Аляксандар Лукашэнка мусіць ведаць, што атрымае падтрымку апазыцыі, калі рубам будзе пастаўлена пытаньне аб сувэрэнітэце краіны. Таксама і народ мусіць ведаць, што ўсе цяжкасьці можна пераадолець, калі будзе нацыянальнае адзінства.

Піша Юры Хадыка.

Пагроза страты сувэрэнітэту абвастрылася чарговы раз. Зразумела, што Лукашэнка ня згодзіцца разьвітацца зь неабмежаванаю ўладаю. Пуцін ня пойдзе на такое аб’яднаньне, калі меншы партнэр будзе мець магчымасьць вырашаць найважнейшыя геапалітычныя праблемы Расеі і распараджацца «ядзерным чамаданчыкам». Здавалася б, тупік. Але кожны бок мае аргумэнты для працягу інтэграцыйных гульняў.

А.Лукашэнка, не праводзячы даўно насьпелых рэформаў, крайне зацікаўлены ў танным расейскім газе і ў свабодным доступе на расейскія рынкі. Інакш ягоная электаральная падтрымка рэзка скароціцца. Гэта і прымушае яго езьдзіць на паклон у Маскву і прыніжана выпрошваць абніжкі цэнаў. Але і Масква ня вольная ў сваіх дзеяньнях. Абяцаньнямі хаця б часткова аднавіць СССР беларускі прэзыдэнт распаліў у золатагаловай пажар вялікадзяржаўных жарсьцяў.

У.Пуцін рызыкуе, аддзяліўшы «мух ад катлет», нанесьці сьмяротны ўдар па сваёй уладнай камандзе. Расейская апазыцыя зжарэ яго з трыбухамі, калі ён адмовіцца працягваць бессэнсоўны дыялёг зь менскім партнэрам ці згодзіцца перадаць Японіі чатыры паўднёвыя выспы Курыльскай грады.

Нічога, што яны жывуць у бядоце побач з квітнеючай Японіяй. Нічога, што на іх няма карэннага расейскага насельніцтва. Нічога, што яны сталі расейскай уласнасьцю па волі пераможцаў, якія паставілі Японію на калені атамнымі бамбаваньнямі. Філязофія і «нораў» расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму патрабуюць стаяць на сваім — як у спрэчках на Ўсходзе, так і ў інтэграцыйных гульнях на Захадзе. Галоўнае ў абодвух выпадках — тэрыторыя. Адмовіцца ад яе набыцьця — неймаверна для расейскай улады.

Так і выходзіць, што галоўнаю перашкодаю на шляху да «аншлюсу» Беларусі зьяўляецца ўладалюбства яе першага прэзыдэнта, якое ня можа быць задаволена ў Маскве.

Гэта прымушае апазыцыю думаць, як дапамагчы А.Лукашэнку захаваць сувэрэнітэт краіны, калі Масква знойдзе спосаб прымусіць Аляксандра Рыгоравіча зрабіць рэальны выбар паміж самастойнасьцю і танным газам.

Трэба згадаць нядаўнюю гісторыю. У 1992 г., калі над толькі што набытай незалежнасьцю Беларусі ўпершыню навісла небясьпека, паколькі старая камуністычная намэнклятура не была падрыхтаваная кіраваць без падказак з Масквы, па ініцыятыве БНФ «Адраджэньне» быў створаны Антыкрызісны камітэт. У яго склад, акрамя прадстаўнікоў апазыцыі, увайшлі старшыня Прэзыдыюму ВС С.Шушкевіч, старшыня Саўміну В.Кебіч і сілавыя міністры. Мэтай камітэту была абарона сувэрэнітэту РБ.

Нельга сказаць, што Антыкрызісны камітэт існаваў доўга ці зрабіў нейкія рэальныя захады. Істотны сэнс мае сам факт яго стварэньня, які прадэманстраваў нацыянальную згоду ў час, калі антыкамуністычныя настроі ў грамадзтве былі вельмі моцнымі. Антыкрызісны камітэт быў утвораны па ініцыятыве З.Пазьняка, які вядомы сваім рыгарызмам. Але нават ён разумеў, што страту незалежнасьці нам не даруюць наступныя пакаленьні.

Незалежна ад нашых намераў і думак набліжаецца «момант ісьціны», калі давядзецца зрабіць выбар, які пагражае пагаршэньнем сацыяльных умоў. І А.Лукашэнка павінен ведаць, што атрымае падтрымку апазыцыі, калі рубам будзе пастаўлена пытаньне аб сувэрэнітэце краіны. Таксама і народ мусіць ведаць, што ўсе цяжкасьці можна пераадолець, калі будзе нацыянальнае адзінства. Як у Польшчы ці краінах Балтыі. Гэтыя краіны купляюць газ па сусьветных цэнах, але ўжо абагналі Беларусь па ўзроўні жыцьця. Толькі дзякуючы нацыянальнай згодзе.

Магчыма, што ў гэтым выпадку рэалізуецца ідэфікс А.Лукашэнкі пра палітычную стабільнасьць. Паколькі стабільнасьць магчымая толькі пры аднадушшы пераважнай большасьці. Гэтага даўно ўжо няма ў нашай слаўнай краіне. І гэтаму можа паспрыяць жорсткі выбар, што набліжаецца.

ЮРЫ ХАДЫКА — прафэсар фізыкі, намесьнік старшыні Партыі БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0