Скрабец адрокся абаронцы

Палітвязень Сяргей Скрабец адрокся паслуг адваката М.Хоміча. Жонка экс-дэпутата палаты прадстаўнікоў тлумачыць, што гэта зьвязана з матэрыяльнымі цяжкасьцямі, якія спазналі родныя палітыка.

Грошы на этэр

У бюджэт ЗША на ажыцьцяўленьне замежнапалітычнай дзейнасьці ў 2006—2007 г. закладзена $10 млн для «павелічэньня вяшчаньня на Беларусь». Законапраект вынесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

Каб не пілі

У палату прадстаўнікоў паступіў законапраект, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць — пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады з выплатай штрафу, альбо прымусовыя працы на тэрмін да двух гадоў ці арышт на паўгоду — за кіраваньне транспартным сродкам у стане ап’яненьня. Адказнасьць наступіць у тым выпадку, калі парушэньне ўчынена цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за гэтыя ж дзеяньні. Будзе больш жорсткім і адміністрацыйнае пакараньне за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане — штраф ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленьнем правоў на тры гады альбо адміністрацыйны арышт з пазбаўленьнем правоў.

Эх, дарогі!

Толькі 50% працягласьці дарог у Беларусі адпавядаюць нормам, — канстатуюць у дэпартамэнце «Белаўтадор». Не забясьпечана патрабаваная роўнасьць на 5,5 тыс. км дарог, 7650 км маюць недастатковую трываласьць «дарожнага адзеньня».

Лёндан-2012

Летнія алімпійскія гульні 2012 году пройдуць у Лёндане. Так пастанавілі чальцы МАК на пасяджэньні 6 ліпеня ў Сынгапуры. Супернікам брытанскай сталіцы быў Парыж, якому не дапамагло ні тэатралізаванае спартовае шоў месяц таму на Елісейскіх палях, ні прэзэнтацыйны ролік сусьветнавядомага Люка Бэсона. Масква выбыла ў першым туры адбору.

АГ; belta.by, svaboda.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0