Вяршыня гармоніі, а разам з тым і дэструкцыі — у новай выставе Арлена Кашкурэвіча.

14 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адкрылася пэрсанальная выстава народнага мастака Беларусі, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі прафэсара Арлена Кашкурэвіча. Вэрнісаж прыцягнуў увагу ня толькі калегаў, сваякоў і адмыслоўцаў, было тут і чынавенства зь міністэрстваў культуры й інфармацыі. Было багата кветак і музыкі. Летась Арлену Кашкурэвічу споўнілася 75 гадоў, да юбілею і была прытарнаваная экспазыцыя твораў. Былі выстаўленыя тры новыя графічныя нізкі, створаныя за мінулы год, а таксама раньнія работы — агулам больш за 60 станкавых аркушаў. Ілюстрацыі да кніг Купалы й Коласа, Гусоўскага й Караткевіча, Гётэ й Айтматава вядомыя ці ня кожнаму беларусу, а вось станкавыя творы Кашкурэвіча знаюць менш.

Адна з трох найноўшых графічных станкавых нізак, што дала назву ўсёй выставе, завецца «Concerto grosso» («Вялікі канцэрт»). У аснове сюжэтаў — вобраз музыкі-віялянчэліста. Гэта бесьсюжэтныя кампазыцыі, у якіх прысутнічае чалавечая постаць з музычным інструмэнтам, якія ўваходзяць у стасункі міжсобку. Вяршыня гармоніі, а разам з тым і дэструкцыі. Спробы аб’яднацца так і застаюцца безвыніковымі. Але музыка й ягоны чароўны інструмэнт усё ж застануцца зьнітаванымі навечна. Як і Ікар са сваімі крыламі.

Наступная нізка — «Чалавек у сучасным горадзе», або «Гэтае мілае гарадзкое жыцьцё», дзе пачуцьцё адзіноты даведзена да паталягічнага, крайне балючага адчуваньня. Адчужанасьць пэрсанажа ад гораду, ад людзей, ад самога сябе заводзіць нас у тупікі лябірынту. Чалавек, праз уласную нялюбасьць да вонкавага сьвету й боязь болю, пачуваецца ў сучасным горадзе самотней, чым у ледзяным аксаміце міжзоркавай прасторы. А сьвет і не прапаноўваў яму нічога іншага. Выйсьця тут няма. Тут мінорнае Кашкурэвічава сьветаўспрыманьне вельмі блізка сыходзіцца з творчасьцю Васіля Быкава.

Трэцяя частка выставы — гэта сэрыя аркушаў «Гульцы», або «Більярд». Гэта алюзія на Г.Бёля — «Більярд а палове на дзясятую». Гулецкі стол, што яднае дваіх людзей. У азартнай гульні разьвіваюцца адносіны паміж імі, адлюстроўваючы ў іх гаму ўсіх людзкіх пачуцьцяў. Дынамізм більярду дазваляе мастаку выбіраць разнастайныя ракурсы, ствараць бясконцы калейдаскоп кампазыцыяў.

Для падтрыманьня гэтых асноўных частак кампазыцыі прадстаўлены й іншыя творы розных гадоў. Лірычныя й трагічныя, ілюстрацыйныя й бесьсюжэтныя, яны злучаны той адметнай Кашкурэвічавай экспрэсіяй, якую немагчыма зблытаць зь іншымі.

Выснова, што міжволі напрошваецца па праглядзе выставы, палягае ў тым, што клясыка можа стварацца й на нашых вачах. Мастак, нястомна думаючы й працуючы, дакладна ведае, што хоча паказаць сучасьнікам. З вышыні сваіх гадоў і дзякуючы свайму таленту. Хоць тое, што паказвае нам А.Кашкурэвіч, не забаўляе нас, не суцяшае, не дае канчатковых адказаў. Майстар змушае нас думаць. І шукаць сваіх адказаў на тыя выклікі, што само жыцьцё несупынна закідае нам. Як і было спрадвеку.

Стоячы ў сьцішанай прахалодзе музэйнае калянады, сярод вобразаў, створаных Кашкурэвічам, міжволі забываесься пра хуткаплыннасьць лета й думаеш пра тое, што пройдзе і яно, і безьліч іншых летаў, пакінуўшы нам усё тыя ж невырашальныя на зямлі таямніцы — сутнасьці жыцьця й прагі творчасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0