Невялікае пра вялікіх
Шэксьпір і душа
Узаемаадносіны рацыянальнага і пачуцьцёвага, душы і цела цікава абыгрываюцца Ўільямам Шэксьпірам у маньерыстычным «Гамлеце»:
Паколькі сьцісласьць — розуму душа,
А мнагаслоўе — члены і прыдаткі,
Я буду сьціслы. Ваш шаноўны сын —
Вар’ят...
Так у перакладзе Юркі Гаўрука, а ў Барыса Пастарнака гэтак:
Итак, раз краткость есть душа ума,
А многословье — тело и прикрасы.
То буду сжат. Ваш сын сошёл с ума.
Мой неабавязковы варыянт:
Душа разумнасьці — ашчаднасьць.
Шматмоўе — цела і бязладнасьць.
У арыгінале радкі выглядаюць так:
Therefore, since brevity is the soul of wit,
And tediousness the limbs and outward
flourishes,
I will be brief. Your noble son is mad…
Мяне моцна непакоіць суседзтва разваг пра душу і цела з гульнёю Гамлета ў вар’яцтва. Гульні ў вар’яцтва зазвычай сканчаюцца сапраўднай стратай розуму. А бязладнае, адчайнае шматслоўе якраз і выяўляе вар’ята, вылучае і пазначае яго.
14.08.2003, 22:50
Такубоку і нікчэмнасьць
Подыхі Азіі жахлівыя. Хто ніколі ня быў у азіяцкіх краінах, таму цяжка зразумець і паверыць у тое бязьмежна-безнадзейнае, што пануе на жоўта-залатым кантынэнце. «Няўжо можа быць нешта, створанае чалавекам, — вялікае? Сам чалавек не вялікі, не каштоўны», — кажа Ісікава Такубоку ў «Дзёньніку, напісаным лацініцай». Ён нібыта засьцерагае заходнюю, лацінскую, хрысьціянскую культуру ад празьмернага захапленьня Ўсходам.
5.10.2003, 17:30
Гогаль і лірызм
«Я сказаў, што дзьве рэчы выклікалі ў нашых паэтаў гэты лірызм, блізкі да біблійнага. Першы зь іх — Расея. (…) Але пяройдзем да другой рэчы, у якой таксама чуецца ў нашых паэтаў той высокі лірызм, пра які і ідзе гаворка, то ж бо — любоў да цара», — пісаў Мікалай Гогаль у «Выбраных месцах зь перапіскі зь сябрамі» (1847). Расея і любоў да цара — грунт расейскай паэзіі. Не пагадзіцца з Гогалем? Абсурд. Але дзьве гэтыя рэчы, найважнейшыя для паэтаў расейскіх, у паэтаў беларускіх выклікалі нянавісьць. Павесіць цара заклікала Цётка. Антырасейскія вершы пісалі ўсе вядомыя беларускія паэты ад Купалы і да Сыса. Калі ж беларускіх паэтаў змушалі ўхваляць расейскіх уладароў і саму Расею, выходзіла кепска прыхаванае фальшаваньне. Сапраўднымі каштоўнасьцямі для беларускіх паэтаў зьяўляюцца: Беларусь, мова і беларус. Зразумела, што тут ішла гаворка пра грамадзянскую лірыку, пра геапаэтыку, а не пра паэзію чыстае красы.
18.03.2005, 14:23