Галоўным у любым перайменаваньні мусіць заставацца прынцып нацыянальнага піетэту, які мае ў аснове нацыянальную ідэю.

Хачу прапанаваць уласныя назвы слынных месцаў Менску.

Кастрычніцкую плошчу варта перайменаваць у Цэнтральны пляц;

плошчу Перамогі — у Круглую плошчу, пагатоў гэта старая назва;

праспэкту Незалежнасьці трэба вярнуць імя Ф.Скарыны, бо асобе аўтара першай беларускай Бібліі, не пасуе «вулічны» маштаб;

праспэкту П.Машэрава / Пераможцаў варта вярнуць назву Паркавая магістраль, што больш пасуе прыгажосьці гэтых мясьцін;

плошчу Прытыцкага перайменаваць у Новы Двор (гістарычная назва мясьціны, дзе нарадзіўся беларускі паэт Алесь Гарун);

праспэкт Пушкіна — у праспэкт Алеся Гаруна;

вуліцу Прытыцкага — у Ракаўскі тракт (гістарычная назва);

плошчу Калініна — у плошчу Каліноўскага;

вуліцу Маякоўскага — у вуліцу Лошыцкую;

плошчу Камуны — у Тэатральную плошчу.

Вартыя перайменаваньня наступныя вуліцы: Бельскага, Леніна, Маркса, Мэльнікайтэ, Мясьнікова, Панамарэнкі, Сьвярдлова, Сямашкі, Цэткін, Чарвякова, Энгельса, Харужай, гэтак жа як і вуліцы Гвардзейская, Камуністычная, Сапёраў, Сацыялістычная. Праспэкты ж Машэрава і Партызанскі — бо гэта спадчына той самай камуністычнай эпохі, якая для нашай краіны мела больш выдаткаў, чым станоўчага.

Неабходна пазбавіцца вуліц Талстога, Маякоўскага, Някрасава, Ясеніна, Лермантава — ніхто з вышэйпералічаных ня меў ніякага дачыненьня да беларускай культуры і ня вызначыўся сваёй прысутнасьцю ў Менску.

Куды лепей увекавечыць наступныя імёны:

пісьменьнікаў Ф.Аляхновіча, Н.Арсеньневай, С.Буднага, В.Быкава, К.Буйло, В.Віткі, А.Вялюгіна, С.Грахоўскага, У.Дубоўкі, У.Жылкі, С.Палуяна, А.Пісьмянкова, Я.Пушчы, К.Сваяка, А.Сыса;

кампазытараў і сьпевакоў — М.К.Агінскага, Л.Александроўскай, У.Алоўнікава, М.Забэйды-Суміцкага, С.Манюшкі;

мастакоў В.Бялыніцкага-Бярулі, В.Ваньковіча, Я.Драздовіча, А.Ісачова, П.Сергіевіча;

актораў і рэжысэраў І.Буйніцкага, У.Галубка, Ф.Ждановіча, Е.Міровіча, П.Мядзёлкі, С.Станюты;

навукоўцаў М.Доўнар-Запольскага, М.Байкова і С.Некрашэвіча (трэба назваць вуліцу адной назвай за легендарны слоўнік), В.Іваноўскага, Б.Кіта, братоў Луцкевічаў, В.Ластоўскага,Б.Тарашкевіча;

палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў — а сярод іх каго толькі ні было ў розныя часы: Я.Варонкі, Вітаўта, Гедыміна (дарэчы, ягоным імем варта было б назваць і сучаснае вайсковае вучылішча), В.Захаркі, Т.Касьцюшкі, П.Крэчаўскага.

Ёсьць жа яшчэ і тапанімія былых вёсак, фальваркаў, хутароў… Або імёны архітэктараў — непасрэдных стваральнікаў нашай сучаснай сталіцы. Але асаблівую ўвагу хочацца зьвярнуць на назвы станцый мэтро, бо Менск — першы беларускі горад, які мае гэтую цывілізацыйную «штучку».

Прапаную перайменаваць наступныя станцыі мэтро:

«Плошчу Леніна» — на «старую новую» назву «Плошча Незалежнасьці»,

«Кастрычніцкую плошчу» — у «Цэнтральную плошчу»,

«Плошчу Перамогі» — у «Круглую плошчу»,

«Парк Чалюскінцаў» — у «Батанічны сад»,

«Маскоўскую» — у «Кінастудыю «Беларусьфільм»,

«Спартыўная» — у «Ракаўскую»,

«Пушкінскую» — у «Новы Двор»,

«Маладзёжную» — у «Кальварыйскую»,

«Фрунзэнскую» — у «Замкавую»,

«Партызанскую» — у «Даўгабродзкую»,

«Захад» — у «Цівалі».

Тое самае варта зрабіць мо і з назвамі мікрараёнаў, бо цалкам «індыфэрэнтныя» назвы «Паўднёвы Захад» альбо «Ўсход» ня маюць ніякага дачыненьня да гісторыі ні гораду, ні краіны. Што ўжо казаць пра такія назвы вуліц, як Інтэрнацыянальная, Ленінградзкая, Ангарская, Маскоўская. Няўжо, акрамя Ангары, у ваколіцах гораду няма сваёй «азёрна-рачной» тапаніміі! Сапраўды, глупства суцэльнае атрымоўваецца, дый толькі: не беларуская сталіца, а нейкі суцэльны збор рэліквій савецкага аўтарытарнага часу! Бо толькі адна з савецкіх назваў на сёньня, як і раней, адпавядае свайму існаму сэнсу, — гэта вуліца Валадарскага, славутага ката АГПУ, дзе як тады, так і цяпер пакутуюць беларускія патрыёты!

Таму галоўным у любым перайменаваньні мусіць заставацца прынцып нацыянальнага піетэту, які мае ў аснове нацыянальную ідэю ды спрыяе ўсталяваньню нацыянальнага сьвядомага пачатку ў мэнтальнасьці народу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0