Кнігі ў дзявочых руках

Пагаворым аб прыемным: пра дзяўчат і кнігі. Ці часта здараецца ўбачыць у горадзе дзяўчыну з кнігай у руках? Бывае. Дзяўчаты, розныя ўзростам і сацыяльным статусам, мераю прыгажосьці й ступеньню сьціпласьці. Многія зь іх папросту не даюць зьлёту разгледзець свае скарбы мудрасьці, схаваныя пад кніжнай вокладкай. Звычайна кніжка пераварочваецца, каб, крый божа, ніводзін мінак ня змог расчытаць назвы.

Аднойчы ты мусіў хвілін зь пятнаццаць пільнаваць за дзявочымі рукамі, якія ўпорыста таілі кніжны загаловак. У ім мільгацелі прывабныя для тваіх вачэй спалучэньні літараў. «Творчасьць пісьменьнікаў-постмадэрністаў» — неўпрыцям «рэканструявалася» назва, і давялося пашкадаваць, што ня маеш пра такую кнігу ані каліўца ўяўленьня. Зрэшты, за далейшымі ўгляданьнямі вывілася, што ні Эка, ні Зюскінд, ні нават Пялевін ня маюць і блізка дачыненьня да яе. «Товароведение продовольственных товаров», — нібы задаволіўшыся папярэднімі катаваньнямі тваёй спрагненай цікаўнасьці, паказала незнаёмка вокладку цалкам.

Але бываюць і сьмялейшыя. Яны наадварот імкнуцца адразу кінуцца ў вочы са сваёй тамінай. Яе наўмысна выстаўляюць вокладкай на сьвет божы такім чынам, каб кожны здолеў даведацца, што за кніжэнцыя. Нярэдка ў гэтым прыкмячаюцца элемэнты правакацыі, а паненкі проста ятрацца ад пэўнага адчуваньня экстрыму. Гэта амаль як стрыптыз — дэманстраваць гораду, што ў іхных рукох Фройд з усімі сваімі прынцыпамі насалоды. Або зборнік задач па вышэйшай матэматыцы. Неяк давялося бачыць дзеваньку з важкім фаліянтам «Беларускі песенны фальклёр», які быў ці ня самай вялікай па памерах часткай ейнага адзеньня. Усё на ёй міні, і толькі фальклёр — максі… А колькі годнасьці было ў яе паставе! Так і прасілася на глянцавую вокладку чарговага нумару культавага беларускага порначасопісу «Arche». Беларускае чытво пабачыш ты ў руках дзяўчат гады ў рады. Пераважна гэта кнігі па айчыннай гісторыі ды літаратурныя творы школьнай праграмы. Чуў раз, як дзеўкі, пэўна, студэнтачкі, у адным кантэксьце згадвалі раман «І той дзень надышоў» Масея Сяднёва ды «Лаліту» Ўладзімера Набокава. Выслухаць іх добра не ўдалося (выскачылі на сваім прыпынку), і засталося толькі варажыць, што мелася на ўвазе: курсавая работа з параўнаньнем творчасьці беларускага і расейскага пісьменьнікаў-эмігрантаў альбо факт перакладу на беларускую скандальнага твору пра амэрыканскую німфэтку. Мабыць, усё ж першае, бо Сяднёў пра пераклад «Лаліты» нават ня думаў.

Некаторыя паненкі, асабліва ў транспарце, карыстаюцца момантам і ня проста трымаюць кнігу, а чытаюць. Чытаюць манерна. Чытаюць усякае. Ад іранічных дэтэктываў пра Каменскіх і Яўлампіяў да рукапісных вершаваных анталёгій (справа Эўфрасіньні Полацкай жыве!). А бываюць кніжкі вельмі практычныя. І, падглядаючы за чытанкамі спадарожніц у аўтобусах, пры жаданьні можна навучыцца выдаляць з вуха гнойныя выдзяленьні, гатаваць салату «Сабрына» (не «Сябрына»!) з слабасалёнага селядца і вяндліны ці, нарэшце, даведацца пра асаблівасьці размнажэньня паласатых кітоў. Кніга — найлепшы настаўнік. Пасьля чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0