Польскія базары, барахолкі ды інтэрнэт-аўкцыёны займелі ў асартымэнце новую модную «фішку» — нэадымавыя магніты. Лічыльнік вады ці электрычнасьці прыпыняецца, калі прымацаваць да яго такую штуку. І хоць гэта, калі казаць без хітрыкаў, крадзеж, людзі адрываюць такія магніты з рукамі.

Нэадымавы магніт — гэта кружок дыямэтрам 12 см — як кампакт-дыск. Такія ўжываюцца ў аўтамабільных стартэрах, бытавых вадзяных і газавых фільтрах, а таксама ў воданагравальніках. Магнітнае поле ў іх такое моцнае, што ў стане перашкодзіць працы вымяральных прыстасаваньняў — гадзіньнікаў, лічыльнікаў, вадамераў. І дзякуючы гэтаму нэадымавыя магніты робяць цяпер у Польшчы фурор. Іх цана — 14 злотых (4 даляры) оптам. Або 30 злотых у пана Тадэвуша на варшаўскім Стадыёне дзесяцігодзьдзя. «Я ніколі не гандляваў такім добрым таварам, — гаворыць ён. — За дзень удаецца прадаць больш за сто штук».

Магніт як вада

Побач на століку стаіць таблічка з чырвоным надпісам: «Увага! Забараняецца карыстацца нэадымавымі магнітамі паблізу лічыльнікаў: гэта можа перашкодзіць іх працы». «Дзякуючы гэтаму ніхто ня можа мяне абвінаваціць у тым, што я раблю нешта незаконнае», — тлумачыць пан Тадэвуш.

Інфармацыю пра магніты адшукаў у Інтэрнэце Славэк, студэнт політэхнічнага інстытуту, пляменьнік пана Тадэвуша. Угаварыў дзядзьку пачаць імі гандляваць. Сам ён прадае магніты, ходзячы па дамах. «Гэта залаты бізнэс і легальны, бо гандляваць магнітамі можна, — пераконвае ён. — Ёсьць яшчэ такія магніты, што спыняюць газавыя і электрычныя лічыльнікі, але цяпер я іх не прадаю. Няхай людзі пераканаюцца ў эфэктыўнасьці гэтых, на ваду».

Магніт як золата

Мы едзем у Насельск — раён прыватнай забудовы ў Варшаве. Каля аднаго з дамкоў Славэк зьвяртаецца да жанчыны, якая палівае кветкі на ўчастку: «Мабыць, дорага каштуе такі догляд кветак?..» «А як жа, дорага…» «А паглядзіце, што ў мяне ёсьць, — і Славэк паказвае магніт. — Цяпер падыдзіце да дому, прыкладзіце гэта да лічыльніка і адкрыйце ваду».

Празь некалькі хвілін жанчына вяртаецца ў захапленьні. Плаціць 50 злотых. «А мяне не пакараюць?» — пытаецца яна. «Вы не хвалюйцеся. Прыкладзіце магніт на тыдзень, а потым здыміце — і ўжо заплаціце за ваду на чвэрць менш».

У шматпавярховых дамах магніт купляюць у кожнай трэцяй кватэры. «Гэта добрая рэч. Мой сябар зрабіў у лічыльніку дзірку і засоўвае ў яе іголку, якая блякуе мэханізм, але я не хацеў так рабіць. Такую дзірку лёгка выявіць. Цяпер жа ніхто нічога не дакажа», — радуецца мужчына, шыльдачка на дзьвярах якога паведамляе, што тут жыве магістар.

Магніт як злодзей

Прэс-сакратар Варшаўскага прадпрыемства водаправодаў і каналізацыі кажа: «Працяглы час да нас даходзяць зьвесткі пра нэадымавыя магніты, але гэтая праблема нас практычна не датычыць. Мы падпісваем дагаворы на пастаўку вады з жыльлёвымі таварыствамі і ажыцьцяўляем разьлікі зь імі».

Прадстаўнік праўленьня жыльлёвага таварыства «Эпоха»: «Мы бясьсільныя. Каб выкрыць тых, хто займаецца ашуканствамі пры дапамозе магніту, спатрэбілася б праводзіць дарагія экспэртызы па выяўленьні ступені намагнічанасьці вадамера».

Жыльлёвыя таварыствы спраўляюцца з праблемай так: розьніцу паміж цэнтральным лічыльнікам і індывідуальнымі дзеляць на ўсіх жыльцоў. Пані Тэрэза, пэнсіянэрка, у апошні час вымушана была даплачваць за ваду да 25 злотых: «Я мыюся ў балеі, посуд за ўвесь дзень мыю ўвечары. Сачу за лічыльнікам, каб толькі не накруціў звыш меры, а ўсё роўна даводзіцца даплачваць».

Пётар Стончак, юрыст: «Асоба, якая выкарыстоўвае магніт, каб фальсыфікаваць паказаньні лічыльніка, зьдзяйсьняе злачынства — гэта крадзеж, які караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох месяцаў да пяці год».

Гарадзкая ўправа паліцыі: «Пакуль ніхто не зьвярнуўся з заявай пра крадзеж вады пры дапамозе нэадымавых магнітаў. Калі няма заявы, мы ня можам дзейнічаць».

Паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0