Вядучы беларускі гісторык Генадзь Сагановіч выгнаны на вуліцу. У Інстытуце гісторыі цытуюць фразу Аляксандра Кавалені: «Калі б тут быў парадак, сюды б не прызначылі мяне».

В.а. дырэктара Інстытуту гісторыі Аляксандар Каваленя ў камэнтары «НН» назваў прычынай гэтага прагулы: «А калі ён ня згодзен, хай падае ў суд». Праўда, калі рыхтаваўся нумар, на дошцы загадаў у інстытуце загад пра звальненьне вывешаны яшчэ ня быў.

У інстытуцкіх калідорах называюць іншую прычыну звальненьня: незадаволенасьць грамадзкай і навуковай пазыцыяй вядучага беларускага гісторыка. Нашы крыніцы не выключаюць «пажаданьня» з высокага верху аб чыстцы інстытуту. Цяпер толькі ловяцца нагоды для выкананьня гэтага. Першай падставай для ціску стала паездка ў архівы Кракава: маўляў, Г.Сагановіч «не аформіў папераў для камандзіроўкі». Гэтак праца ў архівах залічылася за прагулы.

Многія супрацоўнікі акадэмічнай установы баяцца адкрыта заступацца за звольненага калегу. У Інстытуце гісторыі гэта, відаць, не апошняе звальненьне. Яшчэ ўвесну за аналягічныя «прагулы» ў замежнай камандзіроўцы ў Францыі быў звольнены Ўладзімер Канановіч. Выгнаньнем на вуліцу, кажуць супрацоўнікі інстытуту, пагражаюць усім, хто атрымаў вымовы з занясеньнем у працоўную кніжку, — такіх ужо паўдзясятка.

Падставамі для вымоў становяцца фармальныя прычэпкі да «захаваньня парадку». Так, некаторыя археолягі атрымалі вусныя вымовы за «бруд у кабінэтах» — рэшткі посуду, керамікі з раскопак. А.Каваленя, наракаюць гісторыкі, хацеў бы, каб усе работнікі сядзелі за сваімі сталамі ад званка да званка, а ў кабінэтах панавала ідэальная чысьціня. Адзіным, хто ў вочы начальству выказаў сваё абурэньне, быў Яўген Анішчанка: «Калі мне будуць плаціць за тое, што я сяджу тут, а не ў архіве, ды яшчэ вывесяць на дошку гонару працёртыя мной штаны, то я буду сядзець».

У Інстытуце гісторыі цытуюць сказаную цяперашнім кіраўніком фразу: «Калі б тут быў парадак, сюды б не прызначылі мяне». Наводзіць парадак, у сваім разуменьні, Каваленя ўзяўся заўзята: за амаль 30 гадоў да яго ніводзін з чатырох кіраўнікоў установы (І.Ігнаценка, П.Петрыкаў, М.Касьцюк, М.Сташкевіч) не звальняў супрацоўнікаў за вымовы. Пачатак чарговай хвалі звальненьняў супрацоўнікі чакаюць пры канцы лета, калі в.а. дырэктара выйдзе з адпачынку: у абяцаньнях звольніць фігуруе лічба ў 30—40 чалавек.

Тое, што адбываецца ў інстытуце, выглядае на плянамерны разгром акадэмічнага асяродку.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0