Прастытуцыя — інстытут, аўтар якога — мужчына. Бэнэдыкт XVI патрабуе дэлегалізацыі прастытуцыі, бо верыць, што гэта пазьбежнае зло. Як яго папярэднікі верылі ў пазьбежнасьць прыгону ці рабства.

Піша Пётра Рудкоўскі ОП.

«Мужчыны — кабялі. Дзярбань іх бяз жалю. Асабліва старых казлоў. Захочуць такую лялю — раскашэляцца», — павучала Сьвета сваю сяброўку ў міні-апавяданьні Леаніда Калодзежнага «Плечавая».

«Плечавая» — адзін з сэрыі «абразкоў» Калодзежнага, сабраных пад назвай «Шрамы на сэрцы» і апублікаваных колісь у «ЛіМе».

Прастытуцыя — гэта існы «шнар на сэрцы» і выклік для калектыўнага сумленьня сёньняшніх грамадзтваў. «Сучасная форма рабства» — гэтак названа прастытуцыя ў ватыканскім камунікаце, які стаўся падагульненьнем сымпозіюму, праведзенага нядаўна рымскаю курыяй пад патранатам папы Бэнэдыкта XVI. У згаданым камунікаце маецца таксама заклік да ўрадаў краін сьвету прыняць адмысловыя законы, караючыя за наведваньне прастытутак.

Што азначаюць сымпозіюм і камунікат? Можна лёгкаю рукой надаць гэтай падзеі чыста палітычную інтэрпрэтацыю (некаторыя мас-мэдыя так і робяць): вось прыйшоў да ўлады «жалезны кардынал», зацяты кансэрватар, і вось яго першыя крокі — замацаваць кансэрватыўна-хрысьціянскую этыку ў сьвецкіх грамадзтвах з дапамогай дзяржаўных інстытутаў. Хтосьці пры жаданьні мог бы назваць гэта «этычным імпэрыялізмам» або нават «наступам інквізыцыі» на вольны сьвет. Паспрабуйма ж, аднак, раскрыць этычныя, антрапалягічныя ды тэалягічныя акалічнасьці гэтага «наступу».

1. Тэалёгія цела. Гэта — адзін з абшараў тэалёгіі, якому памерлы Ян Павал ІІ надаваў шмат увагі. Цела неразрыўна зьвязана з душою, злучана зь ёй «на добрае і злое». Менавіта гэтая антыдуалістычная акалічнасьць (адыход ад супрацьпастаўленьня душы і цела) і ёсьць адной зь перадумоў для таго, каб супрацьпаставіцца прастытуцыі. «Чалавек — гэта ня лялька, што складзена зь дзьвюх паловак, і дух ягоны гэтаксама цялесны, як і цела — адухоўлена», — пад гэтымі словамі Юр’я Рурыкава, аўтара «Трёх влечений», Караль Вайтыла — Ян Павал ІІ — пэўна аберуч падпісаўся б і дадаў, што абаім — душы і целу — наканавана злучыцца пасьля паўсюднага зьмёртвыхпаўстаньня і быць разам вечна. Таму калі цела прадаецца, то і душа прадаецца. (На грунце дуалізму — ці то ў вэрсіі Дэкарта, ці ў вэрсіі Гэгеля — можна неяк апраўдаць прастытуцыю: калі цела аддадзена ў рабства мужчынскай жадобы, душа можа застацца сьветлай і непарушнай. Вось жа душа насамрэч таксама «ўцягнута» ў гэты ганебны гандаль. Прыніжэньне жанчыны адбываецца на любым узроўні — і духоўным, і псыхічным, і цялесным.)

2. Ordo amoris (дакл. «парадак каханьня»). Спэцыфіка каханьня ў тым, што яно прадугледжвае: а) поўны дар з самога сябе; б) плоднасьць. Каханьне — гэта ўзаемны дар, прастытуцыя — узаемныя прэтэнзіі, патрабаваньні. Прыярытэт каханьня — даваць, адорваць, прыярытэт прастытуцыі — безаблічныя, безыменныя, безасабовыя адносіны. «Галоўнае — валютай зашамаціш», як кажа Сьвета сяброўцы ў цытаваным абразку Калодзежнага. Страта цела і душы, дэфармацыя пачуцьцяў, сталы гвалт над сабой — вось сутнасьць прастытуцыі.

3. Учалавечаньне сэксу. Няма іншага спосабу ўчалавечыць сэкс, як толькі праз каханьне. Цікава сказаў адзін слынны псыхіятар, Рола Мэй: «Эрас ад нас уцякае, а сэкс эфэктыўна спрыяе гэтаму». Вось як: сэкс можа стацца ворагам эротыкі, і гэтак фактычна адбываецца, калі ён зьведзены да жывёльнага ўзроўню. Зьвяры ня ведаюць, што такое эрас. Прастытуцыя адмаўляе эротыку і дэфармуе сэкс, зводзіць яго да звычайнай і банальнай хімічнай рэакцыі.

4. Вызваленьне жанчыны. «Мужчына-анёл, апантаны жанчынай-дэманам», — такое мысьленьне яскрава прасочваецца як у грэцкіх філёзафаў, так і ў кнігах Старога запавету. «Хто з вас без граху, хай першы кіне ў яе камень», — нечакана кажа Хрыстос групе фанатычных мужчынаў, гатовых укаменаваць злоўленую «на гарачым учынку». «Фанатычных» — гэта зь сёньняшняй пэрспэктывы так можна сказаць, а ў тыя далёкія часы іх паводзіны былі, бадай, цалкам «правільныя». Але Настаўнік з Галілеі ўжо ў тыя далёкія часы радыкальна мяняе маральны дыскурс. «Хто з вас без граху» — бяз гэтага граху? Прастытуцыя — гэта інстытут, аўтарам якога, аказваецца, ёсьць мужчына, а жанчына — усяго толькі выканаўцам.

У сьвятле сфармуляваных заўваг (1, 2, 3, 4) можам глянуць на згаданы сымпозіюм і заключны камунікат як на частку маральна-рэлігійнае місіі, якую ўсклаў на царкву Ісус Хрыстос. Няма падстаў, каб разглядаць гэта як «правы рэванш» кансэрватыўнага крыла Каталіцкае царквы. А калі ўжо і прымяняць паліталягічныя катэгорыі, то гэты крок Бэнэдыкта XVI можна беспраблемна кваліфікаваць і як праяву «левалібэральнае» палітыкі! «Левая» — бо скіравана на абарону слабейшага (варта ўвагі, што ў камунікаце пастулюецца караць не жанчын-прастытутак, а мужчынаў-кліентаў). «Лібэральны» — бо за гэтым стаіць этыка пэрсаналізму («чалавек — найвышэйшая каштоўнасьць» у процівагу іншым прынцыпам: «інстынкт — найвышэйшая каштоўнасьць» або «валюта — найвышэйшая каштоўнасьць»).

Можна, аднак, спаслацца на вэбэраўскую грамадзка-этычную рэфлексію і запытацца, ці не бярэ тут «этыка перакананьняў» верх над «этыкай адказнасьці». Ці не прывядзе поўная дэлегалізацыя прастытуцыі да росквіту падпольнага гандлю жаночым целам? Маўляў, легальную пратытуцыю лягчэй узяць пад кантроль і такім чынам, прынамсі, залагодзіць формы эксплюатацыі? Мо якраз легалізацыя прастытуцыі — праява «этыкі адказнасьці», у процівагу «этыцы перакананьняў», сутнасьць якой — выключна пацьвярджэньне вызнаванае маральнае нормы, не зважаючы на вынікі?

На маю думку, прастытуцыя, гэтаксама як наркабізнэс, — гэта дастаткова дэструктыўная зьява, каб быць па-за ўзроўнем грамадзкай талеранцыі. Інакш кажучы, «патэнцыял зла» легалізацыі прастытуцыі нашмат большы, чымся «патэнцыял зла» яе дэлегалізацыі. Шмат, аднак, залежыць ад таго, ці мы сёньня верым, што прастытуцыя — гэта ўсё ж «пазьбежнае» зло, гэтаксама як колісь верылі нашы папярэднікі, што можна пазьбегнуць масавай галечы, адмовіцца ад інстытуту прыгоннага права і пераадолець непісьменнасьць ніжэйшых слаёў, хоць яшчэ пару стагодзьдзяў назад гэта здавалася немагчымым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0