Выбухі ў Лёндане выклікалі хвалю кібэрсалідарнасьці.

«Я баюся вады, цемры і Робі Ўільямза, але я не баюся тэрарыстаў», — напісана на здымку, зробленым 14-гадовым Мэцью. Гэта адно з больш чым тысячы фота, разьмешчаных на сайце www.werenotafraid.com, — так цывілізаваны сьвет адказвае на напад тэрарыстаў на Лёндан.

7 ліпеня, праз гадзіну пасьля таго, як увесь сьвет здрыгануўся ад зьвестак пра лёнданскія выбухі, 29-гадовы кампутаршчык Альфі Дэнэн зрабіў сайт у Інтэрнэце, на якім разьмясьціў сваё фота. У руках Альфі трымаў самаробную шыльду са словамі «Я не баюся». Ён заклікаў іншых інтэрнэт-карыстальнікаў дасылаць яму такія самыя здымкі. «Пакажыце сьвету, што мы не баімся таго, што здарылася ў Лёндане, і што сьвет будзе лепшым месцам, калі ў ім ня будзе страху». Цяпер колькасьць фатаздымкаў пераваліла за тысячу і імкліва расьце, а праз наплыў наведвальнікаў сайт нярэдка немагчыма адкрыць. З дня стварэньня гэтую старонку прагледзела ўжо больш за чатыры мільёны чалавек.

Фота прыходзяць ня толькі з Брытаніі, але і з-за мяжы, найчасьцей з заходнеэўрапейскіх краін ды з Амэрыкі. Ёсьць здымкі нават з Блізкага Ўсходу. Калі праглядаеш галерэю дасланых фота, перад вачыма складваецца пярэстая мазаіка. Сярод фатаздымкаў няшмат шэдэўраў, але ўсе яны — шчырыя. Жанчына зь нямецкага гораду Брэмэргафэн даслала здымак сябе разам са сваёй коткай: «Я не баюся, і мая котка таксама». Многія дасылаюць фота сябе з праязнымі білетамі на лёнданскую падземку ў руках. Іншыя падыходзяць творча — напрыклад, нехта аздобіў здымак Ёды з «Зоркавых войнаў» словамі «Не баюся я».

Дэнэн гаворыць, што ад самога чацьвярга амаль ня сьпіць, бо не хапае часу на тое, каб выкладаць фатаздымкі на сэрвэр. «Я і ня думаў пра тое, які неймаверны розгалас выкліча мая ідэя», — кажа ён. Папулярнасьць сайту пакрысе пачынае прыносіць матэрыяльны плён — празь яго ўжо прадаюць сумкі ды футболкі з надпісам «Мы не баімся». Асноўная частка грошай ідзе ў фонд Чырвонага крыжу для дапамогі пацярпелым, а рэшта — на тэхнічную падтрымку сайту (абслугоўваньне такой колькасьці наведнікаў каштуе нятанна). Сабе аўтары не бяруць нічога. «Мы не зьбіраемся разжывацца на няшчасьці іншых», — піша Дэнэн і яго каманда.

Рэзкае зьніжэньне злачыннасьці ў Нью-Ёрку ў першыя дні пасьля атакі на Амэрыку, мільённы марш у Мадрыдзе пасьля выбухаў у цягніках, брытанскі інтэрнэт-сайт — усё гэта сьведчыць пра здольнасьць здаровага грамадзтва згуртавацца і самаарганізавацца перад тварам небясьпекі. Нават ім, жыхарам дэмакратый зь векавой традыцыяй, часам трэба нагадаць сабе: «Мы разам, і нас багата».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0