На IV Зьезьдзе беларусаў сьвету дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель агучыў ідэю стварэньня энцыкляпэдычнага даведніка «Беларуская дыяспара». Раней праект друкаваўся ў чэрвеньскім нумары газэты «Беларус».

На маю думку, у энцыкляпэдыі, абок агульнага агляду беларускай прысутнасьці ў сьвеце і галоўных пытаньняў (беларускі палітычны і грамадзкі рух, царква, мова, мастацтва, прэса), неабходна згадаць і некаторыя мэмарыяльныя мясьціны, абумоўленыя драматычнымі й трагічнымі лёсамі нашых суродзічаў — Катынь, Монтэ-Касіна, Калыма, Котлас, Тайшэт.

Пры падборы пэрсаналій у Даведнік укладальнікаў чакае ці не «наймулчэйшы» клопат. Процьма патэнцыйных прэтэндэнтаў — не на адзін том! А калі браць пад увагу толькі больш-меншыя знакамітасьці, то для многіх беларускасьць пачалася і скончылася на адным-адзіным факце нараджэньня на тэрыторыі Беларусі, і іх дальшыя лёсы не былі ніяк зьвязаны зь першарадзімай. Ці варта такіх, няхай і міжволі «блудных сыноў» цягнуць «за вушы» ў спомненае выданьне? Складанае пытаньне.

Таксама больш прыдатнай, адэкватнай бачыцца мне назва «Энцыкляпэдыя беларускага замежжа». Хтосьці калісьці афарыстычна й сутнасна адрозьніў два крэўныя паняткі: эміграцыя сядзіць на чамаданах, дыяспара трывае на сваёй спрадвечнай зямлі. Адсюль і відавочная розьніца паміж беларускімі пасяленцамі ў Амэрыцы, Аўстраліі, Вялікабрытаніі (нават калі тыя «чамаданы» даўно спарахнелі) і адпаведнымі жыхарамі памежных Беласточчыны, Віленшчыны, Смаленшчыны. Так што назва «замежжа», на нашу думку, справядліва і гарманічна лучыла б адных і другіх — у супольным, няхай і віртуальным, Беларускім Доме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0