Невядомыя на радзіме музыкі выяжджаюць за мяжу і бяруць першае месца на

міжнародным конкурсе. Калі такое робіцца нормай, настае час для аналізу.

Гомельскі гурт «Al Narrator Orchestra» ўпэўнена перамог у конкурсе аматарскіх калектываў на фэстывалі «Noc bluesowa» ў польскай Раве-Мазавецкай. Піша Зьміцер Падбярэскі.

Луізіянскі блюз на берагах Сажа

Фэстываль — аднагодак «Басовішча», аднак упершыню беларускіх музыкаў запрасілі ў Раву-Мазавецкую пяць гадоў таму. З таго часу маем два першыя месцы ў конкурсе і тры заахвочвальныя прызы ад журы. Пазалетась менскае трыё «Big Val, Svet & Al» уразіла міжнароднае журы арганічным, стылёвым выкананьнем карэннага блюзу. Сёлета гамяльчане з «Al Narrator Orchestra» пайшлі яшчэ далей, прэзэнтаваўшы праграму, заснаваную на зайдэка — разнавіднасьці дэльта-блюзу, радзімай якой зьяўляецца штат Луізіяна.

У Беларусі такую музыку выконвае толькі «Al Narrator Orchestra». А паколькі ён адзіны, яго вядомасьць не выходзіць па-за межы дэльты Сажа.

Зайдэка — клясычны вясковы блюз, які спалучае ўласна блюзавую традыцыю і спрадвечную музыку крэолаў — перасяленцаў з Францыі на поўдзень Злучаных Штатаў. Паколькі адным з тыповых для французаў інструмэнтаў быў акардэон, менавіта ён у музыцы зайдэка стаіць на першым пляне, спалучаючыся ў гучаньні са слайд-гітарай і губным гармонікам.

Хваляваліся дарма

«Al Narrator Orchestra», што складаецца з шасьці чалавек, утварыўся мінулай восеньню з ініцыятывы «бацькі» гомельскага блюзу, гітарыста, сьпевака і выкладчыка Аляксандра Цыганка. Выступ у Раве-Мазавецкай быў усяго другім публічным канцэртам калектыву. Па-за межамі гурту яго ўдзельнікі захапляюцца іншай музыкай. Так, Аляксандра Сафонава ведаюць пад імем Аляксандар Софікс як выканаўцу нью-эйджу, акардэаніст Аляксандар Гулай выступае ў складзе фанкавай каманды. Аднак пад кіраўніцтвам Цыганка яны граюць старажытную зайдэку, прычым выглядаюць на сцэне на дзіва ўпэўнена.

У рэпэртуары групы ня толькі творы клясыкаў жанру. Якія б творы ні выконваліся, усе яны падаюцца як фірмовая гомельская страва — толькі ва ўласных аранжыроўках. Падмурак гучаньня складаюць дыялёгі губнога гармоніка і акардэона, грунтоўна падмацаваныя гітарай А.Цыганка. Гэта ўражвала на фоне польскіх гуртоў, якія выконвалі стандартны рок з блюзавымі інтанацыямі.

Галасаваньне адбывалася дэмакратычна. Спачатку сябры журы з Польшчы, Славаччыны, Беларусі і Вугоршчыны назвалі тыя калектывы, якія зьвярнулі на сябе ўвагу. Усе сярод іншых назвалі і гамяльчан. Затым па большасьці згадак адабралі чатыры групы, і па выніках другого туру галасаваньня выявілася, што «Al Narrator Orchestra» — пераможца. Другой у конкурсе стала польская група «The Town» з аўтарскімі польскамоўнымі блюзамі, трэцяе месца падзялілі славакі «Zalman Brothers Band» і «Blues Pill» з Вугоршчыны. Пры гэтым «губны гармонік» гамельчукоў Дзьмітры Роба быў адзначаны прызам у выглядзе добрага мікрафона.

Тут бы якому зь менскіх канцэртных агенцтваў неадкладна наладзіць канцэрт гамяльчан хоць бы ў якім з клюбаў. Але выканаўцам блюзу ў Беларусі, мусіць, наканавана заставацца прыгнечанай музычнай меншасьцю…

Брытанцы на разагрэве

Паколькі фэстываль у Раве-Мазавецкай адбываўся ў пятнаццаты раз, арганізатары парупіліся і пра шыкоўны фаервэрк, і пра гасьцявую частку праграмы. І тут паслухаць было што!

Менчукоў з «Мадэры гард блюз» «разагравала» легенда сусьветнага блюзу «Ten Years After»?! Склад англічан быў амаль арыгінальны: Чык Чарчыл на клявішных, Лэа Лаянз на басе, Рык Лі на барабанах. Элвіна Лі замяняў 27-гадовы гітарыст і сьпявак Джо Гуч, але гэта была з тых замен, якія кашы аніяк не псуюць. Энэргія, зь якой працавалі блюзавыя пэнсіянэры, вартая перайманьня.

Беларусь бязблюзавая

І што маем у выніку? Спынілася традыцыя блюзавых фэстываляў у Менску, на сустрэчах у блюзавым «Стар-клюбе» адны й тыя ж выканаўцы, гурт «Mojo Blues», які вельмі шануюць у Польшчы, больш чым паўгоду працуе на поўначы Кітаю, «Крама» пазбаўлена магчымасьці даваць канцэрты на радзіме, некалі беларуская група «Seven B» зусім няблага пачуваецца ў Польшчы.

Няма блюзавых прарокаў на Айчыне. А таму адно са спадзяваньняў — на Раву-Мазавецку. Як запэўніў мяне бурмістар гораду Яўгеніюш Гурай, гарадзкія ўлады прыкладуць усе сілы, каб беларускія музыкі заўсёды мелі магчымасьць паказацца на «Ноцы блюзовай».

Аўтар выказвае падзяку памежнікам зь пераходу «Варшаўскі мост» за прафэсіяналізм пры выкананьні службовых абавязкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0