2005. Бэндукідзэ і Ленін

Ёсьць у мяне сяброўка Таня. У мяне некалькі сябровак Тацян, таму я ўдакладню: гаворка пойдзе пра мікрабіёляга Таню Івашыну. Жыве Таня ў падмаскоўным Пушчыне і працуе ў навукова-дасьледчым інстытуце. Як і ўсе цяперашнія расейскія вучоныя, Таня вядзе паўжабрацкае арыстакратычнае жыцьцё. Калі ёй робіцца зусім кепска, яна тэлефануе свайму былому асьпіранту Бэндукідзэ. Таму Бэндукідзэ, які зрабіўся самым тоўстым алігархам у Расеі. Калі па тэлеку паказваюць расейскіх алігархаў, яго лёгка пазнаць, бо ён самы тоўсты і самы лысы. Каха Бэндукідзэ яшчэ і добры, але пра гэта ў тэлеку не гавораць. Калі памірае вучоны ў Пушчыне, Таня знаходзіць Каху. Ён дае грошы на пахаваньне. Аднойчы Каха абурыўся, што Тацяна звоніць толькі з нагоды чыёйсьці сьмерці, і прапанаваў ёй выбраць падарунак сабе любімай. На Кахавы грошы Танька ўставіла новенькія зубкі. Цяпер у Тані галівудзкая ўсьмешка, а Каха — міністар фінансаў у роднай Грузіі. А дзе ж Ленін? Будзе і Ленін, але спачатку я раскажу пра мультыплікатара Ленкіна. Ён адзін з найлепшых мультыкаробаў у Беларусі. Ён і майго брата Мірыка вучыў рабіць флэшкі. Яны разам змастачылі тры сэрыі пра Пацука-людажэра. Дык гэты Ленкін у мінулую суботу напіўся. А напіўся, бо расейскі прэз. Пуцін загадаў рабіць 100 рускіх мульцікаў у год. Прэз. і грошы выдаткаваў: 8000 баксаў за хвіліну гатовага мультфільму. Прад’юусэры выпырхнулі з маскоўскіх кінагнёздаў шукаць выканаўцаў прэзавай замовы. У Менск прыляцеў прад’юсар Хабенскі, ну той Косьцік Хабенскі, які раней артыстам быў і сыграў піцерскага мянта, у якога амэрыканскія нэгры-рабаўнікі ўсе грошы пазабіралі. Выразны эпізод, праўдзівы: да рускіх мянтоў падыходзяць амэрыканскія мурыны і забіраюць даляры! Мне вельмі спадабаўся эпізод, і Косьцік артыст выдатны. Таму, калі Хабенскі зь Ленкіным спыталі ў Мірыка: «Дзе можна спакойна выпіць і пасядзець-пагаварыць?» — брат мой завёў іх у кавярню «Лёндан», на другі паўсакрэтны паверх. Выпілі яны, пра кіно загаварылі. Мірык сказаў, што і мы сюжэты для кіно робім і прадаём. Хабенскі скрывіўся: маўляў, сюжэты нічога не каштуюць, і прапанаваў Мірыку расказаць такі сюжэт, які мог бы яго зьдзівіць. Ну Мірык і пераказаў зьмест адной з апошнік кніжак нашага віртуальнага дэтэктыўшчыка Андрэя Мікалаевіча Вароніна. «На Краснай плошчы, у маўзалеі, Ленін несапраўдны!» «Як гэта несапраўдны Ленін?» — глынуў каньяку Хабенскі. «А так… Каха Бэндукідзэ — алігарх і мэцэнат — набыў у падмаскоўным Пушчыне кавалак зямлі, каб пабудаваць дом адпачынку для сваіх былых калег — хімікаў. Каха — сапраўдны хімік. Шмат хто думае, што Бэндукідзэ — гаўно чалавек, а ён — хімік, мікрабіёляг і добрай душы таўстун. Будаўнікі на Кахавым участку знайшлі магілу, а ў ёй, як высьветлілася, быў пахаваны сапраўдны Ўльянаў (Ленін), які памёр у 1952 годзе, а не ў 1924, як усе думалі…» — «Сюжэт! — узрадаваўся Хабенскі. — Такі сюжэт можна амэрыканцам загнаць!» — «Загані! — прапанаваў яму Мірык. — Толькі мы яго ўжо загналі расейцам у форме кнігі Андрэя Вароніна. Расею Ленін усё яшчэ хвалюе, а вось Амэрыку наўрад…» Такі сюжэт выйшаў у мяне зь Бэндукідзэ і Леніным, толькі майго раманнага Бендукідзэ завуць ня Каха, а Галактыён.

21.02.2005, 13:23

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0