Пастанова Канстытуцыйнага суду Расеі аб забароне татарскай лацінкі надала лінгвістычнай праблеме палітычны характар.

Пішуць Лёлік Ушкін і Цімур Абдулзалілаў з Уфы.

Паколькі чытачы ў Беларусі мала знаёмыя з сутнасьцю справы (а калі знаёмыя, дык у вэрсіі расейскіх СМІ), пачаць прыйдзецца з гістарычнага экскурсу. Татарская мова належыць да цюрскай групы алтайскай моўнай сям’і. Продкі татараў спачатку пісалі рунамі, потым так званым «уйгурскім правапісам». Булгары з Волгі, адны з продкаў сучасных татараў, перайшлі на арабскі шрыфт пасьля 992 году, сьледам за пераходам у іслам.

У XIX ст. у выніку разьвіцьця капіталізму і пашырэньня заходніх ідэй татарская інтэлігенцыя пачынае крытыкаваць арабіцу. Узьнікаюць праекты яе мадэрнізацыі або пераводу правапісу на іншую графічную аснову.

Чаму ўзьнікла неабходнасьць рэформы? Па-першае, тагачасны альфабэт перадаваў сыстэму гукаў не татарскай мовы, а арабскай. Па-другое, арабская графіка тэхнічна нязручная. Напісаньне адных і тых жа літар рэзка адрозьніваецца ў залежнасьці ад таго, у пачатку або ў канцы слова яны знаходзяцца, а таксама ад спалучэньня зь іншымі літарамі. Гэтыя абставіны ва ўмовах тэхнічнага прагрэсу стварылі дадатковую праблему, зьвязаную зь немагчымасьцю пісаць арабскай на друкаваных машынах (рашэньне было знойдзена толькі ў сярэдзіне 1920-х).

Нарэшце, непарыўная сувязь арабіцы з ісламам і навучаньне правапісу ў рэлігійных установах не спрыялі сэкулярызацыі грамадзтва і разьвіцьцю кантактаў татарскай культуры з эўрапейскай.

Яналіф

Пасьля рэвалюцыі 1917 г. рух за новы альфабэт набывае новы маштаб. У палеміцы наконт рэформы вызначыліся два напрам-кі — прыхільнікі захаваньня арабскага правапісу (пры ўмове ўнясеньня дадатковых значных зьмен) і прыхільнікі пераходу на лацінку.

Варыянту пераходу на кірыліцу не было наагул. З аднаго боку, на памяці яшчэ сьвежымі былі спробы царызму і праваслаўных місіянэраў навязаць мусульманам расейскую графіку. Па-другое, бальшавікі, якія марылі аб сусьветнай рэвалюцыі, самі зьбіраліся перавесьці расейскі альфабэт на лацінку.

Авангардам зьмен быў Азэрбайджан — найбольш разьвітая эканамічна і палітычна цюрская рэспубліка. Тут у 1922 г. быў створаны камітэт па пераводзе правапісу на лацінку. Першапачаткова азэрбайджанская лацінка называлася «jeni jol» (новы шлях), а ўніфікаваны варыянт, які ўзялі за аснову ўсе цюрскія народы СССР, — «яналіф» («новы альфабэт).

З канца 1920-х на лацінку пераходзяць усе савецкія цюркі, у тым ліку і чувашы, якія з 1870-х карысталіся расейскай місіянэрскай графікай.

У Татарстане ўвядзеньне «яналіфу» пачалося прыблізна зь сярэдзіны 1927 г. і закончылася ў асноўным да 1931 г. Дзеля перакладу на новую графіку літаратурных твораў заснавалі выдавецтва «Яналіф» і аднайменны часопіс. У пэрыядычных выданьнях тэксты нейкі час друкавалі ў абодвух варыянтах.

На кірыліцу за адну ноч

Пераход да сталінізму значыў зьмену вэктараў. Нацыянальная савецкая палітыка вяртаецца да самадзяржаўных канонаў. Паступова скарачаецца колькасьць нацыянальных газэт і часопісаў, ліквідуюцца нацыянальныя раёны, мовы нерасейскіх народаў (асабліва ў межах РСФСР) выцясьняюцца са сфэры справаводзтва. Складовай часткай гэтай палітыкі стаў перавод пісьменства ўсіх неславянскіх народаў СССР на кірыліцу.

Ужо па форме ўвядзеньне кірыліцы адрозьнівалася ад падзей 10—15 гадовай даўніны. Не было ніякага грамадзкага абмеркаваньня. У Татарстане ўсё абмежавалася выступамі двух прафэсараў, артыкулам нейкай перадавой настаўніцы і рашэньнем сходу пэдагогаў вучылішча. Гэтага аказалася дастаткова, каб давесьці перавагу кірыліцы над «яналіфам». Як пры пераводзе беларускай мовы з тарашкевіцы на наркамаўку. 5 мая 1939 г. афармляецца адпаведны ўказ Прэзыдыюму ВС Татарстану. Новыя правілы былі ўведзены на працягу некалькіх месяцаў. Аднак на практыцы за адну ноч: дзецям загадалі прынесьці хатняе заданьне, выкананае новымі літарамі… якія былі згрупаваныя ў альфабэце выключна арыгінальна: да 33 расейскіх, прыблізна ў тым жа парадку, дабавілі 6 татарскіх.

Кірылічны альфабэт абсалютна не пасуе сыстэме гукаў татарскай мовы. У ім прысутнічаюць літары, якім у татарскай мове няма гукавых адпаведнікаў, — «Ё», «Е», «Ц», «Щ», «Ю», «Я». І наадварот, адсутнічаюць знакі для абазначэньня цьвёрдых гукаў [къ], [гъ], напаўгалоснага (апошні перадаецца на пісьме аж праз тры літары — «Y», «В», «У», прычым кожная зь іх перадае свой «родны» гук!).

Слова «маладосьць» кірыліцаю трансфармавалася ў «яшьлек», негледзячы на тое, што літары «Я» ў татарскай мове ніколі не было, а мяккі знак ніколі не выкарыстоўваўся, бо мяккасьць зычных не адыгрывае сэнсаадрозьнівальнай ролі. Словы, узятыя з расейскай, сталі перадавацца без уліку татарскіх асаблівасьцяў. Па-татарску сталі чытаць, як па-расейску. Накшталт нашага «снег» зь цьвёрдым «с».

Шыла на мыла

Пасьля краху СССР цюрскія народы перажылі (азэрбайджанцы, узбэкі, туркмэны, крымскія татары) або перажываюць (каракалпакі, казахі, кіргізы) новую зьмену альфабэту. Татарская намэнклятура, амбіцыйная да лідэрства сярод расейскіх цюркаў і мусульманаў, наважылася на такі крок напрыканцы 1990-х. 15 верасьня 1999 г. Дзяржаўны Савет Татарстану прыняў закон «Аб аднаўленьні татарскага альфабэту на аснове лацінскай графікі». Згодна зь ім, на працягу 10 гадоў лацінскі і кірылічны альфабэты павінны былі існаваць у татарскай мове разам, пакуль грамадзтва не пачне карыстацца выключна лацінкай.

Замест гістарычнага «яналі-фу» Акадэмія навук Татарстану амаль скапіявала турэцкі альфабэт, разбавіўшы яго некаторымі татарскімі літарамі. У выніку ў альфабэце-99 зьявіліся нязручныя для выкарыстаньня надрадковыя знакі. Між тым татарская мова знаходзіцца ў вострай канкурэнцыі з расейскай. Таму любы недахоп правапісу адчуваецца вастрэй. Аднак працэс пачаўся, і, думаецца, адэкватныя карэкціроўкі раней ці пазьней у альфабэце-99 былі б зроблены. Але…

Каб другім не карцела

У першы год пасьля прыняцьця закону аб пераходзе на лацінку ніякай рэакцыі з боку Масквы не было. Там усе былі заняты бойкай за ўладу.Толькі з пачаткам 2001-га пачалі зьяўляцца артыкулы аб культурным адрыве Татарстану ад Расеі, узмацненьні турэцкага ўплыву, пагрозе сэпаратызму на адлегласьці 500 км ад Масквы. У адрозьненьне ад аналягічных артыкулаў мінулых часоў усе гэтыя пагрозы былі зьвязаны з увядзеньнем лацінкі. Потым прыйшла чарга «зваротаў абуранай грамадзкасьці». Свой унёсак зрабілі і служкі культу: вярхоўны муфтый Расеі Талгат Таджудзін неаднаразова пратэставаў супраць лацінкі. На самай справе, такім чынам татарскай бюракратыі Крэмль указваў на яе месца.

З канца 2002 г. Масква пераходзіць у адкрыты наступ на правы нацыянальных меншасьцяў. 11 сьнежня 2002 г. прымаецца папраўка ў закон «Аб мовах народаў РФ», згодна зь якой альфабэты дзяржаўных моў рэспублік могуць будавацца выключна на графічнай аснове кірыліцы. Пазьней з новай сілай загучаць праекты губэрнізацыі, узбуйненьня рэгіёнаў, пачнецца аншлюс нацыянальных акруг расейскімі краямі або абласьцямі зь відавочным прыцэлам на ліквідацыю рэспублік.

Рускімі літарамі

Тое, што было далей, нагадвала п’есу зь вядомым загадзя фіналам. Вынік звароту Дзяржсавету Рэспублікі Татарстан у Канстытуцыйны суд РФ па пытаньні канстытуцыйнасьці папраўкі быў лёгка прагназаваны.

16 лістапада КС Расеі прыняў пастанову, якая канчаткова пахавала альфабэт-99. Адкрыта было заяўлена, што рашэньне пытаньня графічнай асновы альфабэту «абумоўлена ня толькі асаблівасьцямі фанэтыкі мовы, але і… інтарэсамі дзяржавы». Далей гэтыя інтарэсы канкрэтызаваліся — «захаваньне дзяржаўнага адзінства». Зыходзячы з гэтага, суд прызнаў папраўку несупярэчнай Канстытуцыі, а каб падсаладзіць пілюлю, за татарамі ўсё ж прызналі статус «іншародцаў, якія маюць прывілей», — міласьціва дазволілі выкладаць расейскую і татарскую ў роўных памерах.

Уявіце, што ўрад Латвіі прымае закон, які пераводзіць усе мовы, якімі карыстаецца насельніцтва, на лацінскую аснову, аргумэнтуючы гэта неабходнасьцю «захаваньня дзяржаўнага адзінства».

Якія шалёныя енкі пачулі б мы зь лягеру расейскіх шавіністаў, колькі б абвінавачаньняў было на адрас «фашысцкіх уладаў», слоў пра дыскрымінацыю. І апошняе будзе абсалютна справядліва, аднак у адносінах да сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0