Я.Юхо зрабіў толькі адну памылку — ён супрацьпаставіў тэрмін «Статут ВКЛ» назьве «Літоўскі Статут», а трэба было проста заставацца на пазыцыі саманазвы. Літоўскія аўтары з такой назвай Статутаў ВКЛ ня згодныя і спасылаюцца на гісторыяграфічную традыцыю: «…беларускія савецкія гісторыкі зрабілі такое «сэнсацыйнае адкрыцьцё». Вядома ж… і іншыя ня менш заслужаныя дасьледчыкі літоўскіх статутаў бачылі гэта, але бачылі і іншае, да таго ж [яны] валодалі пэўнай сьціпласьцю і паважалі ўтвораную ў гістарычнай навуцы традыцыю». Як бачым, дыскусія набыла эмацыйную афарбоўку.

Зноў пра мову

Таксама палемічна арганізаваны разьдзел выданьня пра мову Статуту. Тут аўтары настойваюць на ўжываньні тэрміну «старабеларуская мова». У крыніцах XVI—XVII ст., а таксама ў Статутах 1566 г. і 1588 г. гэтая мова называецца «руськай». Дарэвалюцыйныя расейскія аўтары называлі яе «русской», што, на думку выдаўцоў Статуту, заблытвае праблему, бо «нараджае алюзіі на пісьменнасьць Маскоўскай дзяржавы XVI ст. Між тым, у той час гэта былі ўжо зусім розныя мовы».

Рознымі гэтыя мовы ўспрымалі і сучасьнікі. У маскоўскіх прыказах дакумэнты на старабеларускай мове, што паступалі з ВКЛ, вызначаліся як напісаныя «па-літоўску». У сучасную літоўскую гістарыяграфію зь міжваеннага пэрыяду вяртаецца азначэньне «gudш». Дасьледчыкі зь Віленскага ўнівэрсытэту ў пэўнай меры прызнаюць яго прымальным, але менавіта для літаратуры на літоўскай мове, бо толькі ў гэтай мове эпохі Статутаў існавала такое акрэсьленьне русінаў ВКЛ. Але названая дэфініцыя «не перакладаецца на іншыя мовы, а калі і перакладаецца, то тым жа тэрмінам «беларусы—беларускі». Такім чынам, застаецца найбольш прымальная, хоць і ўмоўная, назва мовы — старабеларуская. Яна апраўданая этналягічна як назва мовы, што прыйшла з тэрыторыі сучаснай Беларусі…» Адзначым, што дасьледчыкі Віленскага ўнівэрсытэту адзіныя, хто ў сучаснай Літве паслугоўваецца гэтым акрэсьленьнем, бо іншыя актыўна выкарыстоўваюць тэрміналягічныя сурагаты накшталт «славянскі канцылярскі» альбо «інтэрдыялект пісьменства ВКЛ».

Жудасныя гуды

Усё ж не магу не пракамэнтаваць ужываньня тэрміну «гуды» для пазначэньня беларусаў. Сярод сучасных літоўскіх лінгвістаў пашырана меркаваньне, што слова «гуды», хутчэй за ўсё, паходзіць ад найменьня «готы». Гэта надта даўняя гісторыя, значна больш старажытная за часы Вялікага Княства Літоўскага. Бо мяркуецца, што ў эпоху Вялікага перасяленьня народаў готы ўключылі ў сваю арбіту славянскія плямёны, якія жылі на паўднёвым захадзе сучаснай Беларусі, на Палесьсі, ды былі суседзямі балтаў. Як значна пазьней усіх жыхароў ВКЛ называлі ліцьвінамі, так і імя готаў пашырылася на ўвесь саюз плямёнаў остготаў. Але ў 375 г. гоцкае квазідзяржаўнае ўтварэньне Германарыха было літаральна зьмецена ордамі гунаў, якія рушылі далей у Эўропу. Адступілі таксама готы, але іх сьляды — археалягічныя помнікі пад Берасьцем ды назва народу — засталіся на нашай зямлі. Варта дадаць, што готы — гэта лацінская назва (Gothi), самі яны сябе звалі Gutans, Gytos. Вось адкуль «гуды» ў літоўскай мове.

Гэта даволі лягічная і прывабная для беларусаў вэрсія, якая ўскрывае архаічныя пласты народнай сьвядомасьці. Але ў свой час мяне заінтрыгавала адмоўнае стаўленьне Зянона Пазьняка да называньня ў літоўскай мове беларусаў гудамі. Для Пазьняка, як ён заяўляў публічна, гэта было сынонімам адсталасьці і забітасьці. Вось і цяпер мы чытаем ва ўступе да выданьня Статуту 1529 г. пра «крыху гратэскавы сэнс» тэрміну «гуды». І сапраўды, сугучнае літоўскае «gыdus» перакладаецца як «жудасны». Так, жахлівы, але ж не адсталы.

Непарыўная повязь

І апошні сюжэт з гісторыка-лінгвістычнай дыскусіі, які тычыцца вызначэньня суадносінаў паміж старабеларускай і сучаснай беларускай літаратурнай мовамі. Яшчэ ў рэцэнзіі на беларускае выданьне Статуту 1588 г. (Менск, 1989) С.Лазутка зазначыў, што мова Статутаў і сучасная беларуская мова — «гэта дзьве розныя мовы, больш за тое… першая значна бліжэйшая да сучаснай расейскай мовы, чым да беларускай. І таму пераклад тэксту Статуту на расейскую мову і ўкладаньне пашыраных уводзінаў ды камэнтароў толькі на беларускай мове, менш зразумелай для чытача, які ведае расейскую мову, выглядае парадаксальна». Рэцэнзэнт назваў такія прынцыпы публікацыі «моўнай эклектыкай».

Відавочна, чарговы раз розьніца ў графічных абалонках моваў строіць жарты з дасьледчыкаў. Старабеларуская мова па лексычным складзе вельмі блізкая да сучаснай літаратурнай беларускай мовы, але спэцыяльныя тэрміны (у тым ліку юрыдычныя) ды гістарызмы патрабуюць адмысловага тлумачэньня. Старабеларуская мова мела традыцыйна-кансэрватыўную графіка-артаграфічную сыстэму, празь якую жывое вымаўленьне відавочна праяўлялася з пэўнай ступеньню ўмоўнасьці. Як толькі зьяўляліся тэксты на старабеларускай мове, але ў іншай графічнай сыстэме (лацінскай ці арабска-татарскай), то беларускае гучаньне брала сваё. Калі праз паўтара стагодзьдзя афіцыйнага неўжываньня і забыцьця старабеларускай мовы шляхецкія дэмакраты ў другой палове ХІХ ст. пачалі нелегальна ствараць новую літаратурную норму, яны абапіраліся ўжо пераважна на жывое гучаньне розных дыялектаў і пісалі свае творы лацінкай, якая мела традыцыі перадачы жывога вымаўленьня. Так што на нейкім этапе ў першай чвэрці ХХ ст. узьнікла нават патрэба трансьлітарацыі твораў пачынальнікаў новай беларускай літаратуры з лацінкі на кірыліцу. Адпаведна і кірылаграфічная літаратура ўзнікла ў пач. ХХ ст. таксама на дыялектнай аснове пры імкненьні перадачы знакамі кірылічнага альфабэту жывых гукаў. Менавіта таму ўзьнікла, напрыклад, такая літара, як «ў» (у нескладовае), якая так бянтэжыць неабазнаных у беларускай мове. Непрызнаньне гістарычных формаў існаваньня мовы і забыцьцё на прынцып эвалюцыі жывых моваў вядзе да разрыву повязі паміж старабеларускай і сучаснай беларускай літаратурнай мовамі.

Ці ня выйдзе так, што дыялёг паміж літоўскай і беларускай гістарыяграфіямі, калі можна казаць пра гэта абагульнена, спыніцца на вызначэньні дэфініцый, а іншыя праблемы апынуцца на пэрыфэрыі гісторыяграфічнай дыскусіі? Відавочна, усё да таго ідзе.

На гэтым тле новае выданьне сьведчыць, што крыніцазнаўчы і археаграфічны ўзровень апрацоўкі тэксту Першага Статуту ВКЛ дасьледчыкамі Віленскага ўнівэрсытэту застанецца на доўгі час непераўзыдзеным з боку іншых гісторыкаў. Калі вы ня проста цікавіцеся гісторыяй ВКЛ, а займаецеся ёй, кнігу варта набыць. У Беларусі яна прадаецца толькі ў адным месцы — у менскай «Акадэмкнізе». Кошт немалы — 138 тыс. рублёў. Але кніга таго вартая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0