У гонар «Нашай Нівы»

У наступным годзе споўніцца сто гадоў газэце «Наша Ніва», якая ў свой час час стварыла цэлую нашаніўскую эпоху. Газэта і па сёньня адыгрывае важную ролю. Сто год можа годна-трывала адзначыць мастацкі твор — архітэктуры, скульптуры, выяўленчага мастацтва (як фрэскі), літаратуры, музыкі — або навуковая праца на тэму гісторыі і значэньня газэты, эпохі нашаніўства. Калі б нават на грунтоўную «нашаніваведную» працу ня стане часу, то хаця б запачаткаваць, стварыць дасьледчую «нашаніваведу». Такая нашаніваведная праца была б гісторыяй — Бібліяй — беларускага вызвольнага руху.

Скульптуру-помнік належалася б паставіць у Вільні, дзе газэта выдавалася з 1906 па 1915 гады. Але Вільню, галаву Беларусі, адрэзалі ад Беларусі. А ў Менску няма месца нават для беларускага Ліцэю, беларускага ўнівэрсытэту, Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў. Ці знойдзецца месца для помніка на стагодзьдзе «Нашай Нівы»?

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта (Канада)

Створым клюб чытачоў «Нашай Нівы»

Кожнае выданьне, што паважае сябе, мае свой клюб чытачоў. Мяркую, што адпаведная структура павінна зьявіцца і ў найлепшай беларускай газэты.

Галоўная задача чытацкага клюбу — у пашырэньні ўплыву «Нашай Нівы» на сучаснае грамадзтва, асабліва ў значным павелічэньні накладу — адзінай, на мой погляд, істотнай недапрацоўкі рэдакцыі. Газэта, якая радуе сваіх падпісчыкаў дасканалымі тэкстамі і праўдзівай інфармацыяй, павінна адшукаць сваю дарогу да сэрца кожнага беларуса. Другім ня менш важным напрамкам мусіць стаць сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею «Нашай Нівы».

Мы, беларусы, пакуль яшчэ далёкія ад усьведамленьня найістотнейшай ролі «Нашай Нівы» ў станаўленьні беларушчыны ў той векапомны час, калі жменькай асоб, згуртаваных вакол адзінага выданьня, былі закладзены «падмурак і сьцены» сучаснага сувэрэнітэту. Пакуль жа трэба адштурхоўвацца ад невялікага, але трывалага і надзейнага. Трэба рухацца і клікаць. Ні на імгненьне не забываючы пра сёньняшні, у многім лёсавызначальны час…

Баляслаў Унгур, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0