У свой час Сівакоў моўчкі прыняў загад Лукашэнкі прывезьці з Атэнаў 25 мэдалёў, хоць добра разумеў нерэальнасьць лічбы. Як памятаем, у Атэны яго не пусьціў Эўразьвяз. Але застаючыся ў Менску, міністар усёй душой перажываў за нашых атлетаў. Варта было толькі прачытаць віншавальныя граматы беларускім мэдалістам, напісаныя не шаблённа, а шчыра.

Атлеты ня выканалі «пляну», заваяваўшы толькі 15 узнагарод з 25 заплянаваных — адстаўка Сівакова здавалася вырашанай справай. Але прэзыдэнт абмежаваўся жорсткай крытыкай міністра. Сівакоў ізноў змаўчаў.

У сьнежні зьявіліся чарговыя чуткі пра адстаўку. Тады міністар нечакана пайшоў у адпачынак. Пасьля стаў надта незалежным у сваіх словах і дзеяньнях. Сівакоў быў адзіны чалавек з ураду, які мог пахваліць крытычныя матэрыялы на спартовую тэматыку ў незалежнай прэсе ці раскрытыкаваць спартовыя парадкі. За што й паплаціўся. Людзі ў нашым урадзе, якія становяцца свабоднымі ў сваіх думках, заўсёды канчаюць аднолькава — звальненьнем.

Я перакананы, што й сапраўды незалежнай і беларускай Беларусі не зашкодзіў бы ва ўрадзе такі чалавек. Хоць са зьменай улады яго, магчыма, чакаюць судовыя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0