Згодна з Канстытуцыяй, кожны грамадзянін мае шанец 3 ліпеня прыняць вайсковы парад, патанчыць з моладзьдзю на Кастрычніцкай або ініцыяваць рэфэрэндум аб чарговым паглыбленьні інтэграцыі з Расеяй або ЭЗ.
Кожны з нас можа стаць прэзыдэнтам. Для гэтага ёсьць два шляхі: быць Лукашэнкам або стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі і перамагчы ў 2006 г. Жадаеце паспрабаваць? Прапануем вам практыкум у выглядзе настольнай гульні.
Як гуляць
Найперш знайдзіце сабе канкурэнтаў — такіх жа, як вы, амбітных людзей, каб гуляць разам. Зрабіце фішкі, якімі будзеце «хадзіць» (можна скарыстаць шахматныя фігуркі ці невялікія караняплоды). Потым вазьміце кубік, кідайце яго па чарзе і рухайцеся па полі ў адпаведнасьці зь лічбай, якая выпадае на кубіку. Трапляючы на кружкі з нумарамі, глядзіце «Ўмовы», што вас напаткала на цярністым кандыдацкім шляху. Месцамі ваша шанцаваньне будзе залежаць ад таго, цотная ці няцотная лічба выпала вам на кубіку ў часе апошняга ходу. Асобная ўвага — чорным кружкам. Колькі б вам ні выпала крокаў па кубіку, на чорным кружку вы мусіце спыніцца і выканаць заданьне пад адпаведным нумарам. У працэсе гульні вы будзеце набіраць балы. Пераможа той, хто набярэ іх найбольш. Каб іх колькасьць лепей запаміналася, запасіцеся якім-небудзь эквівалентам: запалкамі, драбкамі цукру, агуркамі — хто што любіць. Поўнымі куфлямі, з аглядкі на гарачыню, карыстацца не рэкамэндуецца. Шчасьлівай дарогі!
Пагадненьне аб супрацы
Я, кандыдат у кандыдаты ў прэзыдэнты, урачыста абяцаю няўхільна выконваць умовы гульні, хадзіць выключна па кружках у строгай адпаведнасьці зь лікам, які выпадзе на кубіку. Калі ж я парушу клятву і перастану трымацца правілаў гульні, няхай мой тэлевізар па ўсіх каналах паказвае толькі навіны БТ.
Дата
Подпіс
Умовы
1. Каб займець права ўдзельнічаць у гульні, падпішыце пагадненьне аб супрацы.
2. Вы запісаліся ў адну зь пяці партый «Дэмакратычнай кааліцыі». Партыйны сход мае вылучыць вас у кандыдаты. Аднак нават забаўляльны комплекс «Журавінка» і Менскі заапарк пасля званка з Адміністрацыі не пагаджаюцца даць памяшканьне для сходу. Давядзецца галасаваць на вуліцы. Калі ў часе апошняга ходу вам выпаў няцотны лік, вас адразу арыштавалі за несанкцыянаваны пікет. Вярніцеся на два крокі назад. Калі цотны — вас забралі ў пастарунак толькі пасьля таго, як сход аднагалосна прагаласаваў за вашую кандыдатуру. Працягвайце шлях.
3. Вы раскалолі адну са шматлікіх сацыял-дэмакратычных партый краіны і ствараеце з вашымі прыхільнікамі новую партыю. Трэба, каб яе зарэгістраваў Мін’юст. Гэта доўгі і нудны працэс. Калі вам выпаў няцот — кіруйце ўлева, у маратон па чыноўніцкіх кабінэтах. Калі лік цотны — управа. Віншуем, рэгістрацыя прайшла надзіва гладка.
4. Папярэднія выбары ў Горадні. Цот — вы перамаглі, дадайце сабе адзін бал і ідзіце далей. Няцот — на гарадзенскім вакзале на вас сеў рой з пасекі Аляксандра Мілінкевіча. Сход напалохаўся вашага выгляду і разьбегся. Прапусьціце ход і папрыкладайце да твару халодныя кампрэсы.
5. Незалежная прэса надрукавала маніфэст вашага руху «Воля нацыі». Пасьля гэтага некаторыя падпісанты (у тым ліку памерлыя) заявілі, што подпісы пад маніфэстам паставілі бязь іх ведама. Доўгая судовая каніцель. Прапусьціце ход.
6. Каб перастрахавацца ад аранжавай рэвалюцыі ў 2006 г., улада вырашыла абясшкодзіць лідэраў вулічнай апазыцыі. Калі ў часе апошняга ходу вам выпаў цот, вы — акулярык і невялікі ахвотнік стаяць у пікетах. Калі няцот — вы здаровы бугай, які па колькасьці ходак на Акрэсьціна даўно пераплюнуў Шчукіна. Вам інкрымінуюць пераход вуліцы на чырвонае сьвятло ў 1997 г., інтэрпрэтуючы гэта як масавыя беспарадкі, і адпраўляюць вас на «хімію». Вяртайцеся на пачатак гульні.
7. Рэгіянальнае галасаваньне ў Гомелі. Калі маеце цот, вы перамаглі. Вазьміце сабе драбочак цукру (ці чым там у вас пазначаюцца атрыманыя балы) і рабіце ход. Калі выпаў няцот, на пад’езьдзе да гораду вас спыніў міліцэйскі патруль. На праймэрыз вы спазьніліся. Цяпер або раскажыце на памяць гімн Рэспублікі Беларусі і едзьце сабе далей, або прапускайце ход.
8. Вас запрасілі паўдзельнічаць у ток-шоў «Да бар’еру» на расейскім канале НТВ. Вам супрацьстаіць сакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін. Няцот пазначае, што Барадзін зрабіў вас як маскаля пад Воршай, давёўшы, што пасьля ўвядзеньня адзінай валюты хлеб у Беларусі будзе каштаваць 100 рублёў. Адступіце на два крокі назад. Калі выпаў цот, усё наадварот. Вашаму тэзісу «Адзіная валюта — гэта павелічэньне цаны на хлеб у тры разы» Барадзін можа проціставіць толькі «Э-э-э-э». Поўная вікторыя. Увесь СНД у захапленьні ад вашага палітычнага генію. Дадатковыя два крокі наперад у часе наступнага ходу.
9. Рэгіянальныя праймэрыз у Берасьці. Калі маеце цот — вы перамаглі. Дадайце сабе адзін бал.
10. Вы зрабілі сабе радыкальны пірсінг, і электарат перастаў вас пазнаваць. Мінус адзін крок у часе наступнага ходу.
11. БТ прысьвяціла вам праграму «Ў цэнтры ўвагі». Зь яе вы дазналіся, што сьсеце гранты, ужываеце наркату, перасьледуеце непаўналетніх. А ў сабакі вашага прышчэпак няма. Затое электарат зноў пачаў пазнаваць. Плюс адзін крок у часе наступнага ходу.
12. Вас выклікалі ў КДБ і прапанавалі цёплае месца памочніка намесьніка па сувязях з экалёгяй з акладам і службовым «Масквічом-412». Калі няцот — ход абмінае вас, пакуль вы знаходзіцеся ў шокавым стане.
13. Рэгіянальныя праймэрыз на Магілёўшчыне. Калі маеце цот — дадайце сабе бал. Але пакуль вы перамагалі, хтосьці прапароў колы вашай «Волзе». Мінус адзін крок у часе наступнага ходу.
14. Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі ў Пінску «зуброўцы» спыталі, ці гатовыя вы вывесьці людзей на плошчу і адстаяць вынікі выбараў. Каб усіх пераканаць, дэманструеце прыём кун-фу. Калі няцот — вы зламалі нагу. Траціце адзін бал. Калі цот — прабілі нагой сьцяну хлеўчука, у якім адбывалася сустрэча. «Зубры» зразумелі, што Вы і ёсьць беларускі Саакашвілі. Дадатковы крок у часе наступнага ходу.
15. Рэгіянальныя праймэрыз у Менскай вобласці. Калі цот — вы выйгралі, дадайце сабе адзін бал. Калі няцот — вас выклікалі ў КДБ (вяртаецеся ў пункт 12).
16. У рангу бацькі беларускай дэмакратыі вы едзеце за мяжу чытаць лекцыю. У пяцізоркавым гатэлі ахапіла спакуса — плюнуць на ўсё і папрасіць прытулку на тлустым Захадзе. Калі вам выпаў няцот, страўнік часова трыюмфуе над сьвядомасьцю. Прапусьціце ход і бяжыце ў суседні «Adidas», пакуль ня скончыўся распродаж. А заадно раздайце канкурэнтам свае балы (пароўну). Калі цот, вы вытрымалі спакусу. Барацьба працягваецца!
17. Папярэднія выбары ў Менску. Калі ў часе папярэдняга ходу вы мелі цот — дадайце сабе бал. Калі не — вы праседзелі галасаваньне на берасьцейскай мытні. Цягнік, якім вы вярталіся з-за мяжы, забыліся апусьціць падчас замены колаў.
18. У Вашай кватэры вобшук. Нечакана для вас знайшлі патроны, снарады, улёткі Лябедзькі, меч князя Вячкі і глыбакаводную бомбу ў акварыюме. Крымінальная справа. Выбываеце з гульні.
19. Агульнанацыянальныя выбары ўдзельнікаў Усебеларускага кангрэсу дэмакратычных сілаў. Ад яго складу многае залежыць. Калі выпаў няцот — колькасьць вашых прыхільнікаў на Кангрэсе будзе мінімальная. Хоць яшчэ ёсьць шанец пераканаць аўдыторыю непасрэдна падчас Кангрэсу. Вы выклікаеце найлепшых іміджмэйкераў і рыхтуеце свой выхад. Але для гэтага прыйдзецца прапусьціць ход. На кубіку быў цотны лік? 99% удзельнікаў Кангрэсу патэнцыйна за вас! Дадайце сабе два бонусныя балы.
20. Вось ён, доўгачаканы Усебеларускі кангрэс дэмакратычных сілаў. Пачынаецца гістарычнае галасаваньне. Кідайце кубік — і да таго ліку, які выпадзе, дадайце колькасьць балаў, атрыманых цягам гульні. Таму, хто прыйшоў да фінішу першы — плюс адзін бал. Калі ў вас найбольш — вы пераможца! Рыхтуйцеся да сьмяротнага двубою з адзіным кандыдатам ад улады. Калі ж ваш калега набраў болей балаў — таксама не сумуйце. Згуляйце зь ім у 2011 год.
Гульню з умовамі і гульнявым полем шукайце ў папяровай і pdf-вэрсіі “Нашай Нівы”