Першы гол Глеба

Паўабаронца зборнай Беларусі Аляксандар Глеб забіў першы гол за лёнданскі «Арсэнал». Адбылося гэта ў мінулыя выходныя ў кантрольным матчы з клюбам трэцяга дывізіёну «Барнэт». «Кананіры» выйгралі зь лікам 4:1. Глеб адкрыў лік у матчы. Вызначыліся ў пераможцаў таксама «дзяды» клюбу Т’еры Анры і Дэніс Бэргкамп.

7 жніўня ў Кардыфе (Уэльз) «Арсэнал» згуляе за супэркубак Англіі з «Чэлсі». Чэмпіянат ангельскай прэм’ер-лігі стартуе 13 жніўня. У першым туры лёнданцы 14 жніўня дома на стадыёне «Гайбэры» згуляюць з «Ньюкаслам», а 20 жніўня на стадыёне «Стэмфард Брыдж» — зноў з «Чэлсі». Ня выключана, што ўсе паядынкі будуць трансьляваць у жывым этэры ў менскіх барах і клюбах.

Палова чэмпіянату

У аўторак скончыўся першы круг футбольнага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе. «Летнім» чэмпіёнам стаў салігорскі «Шахтар»: у гадаванцаў Юр’я Вяргейчыка 31 бал. Другое месца ў магілёўскага «Дняпра-Трансмашу» (24 балы). У запісных аўтсайдэрах ходзяць двухразовы чэмпіён Беларусі мазырская «Славія» (9 балаў) і менская «Зорка-ВА-БДУ» (2 балы). Другі круг стартуе 30 ліпеня і завершыць бег 5 лістапада.

Ці паедзе Хацкевіч у Шкоцыю

Экс-паўабаронца зборнай Беларусі і кіеўскага «Дынама» Аляксандар Хацкевіч згуляў за шатляндзкі «Хартс» у кантрольным матчы і, магчыма, падпіша кантракт. Праўда, каб бесьперашкодна атрымаць працоўную візу на брытанскіх выспах, трэба мець 75 адсоткаў матчаў, праведзеных за нацыянальную зборную цягам апошніх двух гадоў. А тут у Хацкевіча праблемы. Таму пытаньне будзе разглядацца асобна.

Зь лютага Аляксандар выступаў за латвійскі «Вэнтсьпілз», але празь фінансавыя цяжкасьці пакінуў клюб. Нагадаем, што «Хартс» разам зь менскім МТЗ-РІПА і «Каўнасам» утвараюць холдынг літоўскага бізнэсоўца Ўладзімера Раманава.

Беларусы — дзясятыя

Пасьля матчаў 1/4 фіналу тэніснага Кубку Дэвіса, што прайшлі ў мінулыя выходныя, выдрукаваны новы рэйтынг-ліст зборных. Беларусы, якія не праводзілі гульняў, пасунуліся з восьмага на дзясятае месца. Першае месца ў зборнай Гішпаніі.

23—25 верасьня зборная Беларусі згуляе са зборнай Канады матч плэй-оф за права выхаду ў Асноўную групу Кубку Дэвіса, так званую 1/8 фіналу. Матчы пройдуць у самым беларускім горадзе Краіны кляновага ліста — Таронта.

Аляксандраў — пераможца

18 ліпеня ў Менску завершыўся міжнародны шахматны турнір «Інаўтамаркет-оўпэн» — Адкрыты чэмпіянат Менску. Пераможцам стаў беларускі гросмайстар Аляксей Аляксандраў, што набраў 7,5 бала ў дзевяці турах. Усяго ў турніры бралі ўдзел 156 шахматыстаў з васьмі краін.

АР, belapan.com, football.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0