Мужчынаў і жанчын падзяляюць схільнасьці, здольнасьці, каштоўнасьці, патрэбы, зацікаўленьні і амбіцыі — гэта вынік біялягічнай эвалюцыі. Менавіта ўлікам гэтых адрозьненьняў, а не бяздумным імкненьнем да «роўных суадносін» павінна вызначацца разумная сацыяльная палітыка.

Артыкул Гелены Кронін.

Апошнім часам шмат задумваюся над сувязьзю паміж дзьвюма рэчамі. З аднаго боку, навука гаворыць нам пра адрозьненьні паміж мужчынамі і жанчынамі, што разьвіліся ў выніку эвалюцыі, — такія палажэньні сучаснага дарвінізму. З другога — маем грамадзкае ўспрыманьне навукі, крытычнае і прасякнутае поўным неразуменьнем. Спробы прымяненьня эвалюцыйнай тэорыі да нашага ўласнага віду заўжды нараджалі непрыманьне, але, калі мы зьвяртаемся да пытаньня міжпалавых адрозьненьняў, гэтае непрыманьне перарастае ў варожасьць.

Праблема заключаецца ў зьмешваньні навукі і палітыкі. Здаецца, людзі прыйшлі да меркаваньня, што калі ім не падабаецца ідэалягічнае ўвасабленьне навуковых адкрыцьцяў, дык можна адкінуць прэч навуку.

Але навука зусім не фармулюе ідэалягічных высноў. Навука гаворыць пра тое, што ёсьць. І калі з навуковых пастулятаў выводзяцца маральныя ацэнкі, сумнявацца варта ў інтэрпрэтацыі, а не ў пастулятах. Тым часам людзі так неахвотна прымаюць вышэйзгаданыя высновы, што адмаўляюць навуку, замест таго каб шукаць памылкі ў інтэрпрэтацыі яе зьвестак.

Гены і навакольнае асяродзьдзе

Добрым прыкладам зьяўляецца так званы генэтычны дэтэрмінізм, ці перакананьне, што раз прырода чалавека сфармавалася ў ходзе эвалюцыі, то яна нязьменная і папросту наканаваная нам. І нічога мы ў такой сытуацыі ня зробім — ня зьменім сьвету, не пабудуем лепшага грамадзтва, а любая сацыяльная палітыка бессэнсоўная.

Такія сьцьверджаньні цалкам няслушныя, а спараджаюцца яны неразуменьнем адрозьненьня паміж чалавечай прыродай — псыхалягічнай спадчынай эвалюцыі — і паводзінамі, што зьяўляюцца яе, прыроды, праявай. Вядома, ёсьць прырода чалавека. Яна ўнівэрсальная і нязьменная, яна праяўляецца ў кожнага нованароджанага дзіцяці ад пачатку гісторыі нашага віду. Але чалавечыя паводзіны, якія зь яе вынікаюць, бясконца зьменлівыя і разнастайныя. Таму што нават пры вызначаных правілах гульні можа зьявіцца бясконцая колькасьць варыянтаў. Натуральны адбор ставіць кожнага чалавека ў пэўныя рамкі — менавіта яны вызначаюць нашу прыроду. Але эвалюцыя засьведчыла таксама, што людзі паддаюцца ўплыву фактараў навакольнага асяродзьдзя. Таму адказ на генэтычны дэтэрмінізм просты: хочаш зьмяніць паводзіны — мадыфікуй асяродзьдзе. А каб ведаць, якія зьмены могуць быць дзейсныя і карысныя, трэба валодаць законамі дарвінізму. Мы павінны проста зразумець чалавечую прыроду, а не мяняць яе.

Выдатна ілюструе гэта клясычная праца Марго Ўілсан і Марціна Дэйлі пра забойствы. У 1970—1980-х гг., калі ў Чыкага ўчынялася 900 забойстваў на мільён жыхароў за год, гэты паказчык для Англіі і Ўэлзу складаў 30, а для Ісьляндыі — трохі больш за нуль. Тым часам з гледзішча генэтычнага фактару і чалавечай прыроды жыхары гэтых мясьцін адрозьніваюцца вельмі мала. Гэта выразна відаць, калі прыгледзецца да сухой статыстыкі. Так, калі пабудаваць адпаведны графік для Чыкага і налажыць яго на аналягічны графік для Англіі і Ўэлзу, выявіцца, што крывыя практычна супадаюць адна з адной. Паўсюль як сярод забойцаў, так і сярод ахвяр пераважаюць маладыя мужчыны — пачатак крывой, яе пік і спад апынуцца ў адным і тым жа месцы. Затое за лік забойстваў, у трыццаць разоў большы, адказвае ўжо асяродзьдзе.

І менавіта гэта — ключавы момант для палітыкі. Мы ўжо ведаем, што менавіта ў нашых сфармаваных у ходзе эвалюцыі мазгах выклікае вышэйадзначаныя паводзіны, — гэта ўнівэрсальная схільнасьць мужчынаў да канкурэнцыі, якая ў сваіх крайніх праявах можа прыводзіць да забойства. Цяпер мы можам задумацца, якія фактары навакольнага асяродзьдзя належыць зьмяніць, каб панізіць частату забойстваў.

Гены яшчэ ня ўсё

Мы таксама ведаем, чаму дарвінісцкі падыход, далёкі ад генэтычнага дэтэрмінізму, часам называюць — з пэўнай доляй іроніі — «энвайранмэнталісцкай тэорыяй» (ад анг. environment — асяродзьдзе). Генэтычны дэтэрмінізм зазвычай зьвязваюць з канцэпцыяй, што раз гены зьяўляюцца часткай ланцуга прычынна-выніковых адносін, то, каб зьмяніць вынік, неабходна мадыфікаваць гены, умешвацца менавіта ў генэтычныя перадумовы. А гэта досыць дзіўная ідэя.

Насамрэч няма падстаў усё сьпісваць на гены — бо нішто не паказвае на тое, каб менавіта іх лічыць найважнейшым фактарам. На прыкладзе статыстыкі забойстваў мы маглі пераканацца, што, калі справа датычыць унівэрсалій чалавечай натуры, натуральным полем для ўмяшаньня ёсьць асяродзьдзе.

Гэтаксама бывае і тады, калі мы маем справу з генэтычнымі адрозьненьнямі паміж людзьмі, — напрыклад, хоць бы ў выпадку схільнасьці да цукровага дыябэту. Там, дзе людзі харчуюцца традыцыйна — нізкакалярыйны рацыён, шмат клятчаткі, мала тлушчаў і вугляводаў, — цукровы дыябэт практычна не ўзьнікае. Затое рэжым харчаваньня, характэрны для сучасных грамадзтваў, прыводзіць да таго, што ў людзей, якія маюць большую спадчынную схільнасьць да гэтай хваробы, яна разьвіваецца амаль імгненна. Падобная розьніца існуе і ў інтэнсіўнасьці мужчынскай схільнасьці да канкурэнцыі. Іншая рэч, што ў адпаведным асяродзьдзі — у Ісьляндыі, але не ў Чыкага — яна зусім не абавязкова прыводзіць да забойстваў.

У мех з цэтлікам «генэтычны дэтэрмінізм» упіхваюць шмат самых розных рэчаў — разам са свабоднай воляй, адказнасьцю, кантролем над уласным жыцьцём. Я, аднак, ня ведаю ніводнай канцэпцыі біялягічнага дэтэрмінізму, якая тлумачыла б страхі, якія так часта пануюць паміж людзей. Наадварот — усё, што адносіцца да генаў, адносіцца таксама да асяродзьдзя. Таму, калі людзі настолькі баяцца генэтыкі, яны гэтак жа моцна павінны баяцца неспрыяльных умоваў, якія могуць скласьціся.

Розныя схільнасьці, здольнасьці, амбіцыі

З найбольшай варожасьцю сустракаецца ідэя, што існуюць — паўстаўшы ў ходзе эвалюцыі — адрозьненьні паміж мужчынамі і жанчынамі. Асабліва працівяцца ёй фэміністкі. Вядома, фэмінізм — вельмі шырокае паняцьце. У сапраўднасьці мала што яднае зацятых брытанскіх марксістак, «інтэлектуалак», якія пішуць на постмадэрнісцкім жаргоне, і бізнэс-вумэн, якая спрабуе змагацца з дыскрымінацыяй у карпарацыі. Але ў адным практычна ўсе адгалінаваньні фэмінізму адзіныя — яны антыдарвінісцкія. Нават тыя, што апэлююць да міжпалавых адрозьненьняў, проціпастаўляючы нас ім, хутчэй, жадаюць самі выдумляць гэтыя адрозьненьні, а не карыстацца даробкам навукі. Мяне гэта вельмі непакоіць, а як дарвіністку і фэміністку непакоіць удвая.

Здаецца, што ў вытоках фэмінізму ляжыць не да канца ўсьвядомленае перакананьне, што нельга дамагацца роўнасьці, калі жанчыны і мужчыны не зьяўляюцца ідэнтычнымі. Пішу «не да канца ўсьвядомленае», бо, як толькі яго сфармуляваць, палажэньне становіцца памылковым. Большасьць галін фэмінізму яўна зжыліся з думкай, што калі сапраўды існуе фундамэнтальная розьніца паміж поламі, дык барацьба за прыстойнае і эгалітарнае грамадзтва загадзя асуджана на паразу.

Тым, з чаго некалі зарадзіўся фэмінізм, быў пратэст супраць дыскрымінацыі жанчын толькі за тое, што яны жанчыны, — супраць забарон паступаць ва ўнівэрсытэты, мець маёмасьць ці супраць пазбаўленьня выбарчых правоў. На гэтую першапачатковую мэту забыліся, калі жаночы рух пачаў ігнараваць існаваньне прыроджаных адрозьненьняў паміж поламі і дамагацца паўсюднага выкананьня прынцыпу «50/50» — у навучальных установах, на прадпрыемствах, у спорце, у апецы над дзіцем. Калі недзе жанчыны не складаюць роўна паловы — о, гэта ўжо сэксізм!

На жаль, незалежна ад таго, маем мы справу з сэксізмам ці не, розьніца паміж поламі ёсьць. Два полы маюць розныя схільнасьці, здольнасьці, вартасьці, патрэбнасьці, інтарэсы і амбіцыі, а жанчыны звычайна робяць іншыя выбары ў параўнаньні з мужчынамі. І менавіта ўлік гэтых адрозьненьняў, а не бяздумнае імкненьне да «роўных суадносін», павінен вызначаць разумную сацыяльную палітыку.

Мы нараджаемся са сваім полам

Ніхто не сьцьвярджае, што розьніца паміж поламі вядзе да падзелу чалавечай расы на дзьве часткі. Аднак антыдарвіністы часта гавораць: «Але ж разнастайнасьць у межах пэўнага полу большая, чым розьніца паміж поламі». З гэтага мусіць вынікаць, што эвалюцыяністы ідуць памылковым шляхам, указваючы на міжпалавыя адрозьненьні.

Калі лепш прыгледзецца да такога падыходу, убачым, як шмат у ім памылковага. Па-першае — тое, ці маюць значэньне адрозьненьні, залежыць ад таго, чым мы зацікаўлены, якія задачы ставім перад сабой. Калі нехта хоча скалаціць капітал, яму напэўна ня варта прадаваць парнаграфічныя выданьні жанчынам і любоўныя раманы мужчынам. Таксама ня будзе добрай ідэяй выходзіць на рынак для дзяўчат з крывавымі кампутарнымі гульнямі…

Па-другое — калі правесьці дасьледаваньні, якія тычаць здольнасьці кідаць мяч, выявіцца, што вынікі хлопчыкаў і дзяўчат практычна не накладаюцца адны на адных. Штораз у большасьці выпадкаў хлопчыкі будуць выйграваць. Затое аналіз бегласьці маўленьня ў дзевяці выпадках зь дзесяці пакажа перавагу жанчын. І яшчэ адно: нават калі сярэднія паказчыкі ў пэўнай сфэры адрозьніваюцца паміж сабой няшмат, дык разьбежка паміж крайнімі вынікамі атрымліваецца значнай. Мужчыны ў сярэднім усяго на некалькі сантымэтраў вышэйшыя за жанчын, але ўсе самыя высокія людзі — мужчыны. Статыстыка няўмольная.

Самцы больш разнастайныя

Гэта, зрэшты, вельмі цікавае адкрыцьцё эвалюцыйнай біялёгіі — форма крывых раскладу амаль усіх рысаў для кожнага з полаў істотна адрозьніваецца. Трэба сказаць, адзначыў гэта яшчэ Дарвін — праўда, у дачыненьні да іншых відаў, а не да homo sapiens. Мужчыны (самцы) значна больш разнастайныя, чым жанчыны (самкі), — на абодвух краях спэктру выбар яўна большы. У выпадку большасьці рысаў гэта ня мае вялікага значэньня. Але як быць з фактам, што сярод жанчын значна цяжэй натрапіць як на разумова адсталую асобу, так і на генія? Калі я згадвала пра гэта на сэмінары ў адным з амэрыканскіх унівэрсытэтаў, прысутныя ў залі фэміністкі адразу накінуліся на мяне: «Папросту не існуе такой зьявы, як геніяльнасьць!» (Пазьней я дазналася, што гэта звычайны тэзіс у сфэры дасьледаваньняў праблем полу. Хацела б я ведаць, ці ўзялася ідэя адмаўляць паняцьце геніяльнасьці з таго, што так мала жанчын заслужылі гэты тытул?..)

Дарвінаўская тэорыя прадпісвае таксама істотна зважаць на адрозьненьні матывацыі і інтарэсаў. Пры якіх умовах здольны студэнт кансэрваторыі зробіцца зоркай? Калі ён будзе схільны да канкурэнцыі, рызыкі, барацьбы за статус ці калі цалкам прысьвеціць сябе прафэсіі, што прадвызначыць яго посьпех? Усе гэтыя рысы значна часьцей праяўляюць мужчыны — часам і звыш меры.

Хоць аргумэнт, што адрозьненьні ўнутры аднаго полу большыя, чым міжпалавыя, ахвотна прымаецца фэміністкамі, ён не да канца стасуецца зь іншымі іх тэзісамі. Бо калі жанчыны так істотна адрозьніваюцца паміж сабой, то не павінна бракаваць кабет, якія мелі б значныя дасягненьні ў традыцыйна «мужчынскіх» прафэсіях ці занятках — ад тэхнічнага праектаваньня да альпінізму. Фэміністкі адказваюць, што толькі мужчынскі шавінізм і брак веры ў сябе не даюць прадстаўніцам прыгожай паловы дасягнуць посьпехаў у гэтай сфэры. Ці так гэта? А можа, мы маем справу якраз з «унутрыпалавой разнастайнасьцю» — можа, кабеты, якія дасягаюць «мужчынскіх» посьпехаў, — гэта жанчыны з краю спэктру, якія адрозьніваюцца ад іншых прадстаўніц свайго полу з таго ці іншага гледзішча? Толькі што тады рабіць са звычкай ускладаць віну за ўсялякія няўдачы на мужчынскі шавінізм?

Унутрыпалавыя адрозьненьні

Гэта яшчэ ня ўсё. Хіба можна лічыць такія выключэньні (як хацелі б антыдарвіністкі) довадам на карысьць неіснаваньня эвалюцыйна абумоўленых адрозьненьняў паміж поламі? Якраз наадварот — жанчыны, якія дасягаюць посьпеху ў «мужчынскіх» сфэрах, даказваюць акурат справядлівасьць дарвінаўскіх палажэньняў. Вядома, што прасторавае ўяўленьне вельмі добра — практычна гэтак жа, як у мужчынаў, — разьвіта ў жанчын, якія падчас эмбрыянальнага разьвіцьця сутыкнуліся з высокай дозай андрагенаў. Тое самае з матывацыямі і схільнасьцямі. Жанчыны маскулінізаваных прафэсій рэагуюць на абвастрэньні сытуацыі дакладна гэтак жа, як мужчыны, — павышэньнем узроўню адрэналіну ў крыві. Усё сьведчыць пра тое, што жыцьцёвы шлях, які яны выбралі, стаў вынікам іх прыроджаных схільнасьцяў, а ня зробленага імі сьвядомага выбару (як нават я спачатку памылкова меркавала).

Аргумэнтацыя, што датычыць «унутрыпалавых адрозьненьняў», дастаецца са схованкі звычайна для таго, каб нагадаць, што статыстычныя абагульненьні нічога не гавораць пра адзінак. Гэта праўда. Але хіба размовы пра перашкоды ў прафэсійнай кар’еры і прасоўваньні жанчын па службовай лесьвіцы ня будуць тым жа «статыстычным абагульненьнем»? Вядома, асабліва на сярэднім узроўні кіраваньня (у большай ступені, чым на вышэйшых пасадах) жанчын у сярэднім менш. Ці азначае гэта, што праблему перашкод мы павінны абыходзіць толькі таму, што яна зьяўляецца статыстычным фактам? А між тым, менавіта статыстычных шанцаў датычыць вялікая частка фэміністычных баталій.

Сацыяльная лекцыя Дарвіна

Калі закранаюцца праблемы сацыяльнай палітыкі, часта ўзьнікае пытаньне: навошта мяшаць сюды Дарвіна? Але варта было б задаць адваротнае пытаньне: як наагул можна ўяўляць сабе адказную палітыку, не заснаваную на ведах пра эвалюцыйныя адрозьненьні паміж поламі? Бо палітычныя рашэньні ж павінны грунтавацца на разуменьні чалавечай прыроды — мужчынскай і жаночай. Як я адзначала, найлепшы спосаб зьмяніць паводзіны — гэта ўнесьці адпаведныя зьмены ў навакольнае асяродзьдзе. А слова «адпаведныя» можа значыць нешта зусім рознае для жанчын і для мужчынаў. Гэтую розьніцу якраз і падказвае нам тэорыя Дарвіна.

Нядаўна я прысутнічала на выступленьні нейкага сатырыка. Хочучы як мага мацней выкрыць «паўзучы нэадарвінізм», ён частаваў публіку такімі вось пэрламі: «Ня веру ў ген злачыннасьці. А калі такі і існуе, дык напэўна ляжыць вельмі недалёка ад гену «быць звольненым з працы».

Вельмі паліткарэктна — але цалкам памылкова! Дастаткова ўсьвядоміць сабе, як па-рознаму ўплывае беспрацоўе на жанчын і мужчынаў. Для жанчыны звальненьне азначае проста страту працы, для мужчыны — гэта страта статусу. А гэта, у сукупнасьці зь іншымі палавымі адрозьненьнямі, абумоўлівае зазвычай абсалютна розныя жыцьцёвыя шляхі для яго і для яе.

Мужчына зь нізкім статусам

Так, мужчына зь нізкім статусам — гэта партнэр зь нізкім статусам. Яму цяжэй знайсьці жанчыну, а знайшоўшы, цяжэй яе ўтрымаць. Шлюбы, у якіх муж зарабляе менш за жонку, часьцей распадаюцца. Расьце і рызыка шлюбнай нявернасьці — сярод амэрыканскай вышэйшай клясы імавернасьць, што гэта «ня ён» быў бацькам, меншая за 1%. У той жа час сярод беспрацоўных жыхароў трушчоб яна ўзрастае да 30%. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да пашырэньня бытавога гвалту: нізкі грамадзкі статус мужчыны спрыяе таму, што зайздрасьць вельмі часта ператвараецца ў жорсткасьць.

Больш за тое, як і ў многіх відаў жывёл, паніжэньне статусу мае выразны нэгатыўны ўплыў (сярод мужчынаў, не сярод кабет!) на стан здароўя і працягласьць жыцьця. Адначасова — і тут зноў відаць падабенства зь іншымі відамі — мужчыны (але не кабеты) больш схільны ісьці на рызыку, калі будучыня ўяўляецца ім няпэўнай.

Таму, калі, як сьцьвярджаў той сатырык, ген злачыннасьці суседзіць з генам страты працы, так адбываецца з прычыны эвалюцыйнага мінулага мужчынскай паловы чалавечага віду. Кожны, хто займаецца беспрацоўем, яго перадумовамі і грамадзкімі вынікамі, павінен усьведамляць гэта. Тэорыя эвалюцыі абсалютна неабходная, калі мы хочам аналізаваць прычынна-выніковыя сувязі.

Сацыяльная палітыка, якая ня ўлічвае палавых адрозьненьняў, ня ёсьць ні аб’ектыўнай, ні справядлівай. Навошта, напрыклад, заяўляць, што навучаньне хлопчыкаў і дзяўчат адбываецца ідэнтычна? Калі ўзяць матэматыку (дзе розьніца ў пасьпяховасьці найбольш уражальная), дык выявіцца, што перавага хлопчыкаў вынікае зь іх ад прыроды лепш разьвітога прасторавага ўяўленьня. Існуюць эмпірычныя падставы сьцьвярджаць, што, калі ў дачыненьні да дзяўчынак ужываць пэўныя мэтады навучаньня, якія дазваляюць абысьці гэтае абмежаваньне, можна дасягнуць значна лепшых вынікаў. Менавіта так і павінна будавацца справядлівая адукацыйная палітыка. Тое самае датычыць справаводзтва, працоўных узаемін, гаспадарчага плянаваньня…

Сацыяльная палітыка павінна быць эфэктыўнай у зьменлівым сьвеце. Гэтыя зьмены ахопліваюць і стасункі паміж поламі. Сёньня мы назіраем рост беспрацоўя сярод мужчынаў, і адначасова расьце колькасьць жанчын, якім даводзіцца самастойна выхоўваць дзяцей. І аказваецца, што чым вышэйшы статус жанчыны, тым хутчэй звужаецца кола яе патэнцыйных партнэраў.

Няроўнасьць расьце, і гэтак жа хутка расьце колькасьць мужчынаў з пэрманэнтна паніжаным статусам. Адначасова ўсё больш пашыраецца перакананьне, што праўная сыстэма ня можа разглядаць жанчыну як уласнасьць мужчыны. Як дасьць рады ўсяму гэтаму наша эвалюцыйна сфармаваная псыхіка, нашы стэрэатыпы, што склаліся ў эпоху каменнага веку? Як будуць рэагаваць жанчыны, як мужчыны?

Абараняю навуку

Мае погляды не павінны падацца супярэчлівымі. Я проста займаюся традыцыйнай навукай, абапіраючыся пры гэтым на ня вельмі рэвалюцыйны прынцып, што сацыяльная палітыка павінна грунтавацца на ведах. Так што ў сапраўднасьці гэта погляды людзей, якія разважаюць пра сацыяльныя праблемы, нічога ня ведаючы пра прыроду чалавека, павінны лічыцца супярэчлівымі.

На жаль, навуку дагэтуль недаацэньваюць. Адна з прычын, зь якіх так адбываецца, — добра вядомая нам хвароба рэлятывізму (асабліва ў яго найноўшым увасабленьні — постмадэрнізму ў розных праявах). За выняткам дакладных і прыродазнаўчых дысцыплін, што валодаюць прыроджаным імунітэтам, рэлятывізм пануе сёньня ва ўнівэрсытэтах, якія рыхтуюць уплывовую эліту будучыні. У выніку пашыраецца вартае жалю стаўленьне да навукі — вера ў тое, што не існуе ўнівэрсальных крытэраў для адрозьненьня праўды ад фальшу, што навука не вядзе да прагрэсу, што няма ніводнай спэцыфічнай прыметы навуковых ведаў. Адной з прычын, зь якіх такую папулярнасьць здабылі шматлікія крытыкі тэорыі эвалюцыі — што не зважаюць на факты, лёгіку і статыстыку, — зьяўляецца якраз перакананьне, што калі навуковы падыход — толькі адзін з магчымых, дык і няма абавязковай патрэбы ім карыстацца. З такім жа посьпехам можна прыняць і іншы пункт гледжаньня — напрыклад, тое, што стукне ў галаву.

Што горш, такая пазыцыя лічыцца сёньня адзнакай адкрытасьці розуму і прагрэсіўнасьці, а сапраўдная навука абвяшчаецца аўтарытарнай і трыюмфалістычнай. Тым часам навуку адрозьнівае перш за ўсё мэтадалёгія крытыкі. Калі навукоўцы не згаджаюцца паміж сабой, існуюць аб’ектыўныя мэтады праверкі, хто мае рацыю. Тэорыі, якія канкуруюць адна з другой, правяраюцца досьледным шляхам, і выйграе тая, слушнасьць якой пацьвярджаецца ў ходзе экспэрымэнту. Вядома, зазвычай гэта ня так проста. Навука не ствараецца адразу, яна не бывае беспамылковай. Але — прынамсі, да гэтай пары — яна паказала сябе найлепшай рэччу, якой мы валодаем, і спрычынілася да велізарнага прагрэсу. Калі людзі зразумеюць, што такое навуковы мэтад і ў чым крыніца яго сілы, да іх нарэшце дойдзе, што ёсьць усё-такі розьніца паміж ведамі навуковымі і ненавуковымі.

Зрэшты, велізарны патэнцыял эвалюцыйнай тэорыі не да канца ацэнены самой навуковай супольнасьцю. Мінула ўжо паўтара стагодзьдзя ад зьяўленьня працы Дарвіна «Аб паходжаньні відаў», а надалей існуюць абшары біялёгіі, не закранутыя эвалюцыйным мысьленьнем. Нават сярод тых, хто спасылаецца на Дарвіна, ідэя зірнуць на наш уласны від праз прызму эвалюцыйнай тэорыі сустракае пэўнае супраціўленьне — асабліва калі мы паглыбляемся ў праблематыку міжпалавых адрозьненьняў. Гэта ў нейкай ступені нагадвае антыдарвінаўскі падыход XIX і першых гадоў XX стагодзьдзя — чорнага пэрыяду ў гісторыі эвалюцыйнай тэорыі, калі ў біялёгіі дамінаваў вульгарны эмпірызм, а тлумачэньні мэханізмаў адаптацыі адмаўляліся як тэалягічныя, якія выходзілі за межы экспэрымэнтальнага матэрыялу, а праз тое ненавуковыя.

Таму праблема заключаецца ня толькі ў грамадзкім успрыманьні дарвінізму. Трэба таксама выхаваць давер да гэтай тэорыі ў многіх прадстаўнікоў сьвету навукі. Але калі ў мінулыя стагодзьдзі адмаўленьне Дарвіна было амаль трагедыяй, дык сёньняшняе нагадвае фарс. І няма сумненьня, куды пакрочыць навука.

ГЕЛЕНА КРОНІН — судырэктарка Цэнтру філязофіі прыродазнаўчых і грамадзкіх навук у Лёнданскім унівэрсытэце эканомікі, дзе яна таксама кіруе праектам «Darwin@LSE», мэтай якога зьяўляецца падтрымка дасьледаваньня ў сфэры эвалюцыйнай тэорыі. Аўтарка кнігі «Мурашка і паўлін». Пераклад паводле «Газэты выборчай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0