Ці глябалізацыя пагражае інтарэсам нацыянальнай дзяржавы?

Ці зьяўляецца мэтай дзяржавы абсалютызацыя ўлады і ці павінна ўсё, што яе абмяжоўвае, разглядацца як пагроза? Тады б у якасьці ідэалу трэба было прызнаць таталітарную дзяржаву — толькі яна ня мае ніякіх абмежаваньняў у дачыненьні да ўласных грамадзян. Артыкул Лешка Бальцаровіча.

Глябалізацыя — усё, што адбываецца ў сучаснасьці. Менавіта так акрэсьліваюць апошнім часам моднае слова. Толькі акрэсьленьне гэтае непрактычнае — бо казаць «усё» зарана. Антыглябалісты ўжываюць гэтае слова для абазначэньня ўсяго дрэннага, што ёсьць у сучасным сьвеце. Яно адыгрывае для іх тую самую ролю, што ў некаторых асяродках слова «нэалібэральны» ці пры папярэднім ладзе — «буржуазны». Аналягічныя і асацыяцыі, якія гэтым словам спадарожнічаюць: буржуазная эканоміка лічылася памылкай, адхіленьнем ад адзіна слушнай зьявы, якой была эканоміка марксісцкая.

Глябалізацыя — гэта процілегласьць ізаляцыі асобных частак сьвету. Краіна глябалізуецца, калі зьнікаюць ці зьмяншаюцца бар’еры ў кантактах яе жыхароў зь людзьмі зь іншых краін. Калі робіцца больш інтэнсіўнай іх міграцыя, разьвіваецца міжнародны гандаль, што ў сукупнасьці азначае разьвіцьцё фінансавых рынкаў. Урэшце, немалое значэньне для апошняга мае і абмен інфармацыяй. У XIX ст. нішто так не паспрыяла міжнароднаму перамяшчэньню капіталу, як вынаходзтва тэлеграфу, што паскорыў абмен інфармацыяй пра каштоўнасьць фінансавых актываў між краінамі. У эпоху Інтэрнэту перавагі бесьперашкоднага абмену інфармацыяй пералічваць ня трэба.

Калі мы будзем разумець глябалізацыю менавіта так, выявіцца, што гэта зьява зусім ня новая! Як вынікае з дасьледаваньняў па эканамічнай гісторыі, мы перажываем ужо трэцюю яе хвалю.

Калі ЗША былі небагатыя…

У эпоху Рымскай імпэрыі сьвет быў больш глябалізаваны, чым у сярэднявеччы: рымскія дарогі, ідэя Pax Romana і далёкія падарожжы, прычым ня толькі салдат рымскай арміі, але і купцоў. Потым, і досыць надоўга, глябалізацыя замерла.

Першая вялікая хваля зарадзілася ў Новы час — у 1850—1914 г., калі шпарка пачаў разьвівацца свабодны гандаль, зазналі разьвіцьцё і фінансавыя рынкі. Тады апэрацыі заключаліся ў перацяканьні капіталу з багатых краін у бяднейшыя. Галоўным донарам капіталу, а значыць, рухавіком глябалізацыі, была Вялікабрытанія, на якую прыпадала да 80% экспарту капіталу. Капітал накіроўваўся ў бяднейшыя краіны — ЗША, Канаду, Аўстралію ці Аргентыну, нацыянальны даход якой у XIX ст. раўняўся даходу ЗША, пакуль праз стагодзьдзе ў выніку няўмелага кіраваньня катастрафічна ня ўпаў.

Дзякуючы міграцыі зьмяншалася няроўнасьць паміж людзьмі. Мігравала, перш за ўсё, нізкакваліфікаванае насельніцтва — так, з Ірляндыі з прычыны вялікага голаду ў XIX ст. выехала палова жыхароў. Гаворачы мовай эканамістаў, з рынку адхлынула прапанова працы, а раз закон прапановы і попыту дзейнічае ў эканоміцы гэтак жа няўхільна, як закон сусветнага прыцягненьня ў фізыцы, зьявілася тэндэнцыя да павышэньня аплаты працы тых кваліфікаваных ірляндцаў, што засталіся ў краіне. Адначасова гэта запавольвала рост даходаў жыхароў ЗША, хоць яны і так хутка расьлі ў выніку павышэньня кваліфікацыі працоўнай сілы, пашырэньня тэрыторыі, разьвіцьця тэхнікі.

Першая хваля глябалізацыі трывала тры дзесяцігодзьдзі і аціхла пад канец 1920-х. Росту ізаляцыі паспрыялі, сярод іншага, заняпад валютнай сыстэмы на аснове золата і зьяўленьне дзьвюх варожых рынку таталітарных сыстэм, а значыць, па сваёй сутнасьці антыглябалісцкіх, — фашызму і камунізму. Сьвет уступіў у ня вельмі шчасьлівую эпоху: узрасла няроўнасьць як паміж бяднейшымі і багацейшымі краінамі, так і ўнутры саміх бяднейшых краін. Прывяло да гэтага згортваньне экспарту зь бяднейшых краін, дзе ён грунтаваўся збольшага на працы людзей нізкай кваліфікацыі. У гэтай сытуацыі цяжка не закрануць праблемы пратэкцыянізму багатых краін. Пратэкцыянісцкія захады, што ставяць перашкоды імпарту зь бяднейшых краін, шкодзяць жыхарам апошніх. Багаты Захад у вялікай ступені працягвае такую палітыку і да сёньня, бо як інакш акрэсьліць сельскагаспадарчы пратэкцыянізм і абарону вытворцаў тэкстылю? А гэта дзьве галіны, у якіх маглі б спэцыялізавацца незаможныя краіны. Але што зробіш, калі ім на гэта не даюць шанцаў.

За мурамі мытаў

Пасьля чарады ваенных і палітычных узрушэньняў надышоў другі этап глябалізацыі — 1950—1980-я. Быў адноўлены міжнародны абмен — на жаль, толькі на ўзроўні багатых краін. Усходні блёк перажываў сваю «антыглябалізацыю», ці ізаляцыю ад Захаду. Ня браў удзелу ў глябалізацыі і «трэці сьвет», перш за ўсё, з прычыны тагачасных памылковых эканамічных тэорый. Лічылася, што для пераадоленьня адсталасьці неабходна інтэрвэнцыянісцкая дзяржава, якая ў значнай ступені замяшчала б сабой прыватнае прадпрымальніцтва і рынак; паколькі ў бедных краін няма шанцаў на экспарт, яны мусяць браць курс на ізаляцыю, спрабуючы знайсьці ўласны шлях да дабрабыту за мурамі пошлін. За такую палітыку прыйшлося заплаціць вялікую цану — крызісамі і паглыбленьнем адсталасьці. Зьявіліся, аднак, і выняткі — так званыя «азіяцкія тыгры», якія збудавалі экспартаарыентаваную эканамічную мадэль. Прыклад гэтых краін спрычыніўся да рэвізіі шкоднай парадыгмы, заснаванай на перакананьні, што эканамічную адсталасьць можа пераадолець толькі актыўная дзяржава, якая ізалюе краіну ад імпарту і канкурэнцыі, каб мець магчымасьць разьвіваць айчынныя галіны гаспадаркі.

Посьпех Кітаю

Трэцяя хваля глябалізацыі пачалася ў 1980-я і стала працягам другой, адно што пашырылася на вялікую колькасьць краін «трэцяга сьвету» — тых, якія зрабілі вывады з гісторыі і пачалі праводзіць у жыцьцё прынцыпы, як называюць яго апанэнты, «нэалібэралізму», скасоўваючы гандлёвыя бар’еры і даючы дарогу замежнаму капіталу. Такім чынам, з пачатку 1980-х мы можам назіраць свайго роду натуральны экспэрымэнт: ёсьць краіны на шляху разьвіцьця, якія ўключыліся ў глябалізацыю, адкрыўшы межы і правёўшы ўнутраныя рынкавыя рэформы, і краіны, якія гэтага не зрабілі. Мы можам таксама параўноўваць вынікі — розьніца калясальная.

З краін, што дасягнулі посьпехаў у разьвіцьці, найбольшага посьпеху дамогся Кітай. Ён з гледзішча палітычнай сыстэмы застаецца сацыялістычным, затое ў сфэры эканомікі з канца 1970-х дрэйфуе да капіталізму.

Кітай прыцягвае ў некалькі разоў большыя замежныя інвэстыцыі, чым Індыя, якую прынята лічыць капіталістычнай краінай. Таксама Кітай мае ў пяць разоў большы аб’ём экспарту, у значнай меры дасягнуты дзякуючы прамым замежным інвэстыцыям. Індыя, абцяжараная грувасткай бюракратыяй, пачала лібэралізацыю, хоць і зь вялікімі агаворкамі, але нават гэта прывяло да паскарэньня росту ВУП.

Дзякуючы зьменам у гэтых дзьвюх краінах, аднак, прыметна зьменшыўся працэнт сусьветнай галечы. Бо на Кітай і Індыю, у якіх жыве звыш двух мільярдаў чалавек, прыпадае 1/3 зямнога насельніцтва.

У абедзьвюх краінах рынкавыя рэформы, спалучаныя з палітыкай адкрытасьці сьвету, былі галоўнай перадумовай эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу. Раней гэтым шляхам прайшлі «азіяцкія тыгры» — Паўднёвая Карэя, Тайвань, Ганконг, Сынгапур, Малайзія, Тайлянд, Інданэзія. Хто ня ўдзельнічаў у гэтых працэсах ці ўключыўся надта неглыбока? Афрыка, дзе гэтаму перашкодзілі этатычныя ці скарумпаваныя рэжымы, і Блізкі Ўсход, таксама закрануты рознымі формамі сацыялізму.

Абароненыя ад усяго

Новай якасьцю трэцяй хвалі глябалізацыі зьяўляецца магчымасьць перадачы вобразатвораў (ня толькі інфармацыі, але і эмоцый, невэрбальных моўных сродкаў) на адлегласьць дзякуючы тэлебачаньню і Інтэрнэту. За выняткам гэтага мала што зьмянілася.

У параўнаньні зь першай хваляй глябалізацыі сучасныя перамяшчэньні насельніцтва меншыя. Больш як сто год таму было папросту менш абмежаваньняў з боку багатых супраць міграцыі бедных, таму выезд «на заробкі» быў адным з найбольш пасьпяховых спосабаў разбагацець. Таксама, калі гаварыць пра перамяшчэньне капіталаў, беручы пад увагу эканоміку багатых краін, хваліцца няма чым: Вялікабрытанія была большым экспартэрам капіталу (у адносным вымярэньні), чым сёньняшнія ЗША. Што немалаважна, тады асноўная маса капіталу цякла ад багатых да бедных, у той час як цяпер большая частка капіталу абарочваецца ў коле самых багатых. Гэта, вядома, не праява злой волі ў дачыненьні да бедных: інвэстары кіруюцца эканамічным разьлікам і, ацэньваючы варункі інвэставаньня, знаходзяць лепшыя ўмовы ў сябе дома, чым у бяднейшых краінах — як правіла, няўстойлівых палітычна і ў выніку нестабільных эканамічна.

Існуе, аднак, шмат краін «трэцяга сьвету», якія ўключыліся ў працэсы глябалізацыі, — там мы назіраем прыток прамых замежных інвэстыцый. Тыя, хто баіцца быццам бы згубных вынікаў наплыву замежнага капіталу, павін-ны паглядзець на краіны, абароненыя ад такой «рызыкі», — напрыклад, большасьць краін Афрыкі, Бірму, Паўночную Карэю, якія знаходзяцца ў глябальным крызісе, выкліканым у тым ліку і адпрэчваньнем чужога капіталу. Там, дзе не прыцякае сур’ёзны замежны капітал, як правіла, няма і шанцаў на істотныя ўнутраныя інвэстыцыі. Іх ускладняе наяўны там «антыдзяржаўны» лад, калі ўлады, замест таго каб ахоўваць грамадзян ад ашуканстваў і забясьпечваць прадпрымальнікам стабільнасьць іх інвэстыцый, абкрадаюць грамадзян.

Я ня ведаю закрытай краіны, якая разьвівалася б гэтак жа дынамічна, як супастаўная зь ёй паводле патэнцыялу адкрытая краіна. Сьцьверджаньне, што глябалізацыя вядзе да галечы, — відавочнае махлярства. Прычына галечы, перш за ўсё, у браку рынкавых рэформаў і выніку гэтага — недастатковым удзеле краіны ў міжнародным падзеле працы. Шмат антыглябалістаў льюць сьлёзы аб бедных краінах, а хто зь іх працуе на адмену абмежаваньняў імпарту сельскагаспадарчых тавараў ці тэкстыльных вырабаў зь бяднейшых краін на рынак багатых дзяржаў? Страты, якія бедныя краіны нясуць з прычыны захаваньня абмежаваньняў у багатых краінах, у некалькі разоў большыя за дапамогу, якую ім аказвае Захад. На ўтрыманьне адной каровы ў краінах ЭЗ ідзе ў некалькі разоў больш сродкаў, чым складае сярэдні даход жыхара Афрыкі.

У сьвеце багатых шмат крывадушнасьці. Пакуль існуюць магутныя лобі ў сфэры выдзяленьня субсыдый ці ўстанаўленьня гандлёвых бар’ераў, іначай быць ня можа. Затое адразу пасьля іх устанаўленьня ці ўзмацненьня пачынае чуцца рыторыка аб «дапамозе бедным».

Што ж усё-такі рабіць з паўтараным скрозь і ўсюды сьцьверджаньнем пра глябалізацыю як прычыну ці фактар няроўнасьці? Найперш трэба вызначыць, гаворым мы пра няроўнасьць унутры краіны, паміж краінамі ці ў апазыцыі «канкрэтная краіна — астатні сьвет». Эфэктам глябалізацыі, несумненна, зьяўляецца зьмяншэньне абшараў галечы, аднак могуць павялічвацца пэўныя супярэчнасьці — напрыклад, у краіне, якая прымае імігрантаў, як правіла, нізкакваліфікаваных, будуць павольней расьці заробкі ўсёй катэгорыі такіх людзей. Гэта відавочна ў сытуацыі ўзросту прапановы працоўных рук з такім самым узроўнем кваліфікацыі. З прычыны гэтага прафсаюзы, што абараняюць інтарэсы такіх работнікаў, выступаюць супраць іміграцыі.

Свабода ў аўтаркіі

Некаторым здаецца, што няма больш варожых адно аднаму паняцьцяў, чым «глябалізацыя» і «інтарэсы нацыянальнай дзяржавы». Аднак ці зьяўляецца мэтай дзяржавы абсалютызацыя ўлады і ці павінна ўсё, што яе абмяжоўвае, разглядацца як пагроза? Калі так, то ў якасьці ідэалу трэба было прызнаць таталітарную дзяржаву, бо толькі яна ня мае ніякіх абмежаваньняў у дачыненьні да ўласных грамадзян. А калі б, у сваю чаргу, мэтай дзяржавы была б максымальная сувэрэннасьць і незалежнасьць адносна іншых дзяржаў, то не маглі б заключацца ніякія дагаворы, якія добраахвотна гэтую сувэрэннасьць абмяжоўвалі б. Напрыклад, Польшча мусіла б выйсьці з усіх міжнародных саюзаў.

Краіна павінна быць адкрытай навакольнаму сьвету, бо бяз гэтага ў шырокай пэрспэктыве няма разьвіцьця эканомікі і наагул цывілізацыі. Адкрытасьцю, аднак, можна карыстацца па-рознаму. Польшча можа доступ да сусьветных фінансавых рынкаў зьвесьці да ролі крыніцы фінансаваньня раздутых бюджэтных выдаткаў ці крыніцы прамых інвэстыцый, якія паскаралі б мадэрнізацыю краіны. Ці, скажам, у Аргентыне здарыўся фінансавы крах таму, што яна ўключылася ў глябалізацыю? Гэта так, але гэта ўсё роўна што гаварыць: не павінна быць агню, бо можна апячыся.

Фактам зьяўляецца тое, што краіна, адкрытая перад замежным капіталам, робіцца прадметам ацэнкі ў вачах замежных інвэстараў. Тыя, натуральна, стараюцца як мага скрупулёзьней ацаніць умовы інвэставаньня, таму ў глябалізаваным сьвеце на ацэнку краіны часьцей маюць большы ўплыў эканамісты, чым палітыкі. Таму калі краіна ізалюецца ад сьвету, на якую-небудзь прывабнасьць цяжка разьлічваць. Доступ жа да фінансавых рынкаў настолькі істотны, што некаторыя краіны, абцяжараныя даўгамі, не згаджаюцца на іх сьпісаньне, баючыся, што пасьля такой апэрацыі яны стануць малапрывабнымі і будуць адрэзаны ад сусьветных фінансавых рынкаў (менавіта таму краіны, якіх закранула цунамі, адмаўляліся ад скасаваньня іх запазычанасьцяў).

Калі мы будзем разумець нацыянальныя інтарэсы як максымалізацыю дзяржаўнай улады, нам давядзецца прызнаць процістаяньне глябалізацыі, ці ізаляцыю, станам, найлепшым для краіны. Але ці добра гэта для грамадзтва і эканомікі гэтай краіны? Вядома, не. Ізаляцыя любой краіны ад навакольнага сьвету выракае яе на адсталасьць і галечу. Добры лад, у сваю чаргу, грунтуецца не на пашырэньні ўлады дзяржавы, а на абароне бясьпекі і свабоды грамадзян. Адна з праяў гэтай свабоды і адначасова адна з умоў разьвіцьця краіны — адкрытасьць сьвету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0