У ліпені 1980-га ў Польшчы пасьля павышэньня цэнаў на мяса пачаліся страйкі, якія сталіся пачаткам «Салідарнасьці» й крушэньня камуністычнай сыстэмы. Праз чвэрць стагодзьдзя пытаньне салідарнасьці стаіць перад беларускім грамадзтвам.

Піша Віталь Тарас.

«Водка шесть и водка восемь —

Все равно мы пить не бросим!

Ну а если будет больше,

Мы устроим то, что в Польше!»

Гэты немудрагелісты вершык нарадзіўся 25 гадоў таму. Для сёньняшніх маладых людзей ён уяўляе сабой суцэльную шараду. Для тых, хто ня жыў у той час, трэба тлумачыць, што ў першым радку згадаваюцца цэны на гарэлку. Шэсьць, а тым больш восем савецкіх рублёў за бутэльку пры тагачасных мізэрных зарплатах былі немалымі грошамі. У 1980-м цэны на ўлюбёны напой працоўных у мэтах «павышэньня дабрабыту савецкага народу» (як пісалася ў пастановах партыі і ўраду) павышаліся двойчы, што выклікала страшэнную нездаволенасьць масаў. Ну а што было тады ў Польшчы й чым пагражалі савецкія грамадзяне савецкай уладзе — таксама трэба тлумачыць.

Адбылася тады абсалютна нечуваная для эпохі разьвітога сацыялізму рэч.

Кароткае замыканьне

У ліпені 1980-га Польшчу скаланулі страйкі, якія ўспыхнулі ў Гданьску, Шчэціне, Варшаве, а потым пашырыліся на ўсю краіну. Паводле палітэканоміі сацыялізму, такога быць не магло — эксплюатацыя працоўных адбываецца толькі ў капкраінах, а пры сацыялізьме прадпрыемствы належаць працоўным. Рабочыя Гданьскай вэрфі ці варшаўскага трактарнага заводу «Урсус» палітэканомію ведалі слаба. І калі ўрад рэзка падняў цэны на мяса й мясныя прадукты, пакінуўшы ранейшыя заробкі, рабочыя спынілі працу. Савецкая прапаганда была ў шоку. Перад гэтым, у 1970-я, прыклад братняй Польшчы пад кіраўніцтвам першага сакратара ПАРП Э.Герака падаваўся як варты перайманьня ў пляне росту дабрабыту. Польшчу тады называлі «самым свабодным баракам у сацыялістычным лягеры».

Савецкае кіраўніцтва раздражняла, што лідэрам прафсаюзнага руху стаў звычайны электрык, бацька сямейства, шчыры каталік Лех Валэнса. Як потым пра яго скажуць — электрык, які зрабіў «кароткае замыканьне ў камуністычнай сыстэме».

«Трыбуна люду» як носьбіт праўды

Нават у савецкай таталітарнай сыстэме зь яе татальнай цэнзурай існавалі своеасаблівыя дзіркі. Так, у Менску ў шапіках «Саюздруку» у 1980-м можна было свабодна купіць за капейкі газэту польскіх камуністаў «Трыбуна люду». У 1970-я яна мала чым розьнілася ад савецкай «Правды». Таму ніхто з савецкага начальства не чакаў ад камуністычнага выданьня таго, што яно ўтварыла. Па-першае, газэта інфармавала чытачоў пра страйкі. Потым, калі ўлады вымушаны былі сесьці за стол перамоў з кіраўнцтвам незалежнага прафсаюзу «Салідарнасьць», газэта ня проста пісала пра сам факт перамоў, але вымушана была выкладаць меркаваньне ня толькі ўрадавага боку, але й дзеячаў апазыцыі, хоць і не пагаджалася зь ім.

Нарэшце ў верасьні 1980-га «Трыбуна люду» апублікавала тэкст гістарычнага пагадненьня ў Ястшэмбе, у якім прызнавалася права незалежнага апазыцыйнага прафсаюзу на сваё існаваньне ды абарону правоў працоўных.

У той час мне давялося працаваць на БТ, дзе кожны тыдзень на занятках палітінфармацыі лектары апавядалі пра каварныя пляны імпэрыялістаў у дачыненьні да Польшчы ды прадажную польскую апазыцыю.

На заняткі я звычайна прыносіў з сабой сьвежую «Трыбуну» й чытаў пра апошнія польскія падзеі. Часам да мяне далучаліся яшчэ некалькі калегаў — з тых, што ведалі польскую мову, астатнія прасілі пераказаць, што пішуць. Старэйшыя касавурыліся, але заўваг ніколі не рабілі.

Каб Міхнік чуў

А пра гістарычны пленум ЦК ПАРП, на якім быў зьняты з пасады Герак, а на яго месца пастаўлены Станіслаў Каня, я даведаўся ў Горадні, з экстрэннага выпуску навін польскага тэлебачаньня.

Ня стану перабольшваць і казаць, што той пленум, як і ўвогуле падзеі ў тагачаснай Польшчы, выклікалі вялікую цікавасьць у Беларусі. Нават тыя, у каго была магчымасьць глядзець польскае тэлебачаньне, цікавіліся ня столькі страйкамі, колькі забаўляльнымі перадачамі — мульцікамі, сэрыяламі, эстрадай. У застольных жа размовах калі й гаварылі пра польскія падзеі, дык часьцей за ўсё зь нейкім раздражненьнем, нават злосьцю — ат, тыя палякі, халера іх бяры! Чаго ім бракавала?!

Пасьля «Трыбуна люду» зьнікла з шапікаў. Усю інфармацыю, асабліва пасьля ўвядзеньня вайсковага становішча ў Польшчы ў сьнежні 1981-га, даводзілася атрымліваць з замежных радыёгаласоў. Гаварыць жа шчыра на польскія тэмы стала проста небясьпечна.

Між іншым, тады здарыўся эпізод, які асабліва выразна паказаў розьніцу паміж савецкім грамадзтвам і польскім. Адзін з тагачасных лідэраў КОС—КОР (падпольнай арганізацыі, што спрычынілася да стварэньня «Салідарнасьці»), цяперашні галоўны рэдактар «Газэты выборчай» Адам Міхнік быў адпраўлены ў варшаўскую турму. Дык вось, жыхары навакольных дамоў штовечар, калі распачыналася трансьляцыя «Вольнай Эўропы», уключалі свае радыёпрыёмнікі на поўную магутнасьць, каб вядомы на ўсю краіну вязень змог пачуць апошнія навіны.

Фэномэн «Салідарнасьці»

«Салідарнасьць» працягвала дзейнічаць у падпольлі. Выстаяўшы ў самы цяжкі час, прымусіўшы камуністычныя ўлады сесьці за «круглы стол» перамоў з апазыцыяй, якія скончыліся поўнай перамогай на першых дэмакратычных выбарах, «Салідарнасьць» пачала хутка траціць свае пазыцыі ў свабодным грамадзтве. Паступова яна саступіла на выбарах — і прэзыдэнцкіх, і парлямэнцкіх — левым партыям, а потым і ўвогуле сышла з агульнанацыянальнай арэны як самастойная палітычная сіла. Прафсаюзны рух зрабіў сваю справу — гэты рух павінен быў сысьці.

Аднак хаця з моманту ўтварэньня «Салідарнасьці» мінула ўжо чвэрць стагодзьдзя, ейны фэномэн яшчэ не разгаданы цалкам гісторыкамі. Застаецца без адказу галоўнае пытаньне — ці была «Салідарнасьць» чыста нацыянальнай зьявай, абумоўленай польскай гісторыяй, традыцыямі, мэнтальнасцью? Ці яна была заслугай прыўнесеных з-за мяжы паліттэхналёгій і сталася, такім чынам, далёкім папярэднікам «каляровых рэвалюцый» ХХІ ст.? Ні для кога не сакрэт, што на падтрымку незалежнага прафсаюзнага руху ў Польшчы вылучаліся немалыя грошы заходнімі дэмакратыямі. Але наколькі гэтая дапамога была вызначальнай для перамогі дэмакратыі ў самой краіне?

Шляхам вызваленьня

Наколькі можна меркаваць, падзеі 1980-х у краінах усходняга блёку адбыліся ня ў выніку экспарту рэвалюцыі. Аксамітная рэвалюцыя» ў Чэхіі адбылася не таму, што ў Польшчы перамагла «Салідарнасьць». Вугоршчына, Усходняя Нямеччына, Баўгарыя, а потым краіны Балтыі ішлі кожная сваім шляхам да вызваленьня (выключэньнем стаў хіба падрыхтаваны спэцслужбамі пераварот у Румыніі). Хаця прыклад папярэднікаў, а таксама дапамога заходніх дэмакратый, безумоўна, мелі вялікае значэньне для народаў гэтых краін.

Варта нагадаць, што лідэры «Салідарнасьці» не аднойчы наведвалі Беларусь у 1990-я, сустракаліся з актывістамі незалежных беларускіх прафсаюзаў, нават зьвярталіся непасрэдна да менскіх працоўных на мітынгах. Аднойчы па абвінавачаньні ў агітацыі супраць уладаў быў высланы зь Беларусі лідэр «Салідарнасьці», наступнік Леха Валэнсы на гэтай пасадзе Мар’ян Кшаклеўскі.

І што ж? Дзесяць гадоў таму, 1 верасьня (яшчэ адна круглая дата!), распачаўся страйк менскіх мэтрапалітэнаўцаў. Работнікі іншых галін страйку не падтрымалі. Страйкоўцы засталіся сам-насам з уладамі. Арганізатары былі звольнены, пачаліся рэпрэсіі супраць прафсаюзных актывістаў, незалежных прафсаюзаў, дэмакратычных грамадзкіх арганізацый.

Акцыі салідарнасьці са сваякамі зьніклых палітыкаў зьбіраюць усё менш людзей. Пятая гадавіна зьнікненьня журналіста Зьмітра Завадзкага азнаменавалася яшчэ адным агідным фактам. Падчас акцыі «Хочам ведаць праўду» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску амапавец ударыў кулаком у твар жонку Зьмітра Сьвятлану. Тэлекамэры паказалі гэты брутальны акт прадстаўніка ўлады на ўвесь сьвет. Беларуская грамадзкасьць праглынула й гэта. Якая тут можа быць гаворка пра салідарнасьць?

Гісторыя — рэч жорсткая

Сэрыя дэмакратычных рэвалюцый не закранула, дый не магла, відавочна, закрануць краіны былога СССР, за выключэньнем балтыйскіх. Сёньня абсалютна ясна, што распад Савецкага Саюзу і атрыманьне дзяржаўнага сувэрэнітэту саюзнымі рэспублікамі стварылі ўсяго толькі перадумову, магчымасьць дэмакратычнага выбару. Але магчымасьць зусім не азначае непазьбежнасьці. Беларускі народ, па сутнасьці, зрабіў свой выбар на выбарах (прабачце за таўталёгію) 1994-га году. Ці азначае гэта, што зробленую памылку — зрэшты, цалкам заканамерную для посттаталітарнай краіны — ніколі ня ўдасца выправіць?

Між іншым — не дзеля суцяшэньня, а дзеля праўды, — 25 гадоў таму народ зусім іншай краіны таксама зрабіў свой выбар. Шляхам дэмакратычнай рэвалюцыі й свабодных выбараў да ўлады ў Іране прыйшоў аятала Хамэйні. Краіна добраахвотна вярнулася ў сераднявечча, да тэакратычнага праўленьня.

Так, гісторыя — рэч жорсткая. Яна ня ведае ўмоўнага ладу. Але ж і дэтэрмінізму гісторыя ўсё-такі не прызнае. Інакш у адных і тых жа ўмовах усе народы паводзілі б сябе абсалютна аднолькава. Але ж мы бачым, што ва Ўкраіне, напрыклад, дзе ўмовы ў цэлым былі падобныя да беларускіх ці, скажам, расейскіх, народ павёў сябе інакш. Гэта, зноў жа, не азначае, што ўкраінцы зрабілі адзіна правільны выбар, высунуўшы Юшчанку. Цалкам магчыма, што заўтра яны расчаруюцца ў сёньняшнім кіраўніцтве ды прагаласуюць за Януковіча. У гэтым сэнсе ўкраінскія выбаршчыкі нічым не адрозьніваюцца ад польскіх, вялікая частка якіх яшчэ зусім нядаўна гатовая была пайсьці за папулістам Лепэрам, ці якіх-небудзь іншых.

Але ж ёсьць адна прынцыповая рэч, якую сьвядома ці несьвядома ігнаруюць разважныя крытыкі Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне або Ружовай рэвалюцыі ў Грузіі. Чым новыя ўлады лепшыя за старыя? — пытаюцца яны. Хіба новыя гаспадары ня робяць памылак, не змагаюцца за хлебныя пасады, не падманваюць выбаршчыкаў? Падтэкст такіх пытаньняў зразумелы: навошта ўкраінцам было выходзіць на плошчы, калі вынікамі рэвалюцыі ўсё адно заўсёды карыстаюцца адзінкі? І ці варта беларусам сёньня пратэставаць, калі невядома, ці стане лепш у выніку зьменаў заўтра?

Маральны выбар

Але хіба сам факт выхаду на Майдан, адчуваньне адказнасьці й адзінства з тымі, хто быў побач, само чаканьне перамен і вера ў іх магчымасьць — хай нават і памылковая — нічога ня вартыя? Спытайцеся аб гэтым ва ўдзельнікаў мінулагодніх восеньскіх падзей у Кіеве. Або ва ўдзельнікаў абароны літоўскага Сойму ў студзені 1991-га, сярод якіх былі й беларусы.

І вось тут мы вяртаемся да тэмы Салідарнасьці — і ў канкрэтна-гістарычным пляне, і ў зьместавым, філязофскім. У гістарычным пляне сябры толькі што створанай польскай «Салідарнасьці» ня ведалі й не маглі ведаць у 1980-м годзе пра тое, што будзе ў 1989-м. Яны маглі толькі аб гэтым марыць. Але яны добра ведалі, напрыклад, хто такі генэрал Ярузэльскі і чаго ад яго можна чакаць. Яны здагадваліся, што іх чакаюць турмы, і не памыліліся. Іншага ж з актывістаў «Салідарнасьці», як ксяндза Ежы Папялушку, прычакала сьмерць ад рук карнікаў.

У 1980-м «Салідарнасьць» яшчэ не была вядомай ва ўсім сьвеце маркай магутнай ды аўтарытэтнай арганізацыі, ад якой залежыць лёс нацыі. Гэта быў усяго толькі незалежны прафсаюз, не прызнаны ўладамі, а значыць, няздольны гарантаваць сваім сябрам ніякіх выгод у будучыні. «Салідарнасьць» была для палякаў пытаньнем маральнага выбару.

За чвэрць стагодзьдзя зьмянілася шмат паняткаў, на многія рэчы беларусы пачалі глядзець па-новаму. Але пытаньне выбару па-ранейшаму застаецца для іх актуальным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0