Нават Лукашэнка пачаў з Купалы.

У Ляўках пад Воршай адзначылі 123-ці дзень народзінаў Янкі Купалы. Нават прэзыдэнт па-свойму яго ўшанаваў. Сваё турнэ па Аршаншчыне 7 ліпеня ён пачаў з паходу ў Купалаўскі музэй. Што праўда, афіцыйныя СМІ гэты візыт замоўчалі: у музэй Лукашэнка пайшоў а восьмай раніцы, а «асьвятленьне» пачалося зь дзясятай — з Копысі, дзе ён нарадзіўся.

9 ліпеня пад Ляўкамі сабраліся аматары роднага слова на Сьвята вольнай беларускай паэзіі. Пераважна гэта былі ўдзельнікі Драздовіцкага літаратурна-мастацкага пленэру, што сёлета прысьвячаўся памяці Караткевіча. Далучыўся нават мясцовы жыхар, які на ровары праяжджаў паўз фэст: дзядзька не сумеўся, а прачытаў байку.

Спаленыя сонцам пленэраўцы зьехаліся на свае заняткі. Дысцыпліну й расклад пільнаваў сталёвы працаголік Андрэй Хадановіч, таму перакладчыцкая майстэрня сканчалася нават пры ліхтары. І пасьля афіцыйнай часткі сьвята пачалася неафіцыйная. Каля вогнішча змог выступіць са сваімі вершамі ці песьнямі кожны ахвотны. Не абышлося без імправізаваных прызоў: падарункам ад Георгія Ліхтаровіча стала кніга «Ліхтарыкі», ад Зьмітра Вішнёва — «Трап для сусьлікаў», а ад Валянціны Гракун зь Бешанковіч — зборнікі вершаў тамтэйшых паэтаў ды кніга прозы Вольгі Іпатавай з аўтографам аўтаркі.

Ініцыятары пленэру — Ада Райчонак і Вадзім Баршчэўскі — выказалі надзею, што ў хуткай будучыні такія фэсты ўзьнікнуць па ўсёй Беларусі: дазвол на пікнік браць ня трэба, а паэты — соль нашай нацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0