Каханьне і сьмерць у мястэчку N.
Лічыцца, што мястэчка N. узьнікла вакол кірмашу. Але гэта ня так. Насамрэч каля кірмашу спачатку ўзьнік распусны дом, затым могілкі, і вось вакол іх ужо ўзьнікла мястэчка N.
Доктар Рамуальд Цывіс, аднак, настойвае ў сваіх газэтных нататках, што пасьля распуснага дому і перад могілкамі ўзьнік шпіталь, аднак гэта супярэчыць расказам старых людзей, што ў мястэчку N. хворых раней не лячылі, а адразу звозілі на могілкі і там душылі.
На велікодным тыдні пазалетась у мястэчку N. паказвалі аўтамабіль. Камэрсант Рыгор Тарасаў зь Вільні браў па чатыры капейкі за паказ і пускаў цікаўнага ў хляўчук, арандаваны ім у старасты Рамеснай вуліцы. У хлеўчуку было цёмна, таму наведнік мусіў стаяць, нічога ня бачачы, некалькі хвілін, покуль Рыгор апавядаў пра карысьць і цудадзействы аўтамабіля. Так, Рыгор называў аўтамабіль мэханічнай жывёлай з двума сэрцамі і папярэджваў, што праз аўтамабіль у душу чалавека можа пратачыцца д’ябал. Дзеля пераканаўчасьці, дарэчы, у хляўчук Рыгор загадзя запускаў чорнага пеўня. Потым камэрсант уключаў газьніцу і даваў памацаць мэталічны бок. Пасядзець у крэсьле побач з рулём каштавала дзесяць капеек, але на гэта згаджаліся ня ўсе. Дзяўчатам камэрсант задарма прапаноўваў прадэманстраваць, як працуе поршань. Пасьля таго як ён паказаў гэта дачцэ пана Самуйлёнка, а ўжо яна расказала маці, а тая пану Самуйлёнку, чацьвёра лёкаяў пана Самуйлёнка ў той жа дзень паказалі, як працуе поршань, самому камэрсанту Рыгору Тарасаву, пасьля чаго ён уцёк назад у Вільню. Аўтамабіль застаўся ў хлеўчуку старасты, паколькі ня мог езьдзіць, бо ня меў колаў і рухавіка.
У адрозьненьне ад астатніх кабет мястэчка, Марыля Крац апошнім часам навучылася адкладаць яйкі. У яе гэта атрымліваецца, кажуць некаторыя, пасьля таго, як яна ўцякла на тыдзень ад свайго Лаўрэна Краца з варшаўскім артыстам цырку.
Пра старызьніка Мікітку кажуць, што ён самы стары жыхар мястэчка N. і яшчэ засьпеў часы распуснага дому. Пра сваю маладосьць Мікітка памятае мала, кажа толькі, што пісаў лёзунгі для аздабленьня вуліц. Яны былі кароткія.
«Маленькія кабеты заўсёды нарасхват!»
«Маленькія кабеты — самы зручны від кабет!»
Пані Альжбета, жонка пана Станіслава Д., пакахала доктара Рамуальда Цывіса, які звычайна ходзіць у зялёным пінжаку, і пэўны час не магла ў гэта паверыць сама. Доктар Цывіс ня ведаў пра гэтае каханьне, але зьмену ў паводзінах пані Альжбеты заўважыў і вырашыў, што пані Альжбета хоча, каб ён паглядзеў яе, як дактары ў вялікіх местах глядзяць пані. Застаўшыся дома адна, пані Альжбета запрасіла доктара Цывіса, выгнала з дому лёкаяў, наведала ванну, паліла сябе ружовай вадой і паставіла ў спачывальні вазоны з арабінай, бо падсьвядома адчувала, што доктара ўзбуджае чырвонае і круглае. Доктар прыйшоў у лёгкім хваляваньні і сказаў «Давайце адразу пяройдзем да справы, кладзіцеся». Пані Альжбета лягла, уся перапоўненая фантазіямі і лёгкай крыўдай за адсутнасьць пяшчотных і сарамлівых заляцаньняў, на якія яна магла б са спакойным сэрцам адмовіць. Доктар Цывіс упэўненым рухам задраў спадніцу пані Альжбеты і ледзь ня страціў прытомнасьць, бо пані Альжбета аказалася панам Станіславам і яго немагчыма было глядзець так, як дактары ў вялікіх местах глядзяць пані. Пан Станіслаў разьюшыўся і накінуўся на доктара Цывіса, каб яго пабіць. Справа ў тым, што ў пана Станіслава насамрэч не было жонкі, а значыць, і пані Альжбета не кахала доктара Цывіса, і тут была зусім памылка ва ўсім аповедзе.
Калядны сон панны Грузьнецкай Стэфаніі, дачкі пана Грузьнецкага Адама.
«Вялікае голае поле, на гэтым полі сяджу я на крэсьле, апусьціўшы вочы долу, і вышываю абрус, але зусім на яго не гляджу і торкаю іголкай, хутчэй, наўздагад, дзіва, што трапляю ў абрус, а ў гэты час побач стаіць Валянцін Фёдаравіч Смолькін, камэрсант зь Менску. Ён прапануе мне паглядзець недазволеныя фатаздымкі і чытае ўслых кніжку пра паноў і пані, якія зусім ня маюць сораму. Я адмаўляюся глядзець і слухаць. Настае вечар, па полі лятуць сухія кляновыя лісты, трава гнецца, хмары спускаюцца ніжэй. Мне час ісьці ў спачывальню, таму я кажу Валянціну Фёдаравічу Смолькіну «да пабачэньня» і каб ён прыходзіў заўтра».
У ложку пані Далілы Старавойтавай, удавы егера Сьцяпана Старавойтава, толькі ў гэтым годзе памерлі трое мужчын. Кожны раз яны паміралі ў той самы момант, калі суцяшалі ўдаву па Сьцяпану Іванавічу Старавойтаву, які таямніча памёр у сваім шлюбным ложку васямнаццаць гадоў таму. Пані Даліла Старавойтава зусім не была патрабавальная да мужчын, таму нават для яе было загадкай, чаму ўсе яны паміраюць, калі маглі б яшчэ жыць. Першыя два разы ў гэтым годзе яна, каб не было залішніх размоваў, звозіла дохлых мужчын саматугам у ярочак за сваёй хатай і прыкідала вецьцем, а на трэці раз ня вытрымала і паклікала да сябе доктара Рамуальда Цывіса. У мінулым жа годзе ў яе ложку загінуў толькі Сава Маршалковіч, але тады пані Даліле ўдалося выдаць, нібы ён заглынуўся сьлінай на вуліцы перад хлебнай крамкай і ўжо напаўмёртвы падняўся да яе па дапамогу, аж нечакана памёр на ложку. У якасьці доказу ў тым годзе пані Даліла прадстаўляла выпечку з сваёй крамкі на першым паверсе, што, у прынцыпе, прывяло да падвышэньня яе прыбытку ў наступныя два месяцы. Гэтым жа разам ёй прыйшлося апрануць апошняга мужчыну ў сурдут і выдаць за свайго жаніха, балазе яго ніхто ня ведаў у мястэчку. Доктар Цывіс узяўся ставіць дыягназ. Аднак пасьля апошняй няўдачы з пані Альжбетай ён разглядаў толькі няшчаснага мужчыну і зусім не разглядаў пані Далілу Старавойтаву, хоць і здагадваўся, што яна вельмі нездарма зьяўляецца гаспадыняй ложка, у якім гінуць мужчыны. Наконт невядомага жаніха ён афіцыйна засьведчыў, нібыта абсалютна дакладна можна меркаваць, што прычына сьмерці няшчаснага застаецца загадкай.
Пра старажытную каменную скульптуру на Гандлёвай вуліцы, каля кірмашу, старызьнік Мікітка расказвае, нібыта тут быў пакараны адсячэньнем мужчынскіх турбот сам Юда пасьля здрады. На гэтыя словы доктар Рамуальд Цывіс заўважае ў сваіх газэтных нататках, што Юда зусім не пазбываўся мужчынскіх турбот, а быў вісельнікам на таполі, і ёсьць вельмі яскравыя доказы, што менавіта тая самая таполя ніколі не памірае, а заўсёды жыве. Вось і цяпер яна расьце на паўднёвым ускрайку мястэчка зусім адна, і ніхто ня селіцца ні на ёй, ні пад ёй, ні замест яе. Наконт каменнай скульптуры на Гандлёвай вуліцы ў сваіх газэтных нататках доктар Цывіс не заўважае нічога, хоць у прыватных размовах і настойвае, што навукова слушнай назвай скульптуры будзе адно мала пашыранае ў мястэчку слова. Прызвычаіўшы гэтае слова да больш пашыраных, месьцічы не называлі далей скульптуру іначай, як Пень. Каля скульптуры аднойчы здарылася дзіва — адна салдатка пастаяла-пастаяла блізка і зацяжарала. Мужу ў войска быў адпраўлены афіцыйны ліст ад бацюшкі Анісіма прызнаць дзіця дзіўнанароджаным, прыняць у сям’ю, любіць і выхоўваць. Удзячная салдатка потым часта прыходзіла да бацюшкі Анісіма на малітвы, хоць іншыя кажуць — не часьцей, чым датуль.
Таемна прагны да сьмерці, доктар Рамуальд Цывіс надоечы меркаваў наведаць Далілу Старавойтаву, удаву Сьцяпана Старавойтава, і ўжо быў дамовіўся зь ёю пра прыход уночы. Сьцярожка абмінаючы двары з асабліва чулымі сабакамі, ён наблізіўся да хаты пані Далілы, і прысеў каля ярочку за яе плотам. Такое замілаваньне ахінула тут доктара Цывіса ад думкі, што нарэшце спазнае радасьць ад пані Далілы, што ён таропка расслабіўся пад плотам і нечакана захацеў жыць. Пані Даліла, аднак, зусім не пакрыўдзілася і прыняла яго назаўтра абедаць. Пасьля абеду яна чытала яму вершы, паказвала свае рукі і давала іх акуратна панюхаць. Вяртаючыся дамоў, доктар Цывіс пасьлізнуўся на прыступках і паламаў шыю, аднак памёр не адразу, а толькі пасьля таго, як старызьнік Мікітка адвёз яго на могілкі і там задушыў вяроўкай. Лаўрэн Крац, вось ужо трэці год як п’яніца, дапамагаў у гэтым Мікітку і назаўтра расказваў, што вельмі паважае старыя звычаі і любіць сваю родную зямельку, а на ёй лясы, азёры, палі, ураджай і людзей.
Цяжка хварэючы з інтымнае прычыны, бо ёй так больш і не прысьніўся калядны сон, панна Грузьнецкая Стэфанія, дачка пана Грузьнецкага Адама, днямі выдумала сабе, што зноўку бачыла жывога доктара Рамуальда Цывіса. Празь некалькі дзён месьцічы насамрэч заўважылі, што ў газэце усё яшчэ зьяўляюцца артыкулы пана Рамуальда пра паходжаньне назваў навакольных вёсак і пра сувязь паміж імем чалавека і яго характарам. Газэту, якую чыталі ў мястэчку N., выпісваў усяго адзін чалавек — аграном на пэнсіі Васіль Зубей, бо ў самой назьве газэты гаварылася пра ніву, а сельскай гаспадаркай ва ўсім мястэчку цікавіўся толькі ён.
Адразу за леташнімі Калядамі ў мястэчка N. прылятаў снарад і разрываўся ў гародах на паўночным ускрайку. Толькі пасьля гэтага месьцічы пачалі актыўна абмяркоўваць, што грукат за гарызонтам, які вось ужо амаль некалькі месяцаў быў добра чуваць, можа аказацца вайной. Раней на падобныя думкі прыгадвалі сур’ёзны аргумэнт — ніколі войскі з нашага боку не стаялі так доўга, а наадварот, заўсёды ўмелі дастаткова хутка і арганізавана адступаць. Пасьля выпадку са снарадам Васіль Зубей, як аграном на пэнсіі, пераканаў месьцічаў, што войска з нашага боку магло аказацца зарытым у акопы. На гэтыя словы старызьнік Мікітка пагадзіўся, маўляў, так, тут ужо якое адступленьне, тут ужо ляжы, дастань рукі ўгору і снарады лаві, а калі ня зловіш, то цябе — у акопчык бліжэйшы.
Апошняй зімой у мястэчку зьявіліся некалькі чалавек у ваенных шынялях без пагонаў. Зь імі быў кудлаты жыдок у скураной куртцы. Увесь дзень яны хадзілі па мястэчку, шукаючы то цэнтральную плошчу, то вазок, каб узьлезьці на яго і выступіць. Крыху пахадзіўшы па кірмашы, яны нарэшце ўбачылі зводдаль шынок Настасьсі Рык, дзе ўсе разам селі і выпілі на кіляграм карычневых маленькіх грошай. Назаўтра жыдка зь людзьмі ў шынялях у мястэчку ўжо не было. Затое муж шынкаркі Лявонці Рык, які выпіваў разам зь незнаёмымі людзьмі, назаўтра шмат лаяўся на пана Самуйлёнка, пана Грузьнецкага і яго сям’ю, на пана Станіслава Д. і на ўсіх іншых паноў і пані мястэчка, а пры канцы тыдня пафарбаваў старажытную скульптуру на Гандлёвай вуліцы ў чырвоны колер. Старызьнік Мікітка, убачыўшы скульптуру такой, прыгадаў, што за часамі распуснага дому яна таксама была пафарбаванаю, толькі тады чырвонай была адна макаўка. Лаўрэн Крац горача падтрымаў старызьніка Мікітку, хоць сам ён за часамі распуснага дому і ня жыў, але затое заўжды хадзіў разам зь Мікіткам.
У той самы год, увосень, жыдок у скураной куртцы і людзі ў шынялях былі ў мястэчку зноў. Яны адразу зайшлі ў шынок, дзе выклікалі Лявонція Рыка і правялі зь ім арганізацыйны сход. На ім яны станоўча ацанілі колер старажытнай каменнай скульптуры на Гандлёвай вуліцы і вынесьлі рашэньне да канца году расстраляць пана Самуйлёнка, пана Грузьнецкага і яго сям’ю, пана Станіслава Д. і іншых паноў і пані мястэчка. З гэтай нагоды Лявонцію Рыку быў уручаны рэвальвэр, а жыдок і незнаёмыя людзі ў шынялях назаўтра выпілі зноў і зьехалі. Лявонці, які на раніцу ўжо ня мог прыгадаць, нашто яму далі рэвальвэр, падарыў яго Даліле Старавойтавай, удаве Сьцяпана Старавойтава, — выключна дзеля таго, каб надалей было дакладна вядома, ад чаго паміраюць яе мужчыны.
Аднойчы Лявонці Рык ня вытрымаў і расказаў жонцы, што калі ў наступны раз прыедуць жыдок і незнаёмыя людзі ў шынялях, то ў мястэчку пабудуюць школу, разбураць царкву, а ў былым доміку доктара Рамуальда Цывіса зробяць лякарню, дзе людзям будуць вырываць зубы і адразаць рукі. Зразумеўшы, што яе Лявонці захварэў псыхічна, Настасься Рык паплакала праз адсутнасьць доктара Цывіса і пайшла да старызьніка Мікіткі.
Душачы Лявонція Рыка на могілках, старызьнік Мікітка вучыў Лаўрэна Краца, што ад чыстай вады, узятай напалам зь дзіцячай мачой і выпітай зранку, скура на целе мякчэе і лепей пахне, а за гэта вельмі паважаюць жанчыны.
Жыдок зь незнаёмымі людзьмі ў шынялях прыехаў даволі хутка, але зусім бяз школы і безь лякарні. Ён спытаў у шынку Лявонція Рыка, на што Настасься Рык, яго ўдава, заплакала і параіла ім пайсьці да Далілы Старавойтавай.
Уночы старызьнік Мікітка спаў трывожна: у доме Далілы Старавойтавай чуліся стрэлы, і ён разумеў, што прыйдзецца рана ўставаць назаўтра.
∎
Аляксей Бацюкоў — выкладчык філязофіі, тэлежурналіст і празаік. Працуе ў Магілёве.