2001—2005. Дэпутат і выбухі

Як жа яго пераназваць, гэтага дэпутата з тварам школьніка-выдатніка? У нас усе дэпутаты апошнім часам займелі твары выдатнікаў, нібыта іх нехта сэлекцыянаваў выключна па зьнешніх прыметах. Назаву палітыка Сямён. Дэпутат Сямён! Гучыць. Прозьвішча дам Беларэцкі. Не гучыць. Бо Сямён Беларэцкі не адпавядае школьнаму тварыку. Сямён Шэранькі? Троечнік, сераднячок… Сямён Зялёненькі? Хораша. Сьвежа. Хай так і будзе. Цяпер да шпіёнскіх гісторый пяройдзем. Дэпутат Сямён Зялёненькі дамовіўся са мною на сустрэчу. Мы перасякліся на станцыі мэтро «Плошча Перамогі». Зялёненькі заступіў мне дарогу: «Ты шпіёнскія раманы пішаш і выдаеш? Правільна. Іх уся Расея чытае. У мяне ёсьць ідэя!.. Ты пішаш раман пра тэрарыстаў-каўказцаў, якія нападаюць на атамную станцыю. У рамане будзе сапраўдная станцыя і плян сапраўднага нападу. Твая кніга трапіць да каўкаскіх паўстанцаў, у ёй яны знойдуць карту Расеі з пазначанымі атамнымі аб’ектамі, пляны захопу і падрыву станцый. Выбух на атамнай станцыі — гэта вам не захоп бальніцы з закладнікамі і нават не руйнаваньне хмарачосаў!» «Людзі загінуць…» — «А беларусы ня гінулі? А мы ня гінем? Яны нас вынішчалі і вынішчаюць! А мы адказаць ня можам?» — «Ну дык сядзь і сам напішы такі роман…» — «Я ж не пісьменьнік. Я ж не змагу. Думаў, табе будзе цікава…» — «Не, пісаць пад дыктоўку мне зусім не цікава, выйшаў я са школьнага ўзросту». Мы разьвіталіся і паехалі ў розныя бакі. Я асабліва не пераймаўся, бо прапановы і парады, як і пра што пісаць, сыплюцца ўвесь час. Чамусьці людзям здаецца, нібыта літаратара трэба накіроўваць і выкарыстоўваць, быццам ён сам ня ведае, чаму і дзеля каго піша. У мяне наконт гэтага супрацьлеглае меркаваньне. І яно не зьмянілася, нават калі я атрымаў пакет ад вядомай арганізацыі «Грынпіс». У пакунку было некалькі брашурак з апісаньнямі шкодных аб’ектаў, якія, на думку зялёненькіх актывістаў, шкодзяць прыродзе. Большасьць гэтых аб’ектаў — атамныя станцыі, тыя самыя, што хвалявалі дэпутата Зялёненькага. Карты ў брашурах таксама былі. Калі я выкідаў грынпісаўскі пакунак у сьметніцу, мне чамусьці падумалася: найбольшую шкоду прыродзе і чалавеку прыносіць рознае палітшалупіньне, во хто шкодзіць дык шкодзіць, халера на іх.

P.S.

Учора пад Масквой партызаны падарвалі цягнік, які ішоў з Чачэніі. Так яны адзначылі Дзень Расеі. Выбух быў слабы, ніхто не загінуў, паранена 15 пасажыраў.

13.06.2005, 12:25

2005. Дзяўчына і шкло

Заходжу ў вагон. Дзьверы зачыняюцца, але электрычка яшчэ некалькі імгненьняў стаіць. Нейкая незнаёмая мне дзяўчына падыходзіць па плятформе да зачыненых дзьвярэй і праз шкло гладзіць мяне па твары. Ад нечаканасьці я ажно адхіснуўся ад шыбы з надпісам «Не прытуляцца». Дзяўчына заўсьміхалася. Электрычка кранулася. І мы памахалі адно аднаму на вечнае разьвітаньне. Канечне, было жаданьне выйсьці на наступным прыпынку і пачакаць ласкавую дзяўчыну. Ня выйшаў, не пачакаў, каб не сапсаваць уражаньня ад яе раптоўнай пяшчоты.

P.S.

Шкада, дзяўчынка ніколі не даведаецца, якой цудоўнай парфумай я карыстаюся.

19.06.2005, 14:05

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0