У японскім анімэ ёсьць жанр пра дзяўчынак-чараўніц, якія валодаюць магічнымі здольнасьцямі: у працэсе сталеньня гераіні вучацца кіраваць схаванымі сіламі. Аўтары фільму «Джынсы-талісман», відавочна, пазычылі гэты сюжэт, крыху зьмяніўшы яго.

Кампанія з чатырох 16-гадовых сябровак у знак летняга разьвітаньня купляе джынсы ў складчыну. А чароўная якасьць джынсаў у тым, што яны сядзяць на кожнай як улітыя — незалежна ад фігуры. Зьдзіўленыя сяброўкі засноўваюць «ордэн панталёнаў», дамаўляюцца насіць джынсы па чарзе і дасылаць адна адной навакуплены талісман з апісаньнем уласных прыгод.

Нягледзячы на фрывольную назву сястрынства, гераіням прыходзіцца вырашаць няпростыя жыцьцёвыя праблемы: закахацца ў сямейнага ворага, спакусіць трэнэра ў футбольным лягеры, пасябраваць зь дзяўчынкай, хворай на лейкемію.

Маладыя актрысы граюць без празьмернай саладжавасьці, а рэжысэр Кен Куопіс здольны на значна большае. Але спачуваньне хворай, разуменьне таго, што «цуды ў штодзённасьці», а іх крыніца — людзкія ўчынкі, што важна слухаць і дараваць — зусім нямала для камэрцыйнага жанравага кіно.

Адзін расейскі крытык прызнаўся, што пасьля праглядаў «Джынсаў-талісману» пачаў лепей разумець сваю 12-гадовую дачку. Фільм прызначаны менавіта для гэтага веку.

«Джынсы-талісман» («The Sisterhood of the Traveling Pants»).

ЗША, 2005, каляровы, 119 хв.

Жанр: дзявочая драма паводле аднайменнага раману Эн Брашэрэс.

Адзнака: 4 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0