Ліпень — месяц своеасаблівых сьвятаў, якія выконваюць «нацыязлучальную» функцыю, «гатуюць» народ, фармуюць і трансфармуюць.

Перш-наперш — «Дзень Незалежнасьці», або «Дзень Рэспублікі», або «Дзень вызваленьня ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» — 3 ліпеня. Ажно тры настолькі ж амбіцыёзныя, наколькі сумнеўныя назвы. Незалежнасьць, свабода і рэспубліканскі (дэмакратычны) лад — гэта верх мараў і амбіцый беларускага народу (прынамсі, элітарнае яго часткі). Адначасова ж паўстае шэраг слушных сумневаў: 3 ліпеня прынесла нам Незалежнасьць? Рэспубліканскі лад? Свабоду?..

3 ліпеня — гэта сьвята вызваленьня-зьняволеньня, сьвята дэфармаванага пачуцьця незалежнасьці, сьвята культу Сілы. Гэта сьвята вайны. Мілітарная эстэтыка, поруч з п’яным балем, — галоўны складнік сьвяточных трэцяліпеньскіх мерапрыемстваў. «Res Publiсa Belarus» — гэта звычайны сьвяточны жарт. Насмрэч Беларусь — гэта «Res Privata», прыватная рэч прыватнага чалавека. Такая была задума «вызваленьня» 3 ліпеня 1944 году.

А можа, «прыватызацыя» Беларусі савецкім тыранам была больш карыснаю для нацыі, чымся прыватызацыя нямецкім тыранам? Можа, і так, але на самай справе вельмі цяжка даказаць, што залежнасьць ад бальшавіцка-расейскіх захопнікаў лепшая, чым залежнасьць ад нямецка-фашысцкіх. Бо чым жа Сталін лепшы ад Гітлера? Лепшы, мабыць, толькі тым, што Гітлер ператварыў у рабоў чужыя народы, а Сталін — свой, «савецкі» народ. Значная частка разбуральных плянаў Гітлера засталася, на шчасьце, толькі на паперы, а вось антычалавечыя пляны Сталіна былі, бадай, напоўніцу рэалізаваныя. Сталін аказаўся больш прыктычным, больш удалым, больш пасьпяховым тыранам. Няважна, якія «каштоўнасьці» ён прэзэнтаваў, важна тое, што ён перамог, і таму «Сталину, Европа, поклонись».

Тое, што распаўсюднікі дэструкцыйнага для чалавецтва культу пачуваюцца ў Беларусі цалкам камфортна, мала каго бянтэжыць. Але няўжо гэты споены шматсоттысячны натоўп, які запоўніў сёлета цэнтар сталіцы ў дзень сьвяткаваньня «Дня Незалежнасьці», здольны да якога-кольвечы маральнага пратэсту? Сталіну, Гітлеру ці чорту самому — якая розьніца, каму пакланіцца, абы толькі былі жаданыя «відовішчы і хлеб»… дакладней, «відовішчы і гарэлка».

Ёсьць, аднак, немалая частка насельніцтва Беларусі, для якой усё ж ёсьць розьніца, каму кланяцца. 2 ліпеня — дзень Маці Божай Будслаўскай, першая субота ліпеня — Маці Божай Тракельскай, а 9 ліпеня — Полацкіх пакутнікаў. Гэтыя тры сьвяты маюць непалітычны характар, аднак жа ўтвараюць рэальную процівагу той (без)духоўнасьці, якая выявілася падчас палітычных сьвяткаваньняў «Дня Незалежнасьці». Гэтыя сьвяты больш сьціплыя ў сваіх праявах і менш масавыя, аднак жа іх духоўны патэнцыял намнога пераўзыходзіць афіцыйнае трэцяліпеньскае сьвята.

Тое, што «Дзень Рэспублікі» так старанна «аточаны» рэлігійнымі сьвятамі, зусім не выпадкова. Нябёсы даюць недвухсэнсоўны намёк: «Дзе ўзмоцніўся грэх, там яшчэ шырэй разьлілася Ласка».

Яшчэ адно сьвята — гэта Купальле (6—7 ліпеня). Вонкава яно непалітычнае і нерэлігійнае, а месцамі нават некультурнае. У сваіх праявах яно, на жаль, часта набліжаецца да характару сьвяткаваньня «Дня Незалежнасьці» — п’янства, бойкі, засьмечваньне паркаў і азёр. Аднак жа ў сваёй першапачатковай сутнасьці Купальле — гэта культурна-рэлігійнае сьвята, асновай якога ёсьць культ Прыроды, Жыцьця і Каханьня. Купальле — гэта сьвята, на якім павінны спаткацца Ян Купала і Ян Хрысьціцель, Старая Вера і Новая Вера, Натура і Культура, Дыяніс і Апалён. Папараць-кветка — гэта ці не найвыдатнейшы сымбаль Дзевы-Маці, Багародзіцы.

Задача беларусаў — разьвіваць будслаўскія, тракельскія і полацкія сьвяты, пераасэнсаваць «Дзень Незалежнасьці» і адкрыць Купальле.

1. Будслаў, Полацак і Тракелі — гэта «аддольны», спантанны і моцны народны рух (дарэчы, «рух» у літаральным сэнсе, бо гэтыя сьвяты папярэджаны масавымі пілігрымкамі да сьвятых месцаў), натхнёны Ласкаю. Аўтаномія і незалежнасьць народу тут эмпірычна адчуваецца. Сымптаматычна, што на гэтых сьвятах можна — нягледзячы на выразную забарону царкоўнымі ўладамі — часьцяком спаткаць бел-чырвона-белыя колеры. Тым ня менш, надта ж адчуваецца дэфіцыт культурнае формы. У Будславе, напрыклад, трасянкамоўе ярархаў і арганізацыйны хаос амаль ні ў кога не выклікае зьдзіўленьня. Усе, здавалася б, прывыклі і зжыліся з моўным бескультур’ем беларускага духавенства. Тракелі ж — гэта па-свойму цікавы ў культурным пляне фэномэн. Там усе — хто ўмее і хто ня ўмее — мусяць гаварыць і слухаць па-польску. Рэлігія і культура на Беларусі аж дагэтуль не павіталіся і робяць выгляд, што ня ведаюць адна адной.

2. Пераасэнсаваць «Дзень Незалежнасьці» — гэта, задаецца, больш цяжкая задача і патрабуе больш працяглага часу. Разьвітацца з культам Сілы, ваенным сэнтымэнталізмам і з духоўнасьцю «відовішчаў і хлеба» вельмі цяжка. Хто ведае, будзе гэтае разьвітаньне доўжыцца чатыры гады, сорак ці чатырыста год. Але пераасэнсоўваць трэба.

3. Адкрыць Купальле — значыць знайсьці тую нітку, якая сшые розныя гісторыі, розныя эпохі беларускага народу — дахрысьціянскую, хрысьціянскую і агнастычна-атэістычную. Купальле, калі знойдзе адпаведнае культурнае афармленьне, можа стацца аб’яднальнікам розных культур, якія, здавалася б, разлучаны бяз шанцаў на злучэньне.

У цень адышоў «стары» Дзень Незалежнасьці — 27 ліпеня. Але яго нястача быццам кампэнсуецца плеядай спантанных альтэрнатыўных сьвятаў, якія дзіўным трапам аточваюць, нібы хочучы яго паглынуць, 3 ліпеня.

…«Нацыязлучэньне», як бачым, можа адбывацца па-рознаму. Можна аб’ядноўваць народ мэтадам «відовішчаў і хлеба», а можна — праз пасрэдніцтва культурных і духоўна-рэлігійных каштоўнасьцяў. Вось жа выконваючы няўдзячную працу над культурна-духоўным адраджэньнем народу, варта памятаць пра згаданы «намёк нябёсаў».

Пётра Рудкоўскі ОП — тэоляг, філёзаф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0