Нявыкрутка

«Мір бывае там, дзе няма ні волі, ні ўяўленьня, дзе ж гэтыя двое ёсьць, там міру не бывае, там барацьба ўяўленьняў».

Казімер Малевіч

Павал Усьціновіч, экспэдытар дробнай менскай фір- мы, цяжка крочыў між прыватных шапікаў на Кіеўскім вакзале, моцна стомлены ад беганіны па вялікім горадзе, мноства людзей, паветра, забруджанага выкідамі легкавікоў, і летняй гарачыні.

Пах духмяных каўкаскіх страў казытаў ягоныя ноздры. Ён марыў давалачыся да кватэры на Мажайскай, зьесьці набытых памідораў з кракаўскай кілбасой і рыскім хлебам, усё гэта запіць ражанкай і заесьці мяккай маскоўскай булачкай з разынкамі. А потым адпачыць на ложку ў цішыні і абароненасьці зьнятае кватэры.

Ён выйшаў на прыпынак па Кутузаўскім праспэкце, дачакаўся пад сьпякотным сонцам аўтобуса і паехаў, паглядаючы па баках. Масква была запалоненая легкавікамі. Па Кутузаўскім праспэкце і па Мажайскай шашы ў восем палос валам упрытык імчала рака «аўдзі», «фольксвагенаў», «мэрсэдэсаў»… «Мэрсэдэсы»… «мэрсы»… «мэсэры»… «мэсэршміты»…» — дзівіўся Павал падабенству слоў.

Ён сышоў на Рабінавай, схадзіў у гастраном «Мажайскі», купіў сваю ўлюбёную ражанку, булачку з разынкамі, кракаўскай кілбасы і рыскага хлеба, які цяпер чамусьці пачаў звацца «Рыскі духмяны», і пацягнуўся да кватэры па вул.Грышына. Адчыніў дзьверы, уставіўшы даўжэзны ключ у шчыліну дзьвярнога замка і павярнуўшы яго тройчы. У кватэры нікога не было, і ён не сьпяшаючыся памыўся, змываючы нэрвовасьць і сьпякоту дня, пераапрануўся ў спартовыя порткі, намыў і парэзаў памідоры і, прысеўшы за стол, зь сялянскай ахвотай простага чалавека стаў вячэраць.

Мэгаполіс стаміў. Увесь час даводзілася мець справу зь незнаёмымі людзьмі, якія не прабачалі ніводнай ня тое што памылкі, а нават немачы ў характары — мяккасьці ці шчырасьці, даверлівасьці ці ляноты. Масква не дазваляла разьняволіцца, вялізны горад зразу караў за кожную недарэчнасьць.

Сёньня ён як быццам не зрабіў ніводнай хібы. Пасьпяхова разгрузіў фуру і здаў прывезены тавар. Своечасова атрымаў разлік у расейскіх грашовых адзінках. Хаця тут ён зрабіў благі крок. Зямляк з Геранён Міхась Янушка пераканаў яго спачатку пасядзець па-братэрску ў амбасадзе, а потым яны ўдвух сходзяць у абменьнік і памяняюць грошы. Так і зрабілі. Дзякуй богу, усё абышлося.

Ён прылёг на ложак і, ужо засынаючы, пацешыў сябе думкай, што навучыцца не рабіць памылак у гэтым населеным мільёнамі людзей горадзе-мэгаполісе, дзе ўнутрывідавая барацьба абвостраная як нідзе.

Прачнуўся Павал ад бразгату ключоў у замку. У кватэру ўваходзіла сям’я каўказцаў. Ён хутка сеў на ложку, спусьціўшы ногі долу, і імгненна прыгадаў, як маўклівы фірмач Зьміцер у Менску, выпраўляючы яго ў вандроўку, прамовіў:

— Кватэру ў Маскве мы ўжо не здымаем, так што начаваньня шукай пры патрэбе ў іншым месцы.

Сказаў, а ключа не забраў. Дый зазначыў мімаходзь, без напругі. Проста мякка папярэдзіў, што прыйдзецца застацца ў Маскве на наступны дзень, ведаючы ягоную, Паўлаву, застарэлую нелюбоў да мэгаполісу. І пяцідзесяцігадовы Павал пусьціў Зьмітровы словы пра кватэру між вушэй, засяродзіўшы ўвагу на неабходнасьці застацца яшчэ на дзень у небясьпечным горадзе.

Мажная маладая жанчына ў каляровай кофце і доўгай чорнай спадніцы, чорнавалосая і чарнавокая, трымала за руку маленькую дзяўчынку. Побач стаяў дзесяцігадовы чорнагаловы хлопчык і насьцярожана ўглядаўся ў кватэрную цемру. Убачыўшы Паўла, яна зрабіла крок назад да дзьвярэй і спалохана прамовіла:

— Вах, хто вы? Што вы тут робіце?

Павал спакойна, але ня трацячы тэмпу, усьміхнуўшыся, зрабіў асьцярожны крок у напрамку кабеты і сказаў:

— Прабачце, мы паўгоду здымалі гэтую кватэру. А наш кіраўнік зь Менску паслаў мяне ў камандзіроўку і не папярэдзіў, што тут іншыя жыхары. Мабыць, вы новыя кватэранаймальнікі?

Дзесяцігадовы хлопчык хутка рушыў у другі пакой. Жанчына нешта сказала яму ўсьлед па-каўкаску. Потым яна насьцярожана запытала Паўла:

— Як вы сюды трапілі? Адкуль у вас ключ?

Жанчына прыпынілася ў дзьвярах, трымаючы дзяўчынку за руку, яна выпрамяняла насьцярогу і падазронасьць.

— Разумееце, мы здымалі раней кватэру і ў мяне застаўся ключ, а наш фірмач Зьміцер мяне не папярэдзіў. Вы прабачце, ня бойцеся, заходзьце ў кватэру, я вам усё спакойна растлумачу.

Павал цяпер дзейнічаў узважана і ветліва, нічым не выказваючы неспакою. Між тым абставіны складаліся вельмі кепска. Калі суседзі ўчуюць канфлікт і выклічуць міліцыю, можна лёгка апынуцца за кратамі — з 9500 амэрыканскімі далярамі ў кішэні. А даляры для тамтэйшых міліцыянтаў — як тлусты карась для згаладнелага шчупака…

З другога пакою хутка выйшаў хлопчык і, абмяняўшыся позіркамі з маці, нешта супакоена сказаў. Павал зразумеў сэнс сказаных па-каўкаску слоў і ў сваю чаргу дадаў:

— Праходзьце, калі ласка, у кватэру. Ня бойцеся, я ня злодзей, я камэрсант зь Менску.

Жанчына зрабіла маленькі крок зь дзьвярнога праёму ў кватэру. Хлопчык выйшаў уперад маці і, паглядаючы ўсутыч на Паўла чарнавокім насьцярожаным позіркам, запытаў:

— Как ты сюда папал?

— Разумееш, мы гэтую кватэру здымаем з паўгоду. Апошнім разам наш начальнік не папярэдзіў, што тут іншыя жыхары. Акрамя таго, тут застаўся наш тэлефон. Таму я і зайшоў па старой памяці на кватэру.

— Так, харашо. Аткуда ў тэбя ключ? — Хлопчык ня зводзіў з Паўла чарнавокага позірку і выпрамяняў непераможную перакананасьць дарослага мужчыны.

— Пакольку раз у месяц мы прыяжджаем па тавар у Маскву, то ў мяне заўсёды ёсьць гэты ключ, бо раней мы здымалі гэтую кватэру. Прабачце, вядома, мне. Можа, вы пройдзеце ў пакой, а то неяк няёмка перад суседзямі?..

Апошнія словы Павал прамовіў, зьвяртаючыся да жанчыны. Хлопчык у адказ рушыў да тэлефона. Жанчына зь дзяўчынкай гадоў пяці зрабіла яшчэ крок наперад і прычыніла дзьверы, але не да канца. Павал сеў на ложак. Каўкаскі хлопчык узяў слухаўку і зноўку запытаў:

— Харашо. Скажі, как ты сюда папал?

Слухаючы Паўлаў адказ, падлетак набіраў нумар. Павал хутка думаў, што рабіць далей? Можна было, аддаўшы ключ каўкаскай сям’і, проста пайсьці з кватэры. Гэта было лёгкае выйсьце, якое магло яго ідэнтыфікаваць як злодзея. А калі жанчына пачне лямантаваць? Калі хлопчык пабяжыць за ім з крыкам «Трымайце злодзея!»? Першы ж мент арыштуе. А маскоўская міліцыя — гэта машына, ланцуг, канвэер. Вінаваты, невінаваты — сядзі за кратамі і ня рыпайся, не перашкаджай працаваць сьледчым.

Нумар, па якім тэлефанаваў каўкаскі хлопчык, быў заняты, і ён, выслухаўшы Паўлаў адказ, чарговы раз пачаў яго набіраць, ізноў запытаўшы:

— Ты скажі, аткуда ў тэбя ключ?

Павал адказваў і сам прапрацоўваў варыянты. Калі прыедзе гаспадар — каўказец зь сябрамі — і выверне ягоныя кішэні, то гэта ня самае лепшае выйсьце. Могуць балюча набіць твар… адным словам, лепш пазьбегнуць сустрэчы.

Нарэшце хлопчык дазваніўся. Ён гаварыў, слухаў, потым зноў адказваў, мабыць, на пытаньні. Нарэшце працягнуў слухаўку Паўлу, сказаўшы, што бацька хоча зь ім пагаварыць.

— Добры дзень, — прывітаўся ў слухаўку Павал.

— Как ты папал в чужой квартір? — учуў ён каляны мужчынскі голас без усялякіх сантымэнтаў. Павал у каторы раз растлумачыў.

— Харашо, аткуда ў тэбя ключ?

Усьціновіч цярпліва паўтарыў пра ключ.

— Харашо. Жды мэня, нікуда нэ ходы. Я скора прыеду. Обязатэльно жды.

Павал паклаў слухаўку і з прыкрасьцю сядзеў нерухома з хвіліну. Потым сказаў каўкаскай маладой жанчыне, спакойна і ветліва зазначыўшы:

— Ужо вечарэе. А мне яшчэ невядома дзе начаваць. З вашага дазволу я патэлефаную знаёмым.

Ён патэлефанаваў Гладышкевічу, той сказаў, што ў яго сваякі з Новасібірску і ён ня можа прыняць Паўла. Прыйшлося, узяўшы ў яго нумар тэлефона, патэлефанаваць Міхасю Янушку, супрацоўніку беларускай амбасады ў Маскве. Той сказаў яму адрас і растлумачыў як даехаць. Павал пісаў у нататнік усё, што дыктаваў яму па тэлефоне Янушка. Ён паклаў слухаўку, ужо амаль супакоены. Яму трэба сысьці з гэтай кватэры на працягу дзесяці хвілін.

— Прабачце, мне трэба ехаць, — сказаў ён, зьвяртаючыся да жанчыны, лагодна мацаючы яе мажную паставу ласкавым позіркам цывілізаванага мужчыны. — Я сабе пакіну ключ, бо наш тэлефон прапаў. Няхай гаспадар кватэры верне апарат.

— Нэт, ключ аддай, — насьцярожыліся каўкаскі хлопчык і жанчына. Павал яшчэ для выгляду паўпарціўся і як бы нехаця аддаў ключ жанчыне. Хутка перапрануўся, склаў рэчы ў кайстру, разьвітаўся і, зірнуўшы яшчэ раз на адважнага каўкаскага хлопчыка з насьцярожаным чарнавокім позіркам дарослага, пайшоў з кватэры.

Трэба было ехаць да станцыі мэтро «Кунцава» ці да «Кіеўскай», потым, дабраўшыся па Кальцавой лініі да «Барыкаднай», перайсьці на станцыю «Чырванапрэсьненскую» і адтуль праехаць тры прыпынкі да «Паляжаеўскай». Калі ён дабраўся, было ўжо цёмна. На прылеглых вуліцах стаяў густы прыцемак, у якім хутка рухаліся постаці-здані. Павал дзякуючы запісам хутка знайшоў патрэбны дом, а потым і кватэру.

Янушка сустрэў яго ў дзьвярах як добры знаёмы, запрасіў павячэраць, яны выпілі па кубачку зялёнай гарбаты. Паслухаўшы Паўлаву гісторыю, ён зьдзіўлена пахітаў галавой:

— Пашанцавала табе, дружа, і моцна.

Больш ён нічога не тлумачыў. Гэта было меркаваньне месьціча, былога раёнага пракурора, што даўно жыў у Маскве і ведаў тутэйшыя варункі.

Пасьля другога кубачка гарбаты Міхась спакойна прамовіў.

— Ці ведаеш, дружа, найгоршую нашу хібу? У Маскве ёсьць усе мафіі: грузінская, сібірская, казанская, армянская, асэтынская, уральская, прыбалтыйская, габрэйская… і ня толькі мафіі, але і іхнія лабісты. Няма толькі беларускага кодла. Мы безабаронныя. Надышоў новы час, зь іншымі людзьмі, новымі дачыненьнямі. А мы ўсё са сваёй памяркоўнасьцю… Дарэчы, ты зьвярнуў увагу, як апанавалі каўкаскія прадпрымальнікі памяшканьні нашай амбасады?

Гэта ж трэба — здаць свабодныя пакоі ня нашым беларускім прадпрымальнікам пад офісы, а паўднёвым людзям. Даляры, брат, перамаглі і танкавыя арміі, і ваенна-паветраныя сілы, і стратэгічныя войскі.

І ў гэтых спакойна выказаных словах Павал учуў тую прыхаваную маркоту, якую выказваюць людзі хваравітыя, можа, нават перанёсшыя інфаркт і таму вымушаныя сьцерагчыся адмоўных перажываньняў.

Яны яшчэ крыху пагаманілі — сівыя, раптам нечакана пастарэлыя мужыкі, што страцілі падмурак і сэнс у жыцьці, і апоўначы разышліся па пакоях на адпачынак. Павал, кладучыся спаць на канапцы ў гасьцёўні, даў сабе слова больш не рабіць памылак у гэтым хцівым мэгаполісе…

Наступным днём, загрузіўшы фуру таварам, ён доўга і старанна афармляў таварна-транспартныя дакумэнты, накладныя, дамовы, зьбіраў сэртыфікаты, ліцэнзіі, дазволы і пад самы вечар выехаў у Менск. Па дарозе заскочыў на Варшаўскі рынак, набыў кракаўскай кілбасы, памідораў, некалькі бляшанак шпротаў і сардзін, а таксама сваю ўлюблёную ражанку і рыскага хлеба, які з гэтага дня пачаў звацца «Духмяны». Увечары яны выехалі за МКАД, і толькі тады Павал уздыхнуў на поўныя грудзі, зьбіраючыся са смакам павячэраць:

— Ну, дзякуй богу, едзем дадому.

Маркотны і маўклівы, са шкіперскай бародкай, кіроўца Анатоль змрочна зазначыў:

— Не кажы «гоп». Яшчэ ўперадзе вагі каля Гагарына. Могуць секануць на сотню баксаў за перагруз пярэдняй восі.

Потым запаліў чарговую цыгарэту і папярэдзіў:

— Я плаціць за перагруз ня буду.

Усьціновіч згас — трэба было зноў напружвацца ды браць адказнасьць на сябе. Па прыродзе Павал быў чалавек вясёлы, добразычлівы ды адкрыты і не любіў змрочных дундукоў.

— Ня дзьмі ў брэдзень, дружа. Трэба прасьлізнуць цішком.

Ён ужо наперад ведаў, што зараз Анатоль пачне прасаваць яго, вымагаючы нейкай матэрыяльнай прыплаты за будучыя дадатковыя намаганьні. Таму да самага Гагарына напружана маўчаў, цярпліва пераносячы ўсе складанасьці руху па зямлі некалі сваёй Радзімы. Толькі заплаціўшы на вагах пяцьдзясят даляраў хабару, ён нарэшце маўкліва павячэраў.

Наступным днём МАЗ прыехаў у Менск. Кіроўца паставіў фуру пад разгрузку на склад у Шабанах і паехаў дадому. А Павал застаўся здаваць прывезены тавар і накладныя, ліцэнзіі і сэртыфікаты. Толькі пад вечар, забраўшы кайстру, пацягнуўся да прыпынку…

Дома, у двухпакаёвай кватэрцы, на першым паверсе блёчнай пяціпавярхоўкі, былі госьці. Сястра Ніна прыехала з Чавусаў з 16-гадовым сынам Валерыкам і прыпынілася ў іх на некалькі дзён. Убачыўшы Паўла, яна радасна зашчабятала, вывальваючы ўсе свае местачковыя пачуцьці і думкі.

— Прывітаньне, Павал! Як там Масква? Якія вы шчасьлівыя, што пераехалі ў сталіцу. Мне тут так падабаецца!..

Павал цяжка паклаў кайстру ў кут, прывітаўся і рушыў у ванну мыць твар і рукі. Перапрануўшыся, вярнуўся да госьці ў залю, што адначасова была іхняй з жонкай спальняй. У меншым пакоі тулілася малодшая дачка Юля з мужам Арцёмам і ўнукам Казімерам.

Ён піў гарбату і моўчкі стомлена слухаў Ніну.

— А ў нас жа ў Чавусах рабіць няма дзе. Беспрацоўе. А начальнікі пашалелі, прымушаюць усім прадпрыемствам падмятаць ды прыбіраць тэрыторыю гораду. А калі не падабаецца, дык зразу і кажуць: «Нікога не трымаем. Хто ня хоча, дык звальняйся». І без усялякага пераходу яна зразу выдала мэту свайго прыезду.

— Прабач мне, Паўлік, я да цябе з просьбай. Хочам купіць сучасны кампутар сыну. Каб не цягаўся па завугольлях. Дак грошай, сам ведаеш, дзе ў тых Чавусах заробіш. Пазыч, калі ласка.

— Колькі? — ледзь стрымліваючыся, прамовіў Павал, якога гэтая сумесь тупасьці і лухтаватасьці пачынала нэрваваць. Інфантыльны пляменьнік з доўгімі валасамі, бляшкай у падбародзьдзі і жалезнай заколкай у вуху індыфэрэнтна сядзеў на канапцы ў падрапаных неахайных джынсах.

— Хацела б, каб даляраў 700, ну, хоць бы 500. Сучасны кампутар, кажуць, можна купіць за гэткую суму.

— Навошта яму сучасны? Можна бэвэшны.

— Ну ты ж ведаеш, цяпер модна ў Інтэрнэт выйсьці, туды-сюды.

— А болт у барадзе навошта?

— Ну, Паўлік, ты ж павінен разумець. Зусім яшчэ дзіцё. Гэта ж модна.

Павал, сталы мужык сярэдняга росту зь сівой галавой і хранічна шэрым тварам хворага на ішэмію чалавека, змрочна сказаў:

— Як толькі сюрык пачынае рваць гузікі на шырынцы, то ўжо не дзіцё, а мужык…

— Усё, усё, ня трэба. Ня трэба… Ня хочаш даць, то так і кажы. А вучыць ня трэба. Самі не дурныя…

Павал індыфэрэнтна дадаў:

— Параіцца трэба з гаспадыняй. Можа, што і знойдзем…

Ён не пасьпеў скончыць думку.

— Алёна згодна! Яна прызналася, што грошы ёсьцека і яна ня супраць. Дзякуй, Паўлік. Дзякуй, я, па праўдзе, не чакала. Помню, тата заўсёды казаў, што, прабач, што Паўлік наш прыжымісты. Дзякуй, дзякуй…

Сястра Ніна прыклала хустачку да вачэй і ўсхліпнула. Павал коса зірнуў на жонку, што сядзела за сталом зь вінаватым выглядам.

— Эт, шустрая, як венік. Ня ведаю, што табе Алёна растлумачыла, а я скажу, што калі і пазычу, то ня больш чым 50 даляраў.

Ніна вылупіла вочы ад нечаканасьці, сьлёзы імгненна высахлі.

— Ты што, здурнеў, Павал? Які ж кампутар за 50 даляраў? А дзе ж я астатнія знайду? Ты так не жартуй. Мне падачкі твае не патрэбны. Алёна казала, што можаце пазычыць, што грошы маеце. А я аддам. Не хвалюйся, назьбіраю і пад Новы год аддам.

Павал падняўся і, не ўступаючы ў спрэчку (жонка цішком зрабіла знак сястры, каб тая памаўчала), апрануў унука Казіка і пайшоў на прамэнад, пакінуўшы жанчын разьбірацца са складанасьцямі жыцьця.

Не дзеля таго ён ірваў вантробы ў камандзіроўках, каб марнаваць грошы на цацкі для ёлупаў. «І калі ўжо вас жыцьцё навучыць? Як вы зьбіраецеся выжываць? Усё роўна ж рана ці позна прыйдзе драпежны прыватны капітал. Навошта табе той Інтэрнэт? Лепш выдаткуй грошы сыну на рэпэтытара па матэматыцы. Зарабі і выдаткуй…»

Сам Павал зьбіраў грошы на першы ўзнос для даччыной кватэры. Марнеў над кожнай тысячай рублёў, еў усухамяць у камандзіроўках, тыднямі начаваў у кабінах МАЗаў, зімой мёрз, летам душыўся ад сьпякоты. Апранаў, што засталося ад савецкіх часоў.

Двухгадовы ўнук бегаў па дзіцячай пляцоўцы. Павал пагушкаў яго на арэлях. Ізноў бегучы па сьцежцы, унучак зачапіўся за корань дрэва і балюча саўгануўся аб глебу. Казік крывіўся, пазіраў на дзеда, але яшчэ ня плакаў.

— Ну што ты разьлёгся, Казік? Падымайся, гэта табе ня ложак. Ты мужчына. Ты дужы. Ты ня будзеш плакаць…

Маленькі русавалосы хлопчык паслухмяна падняўся і пабег далей, сьмешна паўтараючы дзедавы словы:

— Падымася… ня лозяк… музік… падымася Каська… падымася…

Павал, прысеўшы на лаву, стрымана і цяжка пазіраў на зялёнае навакольле. Быў той цёплы жнівеньскі вечар, калі яшчэ буяла лета, але незнаёмае, з новай аўрай, і таму чужое. І рэдкія жоўтыя лісты ў зялёных кронах ліп сьведчылі аб немінучасьці восеньскіх халадоў, доўгіх вечароў з самотнымі дажджамі, лістападаўскай адзінотай і памяцьцю аб маладым шчасьці, што некалі мільгнула імклівай ластаўкай у жыцьці.

27.05.2004

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0