Чарговай ахвярай зачысткі Беларусі ад лішніх замежнікаў стаўся прафэсар з ЗША Тэры Бэш. Два гады таму ён прыехаў у Менск выкладаць міжнароднае права ў БДУ. З бацькам паехалі дзьве дачкі 10 і 13 год, жонка засталася ў Амэрыцы. Дзяцей вучылі беларускія настаўнікі. Апошнім вялікім праектам Тэры Бэша была арганізацыя ў БДУ буйной студэнцкай канфэрэнцыі ў красавіку, у якой удзельнічалі больш за 500 студэнтаў з 27 беларускіх і замежных унівэрсытэтаў. Ён таксама зладзіў на базе БДУ курсы ангельскай мовы, прычым недарагія — тыдзень інтэнсіўнага навучаньня каштаваў 54 тыс. Рэпэтытары бяруць столькі за тры гадзіны, а тут — ажно сем дзён.

Апроч гэтага, Тэры Бэш падарыў школам 40 тысячаў падручнікаў па ангельскай мове, бясплатна працаваў у праекце Нацыянальнай бібліятэкі, зьвязаным зь перакладамі зь беларускай мовы, прывёз з Амэрыкі тузін лектараў ды патэнцыйных інвэстараў, а летась адмыслова езьдзіў у Нігерыю, дзе дапамагаў адбіраць 53 студэнты, якія пасьля прыехалі на вучобу ў Беларусь.

Што праўда, як мы даведаліся, Тэры Бэш у прыватных гутарках даваў інфармацыю пра курсы ангельскай мовы, якія ладзяць у Беларусі амэрыканскія пратэстанцкія суполкі, аднак рабіў гэта ненавязьліва і ня ў зьвязку са сваёй выкладчыцкай дзейнасьцю.

Апалітычны прафэсар

Тэры Бэш кажа, што пазьбягаў палітыкі на любых узроўнях. «Я ні разу не выказаў незадаволеньня ўладамі гэтай краіны», — напісаў ён у лісьце на Хартыю’97. Прафэсар ні разу ня браў удзелу ў палітычных акцыях і нават зьвёў да мінімуму свае кантакты з пасольствам ЗША.

Аднак, нягледзячы на гэта, пасьля прызначэньня Васіля Стражава рэктарам БДУ Тэры Бэш пачаў адчуваць ціск з боку ўнівэрсытэцкай адміністрацыі. Ён узмацніўся цягам апошніх трох месяцаў. Цяпер зразумела, да чаго ўсё ішло. «Я думаю, што я апошні чалавек з Захаду ў Беларусі, які спрабаваў зразумець беларускія ўлады і працаваць зь імі, каб дапамагчы гэтай краіне. Я ўпэўнены, што цяпер сытуацыя для беларускіх уладаў безнадзейная. Вяртаньня назад няма», — сказаў Тэры Бэш, ад’яжджаючы з дачкамі ў Літву.

Замежнікі баяцца

Уладзіслаў Белавусаў, выпускнік факультэту міжнародных адносінаў і арганізатар інтэрнэт-рэсурсу praunik.org, кажа, што студэнты збольшага пазытыўна адгукаліся пра тое, як Бэш вёў лекцыі, хоць некаторыя і лічаць, што ягонаму выкладаньню бракавала сыстэмнасьці. «Цалкам звычайны амэрыканскі дзядзька, — кажа Ўладзіслаў, — толькі кімсьці страшэнна запалоханы».

Чаму замежныя выкладчыкі ды лектары прыяжджаюць у Беларусь? Для многіх выкладчыцкая праца за мяжой, тым больш — у экстрэмальных умовах Усходняй Эўропы — добры дадатак у рэзюмэ, які дазволіць падняцца па кар’ернай лесьвіцы. Да таго ж, жывуць яны тут найчасьцей не на беларускія заробкі, а на грошы, якія атрымліваюць з-за мяжы — хто з дабрачынных фондаў, хто ад сваіх унівэрсытэтаў. Гэта дае магчымасьць няблага зэканоміць, улічваючы недарагі кошт жыцьця ў Беларусі.

Гутарачы з тымі замежнікамі, хто жыве ў Беларусі больш чым паўгоду, заўважаеш дзьве агульныя рысы: яны пачынаюць шчыра любіць гэтую краіну і панічна баяцца беларускіх уладаў. Яны цалкам мяняюць звычкі: пазьбягаюць тэлефонных размоваў, шчырых гутарак у тлумных рэстарацыях, ніколі не выкладаюць з кішэні пашпарт і не пагаджаюцца на інтэрвію. Ад’яжджаючы на час з кватэраў, замежнікі адмысловым чынам кладуць вопратку ці аркушы паперы, каб потым параўнаць, ці ня было ў доме няпрошаных гасьцей.

Адзін зь немцаў расказваў гісторыю пра тое, што, вярнуўшыся дадому і зайшоўшы ў лазенку, ён быў шакаваны — нехта памяняў месцамі кранікі, што пазначаюць гарачую і халодную ваду, нібыта падказваючы: «мы за табой віжуем».

Тэры Бэш баяўся за сваіх дзяцей. Камусьці гэта можа падацца паранояй. Але, можа быць, гэта мы прызвычаіліся і нічога не заўважаем, а яны ацэньваюць сытуацыю адэкватна? Бо тое, што ты не займаесься палітыкай, зусім ня значыць, што ў цябе ня могуць узьнікнуць праблемы.

Тэры Бэш — другі пасьля Алана Флаўэрза, брытанскага дасьледчыка чарнобыльскіх праблемаў, прыклад, калі яўна дзеля палітычных патрэбаў дэпартуюць цалкам апалітычных людзей. Гэта кажа пра тое, што ўлады хацелі б зьвесьці любую замежную актыўнасьць да нуля. Уладу пужае нават ня крытыка, а любая прысутнасьць заходняга ладу думак. Сам жывы кантакт з іншаземцамі абавязкова прывядзе да росту незадаволенасьці сучасным станам рэчаў у краіне, — так, бадай, мяркуюць у «кампэтэнтных органах».

АК

Сёлета з краіны былі па палітычных прычынах былі высланыя ўжо 9 замежніка – абсалютны рэкорд за час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. А год жа яшчэ ня скончыўся...

Сваю першую гучную высылку малады рэжым зьдзейсьніў у 1995 г. Марыюша Кшаклеўскага, лідэра польскай «Салідарнасьці» абвінавацілі ў агітацыі супраць уладаў. У 1996 была дэпартаваная група актывістаў украінскай арганізацыі УНА-УНСО, гасьцей гарачай вясны-96. У 1997 Беларусь пакінуў карэспандэнт НТВ Аляксандар Ступнікаў: уладам не спадабалася тое, як расейскі тэлеканал асьвятляе беларускія падзеі. У тым жа годзе быў высланы Пітэр Бэрн, кіраўнік Беларускага Фонду Сорасу. Потым замежнікам далі «перадышку», але ў 2001 г. выслалі ўжо трох чалавек: пэрсонаю нон грата быў абвешчаны першы сакратар пасольства ЗША Серж Аляксандраў. Былі высланыя таксама Робэрт Філдынг, супрацоўнік Цэнтру салідарнасьці Амэрыканскай федэрацыі працы – Кангрэсу прамысловых прафсаюзаў і супрацоўнік Чэскага гуманітарнага фонду «Чалавек у нядолі» Міхал Плавец. У 2002 праблемы займеў лідэр СПС Барыс Нямцоў, у 2003– сябры крыла «Маладыя сацыялісты» СДП Нямеччыны Ян Буш і Штэфан Кэмэрлінг, дарадца віцэ-прэм’ера Польшчы Катажына Матушэўская і карэспандэнт НТВ Павал Селін. У 2004 г. выслалі брытанскага вучонага Алана Флаўэрса, журналіста Міхаіла Падаляка і ваеннага аташэ польскай амбасады Казімежа Віташчыка. У 2005 дэпартавалі пяцёра актывістаў украінскай моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс», чэскага дыплямата Паўла Кжываглавага і польскіх дыпляматаў Марка Буцьку і Анджэя Бучака.

Тэры Бэш: Дочкі плакалі, баючыся арышту

Перад самым ад’ездам зь Беларусі амэрыканскі прафэсар знайшоў час, каб адказаць на пытаньні карэспандэнта «НН».

«НН»: Спадар Бэш, чаму вы вырашылі прыехаць у Беларусь?

Тэры Бэш: Я вельмі люблю славянскія народы. 100 год таму мая бабуля эмігравала з Польшчы ў ЗША. За часамі халоднай вайны я нават у марах ня мог спадзявацца, што некалі змагу наведаць Усходнюю Эўропу. Але сытуацыя зьмянілася. Пяць год таму я меў магчымасьць выкладаць у Літве. Але хацелася пажыць яшчэ і сярод славянаў, таму я быў вельмі ўзрадаваны, калі БДУ запрасіў мяне ў Менск.

«НН»: Пасьля таго як Вам было прад’яўлена патрабаваньне пакінуць краіну, вы заявілі, што баіцеся за бясьпеку сваіх дзяцей. Вы сапраўды лічыце, што ўсё настолькі сур’ёзна?

ТБ: Вы павінны разумець сытуацыю. 13 ліпеня ўрад падоўжыў візу на 30 дзён. Але ў пятніцу мяне выклікалі ва ўнівэрсытэт а 5-й вечара і паведамілі, што я мушу пакінуць краіну цягам дзьвюх гадзін. Можаце ўявіць стан, у якім я вяртаўся дахаты. Ні ў мяне, ні ў маіх дзяцей не было на руках пашпартоў — яны знаходзіліся ў міграцыйнай службе. І ў мяне былі ўсе падставы меркаваць, што мяне й дзяцей сілай могуць вывезьці на беларускую мяжу. Дочкі плакалі, бо баяліся, што нас усіх арыштуюць. Толькі пасьля таго, як амэрыканскія дыпляматы зьвязаліся з МЗС, беларускія ўлады згадзіліся пачакаць некалькі дзён, пакуль нам не аддадуць пашпартоў.

«НН»: Калі ў будучыні зьявіцца магчымасьць вярнуцца ў Беларусь, ці скарыстаецеся Вы ёй?

ТБ: Я ўсім сэрцам жадаю вярнуцца. Усё што адбылося, вельмі балюча. Я адчуваю, што ўва мне нешта памерла на гэтым тыдні.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0