Заля патанае ў прыцемку. Вольных месцаў няма. На сцэне, на падлозе — трыццаць керамічных званочкаў. Бацькі ў залі перамаўляюцца — хтосьці па-беларуску, хтосьці па-расейску, але адно слова гучыць аднолькава: «дзеці». «Проста ня верыцца, што гэта ўсё скончылася», — кажа нехта зь іх. «Можа, дзесьці ў Беларусі ўсё-такі паступяць. Дома неяк спакайней вучыцца…» Пад птушыныя сьпевы на сцэну выходзіць дзяўчына ў белай сукенцы. Яна трымае ў руках папяровага жураўліка. «Сьлёзы ў вачах ня суму, а разьвітаньня, бо ты заўсёды застанеcься ў нашых сэрцах», — гучыць голас з дынамікаў. Ліцэісткі ў вечаровых сукенках і ліцэісты ў гарнітурах з усьмешкамі выходзяць на сцэну і становяцца паўколам, узяўшы ў рукі званочкі. Іх мяккая мэлёдыя патанае ў аплядысмэнтах. Уся заля ўстае пад словы студэнцкага гімну, у якім лаціна перамяжоўваецца зь беларускімі строфамі.

Першае слова вядучыя даюць «галоўнаму ювэліру, які апрацоўвае дыямэнты на фабрыцы ліцэйскіх зорак», — Уладзімеру Коласу. «Кожны раз, калі адыходзіць чарговы выпуск, нібыта кавалак адрываецца ад сэрца, — кажа ён. — Гады, якія вы пражылі ў Ліцэі, — гэта былі гады выпрабаваньняў. Але разам з тым яны падарылі вам унікальны досьвед, якога ня мае ніхто зь беларускіх школьнікаў».

Вітаньне амэрыканскага пасла

Пасьля гэтага на сцэну выйшлі хлопцы і дзяўчаты, якія ўжо навучаюцца ў замежжы — у Літве, Польшчы, Чэхіі. Выйшаў невялічкі моўны іспыт — яны віталі залю ня толькі па-беларуску, але і на мове той краіны, якая іх прытуліла.

Пасьля выступу ліцэісткі, якая год навучалася ў ЗША, на сцэну ўзьнімаецца пасол Джордж Крол. Воплескі, якімі вітаюць ягоны выступ, падобныя да грымотаў: Крол прамаўляе па-беларуску і цытуе Быкава. Заля робіць авацыю ці не пасьля кожнага сказу і лёгка даруе спадару паслу памылку «Ліцэйскае сябройства — гэта назаўсёды». Дж.Крол з шчырай цікавасьцю прагледзеў увесь канцэрт і зь відавочным здавальненьнем падпяваў «Gaudeamus».

Акрамя яго выступілі і прадстаўнікі францускага, нямецкага, польскага пасольстваў. Зь Нямеччынай, дарэчы, склалася парадаксальная сытуацыя: гэта першая краіна, якая прызнала ліцэйскі дыплём, аднак пакуль што ніхто з выпускнікоў Ліцэю там ня вучыцца.

Рэфэрэнт у пытаньнях культуры пасольства Нямеччыны Ян Канторчык прызнаўся, што два гады таму, калі ён бачыў ліцэістаў, выкінутых на вуліцы, ня думаў, што сёньня ў гэтай залі так шмат зь іх атрымаюць дыплёмы.

Мар’ян Семаковіч, сакратар польскага пасольства, быў рэалістычны: «Будзем намагацца яшчэ штосьці арганізаваць для Ліцэю, маленькімі крокамі будзем дапамагаць». Польшча зь Літвою даюць Ліцэю найбольшую падтрымку — так, зусім нядаўна група навучэнцаў выехала на два месяцы ва Ўроцлаў.

Пасьля невялічкага музычнага перапынку, калі дзесяць дзяўчат прасьпявалі свой варыянт песьні «За туманам» пад гітару, скрыпку, тамбурын ды маракас, ліцэістаў прывітаў кіраўнік радыё «Вольны Аўганістан» Аляксандар Лукашук. Працяглы час ён узначальваў беларускую службу радыё «Свабода», у этэры якой стала гучаць галасы ліцэістаў. Ён расказаў пра тое, як два тыдні таму ўбачыў у Кабуле людзей, якія сядзелі ля дарогі пад дрэвамі. Як выявілася, яны не маліліся, а здавалі іспыты. Нечакана спляжаны вайной Аўганістан зрабіўся вельмі падобным да мірнай Беларусі.

Зьвесткі аб жыцьці

Нават страціўшы будынак, Ліцэй заставаўся зонай камфорту для сваіх навучэнцаў. Але ці здолеюць яны адаптавацца да жорсткіх умоў па-за ліцэйскімі сьценамі?

«У параўнаньні з выпускнікамі іншых навучальных устаноў ліцэісты выдатна падрыхтаваныя для існаваньня як у нармальных, так і ў недэмакратычных умовах, — кажа кіраўнік Ліцэю У.Колас. — Яны ўмеюць бараніць сваю годнасьць. Яны атрымалі веды на падмурках аб’ектыўнасьці, і гэта дапамагае ім лепш арыентавацца і не ісьці за пустымі абяцанкамі. Ліцэісты хутка адаптуюцца да ўнівэрсытэцкага жыцьця».

На думку Лявона Баршчэўскага, «самі нялёгкія ўмовы вучобы даюць добры досьвед. Ліцэісты бачаць прыклад выкладчыкаў, якія таксама выкінутыя за борт афіцыйнай машыны, якім нялёгка, але яны трымаюцца, дзеляцца ведамі».

«Веды ліцэйскія дапамагаюць, — кажа выпускнік Зьміцер Раманцоў, які жадае вывучаць міжнародную эканоміку. — Мы атрымліваем не сухія факты, а досьвед, зьвесткі аб жыцьці, нам лягчэй прыстасавацца».

«Я яшчэ з шостай клясы марыла пайсьці ў Ліцэй, — гаворыць выпускніца Каця Сырамалот. — Гэта быў і мой выбар, і выбар маіх бацькоў». «Гэта я яе і накіраваў сюды вучыцца, — кажа Аляксандар Сырамалот, Кацін бацька. — Не шкадую». Каця зьбіраецца вывучаць рэклямны дызайн і хацела б паступіць у Ягелёнскі ўнівэрсытэт у Кракаве. Ці ня думае яна, што ў ад’езьдзе сьветлых ліцэйскіх галоў за мяжу тоіцца небясьпека? Ці вернуцца яны дадому? «Калі паедзеш на Захад і там вывучысься, дык там такіх шмат, а тут, у Беларусі, мы будзем першыя», — мяркуе Каця. «Калі я аддаваў дачку ў Ліцэй, я ня ставіў перад сабой такой мэты, каб яна вучылася за мяжой, — кажа яе бацька. — Але тут на студэнцтва вельмі моцна ціснуць улады. Для таго каб Каця атрымала добрую адукацыю, яна павінна вучыцца за мяжой, а там пабачым».

«Хай жа волаты ў Ліцэі

падрастаюць і сталеюць

для краіны роднай»

(зь ліцэйскага гімну)

Былы ліцэіст Мікола Казак ужо вывучае сацыялёгію ў тым самым унівэрсытэце, пра які марыць Каця. «За ўсіх ліцэістаў не магу трымаць слова, аднак я зьбіраюся вярнуцца. Cапраўдныя ліцэісты па-сапраўднаму любяць сваю краіну, і яны вернуцца».

У.Колас бачыць небясьпеку «сыходу мазгоў», але лічыць, што яна зьвязана з аб’ектыўнымі абставінамі. «Калі ў краіне нельга сябе рэалізаваць, атрымаць якасную вышэйшую адукацыю на роднай мове, моладзь, і ня толькі ліцэйская, будзе ад’яжджаць».

«Хіба лепш, калі выпускнікі застануцца тут і іх будуць ганяць на фальшывыя выбары і на фальшывыя ўрокі ідэалёгіі? — пытаецца Лявон Баршчэўскі. — Я спадзяюся, што сьвядомасьць верне моладзь на радзіму. Але для Беларусі можна працаваць і за мяжой. Напрыклад, нашы студэнты ў Літве працуюць над складаньнем літоўска-беларускага слоўніка».

Франак Вячорка, чыё прозьвішча, бадай, найчасьцей гучала з вуснаў выкладчыкаў гэтым вечарам, мае на мэце атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі — калі нішто і ніхто не перашкодзіць. «У мяне было шмат варыянтаў, але я выбраў самы складаны — паступленьне на юрыдычны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «паліталёгія і дзяржаўнае кіраваньне». Падчас навучаньня Франак займаў вельмі актыўную пазыцыю. «Маёй мэтай было абудзіць самастойнасьць у ліцэістаў, я б не сказаў, што наша адміністрацыя гэтым актыўна займаецца. За апошнія два гады ліцэісты зрабіліся зашуганымі дзецьмі, якія акрамя вучобы ня ведаюць нічога». Але гэтае досыць крытычнае стаўленьне да палітыкі ліцэйскага кіраўніцтва не зьмяншае Франкавай удзячнасьці да alma mater: «Я сфармаваў свой характар у Ліцэі. Даводзіць справу да канца, рабіць і перамагаць — гэтаму мяне навучыў ён».

На вечарыне былі і тыя, хто ня здолеў давучыцца разам з усімі і перайшоў у іншыя школы. Іван Булва, добры сябар Франка Вячоркі, нават выступіў перад былымі сукурсьнікамі і выкладчыкамі з сваімі вершамі. «Я вучыўся ў Ліцэі ў восьмай-дзявятай клясе, — расказвае ён. — Але зьявілася шмат праблем, бацькі былі нездаволеныя, таму я перайшоў у 14-ю гімназію, а цяпер паступіў на геафак БДУ па выніках алімпіяды па геаграфіі. Ліцэй даў мне каркас ведаў. Але за мяжой я вучыцца не хачу, хачу працаваць і змагацца тут».

Надбудова над Ліцэем

Ліцэй ня толькі ня зьнік — ён набірае моц. Сёлета, нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы вучобы, падчас паступленьня на першы курс нават утварыўся конкурс — з 39 ахвотных у ліцэй прынялі 24. «Ліцэй будзе існаваць датуль, пакуль будуць прагныя ў ім вучыцца, — перакананы Лявон Баршчэўскі. — І іх колькасьць толькі большае».

Ці не насьпела патрэба стварыць незалежную беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову? «Мы даўно думаем над стварэньнем надбудовы над Ліцэем, якая б давала вышэйшую адукацыю, — апавядае Ўладзімер Колас. — На жаль, на гэтай глебе ў нас было шмат канкурэнтаў, накшталт Беларускага калегіюму, якія так і ня здолелі выйсьці на ўзровень стабільнай адукацыі. Пры спрыяльных умовах наш выкладчыцкі патэнцыял даў бы такую магчымасьць, але цяпер даводзіцца займацца не ўнівэрсытэтам, а змагацца за існаваньне. Але мы не адмаўляемся ад гэтых плянаў і думаем пра тое, каб стварыць пры нашым Ліцэі нешта накштал факультэту журналістыкі, творчых майстэрняў, дзе лекцыі чыталі б вядомыя журналісты. Таксама вядзём перамовы з ЭГУ пра тое, каб прапаноўваць дыстанцыйнае навучаньне са здачай іспытаў у Вільні».

Ці дастаткова незалежнае грамадзтва падтрымлівае Ліцэй? «Маральна — так, а матэрыяльна падтрымліваць цяжка ва ўмовах, калі ўсе матэрыяльныя рэсурсы падмятыя пад аднаго чалавека», — гаворыць У.Колас.

«Дыхаюць твае муры

Велічна і годна»

(зь ліцэйскага гімну)

Кожны, хто шпацыруе па вуліцы Кірава, можа лёгка пераканацца: будынак Ліцэю як стаяў, так і стаіць. Шкло ўкрылася пылам, шафаў, згрувашчаных у калідоры, ніхто ня рухаў. Выгнаўшы дзяцей на вуліцу, улады дагэтуль саромеюцца справіць улазіны.

Вольга Сінкевіч і Кацярына Дорах сябруюць яшчэ зь Ліцэю, які яны скончылі тры гады таму. «Ліцэй навучыў думаць, разумець жыцьцё і людзей», — кажа Вольга. Вольга ўжо скончыла мэдыцынскі каледж і цяпер працуе мэдсястрой, а Кацярына вучыцца ў Лінгвістычным унівэрсытэце. Ім пашчасьціла вучыцца тады, калі Ліцэй меў свой уласны будынак.

Столькі, колькі трэба

«Выпускная вечарына — гэта пробліск нармальнасьці ў нашым падпольным жыцьці, — кажа Аляксей Крукоўскі, выкладчык сацыяльных навук. — Ні адзін год я ня быў такі шчасьлівы за выпускнікоў, бо яны могуць сабрацца ўсе разам, не бадзяцца ў калідорах, а выйсьці на сцэну і парадавацца за саміх сябе і за Ліцэй. У якіх умовах даводзіцца навучаць дзяцей па-беларуску цяпер, — гэта ненармальная сытуацыя. І мы баімся, што нам яна пачне падавацца нармальнай. Але існаваць Ліцэй будзе доўга — столькі, колькі трэба, даруйце за казённую фразу».

Сапраўды, сыстэма аказалася бясьсільнай адабраць у ліцэю галоўнае.

Робіцца крыўдна, што падчас твайго ўласнага выпускнога ніхто не прамаўляў на мове тваёй душы і вечар не заканчваўся канцэртам «Гарацкіх» ды «Індыга». А ў памяці трывала застаецца гук керамічных званочкаў, якія трымалі ліцэісты. Не пранізьлівы медзяны ляск, а лёгкі, мяккі сьпеў.

Вядома, такі званочак вельмі лёгка раструшчыць пад абцасам цяжкога вайсковага бота. Але, трапіўшы ў рукі добрага гаспадара, ён заўсёды будзе радаваць вока. Гліна, якая прайшла выпрабаваньне агнём.

Беларускі ліцэй

За 15 год працы Ліцэю яго выпускнікамі зрабіліся каля 600 чалавек. Апошні выпускны крыху нагадваў конкурс прыгажосьці: сярод 30 ліцэістаў, якія атрымалі дыплёмы, было 24 дзяўчыны і шэсьць хлопцаў. «Ліцэй мае гуманітарную спэцыфіку, і як мы ў свой час ні спрабавалі гэта зьмяніць, але дзяўчаты больш моцныя ў гуманітарных навуках, — тлумачыць Лявон Баршчэўскі. — Але, скажам, цяпер на 2-м курсе ў нас хлопцаў і дзяўчат амаль напалову». Аднак ліцэісткі выявіліся прадстаўніцамі прыўкраснай, але зусім не слабой паловы чалавецтва: для таго, каб атрымаць атэстат, ім давялося здаць 15 ці 16 (уключна зь фізкультурай) іспытаў-экстэрнаў, а таксама 4 уласна ліцэйскія іспыты. Сярэдняя адзнака за «экстэрны» — 9 балаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0