Напярэдадні Зьезду беларусаў свету ў Менску адбыўся круглы стол на тэму «Магчымасьці захаваньня каштоўнасьцяў нацыянальнай культуры ў шматкультурным грамадзтве: досьвед Эўразьвязу й Беларусі».

У круглым стале, які праходзіў у будынку, дзе месьціўся некалі славуты Інбелкульт, бралі ўдзел, сярод іншых, дэлегаты зьезду з ЗША Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель, а таксама навукоўцы, журналісты, актывісты НДА з рэгіёнаў.

Апошнім часам ня толькі ўлады, але ж і многія грамадзкія арганізацыі ды іх актывісты, якія лічаць сябе прыналежнымі да дэмакратычнага лягеру, імкнуцца адсунуць тэму беларускай саматоеснасьці й нацыянальных каштоўнасьцяў на пэрыфэрыю грамадзкай сьвядомасьці й палітычнага жыцьця.

Як падаецца, галоўнай мэтай арганізатараў дыскусіі было ня столькі пераламіць гэтую тэндэнцыю, колькі разбурыць прыкрыя штампы. Стэрэатыпы часткова перайшлі ў спадчыну з савецкага часу, часткова навязваюцца звонку, але ў аднолькавай ступені яны памылкова падаюцца зручнымі тым палітолягам і палітыкам, якія спрабуюць карыстацца імі ў практыцы. Гэтыя нататкі не адлюструюць выступаў, што гучалі падчас круглага стала. Яны — вынік роздуму, стымулам да якога стала сама дыскусія, а таксама міжнародны ды ўнутрыпалітычны кантэкст, у якім яна адбывалася.

Новая гістарычная супольнасьць

Самы пашыраны стэрэатып заключаецца ў тым, што нацыі адыгралі сваю ролю ў індустрыяльным грамадзтве і ў наш постындустрыяльны час нацыянальная прыналежнасьць, імкненьне да яе адыходзяць на другі плян. На першы плян замест гэтага нібы выходзяць цывілізыцыйная, транснацыянальная, карпарытыўная ды іншыя прыналежнасьці або памкненьні. У будучыні ж нацыі, маўляў, зьнікнуць наагул як суб’екты гісторыі. Гэты тэзіс амаль дакладна паўтарае адзін з галоўных пастулятаў камуністычнай ідэалёгіі аб стварэньні новай гістарычнай супольнасьці людзей.

Неймаверным чынам гэтая абстракцыя атрымала новае ўвасабленьне ў дачыненьні да сучаснай Эўропы. У эўрапейскай Канстытуцыі, забракаванай на рэфэрэндумах у Францыі ды Нідэрляндах, няма згадак пра новую гістарычную супольнасьць, як няма й азначэньня эўрапейскасьці. Але ж спробы ўвесьці ў прэамбулу Канстытуцыі згадку аб хрысьціянскай культуры былі і напэўна яшчэ будуць. Галоўнае ж заключаецца ў спробе стварыць наднацыянальныя органы кіраваньня, здольныя нібыта ўлічыць і праводзіць інтарэсы ўсіх краін — сяброў Эўразьвязу. Такім чынам, гаворка вялася пра стварэньне міжнароднага (у гэтым выпадку пакуль што эўрапейскага) ураду. Наколькі такая схема выглядае сёньня ўтапічнай, пераканаліся, здаецца, самыя ўпартыя прыхільнікі эўрапейскай інтэграцыі. У першую чаргу — у той самай Францыі, якая яшчэ нядаўна была наперадзе Эўропы ў прасоўваньні агульнаэўрапейскай Канстытуцыі, а сёньня прыпыніла дзеяньне Шэнгенскага пагадненьня, аднавіўшы пашпартны кантроль на мяжы з суседнімі краінамі.

Усе на барацьбу з тэрарызмам!

Але пры гэтым інтэграцыйныя памкненьні зусім не спыніліся. Толькі ў якасьці галоўнай падставы міжнароднай інтэграцыі называецца цяпер ужо барацьба з тэрарызмам. Актывізацыі яе паслужылі нядаўнія тэракты ў Лёндане.

Некалі ў Савецкім Саюзе ў ролі такога ворага, які дапамагаў ідэйна згуртаваць грамадзтва, выступалі амэрыканскі імпэрыялізм і міжнародны сіянізм. У сучаснай Эўропе роля такога ворага адводзіцца ісламу (з агаворкай — экстрэмісцкаму). І вось ужо міністар унутраных спраў Вялікабрытаніі гаворыць пра неабходнасьць збалянсаваньня правоў асобы (на якіх грунтуецца цяпер сыстэма правоў у ЭЗ) і правоў грамадзтва. На практыцы гэта азначае больш жорсткія абмежаваньні на ўезд замежнікаў (перш за ўсё, з краін Усходу), іх магчымасьць уладкавацца на вучобу, больш строгі памежны кантроль, пашырэньне паўнамоцтваў і колькаснага складу адпаведных кантралюючых службаў, абмежаваньне пэўных грамадзянскіх правоў — адным словам, выкарыстаньне досьведу ЗША пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 г.

Між тым у Расеі апошнія антытэрарыстычныя захады ў Лёндане былі ўспрыняты як вельмі зручная падстава зноў патрабаваць выдачы ёй Ахмэда Закаева — дзеяча чачэнскага вызваленчага руху. Наагул вайна з тэрарызмам, абвешчаная Захадам, у Расеі ўспрымаецца як… права на вайну з чачэнскім народам, права здушэньня вызваленчага руху любога народу любымі мэтадамі. У якасьці апраўданьня выстаўляецца трагедыя ў Бэслане. Як быццам Бэслан папярэднічаў чачэнскай вайне, а не наадварот! Працэс над Кулаевым — адным з удзельнікаў захопу школы ў Бэслане — мог ператварыцца ў фарс, але ператварыўся насамрэч у выкрыцьцё палітыкі фэдэральных уладаў, карумпаванага й некампэтэнтнага начальства ўсіх узроўняў, бяздарнага й злачыннага кіраўніцтва спэцслужбаў, дзеяньні якіх прывялі да жудаснай колькасьці ахвяр. Аднак гэта тэма для асобнага артыкулу…

Самаізаляцыя як выбар?

Калі ж вярнуцца да галоўнай тэмы — нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў або саматоеснасьці беларускай нацыі, відавочна, што гэты працэс, такі пакручасты цягам апошніх ста зь лішкам гадоў, на пачатку новага стагодзьдзя выглядае яшчэ больш ускладненым выклікамі новага часу. Тут і глябалізацыя, і рэакцыя на яе ў выглядзе міжнароднага тэрарызму (а не антыглябалізму, як прынята думаць), і СНІД, і пераразьмеркаваньне ў сфэры міжнароднага падзелу працы, і прывід сусьветнага энэргетычнага крызісу… Сьпіс можна доўжыць. Але што можа проціпаставіць Беларусь гэтым сучасным выклікам? Самаізаляцыю? Спробу закансэрваваць існуючы рэжым на некалькі дзесяцігодзьдзяў? Нават калі ня браць пад увагу магчымыя вынікі такога шляху, беспэрспэктыўнасьць «выбару» відавочная. Уся гісторыя апошніх стагодзьдзяў, як і цяперашнія паводзіны Расеі, падказвае, што Беларусь і надалей будзе адчуваць наймацнейшы ціск зь яе боку, спробы ўцягнуць сябе ў арбіту расейскіх інтарэсаў, калі казаць мякка.

Сёньня крамлёўскае кіраўніцтва, Пуцін з усіх сіл імкнуцца выставіць сябе саюзьнікамі Захаду ў барацьбе з тэрарызмам (хаця ў самой Расеі вагабізм даўно пашырыўся з Каўказу на Паволжа — у Татарстан і Башкартастан). У цяперашнім стане Расеі проста ня вытрымаць новай канфрантацыі з Захадам. Але ж і Захад не зацікаўлены сёньня ў новым крыжовым паходзе на Ўсход. Канфрантаваць з Расеяй у справе Беларусі ўсур’ёз ніводная заходняя краіна не зьбіраецца. Выняткам — хіба ЗША і Польшча, што абумоўлена іх геапалітычным становішчам. Але зноў жа, абедзьве краіны вымушаны лічыцца са сваімі партнэрамі ў NATO, з дэмакратычнымі прынцыпамі ў міжнароднай палітыцы — датуль, пакуль гэта будзе магчыма ў дачыненьні да цяперашняга беларускага рэжыму.

Не сядзець ды на мора глядзець

У гэтай сытуацыі застацца ў становішчы назіральніка, адседзецца, так бы мовіць, ля мора на неба гледзячы. Беларусь не Швайцарыя. Разьвітая цяжкая індустрыя (флягманы якой патрабуюць мадэрнізацыі) і высокакваліфікаваная рабочая сіла (якая становіцца з кожным годам усё менш кваліфікаванай) — ня тыя козыры, зь якімі можна разьлічваць на нешта ў міжнародным падзеле працы. Адзінае, што можа прад’явіць Беларусь сьвету, на што можа разьлічваць, у чым можа знайсьці паратунак ад зьнікненьня й забыцьця, — гэта яе нацыянальная адметнасьць: у час глябалізацыі адметнасьць — самы дарагі тавар. Мікрасхемы, вырабленыя ў Малайзіі ці Індыі, нічым не адрозьніваюцца паміж сабой — таксама як і смак «Кока-колы» ці гумкі «Ўінтэрфрэш». Аднак выраб тавараў для міжнародных карпарацый або выкарыстаньне іх тавараў ня ставяць пад сумнеў будучыню гэтых нацый. Яны выкарыстоўваюць сучасныя тэхналёгіі, даброты заходняй цывілізацыі, застаючыся самімі сабой, ня трацячы сваёй культурнай саматоеснасьці. І таму да іх захоўваецца цікавасьць. І ня толькі дзеля экзотыкі, у іх едуць турысты з усяго сьвету. Добрыя пляжы й мора ёсьць і ў Эўропе.

Але аб якой будучыні нацыі, аб якой цікавасьці да яе можна гаварыць, калі сама нацыя атаясамлівае сябе ў найлепшым выпадку з назвай дзяржавы ці яе кіраўніком? Усегульная расейскамоўнасьць замінае нацыі ня толькі ў маральным пляне, але найперш — у эканамічным. Як адрозьніць, напрыклад, беларускі тавар ад расейскага на ўнутраным рынку, калі абодва рэклямуюца на расейскай мове? Карэйскія вытворцы, дарэчы, раней за беларускіх зразумелі важнасьць нацыянальнага складніку, пачаўшы разьмяшчаць рэкляму сваіх тавараў, у тым ліку ў Інтэрнэце, па-беларуску.

Размаўляючы на мове іншага народу, некрытычна засвойваючы яго культурныя ды палітычныя каштоўнасьці або штампы, рана ці позна пачнеш блытаць або нават атаясамліваць інтарэсы свайго народу зь іншаземнымі. Палітыкі, зразумела, таму і зьяўляюцца палітыкамі, што яны здольны адчуваць настрой большасьці і шукаць кампра-місаў. Але калі ўвесь час ісьці ўсьлед за натоўпам, можна ўрэшце разам з ім апынуцца ў бездані. Альбо яго ўзначаляць зусім іншыя палітыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0