Гарадзенскія ўлады здолелі сарваць аранжавую рэвалюцыю. Памфлет Сяргея Максімовіча.

Дня 11 ліпеня ў слаўным месьце Горадні прышвартавалася вараская ладзьдзя са старажытным імем «Сварог». І хоць сто гадоў сюды не прыходзілі караблі, ды яшчэ з замежжа, на жыхароў гэта не зрабіла ніякага ўражаньня. Не зьдзівілі ні памеры, ні выгляд архаічны. Не ступілі на прыстань і ўлады, каб прывітаць мараплаўцаў, якія трапілі ў Нёман з Балтыкі, і нават хлеб-соль з дзяўчатамі не прыслалі.

Учынак мясцовага начальства інакш як дзіўным не назавеш. Бо толькі-толькі сама вярхоўная ўлада абвясьціла, што заманулася ёй аднавіць шлях з варагаў у грэкі. Не інакш, мелася на ўвазе, што гэным варагам надакучылі «скандынаўскія авіялініі» — і яны жадаюць на міжземнаморскія курорты езьдзіць шляхам сваіх незабыўных продкаў. І кінуліся, не марудзячы, паглыбляць Аўгустоўскі канал, абвясьціўшы яго ледзьве ня «сталінскай будоўляй камунізму».

У гэты момант у Горадню прыплывае сапраўдная вараская ладзьдзя! Нельга ня зьняць капелюша перад нашымі слаўнымі памежнікамі, якія цярпліва чакалі на рачным-памежным беразе экзатычны вялікі човен. Зрабілі яны выгляд, што ладзьдзі ды дракары тут караванамі ідуць, і спрактыкавана праштэмпэлявалі пашпарты камандзе.

Дарма спадзяваліся сучасныя варагі на беларускую гасьціннасьць. Няпрошаным гасьцям далі зразумець, што іх прыезд нагадвае несанкцыянаваную акцыю. Бо каб яны ўсьвядомілі, дзе маюць апынуцца, дык павінны былі за пятнаццаць дзён асабіста падаць уладзе заяву, што хочуць прыбыць у горад і масава высадзіцца на прыстані. А гэтага зроблена не было! Тады хай радуюцца, што не сустрэў іх заўжды гатовы беларускі АМОН.

Можна ўявіць сабе думкі ўлады. Замест клясычных вікінгаў у рагатых шлемах і кальчугах у ладзьдзі плылі ўладальнікі пашпартоў са старадаўнім гербам — трызубам, з «Пагоняй», з арлом у кароне ды пару сваіх беларусаў. Наперадзе мясцовы сьцяг з арнамэнтам (каб, крый божа, не стралялі), ззаду — блакітна-жоўты. Але ж гэткага суседзтва менавіта беларуская ўлада зь ейных ног да галавы баіцца сёньня горш ад агню. Бо ў яе палахлівай галаве, нібы ў альхімічнай рэторце, сумесь блакітнай фарбы з жоўтай ператвараецца нечакана ў аранжавую! А аранжавага ўлада папросту пужаецца.

У замежным Каўнасе ладзьдзя з камандай стала гваздом сьвята ўгодкаў каранацыі Міндоўга. У месьце Гарадзенскім каралёў таксама як агню баяцца, ня меней ад колеру апэльсінаў ды мандарынаў — уладзе ўсё болей цароў падавай. Вось, бывала, прыходзіла маскоўская навала, паліла горад, жыхароў у палон у любую Маскву забірала. Вось гэта ўгодкі, вось гэта сьвята! А калі Кацярына захапіла Горадню? Гэта для ўлады папросту цымус гістарычны, яна яго гатовая смакаваць ды смакаваць, нарабіўшы каўбасы «губэрнскай».

Сьніць мясцовая ўлада па начах гурты замежных турыстаў, бо гэтак загадана са сталіцы — любым гвалтам іх сюды цягнуць і валюту вытрасаць. Але ўжо мала замежнікаў засталося, якія не баяцца наведацца ў краіну сталінскіх умацаваньняў, а хто не баяўся, ужо пачаў баяцца. Мала таго што нядаўна несьвядомыя амэрыканцы візы беларускія пакуплялі, дык яшчэ мусілі рэгістравацца, а не зарэгістраваліся — міліцыя і пакараньне. А наступным разам — у кайданкі!

Гарадзенскай уладзе загадана вазіць замежных турыстаў па Аўгустоўскім канале, пачынаючы з наступнага году. Але, дапусьцім, захацелася беларусам на свой канал паглядзець, сядаюць яны ў машыны, едуць, а там іх сустракаюць доблесныя памежнікі і складаюць пратаколы, а потым цікаўных штрафуюць бязьлітасна, бо — памежная зона! Як у памежнай зоне разьвіваць замежны турызм, яшчэ болей незразумела — хіба што пад вартай, «пад канвоем», бо хто іх ведае — замежнікаў!

Вычытала яшчэ мясцовая ўлада ў кніжцы пра Аўгустоўскі канал, што тамака перад апошняй вайною будавалася «лінія Молатава», і пачала ўлада мроіць: чым молатаўскі «ўкрэпраён» горшы ад сталінскага, чаму б не аднавіць? Замежны турыст касякамі паедзе, адных матрошак ды ікры ўжо замала, каб прыцягнуць сэраў і містэраў. А спачатку пабудуем, зробім шоў з танкамі ды гарматамі.

Седзячы ў шкуры ўлады, пачынаеш міжволі падзяляць замежнікаў на сваіх і чужых. На поўначы — не свае, натаўскія, на поўдні — таксама ў тым кірунку пнуцца ды яшчэ аранжавай заразай спрабуюць заразіць. Нам такіх ня трэба. Тыя, што на захадзе, цяпер да нас самі не паедуць, бо дзеля чаго мы гэтак упарта і зацята душым Саюз нашых палякаў? Ну зразумела — каб тыя палякі сюды носу не паказвалі, не нанесьлі сваёй заразы натаўскай.

Складаная, вельмі нэрвовая служба ў мясцовай улады. Бо дзе ў такіх умовах браць замежнага турыста, плян па якім сталіца спускае зьверху? І раптам я раблюся відушчым па-ўладнаму: эўрыка! А фэст гарадзенскі нацкультур навошта, дзеля чаго? Дзеля гэтага! Дзеля свайго, бясьпечнага замежнага турыста!

Прыгадаў я вельмі дарэчы, як апошнім разам на адкрыцьці фэсту адзін армянін выклікаў замілаваньне і воплескі з боку ўлады, расказаўшы ў мікрафон, як, сустракаючыся з армянскім прэзыдэнтам, наш пахваліўся: у мяне ёсьць свае армяне, харошыя рабяты. Цяпер улада хоча зрабіць сваіх палякаў, украінцы некаторыя, бадай, ужо ёсьць, грэкі таксама, немцы, казахі і гэтак далей.

З заплюшчанымі вачыма, у шкуры ўладнай я пачаў марыць у патрэбным рэчышчы: урачыстае адкрыцьцё штучнай воднай артэрыі, на параходах вязуць уласных замежнікаў, ніхто не палохаецца варты, калючага дроту ды іншых абавязковых атрыбутаў зоны памежнай пад назвай «Аўгустоўскі канал», бо ўсе мы выйшлі з краіны сярпа і молата, усе мы з-за калючага дроту, з-за жалезнай заслоны, а хто здолеў вымкнуцца з абдоймаў Вялікага Брата, уцячы ад нашай дружбы народаў, той — ня наш…

Ладзьдзю вікінгаў у гарадзенскім порце пагрузілі у фуру і павезьлі ў Берасьце. Начальства ўздыхнула з палёгкай: аранжавай рэвалюцыі пакуль удалося пазьбегнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0