Купальская батлейка паводле вершаўФранцішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Францішка Аляхновіча, Уладзімера Караткевіча і іншых.
Хай ня гневаюцца на мяне прывіды клясыкаў — я не хацеў нахлусіць, а толькі сабраў усіх на адной сцэне. Сьцяпан Дзінь-Дзілевіч. Вільня, 2004 г.
Дзейныя асобы
Х ц і в е ц
С у с е д з і
Ч о р т
В е д з ь м а
З д а н і (п р ы в і д ы)
Месца дзеяньня
Лес, Ведзьміна хата, вясковая вуліца, Хціўцава хата
Дзея першая
П’яны Х ц і в е ц ідзе празь лес і пяе (на мэлёдыю песьні з «Народнага альбому»)
Х ц і в е ц.
У суботу-нядзельку апрануся прыстойна…
Кажуць у вёсцы бабы — я хцівец лянівы,
Бяз працы хацеў бы зрабіцца шчасьлівы.
Але я жа знаю — праца любіць дурня,
А я ж дык разумны! Я ж надта культурны!
За цяжкой работай можна і прапасьці.
А шчасьце? Што шчасьце? Можна і ўкрасьці…
Але дзе ж я ўбіўся, залез сярод лому,
Гэта ж я вяртаўся зь вясельля дадому —
Ці ня зблудзіў раптам у лесе заклятым?
А хай цябе немач, чым я вінаваты?
А бадай згарэла — гэткая чашчоба,
А во і гарыць штось — шчэ адна хвароба!
Глянь ты — агонь проста зь зямелькі бярэцца,
Хоць гарыць — ня паліць, няможна сагрэцца.
А-ей, гэтак страшна, а ня дай ты, божа,
А вы ж мае людцы, ратуйся хто можа!
Зь лямантам уцякае і апынаецца ля сваёй хаты.
Дзея другая
С у с е д з і.
Што гэта за лямант? Ці вайна і немцы?
Ці яшчэ якія пруцца чужаземцы?
А… гэта ж наш Хцівец…
Х ц і в е ц.
Людцы, што я бачыў!
Ад такога страху здурнееш, няйначай.
Агонь нейкі дзіўны зь нічога бярэцца,
Хоць гарыць — ня паліць, няможна сагрэцца…
1 - ш ы с у с е д.
Гэта, мусіць, зь неба маланка зьлятала,
Дык табе, п’яному, у вачах стала.
2 - г і с у с е д.
А можа, то зьзяньне з магілкі сьвятога,
Пэўне, будзеш шчасьліў праз гэта у Бога.
3 - ц і с у с е д.
А можа, схаваны быў то скарб закляты,
Калі б яго ўзяў бы — то быў бы багаты…
Суседзі пасьмейваюцца і сыходзяць.
Х ц і в е ц.
Скарб? Гэта цікава. Вось бы яго цопнуць!
Тады ўсе наўкола ад зайздрасьці лопнуць.
А што скарб закляты — то я не баюся,
Я дзеля патрэбы й чорту пакланюся.
Дзея трэцяя
Перад Х ц і ў ц а м раптам вылазіць Ч о р т.
Ч о р т.
Кланяюся пану.
Х ц і в е ц.
Кланяюсь узаемна.
Ч о р т.
Рады запазнацца.
Х ц і в е ц.
І мне тэж прыемна.
Хто ж такі пан будзе?
Ч о р т.
Няўжо ж не пазнаўшы?
Х ц і в е ц.
Я трохі зьлякаўся. Шчэ не ачуняўшы.
Ч о р т.
Ды я не тутэйшы. Камэрсант. Здалёку.
Душы закупляю для пана штороку.
Х ц і в е ц.
А ваш пан багаты? Ці дорага плаціць?
Ч о р т.
Іх… Слухай, мільёны ён на гэта траціць.
Яму трэскі грошы, а грошы — што трэскі.
Усякага купіць, абы толькі кепскі.
Х ц і в е ц.
А я — ці ня мог бы прадацца вашэці,
Каб быў я багатшы ад усіх на сьвеце?
Ч о р т.
Можна. Вельмі проста. А чаму ж няможна?
Цераз майго пана — нігды не парожна.
Пры сабе ня маю, але вунь у пушчы
Ляжыць скарб закляты за ройстам* у гушчы.
А там, на засьценку, ёсьць ведзьма старая.
Скажа, як браць скарбы, — яна усё знае.
Ну, дык згодны?
Х ц і в е ц.
Згодны.
Ч о р т.
Падпішы крывёю.
Надта ж добры гандаль мы зробім з табою.
Х ц і в е ц па складах чытае з паперкі.
Х ц і в е ц.
Вы-ра-ка-ю-ся ду-шы за гро-шы,
А нашто тая душа, калі маеш барыша?
Ч о р т.
Калі маеш грошы — то і сам харошы.
Х ц і в е ц падпісвае.
Х ц і в е ц.
Выракаюся душы за гро-шы!
Ч о р т (зьнікае і падхоплівае рэхам):
Грашы… грашы… грашы…
Дзея чацьвёртая
Х ц і в е ц.
А цяпер да ведзьмы ў той лес закляты.
(Пераходзіць у лес.)
Але як жа ўлезьці да яе ў хату?
Кішмя кішаць гады, кажаны, вароны,
А кіну я камень дзеля абароны!
(Кідае.)
Бэнц! Сабе па лэбе! А бадай ты спрахла!
Відаць, нацярплюся я сягоньня страху!
Дык дзе ж тая ведзьма, трасца ёй у косьці!
Чаму непрыветна сустракае госьця?
З коміну вылазіць В е д з ь м а.
В е д з ь м а.
Якая ж то немач цябе тут прыпёрла?
Прэч ідзі дадому. Залі сабе горла.
Х ц і в е ц.
Маю інтарэсы важны для вашэці,
Гэты адрасочак даў мне па сакрэце…
В е д з ь м а.
А, казаў мой брацік пра цябе учора.
Я цябе чакала, але ня так скора.
Не рабі мне глуму, а залазь у сені,
Але зажмур вочы, выверні кішэні
І паўзі у хату. Ня пйрадам. Збдам.
Гэтакаму госьцю я заўсёды рада.
Х ц і в е ц залазіць у хату.
В е д з ь м а.
Ну, кажы, што трэба? Мусіць, ці ня грошы,
Бо, відаць, для нас ты — чалавек харошы.
Х ц і в е ц.
Заклятага скарбу хацеў бы дабрацца,
А ваша дык знаеш, як за яго ўзяцца?
В е д з ь м а.
Бачыш, які ласы. Скарб — гэта ня жарты.
Пагляджу спачатку я, чаго ты варты,
Задам я заданьне — як выдзержыш пробу,
Дык дастанеш скарбу, а не — дык хваробу.
Калі скарб закляты — шукаць трэба ўночы,
І у ночы цёмнай, хоць выкалі вочы.
Чарадзейства трэба, каб стаці відушчым,
Знайсьці папараць-кветку па начы ў пушчы.
А ўжо тую кветку калі хто дастане,
Ўбачыць усе скарбы і багатым стане.
Ну, дык ці гатовы выканаць заданьне?
Надта ж ужо цяжкае тут выпрабаваньне.
«Вырві сэрца, высуш сэрца,
Запалі агнём, як сьвечку!
Не глядзі, што кроў сатрэцца,
Не хавайся у падпечку!
Як прыйдзе Купальская ночка,
Выйдзі з сэрцам, як з паходняй,
Ад кусточка да кусточка
Асьвяці ўсё пачародне!
Так сьвяці, ня бойся мукі,
Зь верай вернай і надзеяй, —
Кветка прыйдзе сама ў рукі,
Толькі сэрца спапялее.
Чуеш гэта, зробіш гэтак?
Будзеш панам, слаўным князем;
А ня зробіш — сотні летак
Будзеш гніць, як жаба ў гразі».
Х ц і в е ц.
О! Я дзеля грошай на ўсё гатовы.
Зраблю што захочаш — даю табе слова.
Х ц і в е ц вырывае з грудзей сэрца, а яно ўжо сухое, папяровае. Ён яго паліць, і ад сэрца застаецца толькі попел.
В е д з ь м а.
А што, і зрабіў так, як я гаварыла?
І скуль толькі розуму ды сілаў хапіла?
Цяпер цябе, хціўчык, як ты душу страціў,
Як свайго роднага буду трактаваці.
Хадзі ж, цябе, міленькі, у лупы пацалую,
Сваімі смакоцьцямі шчодра пачастую.
Бяры, самагонкі сербані глыточак,
Закусіць вазьмі, во, паганы грыбочак,
Каровіны блінчык з сабачыным шмальцам,
Калі не палезе — дык я папхну пальцам.
(Ведзьма корміць Хціўца.)
Ну вось, цяпер слухай мой загад апошні —
Ўжо як схопіш кветку, як дастанеш грошы,
Глядзі, нізавошта, дзяцюк, не жагнайся
І да самай хаты йдзі — не азірайся.
Х ц і в е ц.
Ну, гэта вядома — пры зладзейскай працы
Трэба не жагнацца і не азірацца.
В е д з ь м а зьнікае.
Дзея пятая
Х ц і в е ц.
Дык сёньня Купальле і ноч перад Янам,
Значыць, будуць грошы! Значыць, буду п’яны!
(Пяе.)
Купалінка, купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
А грошыкаў бочка…
Глянь! Папараць-кветачка зіхаціць, як слонца,
А блішчыць як ясна — хораша бясконца.
Няўжо ж удалося? А дай жа памацаць.
Куды ж яе ўсунуць? Толькі б не патраціць.
Усуну ў бутэльку — зь ёй я неразлучны,
От які выпадак падфарціў мне зручны.
(Пяе на матыў той жа песьні з «Народнага альбому».)
А ў бутэльцы на дне
Папараць-кветка жыве
І паказвае мне
Прыхаваныя скарбы…
Дзея шостая
Х ц і в е ц.
Папраць-кветку маю — я цяпер відушчы,
Не схаваюць скарбы ні лясы, ні пушчы,
Ні зямля-курганы, ні замкі-руіны,
Пазьбіраю скарбы я з усёй краіны.
О! Штось варушыцца і зь зямлі вылазе,
Можа, само злота паявіцца з гразі.
(Вылазяць здані.)
А, не! Гэта здані, што скарбы сьцярожаць,
А я не баюся — мне цяпер ўсё можна.
Зьяўляецца З д а н ь з куфэркам. Яна адчыняе вечка, каб прасушыць скарб.
1 - я з д а н ь.
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне месца —
Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца.
І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Х ц і в е ц выходзіць да здані, лісьліва кланяецца, а насамрэч забірае манэты з куфэрка сабе ў торбу. З д а н ь зьнікае. У іншым месцы вылазяць дзьве новыя З д а н і, таксама з куфэркам, і гавораць свае словы.
2 - я і 3 - я з д а н і.
Чорны замак Альшанскі. Месяц плыве ў хмарах.
Вежы туманныя ў змроку сны пра мінулае мараць.
Слухаюць вецер дзікі, вой далёкі ваўчыны,
Слухаюць, як ледзь чутна трасуцца са страху асіны.
У! Як ціха і мёртва! І які змрок глыбокі.
Ціха, ты чуеш, здалёку сюды набліжаюцца крокі.
Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,
Па галерэі праходзяць прывіды дамы з манахам…
Х ц і в е ц заходзіць ззаду, штурхае аднаго з П р ы в і д а ў, сам хаваецца. П р ы в і д ы сварацца паміж сабой, адзін уцякае, другі даганяе. Як П р ы в і д ы зьнікаюць, хцівец перакладае золата з куфэрка ў торбу.
Зьяўляецца 4 - я з д а н ь, таксама з куфэркам, таксама кажа свае словы.
4 - я з д а н ь.
Як я памру — прабіце сэрца мне калом,
Асінавым калом прабіце йго наскрозь
І закапайце мой глыбока ў зямлю труп
Ды камень як гару ўзваліце мне на гроб,
Каб я устаць ня мог…
Гэтую З д а н ь Х ц і в е ц запалохвае, і калі тая ўцякае, ён і тут забірае грошы.
Х ц і в е ц.
Дастануцца скарбы толькі мне самому,
Усё пазьбіраю — і хутчэй дадому!
(Зьбірае звонкія манэты ў торбу.)
А што ж то за крыкі, чаго іржуць коні?
Можа быць, паслалі за мною пагоню?
А хай сабе скачуць, а хай сабе грозяць,
Схаваюся ў бульбу — там мяне ня возьмуць.
З д а н і.
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
Пагоня аддаляецца і заціхае.
Х ц і в е ц.
Трасцу, не дагоніш!
Не памогуць коні, зусім не баюся
Я вашай Пагоні.
Я ўжо каля хаты,
Я ўжо каля мэты
І мне застануцца
Старыя манэты.
(Перадражнівае.)
Старадаўніх літоўскіх манэтаў
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
Дзея сёмая
Х ц і в е ц на парозе сваёй хаты. Зьбіраецца ўлезьці. Ззаду зьяўляецца Ч о р т.
Ч о р т.
Трэсь!
Х ц і в е ц.
Што там парвалося?
Ч о р т.
Бзынь!
Х ц і в е ц.
Што зазьвінела?
Можа, пэнькнуў ворак** і скарб мой ня цэлы?
Азіраецца і бачыць Ч о р т а.
Ч о р т.
Ты ж загад парушыў, каб не азірацца, —
Золата прапала. Замест злота — «зайцы».
Х ц і в е ц з торбы дастае не манэты, а паперкі — рублі РБ, «зайцы», яны разьлятаюцца ў розныя бакі. Х ц і в е ц хапае Ч о р т а за горла.
Х ц і в е ц.
Ах ты, ашуканец! Махлюеш са мною,
А ну, вярні злота, а то стапчу ў гною!
Паламаю рогі, жыўцом злуплю скуру,
Вось тады пабачым, хто з нас большы дурань.
Ч о р т.
А-ёй, які злосны, аж у роце чорна,
Няўжо ж гэта зь сябрам жартаваць нявольна?
Зараз адчарую — заткні нос анучай.
Мае чары моцны і трохі смярдзючы.
Трэсь! Бзынь! «Зайцы» — згінь!
Вярніся, скарб багаты —
Талеры і дукаты.
Х ц і в е ц.
О! Во гэта грошы — я ізноў багаты.
Цяпер удзень і ўночы будзе ў мяне сьвята.
Да кампаніі Х ц і ў ц а і Ч о р т а далучаецца В е д з ь м а. Зьяўляецца шмат бутэлек. Танцы і песьня.
Ты піў, і я піла…
Ты казаў, і я насіла…
Ч о р т і В е д з ь м а, закружыўшыся ў танцы, вылятаюць.
Х ц і в е ц.
Вось бы яшчэ выпіць. Ды ў бутэльках пуста.
Кончылася хлеба апошняя луста.
Не бяда — я ж маю кветку у бутэльцы.
Ізноў вазьму скарба — поўна іх ў зямельцы.
Дзе ж ты, мая папараць? А дзе ж ты, мой цьвецік?
Ў каторай бутэлечцы схаваны сакрэцік?
Ў каторай жа? Ў гэтай? А можа, у гэтай?
Вой, я ж яго страціў… Канец мне на гэтым.
(Хцівец злазіць са сцэны, пры гэтым мармыча песьню.)
А ў бутэльцы на дне Чорт рагаты жыве,
І паказвае мне адмысловыя фігі…
(Усё тая ж песьня з «Народнага альбому»).
Хцівец ходзіць па залі сярод гледачоў, зьбірае бутэлькі, зазірае ў кожную і выходзіць з залі.
Дзея восьмая
На якую мала хто зьверне ўвагу, бо дзеяньне адбываецца за кулісамі, на сцэне відаць толькі водбліскі папараць-кветкі, чуваць таямнічы шэпт зданяў.
Пушча знае, што бароне,
Што ёй дадзена на сховы,
Крыжам ляжа на загоне,
А ня дасьць надзець аковы.
Адчапіся, адхрысьціся!
Доляй-казкай счараваны,
Ты яшчэ не дарасьціўся
Цьвет пасьцігнуці жаданы.
Канец
* Ройст — балаціна
**Ворак — мех, торба.