Ці хтосьці ведаў гэтага чалавека? Ці хтосьці яго любіў? Які ён, Янка Купала ўцелаўлёны — грамадзянін з даведкай, пацыент лекара, лавэлас? выпівоха? чыйсьці сябра, муж, бацька… Эсэ Сяргея Дубаўца.

Чалавечы вобраз Янкі Купалы не прамалёўваецца, не намацваецца, не паддаецца разуменьню. Ці хтосьці ведаў гэтага чалавека? Ці хтосьці яго любіў? Ці хтосьці гэтага чалавека запомніў? Які ён, Янка Купала ўцелаўлёны — грамадзянін з даведкай, пацыент лекара, лавэлас? выпівоха? чыйсьці сябра, муж, бацька… Ніякі.

Назваўшыся імем бога, Ян Луцэвіч адмовіўся ад біяграфіі, факты якой хоць нешта б значылі ў ягоным жыцьці і творчасьці, і ад чалавечага характару, рысы якога сёньня складаліся б у адно з успамінаў сучасьнікаў. Ён стаў правадніком тае духовае стыхіі, што сыходзіла аднекуль з вышыняў, з Алімпу ці з гімнаў Рыгведы. Усё матэрыяльна‑прадметнае — Бяларучы, вучоба ў Піцеры, праца ў Вільні, жыцьцё ў Менску, а ўрэшце пагібель у Маскве — выглядае бездапаможна і непераканаўча побач зь яснай і магутнай мэтафізыкай ягонае паэзіі. Назваўшыся Купалам, Луцэвіч памёр. 15 траўня 1905 году ў ягонае цела грамадзяніна з даведкай усяліўся пэрсанаж зусім іншага, незямнога жыцьця.

* * *

Дасьледнікі выводзяць імя паганскага бога Купалы ад старажытнагрэцкага Апалёна і індыйскага Крышны‑Гапалы — адтуль, адкуль, нібыта, прыйшла наша цывілізацыя. У сваіх, беларускіх абставінах паэт вызначыў сабе месца ў пантэоне паганскіх багоў (на Алімпе беларускае літаратуры) наступным чынам:

О, богі рэк, лясоў і ніваў!

Дажбог, багамі сьвету дан,

Пярун блыскотны і грымлівы,

І ты, Купала, сьветач тайн…

«Урывак з паэмы», 1910 (1)

Лічыцца, што Ян Луцэвіч назваўся Купалам, бо нарадзіўся на Купальле. Ці абраў бы ён сабе іншае паэтычнае імя, калі б зьявіўся на сьвет на Дзяды, на Каляды або ў іншы час? Напэўна, калі б такое здарылася, гэта быў бы зусім іншы творца, бо каляндарнае супадзеньне і пакліканы ім выбар імя цалкам перадвызначылі асноўны матыў творчасьці Янкі Купалы.

Купальле — гэта ня толькі абрад, калі дзяўчаты пускаюць вянкі на ваду, а хлопцы — агнявыя колы з гары. Гэта найперш — калі апоўначы закрасуе кветка‑папараць, што прыносіць шчасьце. Пасулы кветкі зусім не абстрактныя. Пад купальскай папарацьцю схаваны скарб. Прычым красуе тая кветка ня ў цёмным лесе. Яна красуе на кургане. (2)

Між іншым, пра тое, што курганныя скарбы раскрываюцца на Купальле, этымоляг Даль піша ў артыкуле «Купа», чым разбурае звыклае ўяўленьне, быццам Купальле — ад купаньня.

Купальле — гэта калі красуюць папараць‑кветкамі купы‑курганы. А паміж гэтага красаваньня царуе мадэратар‑Купала, курганьнік, скарбашукальнік, сьветач тайн. Ён раскрывае скарбы, схаваныя ў старажытных магілах, і перад намі паўстаюць жывыя карціны прадаўняга жыцьця. Містэрыя!

Дзеля аналёгіі першым згадваецца Мікалай Гогаль. Ягонае апавяданьне «Вечар напярэдадні Івана Купалы» прысьвечанае скарбашукальніцтву і распавядаецца ў ім, як бедны работнік Пётар Бязродны (!) знаходзіць скарб з дапамогай нячыстай сілы. Тут і кветка папараці. У іншым апавяданьні Гогаля — «Зачараваным месцы» (3) — называецца асаблівая прыкмета, паводле якой шукаюць скарб — сьвечка на магіле.

Ян Луцэвіч ведаў пра гэтыя творы са школы. Схаваны скарб абуджаў фантазію, быў зразумелы для ўсіх, жаданы (бо як яшчэ фантастычным чынам можна палепшыць уласнае жыцьцё?) і асацыяваўся найчасьцей з магілай. У адрозьненьне ад Гогаля, у Купалы скарбашукальніцтва набывае выгляд буджэньня нацыі.

* * *

Адкрыцьцё цуду паэзіі бясконцае, патаемнае і нязводнае. Творца пачуваецца чараўніком, празь якога струменіць магічная энэргія. Нішто ў жыцьці не дараўнае гэткаму перажываньню, не перавысіць гэткага сэнсу і гэткага задавальненьня, бо гаворка ідзе пра абсалютнае. Ты — чараўнік. І ў цябе ёсьць місія — будзіць уласны народ. Той самы, які жыве сабе й жыве, ня ведаючы, хто ён такі і адкуль узяўся. Ты раскажаш яму ўсю Праўду. Не зацікавіцца? А ты зрабі неверагоднае — цуд. Падумай, у што ён такое бясконцае, патаемнае і нязводнае па‑сапраўднаму верыць. Рацыя, верыць ён у чарадзейства, пра што і пяе сам сабе свае песьні‑казкі. І ты, чараўнік, складзі яму такую казку, такую містэрыю, такое кіно пакажы, каб ажно дух заняло і адкрыцьці сталіся явай.

Купала стварае шаблённыя вобразы і карціны, выкарыстоўваючы максымальна даступныя ягонай аўдыторыі сродкі — яркія, блёсткія і пры тым наўзьдзіў свае. Найперш — гэта свая, ня надта яшчэ літаратурная мова. Купала прэтэндуе на ахоп усяго народу. А што можа быць больш масавым, чым містэрыя ажыўленае мінуўшчыны, якая сьпіць у кургане…

Адкрыцьцё паэзіі і адкрыцьцё Беларусі падобныя сілаю пачуцьця. Як скажа пра гэта першы стрэчны — быццам знаходзіш скарб. Хто ж не хацеў бы зьнянацку падняць зь зямлі залатую завушніцу. А калі натрапіць на таемны плян закапаных багацьцяў?.. І вось купальская ноч, калі курганы адкрываюць свае скарбы… Ды ў нас гэтыя курганы ў кожнай вёсцы. Што там за скарбы? Ну, усялякая старасьвеччына — зброя, посуд залаты і срэбны, аздобы смарагдавыя… князі ўсемагутныя, ганцы бліскавічныя, дзяўчаты прыгожыя, сталы ломяцца ад страваў і мёду… Прыгожа.

Купала не зрабіў бы цуду, каб адно заклікаў людзьмі звацца ці, скажам, апісваў архітэктурныя помнікі краіны. Гэтым проста да сэрца не прамовіш. А вось зірнуць на Беларусь як на зямлю курганоў, у кожным зь якіх цепліцца свая гісторыя пра Гусьляра ці Машэку, а яшчэ й гэтую гісторыю паказаць нібы на шырокім экране — ва ўсім багацьці дэкарацыяў… Зрэшты, вы й самі можаце яе падгледзець, падслухаць або прысьніць. Асабліва, калі вы паэт, пясьняр. Вось вам парада:

… Прагледзь нябесныя ўсе ходы,

Каб аж задумаўся сам Бог!

……………………………

Падслухай шэпты зямлі‑маткі,

У скарбы ўсе яе заглянь…

«Песьняру‑беларусу», 1909

Хіба гэта ня поўны комплекс маскультурных прынадаў — ад інтрыгі скарбашукальніцтва да касьцюмаванае мэлядрамы? Вы й не заўважыце, як, захопленыя, апынецеся ў полі гістарычнае ды нацыянальнае сьвядомасьці. Купалава задача — запаліць у людзях агонь цікавасьці, а тады яны возьмуць у рукі і іншыя кніжкі.

Больш моцнага звышматыву, каб перабіць татальную шэрасьць, цемень і русіфікацыю, нельга было й прыдумаць. І Купала сам стаў гэтым матывам. Калі зь ягонае творчасьці выбраць усе сонна‑курганна‑скарба‑чарадзейныя творы, застанецца Купала эклектычны, нібы расколаты звон, аскялёпкі якога не складаюць цэлага. Тым часам выбранае і будзе — сам Купала.

А што там, дарэчы, зь іншага? Любоўная лірыка — розная. Сацыяльныя матывы — мода. Паэта спаміж модных нараканьняў не‑не дый прарывала ў пазытыў (4) або – прызнаньне, што самі вінаватыя ў такой сваёй долі (5). Бытавыя гісторыі — сумныя і сьмешныя — можна было чытаць і ў іншых паэтаў. Заклікі: устань, ідзі, будзь… Што тыя заклікі. Пісалі вершы тады ўжо многія і пісалі падобна, а вылучыцца з многіх, прагучаць адметна можна было толькі праз свой адметны вынайдзены цуд. Краявід таксама не даваў звышвыніку. А хацелася хуткага і максымальнага эфэкту, які проста азарыў бы цемру.

* * *

У грамадзянскай лірыцы паэта шмат кан’юнктурных твораў — ці то на злобу дня, для газэты, як было ў нашаніўскія часы, ці то змушаная пахвальба камуністычнага рэжыму — за саветамі. Такія творы ўспрымаеш з аглядкай на час і абставіны. Але ёсьць і Купала зусім некан’юнктурны, той, які гаворыць пра пошукі нацыянальнага скарбу. Скарб — у кургане, у магіле. Гэта прадзедавы косьці, якія паэт‑чараўнік здольны ажывіць і скласьці ў жывыя карціны былога.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,

Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…

Можна тут веру даць, толькі слухаць душой…

Курганы шмат чаго нам гавораць.

Гэта з паэмы «Курган», 1910 год. Паводле Купалы, курганы, такія вось масавыя пахаваньні, трэба ўважліва слухаць — прычым душою. І тады адкрыецца сапраўдная відзежа. Як у паэме «На Куцьцю» (6), 1911 год:

Заныла ўсё, замёрла ўсё, –

Ня сьпіць адвечнае замчышча (7):

Там пачынаецца жыцьцё

Ў агнёх старога папялішча.

Іскрыстым, бліскатным сьвятлом

Заліты княскія сьвятліцы,

Дружына вольная кругом

Сталоў дубовых варушыцца.

Залататканы абрусы

З сталоў зьвісаюць дыванамі,

На абрусох чысьцей расы

Віно красуецца каўшамі.

………………………..

На беласьнежны на пасад

Усходзіць князь, усходзіць княжна;

За імі слуг пачэсны рад

Стаіць задумліва, суважна.

Агні брыльянтаў, як зарніц,

Зіяюць з княжацкай кароны, –

Краса б’е з князеўных зраніц,

Як бліск маланак развуглёных…

Пачынаецца містэрыя… Цяпер вы разумееце, ШТО тоіцца ў вашых курганах, ШТО ў гэтай нішчымнай і шэрай, як ваша доля, зямлі, ШТО ў вас пад нагамі?

* * *

Першую згадку курганнае тэмы знаходзім у самым пачатку творчасьці паэта, яшчэ ў 1906‑м годзе, у вершы «Над сваёй айчызнай″: (8)

Божа! гэткі сьвет тут

Моц стварыла твая!

Дзе ж мой дом, дзе мой люд?

Дзе айчызна мая?

Дзе той час, у яком

Тут кіпела жыцьцё?

Свой народ быў кругом

І любіў сваё ўсё?

………………………

Зьнікла ўсё, як імгла,

Няма славы тваей;

Злая доля змагла

І мой край, і людзей!

Адны ў шар курганы –

Сьведкі бітваў — стаяць;

Косьці к ім груганы

Прылятаюць зьбіраць.

Да пачатку масавых рэпрэсіяў у Беларусі застаецца 30 гадоў. Купала піша пра адцягненае і даўнейшае, але з гледзішча нашага часу гэтыя радкі гучаць як папярэджаньне. І з кожным годам тое папярэджаньне чуваць у творчасьці паэта ўсё мацней. Купала пачынае «спаць на курганах», прыпадаць да іх слыхам і занатоўваць падгледжанае ды падслуханае радкамі паэзіі. Верш «Сон»(9), 1907

Я змогся. Ногі больш служыці

Мне не хацелі, чуць цягнуў.

І ўсеўся на курган спачыці,

І на кургане я заснуў.

…………………………..

Я сьніў. А ўсё як бы наяве

Кругом мяне жыло жыцьцём:

Той абымаў, той нож крывавіў,

Той спаў летаргу зводным сном.

Збуджэньня дух махаў крыламі,

Няпамяць свой скідала пыл,

Вякі пражыты за вякамі

Ўставалі з попелу магіл.

І вось тут — увага. На момант забытыя князі й мінуўшчына, уся, так бы мовіць, экзотыка. У 1907‑м годзе Янка Купала бачыць відзежу будучых крывавых часоў сталінскага генацыду:

Сьпіхала ў долы праўду здрада,

За быт, за шчасьце йшла вайна,

Парад цягнуўся за парадам,

Жыла, ўмірала старана.

Тут — і будучыя даносчыкі‑здраднікі, і «вайна за шчасьце» – рэвалюцыя разам з чырвоным тэрорам, і парады — фасадная радасьць савецкіх фізкультурнікаў, і ўрэшце гэты вось кантраст: жыла — ўмірала старана. Размах камуністычнага аптымізму і масавыя рэпрэсіі пры гэтым. Пройдзе два‑тры дзясяткі гадоў і Купала сам патрапіць у палон гэтага кантрасту, толькі тады ўжо нічога сказаць ня зможа.

… Пакуль жа ён гаворыць прарочым голасам, ён усю Беларусь параўноўвае з магілай. У вершы «Зь песень аб сваёй старонцы» (1905‑1907), тым самым, дзе «Невясёлая старонка // Наша Беларусь: // Людзі — Янка ды Сымонка, // Птушкі — дрозд ды гусь», у Купалы вырываецца прызнаньне:

Так няміла, як магілай,

Неяк выдае

Беларусь, мая старонка,

Ды люблю ж яе…

Седзячы на курапацкіх пахаваньнях, нашыя сучасьнікі — абаронцы мэмарыялу ў 2002 годзе таксама неаднойчы прызнаваліся, што ўспрымаюць гэтыя магілы, як саму Беларусь, што менавіта на гэтых магілах нараджаецца будучыня краіны.

Беларускую традыцыю ўяўляць могілкі як населеныя продкамі гарады, Купала разьвівае да таго, што самыя курганы ў яго становяцца жывымі істотамі. Верш «Курганы», 1909:

Як хмуран пагляд туманны,

Як заўцы‑званы.

На няцьвіўшыя паляны

Леглі курганы.

Курганы дрэмлюць, яны сумныя, іх нельга чапаць, бо

Хто зачэпіцца іх межаў,

Хто чапне іх сны,

Як званы на цёмнай вежы,

Стогнуць курганы.

Хіба не пра бульдозэры і экскаватары зь Менскай кальцавой дарогі кажа тут пясьняр, хіба не пра той шум, які ўзьняўся ў сродках масавай інфармацыі, калі кальцавая пайшла на магілы?

У тым самым 1909‑м годзе пішацца этапны верш курганнае тэмы, «Зь мінуўшых дзён» (10):

Перайшло, мінула,

Што калісь жыло,

Ў курганох заснула,

Зельлем зарасло.

З гэтага часу курган становіцца амаль абавязковым у кожным вершы паэта.

Паліліся мае сьлёзы

На гасьцінцы, перавозы,

На крывавыя паляны,

На забытыя курганы.

«Паліліся мае сьлёзы», 1909

Залягла, як пасьцель,

Лебядзіная бель

На загон, на курган.

І кажан, і груган

Занямеў не на сьмех:

Гэта сьнег, толькі сьнег…

«Сьнег″, 1909

Мой дом — узьмежных зёлак восьці,

З сухой асінаю курган,

Дзе тлеюць прадзедавы косьці,

Дзе плача ночка ды туман.

«Мой дом», 1910

Купала быццам рыхтуе чытача да сваіх вялікіх містэрыяў. Каб жывей уяўляць тыя фантазіі, якія чараўнік пакажа, ажыўляючы курганы, чытач павінен прыгледзецца да ўласнага навакольля, пабачыць свае, блізкія да сябе курганы, якія ёсьць і за вёскай і пад лесам і во — каля самага дому.

Яшчэ адзін спосаб абудзіць цікавасьць да курганоў, у якіх схаваны скарб Беларусі, — праз антытэзу, праз горычнае «Гэй, маўляў, хавайце» (11).

Гэй, капайце, далакопы,

Яміну‑магілу, –

А шырока, а глыбока,

Колькі хваціць сілы

Так капайце днём і ночай,

Помачу склікайце, –

Бо ў тым доле хаваць будзем,

Беларусь хаваці.

1910

Такім чынам, ланцуг вобразаў замыкаецца: Беларусь — магіла — курган — скарб — крэпасьць — Беларусь.

На кургане на адвечным,

Пад асінай векавой,

Сеў дудар, сагнуўшы плечы,

З пасівелай галавой.

«Дудар», 1910

Спавітыя плесьняю вёскі

Між пустак заселі бясьсільна,

Ўтуліўшыся ў цені бярозкі

На вечным кургане бадыльным.

……………………

Ты сьпіш, ты жывеш мімаходам,

Мой край, як сьцяпная магіла,

З сваім незавідным народам,

З патухшай і славай і сілай.

«Мой край″, 1910

А гэта, між іншым, 1910 год. Самы росквіт «Нашае Нівы» і самы росквіт Купалавай творчасьці. У царскай Расеі — сякая‑такая лібэралізацыя. Да першай сусьветнай вайны яшчэ чатыры гады. Што такога масава‑зьнішчальнага зь нядаўніх падзеяў магло даць Купалу падставы параўноўваць свой край з магілай? Ды і ў тагачаснай «Нашай Ніве» ня знойдзеш інфармацыйнае нагоды для такога параўнаньня. Значыць, Купала піша пра будучыню?

І ня толькі Беларусь у яго — магіла, але і народ беларускі — магіла:

Бясьсільна народ свой пытаю,

Абняўшы пахілены крыж:

– За што ты ад краю да краю

Магілай жывою ляжыш?

«Пад крыжам», 1912

* * *

Купалаў «Сон на кургане» стаў спосабам здабываньня (высьненьня) нацыянальнае ідэі (12), за што паэта і назвалі ідэолягам адраджэньня. Наступныя буйныя творы‑містэрыі «Курган», «На Куцьцю», «Гарыслава», «На Дзяды», «Бандароўна», «Магіла льва», «Сон на кургане» — адным сьцягам ажыўляюць схаваныя ў курганах таямніцы мінуўшчыны, становяцца асноўнай тэмай і складаюцца ў найбольш плённы пэрыяд творчасьці паэта.

Сьветач тайн — гэта місія Купалы і як ідэоляга. Паэт выступае павадыром свайго цёмнага народу ва ўласную мінуўшчыну. Ён кажа — глядзіце: у курганох вашых — сапраўднае золата, якое сьведчыць пра вашу супольную спадчыну, а гэта значыць, пра тое, што вы і ёсьць супольнасьць, народ, і нічым ня горшы за тых расейцаў або палякаў ці іншых.

Раскрытыя прарокам сьведчаньні гісторыі даюць народу абгрунтаванае права на існаваньне — на незалежнасьць, сваю культуру, мову, на сваю нацыянальную годнасьць. Купала клікаў «цёмнага мужыка» да асьветы і, разам з тым, захапляўся прыгоствам сваёй краіны і яе людзей, паказваючы і тут на адметнасьць народу.

Што здарылася з гэтай тэмай і самым паэтам далей?

* * *

Курганная тэма пануе ў Купалы аж да першай сусьветнай вайны. У 1916‑м і 17‑м паэт маўчыць, а ў 18‑м годзе ягоная містэрыя — ажыўленьне курганнага скарбу — рэзка палітызуецца. Пазьней гэтыя вершы будуць забароненыя:

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!

Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!

Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,

Як твой навала злыдняў скарб грабе!

«Свайму народу», 1918

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход

Ідзі, аграблены, закованы народ!

Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы

І пакажы на курганы і на крыжы.

«На сход!», 1918

Таксама ў 1918‑м годзе ў вядомай усім са школы «Спадчыне» — гэта дзе «Ад прадзедаў спакон вякоў // Мне засталася спадчына…» — прагучаць яшчэ «казкі‑сны» і тая страфа, якую выдалялі з савецкіх выданьняў:

І ў белы дзень, і ў чорну ноч

Я ўсьцяж раблю агледзіны,

Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,

Ці трутнем ён ня зьедзены…

… і ўсё. Асноўны матыў творчасьці Янкі Купалы на гэтым вычэрпваецца. Сьпярша ўсе курганы, скарбы і цуды‑чарадзействы паэт адпісвае да мінуўшчыны – як рудымэнты, пазьней яны і ўвогуле супярэчаць бальшавіцкай ідэалёгіі. Калі трэба славіць і сьцьвярджаць, а таксама чэсна атрымліваць кожнаму па працы, якое ж можа быць скарбашукальніцтва? Чужая матэрыя…

Сваю «савецкую лірыку» Купала пісаў вымерханы, стомлены і раптам састарэлы. Ён рыфмуе, але гэта ўжо ня голас бога, які прамаўляў празь яго некалі. У 1931‑м ён, магчыма, і сам не заўважае, што агітуе за новыя «курганы»:

Каб і апартуністы –

Ці левы ён, ці правы –

Ня мог прыносіць шкоды

Для ленінскае справы.

За паэта піша ня бог Купала, а пазасталая ад таго бога асадка даўно памерлага Яна Луцэвіча. Асадка пільна адсочвае ваганьні партыйнай лініі, славіць Сталіна і камунізм, бэсьціць ворагаў, шкоднікаў і шпіёнаў. 1937‑ы год у ягонай творчасьці пачынаецца вершыкам з ужо не бязьвіннаю назвай — «Мала іх павесіць». У Курапатах поўным ходам ідуць расстрэлы…

Няма сэнсу дапытвацца, ці ведаў аўтар пра Курапаты і што ён пра іх думаў. Мабыць жа ведаў, прычым столькі, што хапіла, каб ня думаць, не магчы думаць наогул. Моцна перабольшаны паток ТАКОЙ інфармацыі паралізуе, і ні думаць, ні казаць ужо проста няма чаго. Гэта ня драма і не трагедыя, якія яшчэ могуць пераплаўляцца ў мастацкія жанры. Гэта катастрофа, ад якой творца нямее і сьветач тайн канчаткова гасьне.

Прызнаным прарокам і геніем, беларусам нумар адзін Янка Купала стаў яшчэ ў нашаніўскія часы. Пэўна, звычайнаму чалавеку няпроста несьці ў сабе праз жыцьцё такую місію. Патрэбная ні больш, ні менш «дамова» з богам. Купала нёс сваю ношку ажно да трыццатых гадоў, калі камуністычныя ўлады пачалі ламаць яго на іншы лад. Вялікі паэт мусіў пісаць дрындушкі на хвалу новаму парадку. На тое спатрэбілася цераз арышт і спробу самагубства ажывіць пакінутае богам цела Яна Луцэвіча, які і ўстаў, нібы той зомбі, і напэўна ж узгадаў свой (а не Купалаў) даўні вершаваны настрой, занатаваны ў сакавіку 1906‑га году. Для яго, ужо тады памерлага душою Луцэвіча, за гэты час нічога не зьмянілася ў сьвеце.

Будзь ты дуж, як вада,

Як жалеза, цьвярды, –

Калі ж нойдзе нуда,

Ты ня зможаш нуды!

Як благая напасьць,

Атуманіць сабой

І спакою ня дасьць,

Аж заныеш душой…

Стане пеклам жыцьцё,

Людзі — горш ад зьвярэй;

Думаць будзеш усё,

Як памерці скарэй…

Ян Луцэвіч, пазбаўлены голасу з вышыняў Алімпу ды гімнаў Рыгведы, сам ператварыўся ў нейкае падабенства кургана, які закрыў свае скарбы ад чужога вока і застыў нерухомы, безуважны, бяздумны. Кожную хвілю гатовы ня быць. Ягоны жывы голас у радыёзапісах таго часу гучыць, як голас з таго сьвету.

Ён ужо ня мог ня скончыць такое жыцьцё самагубствам. Даастачы вычарпаны і пазбаўлены голасу, што ён мог яшчэ? Маўчаць? Дык маўчаць для прарока і значыла — перастаць жыць. І ён шукаў свае сьмерці.

Вэрсіі пра забойства выглядаюць у гэтым кантэксьце жанравай эклектыкай. Аб’ект нацыянальнага культу аўтары вэрсіяў ператвараюць ў такога сабе героя‑змагара, якога некаму трэба прыбраць з дарогі. Але ці магчыма фізычна зьнішчыць нацыянальны культ? Натуральна, не.

Чаканьне фізычнае сьмерці за дзесяць гадоў выцягнула з паэта астатнія сокі. Пішучы свае вершы пра Сталіна, ён інтуітыўна імкнуўся быць на плыву, ня выпасьці з поля зроку свайго народу і сваёй краіны. Яму, як прароку, менавіта гэта было найважней — «з цэлым народам гутарку весьці». А «Сталін» быў дазволам застацца на першым месцы ў школьных праграмах. Прычым застацца мусіў ня ён, Іван Луцэвіч. Застацца мусіла «Спадчына» — тая, што ад прадзедаў спакон вякоў. Урэшце так яно й выйшла. Купалу пакінулі прарокам, што было б немагчыма пры эміграцыі або пісаньні ў стол. А для пакаленьняў беларусаў радзіма і надалей пачыналася зь ягонай «Спадчыны».

Купала застаецца жывы настолькі, наколькі заўсёды жывая і прыцягальная для людзей ідэя адкрываньня скарбаў, што ляжаць у курганах, пакуль не зьяўляецца чараўнік і не паказвае ўсім, ЧАГО яны ў сябе пад нагамі ня бачаць. Застаецца і вялікі эмацыйны накал, энэргетыка гэтых твораў, якая хвалюе і абуджае. Калі самыя звыклыя словы наўпрост сягаюць у сэрца і запамінаюцца там назаўжды.

* * *

1. Паводле Поўнага Збору Твораў (Менск, 1999. С.405), у пасьмяротных выданьнях гэты верш не друкаваўся, г.зн. быў забаронены савецкай цэнзурай. Такім чынам вобраз паэта і асноўны матыў творчасьці Купалы падганяліся пад ідэалягічны стэрэатып, што быў сфармаваны ў пэрыяд масавых рэпрэсіяў. Тут і далей зьвесткі пра забарону – з гэтага 9‑тамовага Збору Твораў.

2. Уладзімер Даль паведамляе пра курган: «татарск. узгорак, горка; насыпны ўзгорак, старажытная магіла, магілішча. Курганьнік — той, хто раскапвае курганы, скарбашукальнік».

3. Абодва апавяданьні ўваходзяць разьдзеламі ў «Вечары на хутары ля Дзіканькі».

4. Напрыклад, верш «Пакіньма напуста на лёс свой наракаць…», 1906. У прыжыцьцёвых выданьнях пасьля 1929 не друкаваўся.

5. «Шчасьце», 1906‑1910. З 1928 да 1961 не друкаваўся.

6. У пасьмяротных выданьнях паэма не друкавалася.

7. Замчышча ў гэтым выпадку — таксама магіла, курган. Макс Фасмэр у сваім этымалягічным слоўніку тлумачыць: курган — магільны ўзгорак, але таксама — крэпасьць, пазычанае са старажытна‑цюрскай, дзе курган і азначае крэпасьць.

8. З 1928 да 1961 не друкаваўся.

9. Пасьля 1932 у прыжыцьцёвых выданьнях не друкаваўся. Упершыню цалкам – у 1972.

10. У пасьмяротных выданьнях у Беларусі не друкаваўся.

11. Верш «Гэй, капайце, далакопы…» з 1929 да 1961 у Беларусі не друкаваўся.

12. У бязродных (!) скарбашукальніках прачынаецца гістарычная і нацыянальная сьведамасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?