Ці зьвернуцца фіны да Расеі наконт вяртаньня часткі Карэліі, адабранай у Фінляндыі падчас Другой сусьветнай вайны?

Для многіх палітыкаў гэтая тэма — па-ранейшаму табу, але больш за палову фінаў выказваюцца за правядзеньне перагавораў з Масквой.

Зімовая вайна

Сёлета, падчас сьвяткаваньня юбілею перамогі ў Другой сусьветнай вайне, у Фінляндыі ажывіліся дыскусіі на тэму крыўдаў, прынесеных з боку СССР. Большасьць фінаў не разумеюць, чаму прэзыдэнт Тар’я Халанэн паехала 9 мая на святкаваньне Дня Перамогі ў Маскву. Хоць яны і ставяць пані прэзыдэнту ў заслугу тое, што расейцы ўсё часьцей прызнаюць факт савецкага нападу на Фінляндыю ў 1939-м. 66 гадоў таму Хэльсынкі адмовіліся перадаць усходнія памежныя тэрыторыі СССР, і краіна была атакавана Чырвонай Арміяй. Галоўны аргумэнт Сталіна заключаўся ў тым, што з прычын абароннай стратэгіі Савецкі Саюз ня можа дапусьціць, каб мяжа праходзіла так блізка ад Ленінграду.

Маленькая фінская армія цягам чатырох месяцаў пасьпяхова змагалася з Чырвонай Арміяй (страты фінаў ацэньваюцца ў 20—55 тысяч салдат, а савецкія — у 250—300 тысяч), аднак перавага СССР была настолькі істотная, што фінам давялося прызнаць паражэньне. Паводле мірнай дамовы, яны вымушаны былі перадаць СССР 39 тысяч км2 Карэліі і паўвостраў Ханка пад ваенную базу (у сукупнасьці 10% тэрыторыі дзяржавы), а таксама выплачваць рэпарацыі ў памеры $226,5 млн золатам. Сума, як на тыя часы, вялікая.

Спроба адваёвы гэтых тэрыторый падчас нямецка-савецкай вайны 1941—1945 г. (так званая Вайна працягу), калі фіны ваявалі на баку Гітлера, закончылася няўдачай.

Што стала з Карэліяй

З падзеленай на сем розных частак Карэліі да Фінляндыі сёньня належыць так званыя Паўночная і Паўднёвая Карэлія (Кар’яла). Землі Архангельскай і Аланецкай губэрняў Расейскай імпэрыі і склалі ў 1920-х Карэльскую АССР. У 1940 г. у выніку савецка-фінскай вайны ад Фінляндыі былі адарваныя землі Заходняй Карэліі і ўжо ўтворана Карэла-Фінская АССР.

На думку Вэйка Саксі — аднаго зь дзеячаў руху «Пра-Карэлія» і аўтара кнігі «Карэлія, якая вяртаецца», што закранае тэму вяртаньня гістарычна прыналежных да Карэліі тэрыторый, страта тых зямель азначала велізарны ўрон. З эканамічнага гледзішча вынікі аказаліся амаль катастрафічнымі.

Вііпуры, што знаходзіцца за 120 км на захад ад Санкт-Пецярбургу і сёньня называецца Выбарг, быў колісь другім па велічыні горадам Фінляндыі. Сёньня — гэта мясьціна, якая ўражвае некалькімі дзясяткамі цалкам разбураных будынкаў. Ніхто тут нічога не рамантуе, у руінах колішніх фінскіх фабрык і дамоў хаваюцца наркаманы і бамжы.

У пачатку галоўнай вуліцы гораду, вуліцы Леніна, — гандлёвая плошча. «Кожны прадае тут, што можа. Улетку можна гандляваць грыбамі і ягадамі з найбліжэйшых лясоў. Часам нехта стане з сапсаваным прыёмнікам ці магнітафонам — знойдзеным на сьметніку», — гаворыць Вадзім Матвееў, стваральнік гарадзкой інтэрнэт-старонкі.

Сярэднія заробкі тут складаюць 50 эўра ў месяц. Самыя балючыя праблемы — беспрацоўе, якое дасягае амаль 90 працэнтаў, і вандалы, што данішчаюць таго, чаго не зрабіла вайна.

«Перад 1940 годам тут жылося цалкам добра, прынамсі, на гандлі з Санкт-Пецярбургам можна было сёе-тое зарабіць. Цяпер жа ніхто намі не цікавіцца», — апавядае Матвееў. Ён гаворыць, што такіх гарадоў, як Выбарг, ва ўсёй Карэліі дзясяткі. З 1,3 тыс. карэльскіх вёсак засталося ўсяго каля трохсот. Астатнія вымерлі.

Ня ўсе маўчаць

Фінляндызацыя — тэрмін, сёньня добра прызабыты, — азначала абмежаваньне сувэрэннасьці суседа вялікай дзяржавай пры слабым умяшаньні ў яго ўнутраныя справы. Пасьля вайны фіны маглі цешыцца, што не належаць да сацыялістычнага лягеру, але пра якія-небудзь крокі, здольныя раздражніць Маскву, не магло быць і гаворкі. Не магло быць гаворкі і пра Карэлію. Да распаду СССР.

«Расейцы, вымятайцеся з акупаваных фінскіх зямель!» — транспаранты з такімі лёзунгамі луналі 6 верасьня 2003 году перад фінскім парлямэнтам. Пратэст супраць маўчаньня ў справе Карэліі арганізавалі грамадзяне, што не ўваходзілі ні ў якія арганізацыі. Дэманстранты дамагаліся пачатку перагавораў наконт вяртаньня ўступленых Фінляндыяй на карысьць СССР усходніх тэрыторый.

Але тая верасьнёўская дэманстрацыя была апошняй акцыяй такога тыпу, а ўлады па-ранейшаму маўчаць наконт Карэліі. Пазытыўна настроеныя да вяртаньня Карэліі камэнтатары абвінавачваюць прэзыдэнта Халанэн у тым, што ў дачыненьні да Расеі яна паводзіць сябе занадта кансэрватыўна.

Наконт забраных падчас Зімовай вайны тэрыторый з тагачасным прэзыдэнтам Фінляндыі Маўна Койвіста (1982—1994) спрабаваў размаўляць Барыс Ельцын. Скончылася ўсё заявай, што Фінляндыя звыклася з наяўным станам рэчаў і не вылучае ніякіх прэтэнзій.

«Да гэтай пары працягваюцца развагі, чаму Койвіста ня выкарыстаў шанцу. Можа, ён баяўся, што да ўлады вернуцца Саветы? І яшчэ, мабыць, ён не хацеў у той пэрыяд ніякіх зьмен», — тлумачыць Вэйка Саксі. Праз пэўны час Маўна Койвіста прызнаў, што тады няправільна ацаніў сытуацыю.

«Нашы палітыкі гавораць, што ўзаемадычыненьні з усходнім суседам у нас вельмі добрыя, нават выдатныя. Цяжэй у гэта паверыць простым людзям, — кажа Саксі. — Многія зь іх памятаюць, як у адзін дзень вымушаны былі разьвітацца з родным домам, узяць з сабой толькі самыя неабходныя рэчы і ўцякаць ад Чырвонай Арміі. Раны яшчэ сьвежыя».

Падчас Зімовай вайны і Вайны працягу пад 800 тысяч людзей былі вымушаны ўцякаць углыб Фінляндыі. Яны зрабіліся ўцекачамі ва ўласнай краіне. Савецкія партызаны — «салдаты-забойцы», як называлі іх фіны, — забілі 147 дзяцей і жанчын.

З сацыялягічнага дасьледаваньня, апублікаванага ў красавіку Лігай Карэліі, арганізацыяй, што змагаецца за вяртаньне страчаных земляў, вынікае, што гэтага жадалі б 26% апытаных. У той жа час з апытаньняў, наладжаных тэлебачаньнем, вынікае, што вяртаньня Карэліі хацелі б звыш 50% насельніцтва. Чаму такая розьніца? Можа, таму, што ў красавіцкім дасьледаваньні было дадатковае пытаньне, якое не зьяўлялася ў іншых апытаньнях. Гучала яно так: «Ці жадаеце вы вяртаньня Карэліі, калі гэта будзе азначаць вайну?»

«Расейцы ніколі не пагражалі нам вайной у выпадку ініцыяваньня афіцыйных перагавораў па пытаньні Карэліі», — камэнтуе В.Саксі. На яго думку, Пуцін зьмірыўся з тым, што ў Эўразьвяз і NATO ўступілі балтыйскія краіны. «Мы жывём у зусім іншым сьвеце, чым напярэдадні 1939 году», — дадае ён.

Ці варта змагацца за Карэлію?

Былы прэзыдэнт Койвіста сьцьвярджае, што ўзьяднаньне з Карэліяй прынесла б Фінляндыі толькі праблемы. «Нашай краіне не патрэбны дадатковыя землі. Ужо цяпер мы маем праблемы з належным асваеньнем існуючых», — гаворыць ён.

Рух «Пра-Карэлія» адмаўляе такую аргумэнтацыю. На думку яго пасьлядоўнікаў, за вяртаньне згаданых зямель гаворыць вельмі шмат фактараў. Далучэньне Карэліі сталася б жыватворным імпульсам для фінскай эканомікі і паставіла б на ногі ўсходнія рэгіёны краіны. Зьнікла б беспрацоўе, бо толькі аднаўленьне гарадоў і вёсак запатрабавала б 500 тысяч чалавека-гадзін у год і стварыла б 200 тысяч пастаянных працоўных месцаў. Палепшыліся б таксама магчымасьці аховы Балтыйскага мора ад экалягічных катастроф — спыніліся б уцечкі нафты, якія дапускаюцца расейцамі.

Зь якіх крыніц прафінансаваць усё гэта? У «Пра-Карэліі» ёсьць на гэта адказ: на адбудову пацярпелых тэрыторый — перш за ўсё, ва Ўсходняй Карэлі і Ладазе — пайшлі б грошы, якія папярэдне павінна вярнуць Расея. Гаворка ідзе пра тыя самыя грошы, якія пасьля 1944 году выплачвала Фінляндыя, каб захаваць незалежнасьць, што роўна, як падлічана, сёньняшнім трыццаці мільярдам эўра.

Прыхільнікі «Пра-Карэліі» лічаць, што кірунак барацьбы, які яны абралі, правільны. Яны цьвёрда перакананы, што некалі Фінляндыя атрымае назад сваю Карэлію, але ня хочуць нават абмяркоўваць калі.

Што страцілі фіны

Зімовая вайна 1939—1940 гадоў закончылася падпісаньнем у Маскве мірнага пагадненьня, паводле якога фінскі ўрад адмовіўся ад Заходняй Карэліі, часткі Ляпляндыі і Рыбачага паўвостраву, а таксама на трыццаць гадоў аддаў у арэнду порт Ханка.

Пасьля далучэньня ўлетку 1940 году Літвы, Латвіі і Эстоніі да СССР Фінляндыя, якая турбавалася пра сваю незалежнасьць, устанавіла ваенныя кантакты з Германіяй, праз год зрабіўшыся яе саюзьнікам. Схіленьне чашы шаляў у Другой сусьветнай вайне на карысьць СССР і набліжэньне савецкай арміі да даваенных фінскіх межаў вымусілі Фінляндыю перагледзець свой саюз. У 1944 годзе фіны разарвалі адносіны зь немцамі, заключылі перамір’е ў Маскве і пачалі барацьбу зь нямецкімі арміямі на поўначы Фінляндыі. Маскоўскае перамір’е пацьвердзіла вызначаныя ў 1940 годзе межы паміж краінамі. У дадатак Фінляндыя аддала раён Пэтсама (сёньня— Печанга), узяла на сябе абавязацельствы частковага раззбраеньня і выплаты на карысьць СССР рэпарацый.

Паводле «Газэты Выборчай»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0