За яго працуе Курэйчык. «Чычыкава» ў Купалаўскім глядзеў Аляксандар Фядута.
Тэатар імя Янкі Купалы ўсё яшчэ ўспрымаецца ў якасьці галоўнай сцэны краіны. А значыць, прэм’ера, што завяршае сэзон «купалаўцаў», — кропка ў канцы ўсяго тэатральнага сэзону.
У гэтым выпадку сышлося ўсё, каб прэм’ера стала гучнай. Галоўная сцэна, галоўны рэжысэр (якім павінен зьяўляцца мастацкі кіраўнік тэатру Валеры Раеўскі), у якасьці аўтара інсцэніроўкі — галоўны — ці, ва ўсякім разе, самы скандальны і самы вядомы — драматург найноўшай Беларусі Андрэй Курэйчык. На сцэне — Віктар Манаеў, Генадзь Аўсяньнікаў, Аўгуст Мілаванаў, Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан.
Усё гэтае сузор’е бліскучых імёнаў і рэгалій зычліва прыняло ў свае абдымкі пачынаючага расейскага пісьменьніка М.Гогаля. Так загадчыку літаратурнай часткай ласкава дазваляецца раз на сто гадоў выступіць з бэнэфісам на кірмашы.
Гледачу прапануецца містычная камэдыя «Чычыкаў».
Штосьці па-школьнаму знаёмае і не без прэтэнзій на сучаснасьць. Для аўтара-пачаткоўца абыдзецца.
Зразумела, што ўкласьці паэму ў пракруставы рамкі сцэнічнай дзеі цяжка. Паэма — твор эпічны, патрабуе размаху. Каб сьціснуць «Мёртвыя душы» да патрэбнага ляканізму, Канстанцін Станіслаўскі ў свой час зьвярнуўся да Міхаіла Булгакава. Раеўскаму хапіла Курэйчыка.
Курэйчык пастараўся.
Бліскучы гогалеўскі разьдзел пра Плюшкіна ў Курэйчыкавай інтэрпрэтацыі сьціснуўся да трох з паловай хвілін. Адчуваецца рука майстра. Аўгусту Мілаванаву, які грае Плюшкіна, скардзіцца няма на што: зь яго зьлітаваліся. Старонка тэксту асаблівых намаганьняў не патрабуе. Плюшкін-Мілаванаў слупом выходзіць на сцэну, слупом некаторы час стаіць, потым сядзіць, потым зноў стаіць. Толькі-толькі ў душы плюшкінскай пачало прачынацца нешта чалавечае, як воляю рэжысэра, што ня даў актору абцяжарыць сябе абыгрываньнем хоць якой дэталі (адзіны ўцямны жэст Плюшкіна — цяганьне за сабой крэсла, што ў іншых сцэнах выконваюць «чыноўнікі» — слугі прасцэніюму), гэтае пачуцьцё гасьне ўжо канчаткова. Іграць няма чаго. Паставілі табе мізансцэну слупом — вось і стой, родненькі, а ня хочаш — крэслам пазабаўляйся. Так что скрушны мілаванаўскі голас нібыта лямант пра дапамогу: «Людзі, я ж яшчэ іграць магу! Якога чорта мяне крэслы цягаць прымушаюць?!»
І сапраўды — Плюшкіна да Мілаванава ігралі Ўсевалад Меерхольд, Барыс Петкер, Інакенцій Смактуноўскі. Пытаньне, што ж яны ўсе ў гэтай ролі такога знаходзілі, калі іх пераемніку нават на паклон выйсьці Бог (ці сумленьне?) не дазваляе?
Пераважная большасьць актораў дакладна ня бачаць розьніцы паміж «Мёртвымі душамі» і «Ажанiцца — не журыцца». Загадана: іграем камэдыю. Яны і іграюць. Бліскучы камічны талент Віктара Манаева (Манілаў), Мікалая Кучыца (Сабакевіч), Алены Сідаравай (Каробачка) здольны трымаць увагу гледача. Але ім рашуча няма чаго рабіць на сцэне. У кожнага загадзя прызапасены скрутачак паперы зь пералікам памерлых прыгонных, кожны на працягу пэўнага часу ад яго пазбаўляецца. І калі ў Гогаля нават перадача гэтага кавалачка паперы ад памешчыка Чычыкаву абыгрываецца, характарызуе былога ўладара, то чым ў купалаўскай пастаноўцы, апроч тэмпэрамэнту, бакенбардаў іншай формы ды сякога-такога налёту фрывольнасьці, Манілаў адрозьніваецца, напрыклад, ад Сабакевіча, баюся, ня ведае нават сам пан Раеўскі. «Камэдыю» іграюць бяз гогалеўскага побыту, бяз гогалеўскага гумару, а калі што сьмешнае глядач і знаходзіць, то гэта, відавочна, выдумалі самі акторы (напрыклад, паказваньне пальцам на пахаванага ў зямлі мужа — кожны раз пры згадваньні свайго статусу ўдавы — відавочная прыдумка Алены Сідаравай, з чым мы яе і віншуем).
Зрэшты, нават камэдыю купалаўцы ў гэтым выпадку іграюць чамусьці зь цяжкасьцю. Сцэна, дзе чыноўнікі калектыўна разважаюць пра прыроду чыноўніцкай сутнасьці, чамусьці часткова перанесеная ў «Мёртвыя душы» з «Рэвізора», далёка ня сьмешная, хоць Губэрнатар (Арнольд Памазан) з усіх сіл стараецца камікаваць. Капітан Капейкін (Мікалай Кірычэнка) раптам зьяўляецца ў выглядзе пірата з чучалам папугая на плячы (усё зразумела: тушкай, чучалам — ехаць трэба!). У астатнім усё — як у тэатры мадам Цюсо: характары васковыя і нецікавыя. Губэрнатарыха — яна і ёсьць Губэрнатарыха, Дачка-інстытутка паводзіць сябе абсалютна ў рыфму, а Пракурор ня здольны пераўвасобіцца ў сьвіньню, як бы яго ні атэстоўваў Сабакевіч: характар не прадуманы і не прамаляваны пастаноўшчыкам. І нават беларуская мова гучала так, быццам за кулісамі акторы тры гадзіны размаўлялі па-расейску, — зь мяккімі [ч’] і [р’] — і не пасьпелі перабудавацца. Дарма што акадэмічная сцэна павінна быць узорам сцэнічнага маўленьня. Макаравай і Станюце, якіх я яшчэ засьпеў на сцэне, сорамна было б за такую зьмену.
Галоўны правал у ансамблі актораў — Чычыкаў. Рэч ня ў тым, што Дзьмітры Ясеневіч — актор малады: гэты недахоп, як вядома, з узростам мінае. Проста Чычыкаў у Гогаля робіцца фігурай містычнай не таму, што мёртвыя душы скупляе па ўсёй Русі-матухне. А таму, што ён, як д’ябал-спакушальнік, знаходзіць патрэбны ключ да кожнага сэрца. Раеўскі з Курэйчыкам спрасьцілі сюжэт да немагчымасьці. Чычыкаў у іхняй інтэрпрэтацыі — новы расеец (ён нават зьяўляецца ў малінавым пінжаку — так яны зразумелі гогалеўскі «брусьнічны колер зь іскрай»). І ў ім якраз ніякай загадкавасьці быць ня можа — як у любым з герояў показкі. Езьдзіць чырванашчокі здаравяк, які з Манілавым гаворыць тымі ж інтанацыямі, што і з Сабакевічам, з Наздровым — што і з Плюшкіным, пракручвае афэру, дый… Дый нічога больш. Ні Чычыкава, ні містыцызму. Ні Расеі-тройкі — на гэты вобраз рэжысэр, дзякуй богу, нават не замахваўся: ня ў змозе перадаць…
Як голас Валер’я Раеўскага ня ў змозе аказаўся перадаць Аўтарскі Голас Мікалая Гогаля. Адчуваецца, што хацелася пераўзысьці Таўстаногава, які чытаў у «Хануме» вершы Грыгола Арбэліяні. Але глухі, зь цяжкімі інтанацыямі, голас купалаўскага мастацкага кіраўніка, здавалася, павінен быў проста запаўняць паўзы, якія больш нічым запоўніць не ўдалося. Або — іншая вэрсія — сказалі: павінен быць Аўтарскі Голас. А ўжо які…
Адзіны, для каго Гогаль застаўся клясыкам, — бліскучы сцэнограф Барыс Герлаван. Вялізнае крывое люстра, што навісае над сцэнай, быццам павінна нагадаць: усё, што вы бачыце, шаноўны глядач, — толькі дрэнны сон, скажэньне рэчаіснасьці. Адлюстраваньні актораў плывуць, робяцца непазнавальнымі, прымушаюць узірацца і ўдумвацца: а на самай справе — што яно там адлюстравалася, у гэтым затуманеным шкле?
І гэта — адзіная гогалеўская загадка ў напаўправальнай інсцэніроўцы Курэйчыка—Раеўскага. У астатнім — Гогаль адпачывае. У водпуск сышоў, каб нічога гэтага ня бачыць.
Пачакай жа трохі. Адпачнеш і ты…
∎
АЛЯКСАНДАР ФЯДУТА — публіцыст, літаратуразнаўца.