Якія шэксьпіраўскія жарсьці мне прыйшлося назіраць! Успаміны Міколы Сьцебуракі запісаў ягоны сын Усевалад.
Харугва
Па кудзелі я пінчук з Загародзьдзя зь вёскі Паршавічы. Вёска згадваецца ўпершыню яшчэ ў XVII ст. Але калі будзеце шукаць яе на сучаснай мапе, паселішча ня знойдзеце. У 1964 г. улады перарабілі назву на Бярозавічы.
У цэнтры сялібы і цяпер стаіць царква, якую зрубілі і аздобілі вясковыя майстры. За 130 год яна ніколі не зачынялася, за савецкім часам вернікі не далі вынесьці з царквы абразы, начыньне, перашкодзілі зьняць званы. Бажніца ва ўсе часы заставалася сэрцам паселішча, зьбірала з ваколіц на набажэнствы і асабліва на сьвяты вялікую колькасьць людзей.
На Вялікдзень я быў у Бярозавічах. У храме мелася восем старадаўніх харугваў, якія на хросны ход па традыцыі выносілі добрыя прыхаджане зь ліку мясцовых мужыкоў. Гэтым разам адну харугву стараста даручыў несьці мне — ва ўсёй царкве не знайшлося васьмёх сваіх мужчын.
Перамога цывілізацыі
У Бярозавічах мой дзед Васік быў вядомы як спраўны сталяр. Пры патрэбе рабіў розныя неабходныя прылады. Апроч таго, майстраваў ён ладныя труны, і праз тое ў свой час ніводзін аднавясковец не абыходзіўся бязь дзедавага вырабу.
На сваім гарышчы дзед Васік заўсёды меў невялікі запас нарыхтаваных дошак, што сушыліся там, чакаючы, калі майстар выцягне іх на сьвятло з чарговае сумнае нагоды. Так рабіў ён дамавіны сябрам, суседзям, і было нешта такое ў гэтым апошнім дарунку свайму земляку, чаго пасьля ня стала.
Калі хавалі старога Васіка, сышліся ўсе жыхары вёскі — разьвітацца і падзівіцца на раней нябачаную дзіўную рэч. Зь Пінску дзеду прывезьлі абабітую прыгожай тканінай труну з блішчастымі ручкамі дзеля лацьвейшага перасоўваньня. Ля гэтага дзіва людзі стаялі моўчкі і, нават калі прыклалі вечка, цішыню не парушыў звычайны грукат малатка, што заганяў цьвікі. Хітрыя балты бязгучна прыцягнулі накрыўку дамавіны, у якой ляжаў апошні бярозавіцкі сталяр.
Белы пух
За некалькі дзесяцігодзьдзяў жыцьцё ў вёсцы непазнавальна зьмянілася. На ўезьдзе ў паселішча ля крамы з самага ранку стаіць купка мужчын. У зашмальцаваных ватоўках, гумовых ботах, няголеныя, зь сізымі насамі, яны жывуць адным інтарэсам — набыць пляшку віна. І сама вёска, сьцішэлая, напаўпустая, глядзіць на гэтае беспрасьвецьце забітымі вокнамі занядбаных хат.
А раней тут будаваліся немалыя гасподы, людзі жаніліся, нараджалі шмат дзяцей. Моладзі ў клюбе не хапала месца на танцах. Паселішча жыло сапраўдным паўнавартасным жыцьцём, якое часам ажно пералівала цераз край.
Аднойчы, прыехаўшы ў Бярозавічы сярод лета, з дарогі я ўбачыў фантасмагарычнае відовішча. Уся вёска патанала ў белым пусе. Пух ляжаў пад платамі, лётаў у паветры, кружляў па дварах, чапляўся за дрэвы і прысады. Белы пух невядомага паходжаньня плаваў па паверхні вялікіх калюг, прыставаў да вопраткі вяскоўцаў і ўтвараў дзівосную і невытлумачальную карціну. Выявілася, што карані дзіўнае зьявы палягалі ў сфэры гарачых пачуцьцяў мясцовых жанчын. Белае покрыва сталася вынікам помсты разьюшанае кабеты Каштаніхі, што парэзала ў запале рэўнасьці ўсе падушкі суседкі Ракошы, выкладзеныя на сонейка. Казалі, што апошняя была спакусьніцай ахвочага да прыгод мужа раўнівіцы.
Калі іду паўз сумных і абыякавых да ўсяго п’янтосаў, празь мёртвую вёску, ня верыцца, што так нядаўна тут віравала жыцьцё з амаль шэксьпіраўскімі жарсьцямі.
64 гады таму
Для маёй бабулі Зіны, што жыла ў палескай вёсцы Бярозавічы, вайна пачалася ранкам 22 чэрвеня — але не з выступленьня Молатава па радыё, а зь цяжкога басавітага гудзеньня самалётаў, што нечакана павісла над навакольлем.
Людзі займаліся звычайнымі гаспадарчымі справамі: жывёла была ў полі, у дварах завіхаліся гаспадары, — калі з захаду з-за лесу паказаліся самалёты. Дзьве вялікія няўклюдныя машыны, падобныя да стомленых птушак, з гудзеньнем, што адчувалася скурай, павольна рухаліся па чыстым ранішнім небе. Гэтыя два бамбавікі з чырвонымі зоркамі на падкрыльлі дзіўным чынам прыцягвалі ўвагу. У іх нечаканым зьяўленьні было нешта трывожнае, і неспакой адразу перадаўся ўсім, хто быў на зямлі, прымусіўшы пакінуць працу і, не адрываючыся, глядзець на гіганцкіх чмялёў.
Праз колькі імгненьняў за дзьвюма вялікімі машынамі вылецелі некалькі маленькіх жвавых самалёцікаў з крыжамі. Адлегласьць паміж імі хутка скарачалася, і маленькія самалёты распачалі атаку. Безабаронныя «сталінскія сокалы» нічога не маглі супрацьпаставіць зьнішчальнікам. Машыны гэтага тыпу, прызначаныя для зьнішчэньня наземных аб’ектаў, былі проста не прыстасаваныя для вядзеньня паветранага бою. З бамбавікоў пайшоў густы чорны дым, і яны сталі зьніжацца. З нутра пачалі выскокваць чалавечыя фігуркі, спрабуючы ўратавацца. Над іх галовамі адзін за адным раскрываліся белыя купалы парашутаў, і дзіўныя дзьмухаўцы нібы застылі над полем. Зьнішчальнікі, не задаволіўшыся перамогай, робячы новыя і новыя кругі, пачалі паляваць на лётчыкаў, расстрэльваючы іх з кулямётаў. Некалькі парашутаў загарэліся, і фігуркі, што былі пад імі, хутка паляцелі на зямлю. Іншыя апусьціліся павольна. Машыны з крыжамі зьніклі гэтак жа хутка, як і зьявіліся.
Сяляне, справіўшыся зь першапачатковай разгубленасьцю, рушылі грамадой да месца падзеньня лётчыкаў. У высокім жыце знайшлі целы. Некаторыя вайскоўцы загінулі яшчэ ў паветры ад куль, іншыя — ад удару аб зямлю пры падзеньні. Запрогшы калёсы, мужыкі пазвозілі памерлых да вясковае царквы, за агароджай якой іх і пахавалі.
Падбітыя самалёты адшукалі за некалькіх кілямэтраў за вёскай. Гаспадарлівыя палешукі паціху паразьбіралі парэшткі машын на свае патрэбы. Сёе-тое пайшло кавалям, нешта проста расьцягнулі хлопцы. І ўся вёска рабіла лыжкі і пасудзіны з алюміну фюзэляжаў ды чуні з гумы колаў шасі. Шоўк парашутаў падзялілі тыя, хто звозіў нябожчыкаў. Урэшце засталіся ў лесе ад самалётаў толькі непад’ёмныя рухавікі ў варонках, а пра вайскоўцаў нагадвалі безыменныя пагорачкі з крыжамі ля царквы.
Праўда, праз пэўны час паветраны бой прыгадалі яшчэ раз, калі ў аднае сям’і, што не была сярод удзельнікаў падзелу парашутаў, аднекуль зьявіліся шаўковыя кашулі. Выявілася, што гаспадар знайшоў яшчэ аднаго забітага лётчыка, што ўпаў далей за іншых, але не прывёз яго, каб пахаваць, а проста абрабаваў і пакінуў у жыце.
Гэты паветраны бой быў толькі адным са шматлікіх эпізодаў вайны, якая доўгія чатыры гады валадарыла над людзкімі лёсамі. Неўзабаве ўсталявалася новая ўлада, зьявіўся і партызанскі супраціў ёй, а пасьля прыйшло і вызваленьне.
Паціху зьеліся лыжкі і знасіўся шоўк. Гісторыя пачала адыходзіць у нябыт і, чутая неаднойчы ад старых людзей, паступова стала ператварацца ў мясцовую легенду. Чуўшы гэты аповед у дзяцінстве, я сам яго стаў успрымаць як паданьне і ніколі не чакаў, што сутыкнуся з гэтай гісторыяй яшчэ недзе, апроч бабуліных расказаў. Год колькі таму ў пэрыядычным друку мне трапіў на вочы артыкул, у якім сухой мовай публіцыстыкі быў пераказаны ня раз чуты мной выпадак.
Я даведаўся, што тыя два савецкія бамбавікі, што загінулі ля вёскі, былі рэштай 39-га бамбавіковага палка маёра Захарычава. Гэты полк складаўся зь сярэдніх бамбавікоў (СБ) ды новых ПЕ-2 і базаваўся ў Пінску. Раніцай 22 чэрвеня полк быў чатыры разы запар атакаваны на сваім аэрадроме і страціў 25 машын, але астатнія машыны здолелі падняцца і нанесьці пасьпяховы і нечаканы ўдар па нямецкіх танках у раёне пераправы цераз раку Буг ля Мельніку. Пры вяртаньні з заданьня ўсе 18 самалётаў былі зьбітыя. Бамбавікі, вылецеўшы без жыцьцёва неабходных ім самалётаў суправаджэньня, пайшлі на сьвядомую сьмерць і знайшлі яе як адзін, вяртаючыся на свой аэрадром. Дзьве машыны зрабілі сваю апошнюю пасадку, не дацягнуўшы 15 кілямэтраў да роднага аэрадрому.
Выйшла так, як, на жаль, выходзіць вельмі рэдка — скупыя дакумэнтальныя факты з вайсковых архіваў пацьвердзілі асабістыя ўспаміны з памяці выпадковага і неабазнанага сьведкі ды склаліся ў жывую гісторыю вайны.
* * *
Пасьля вайны ў вёску прыяжджалі сваякі лётчыкаў, каб распытаць пра апошнія хвіліны жыцьця і падзякаваць за ўшанаваньне памяці іх родных.
Калі ваенная тэма пачала асабліва жорстка эксплюатавацца ў ідэалягічных мэтах, зь Пінску прыехалі вайсковыя начальнікі і забралі парэшткі лётчыкаў зь цьвінтара ў брацкую магілу ў горадзе.