У 2006-м пераможа той, хто ўжо сёньня сам навучыцца марыць, той, хто верне мару гэтай зямлі.

Піша Андрэй Баеў.

На мяжы крайнасьці

Знаёмыя замежнікі, што наведваюцца ў Беларусь, салідарныя ў першых пачуцьцях: безнадзейнасьць, морак безнадзейнасьці. Іх фотаапараты ловяць толькі новыя гмахі і яркія сукенкі. Твары нібыта праходзяць міма. І ня толькі пра адсутнасьць усьмешак гаворка, а пра крайнюю тутэйшую безнадзейнасьць.

І час, што жуйка на марозе, — застылы, цягучы. Перажаваная й сплюнутая на абочыну жыцьця краіна.

Мы жывём ня тут і не цяпер — час праглынае няздольных да мары. Тонучы, падаём руку блізкаму, «талерантныя» да колеру ягонае скуры. Абыякавыя, мясцовай гаворкаю кажучы. Ні гарачыя, ні халодныя. Ніякія. Дзе ж наша трохкутніца, людзі на балоце?

Вера беларуса — верка-сярдзючка

Разгадка беларуса простая — вярніце яму скрадзеную, зьніклую ў балоце стабільнасьці і інэртнасьці мару. Ці так незаўважна, што тут даўно развучыліся марыць? Магчыма, зьняверыліся. Вера можа быць і нэгатыўнай, як вера беларуса. Не, мы ня кінулі бацькоўскае веры апошніх стагодзьдзяў, яе формула блізкая нашай крыві й звыклая наскаму вуху: наймарнейшая марнасьць — марыць.

У перамозе над гэтай забойчай шэрасьцю і хаваецца ключ да брамы свабоды і дэмакратыі. У 2006-м пераможа той, хто ўжо сёньня сам навучыцца марыць, той, хто верне мару гэтай зямлі. Кожнаму сваю — ня вашу, не ідэалягічна сканструяваную, а асабістую, жывую. Кожнаму — ад вяскоўца да асабістага кіроўцы прэзыдэнта. Кіньце развагі пра свабоду сярод несвабоднага грамадзтва! Ня гэтага душа беларуская прагне. Майсей 40 гадоў выбіваў рабскую сьвядомасьць, адкрываючы людзям мару — зямлю абяцаную; свабоды яны не разумелі, крычалі «Назад у Эгіпет!»…

«Даць» мару — першы і вырашальны крок. Далей мэханізм працуе на аўтаматыцы. Мара — не нацыянальная ідэя, розумам яе не спародзіш, абухом не навяжаш. Знайсьці яе, вынайсьці — справа сапраўды марная. Яе хутчэй абудзіць трэба. Як?

Мая-твая перамога

Сам факт такога пытаньня сьведчыць, што дасюль мы ня ведаем сваіх козыраў, жалячыся на гульню бяз правілаў. Дзіўна, што кагосьці гэта дзівіць: с’est de la politique! Пакуль жа енк апазыцыі чуваць па ўсім сьвеце. І гэта пры тым, што выбаршчык даўно ўжо не адчувае, што перамога Лукашэнкі — ягоная, выбаршчыка, асабістая перамога (нават калі за таго ён і галасаваў). Асаблівасьць нашых шырот у тым, спадарства, што, каб перамога была асабістай, за яе трэба змагацца — асабіста, як ні дзіўна, хоць бы і марай!

«Хто скраў маю перамогу?» — з такім пытаньнем павінен падняцца ўвечары пасьля выбараў не адзін, не адзіны, а кожны. Перамога адзінага можа сублімавацца ў перамогу кожнага толькі калі не ў яе, а ў яго павераць. Рэвалюцыя? Дзе тады ваш таварны від?!

На вашых тварах не відаць галоўнага, без чаго шматмільённыя ўліваньні сакавіцкім і іншым катам пад хвост, — веры няма. Яе няма на тварах нацыі. Няма яе і на тварах ейнае эліты. Хто ж паверыць вам?! А пад хвост катбм альбо кбтам — няхай кожны выбірае сам…

У чаканьні навальніцы

Дзякуй богу, ня ўсё толькі ад нас (вас, іх) залежыць. Тэмпэратура ў грамадзтве пачынае падымацца. Парыць. Ня зловіш моманту камунікацыі — народ перагарыць, што каштаны на праспэкце Машэрава, і стане подых навальніцы яе выдыхам, зноў будуць стабільныя 36,6. Будзеш мітусіцца безыдэйнай мушкай ля непад’ёмнае катлеты — выпадзеш з кантэксту, а градусу не падымеш. А нацыя — ня градусьнік, які можна, калі трэба, і «набіць». Не на тых ровень маем, спадары аксакалы, не на тых. Аморфнай байцоўскую рыбку не называюць. Яе забіваюць, не пасьпяваючы надаваць найменьні. Што ўжо казаць пра імя…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0