Посьпехі Карстэн

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн трэці раз у гэтым годзе першынствавала на этапах Кубку сьвету па акадэмічным веславаньні. Сёлета яна ўжо перамагала на этапах у Ітане (Вялікабрытанія) і нямецкім Мюнхэне, а гэтым разам была першай на заключных спаборніцтвах у швайцарскім Люцэрне.

Азіяцкі бар’ер

Майстар «малой» ракеткі Ўладзімер Самсонаў на мінулым тыдні дайшоў да паўфіналу Адкрытага чэмпіянату ЗША па настольным тэнісе. На шляху да адной другой фіналу беларус перамог амэрыканца Барні Рыда, швэдаў Робэрта Свэнсана і Енса Люндквіста, а таксама немца Торбэна Возіка. У фінал яго не пусьціў прадстаўнік Паўднёвай Карэі Сань Юн Оху, які потым і выйграў «US Open». Наступны супэр турнір у Самсонава — Адкрыты чэмпіянат Кітаю (8—11 верасьня).

Рамашчанку праапэравалі

Паўабаронцу беларускай нацыянальнай зборнай і ФК «Дынама» (Масква) Максіму Рамашчанку зрабілі апэрацыю ў Нямеччыне. Макс у траўні ў матчы чэмпіянату Расеі атрымаў траўму калена і выбыў, як прагназуюць спэцыялісты, на шэсьць месяцаў. Беларускі футбаліст прапусьціць матчы нацыянальнай дружыны з Італіяй, Нарвэгіяй, Шатляндыяй.

Беразоўскі хоча забраць «Чэлсі»

Расейскі алігарх мае намер забраць у Рамана Абрамовіча футбольны клюб «Чэлсі». Гэта адбудзецца, калі Беразоўскі выйграе ў брытанскім судзе пазоў да губэрнатара Чукоткі на 7,5 млрд даляраў, узяўшы «сініх» як частку кампэнсацыі. Сутнасьць пазову ў тым, што, паводле слоў Беразоўскага, Абрамовіч аказваў на яго націск, дабіваючыся згоды на продаж акцый ОРТ, «Сібнафты» і алюмініевай кампаніі «Русал» па цане, ніжэйшай за рынкавую. «У Абрамовіча шмат актываў за мяжой, — кажа Беразоўскі. — Ёсьць «Millhouse Capital», клюб «Челсі». Я хварэю за «Чэлсі». І калі няма іншых спосабаў выплаціць кампэнсацыю, хай гэта будзе лёнданскі клюб».

Грузінскі волат

59-гадовы прафэсар Тбіліскага тэхнічнага ўнівэрсытэту Гэнры Купрашвілі мае намер пераплыць Басфорскі праліў у старажытна-грузінскім стылі «калхуры» — са зьвязанымі ў чатырох месцах рукамі і нагамі. Разам з Купрашвілі ў Турцыю паедзе жонка. Тры гады таму яна дапамагала мужу рыхтавацца да пераплываньня ў падобным стылі праз Дарданэллы. 12-кілямэтровы праліў Купрашвілі пераплыў за 3 гадзіны і 15 хвілін. У плянах — пакарэньне Ля-Маншу.

АР; belta.by, sport-express.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0