У артыкуле «Восеньскі маратон» («НН», №28, 29 ліпеня) Р.Якаўлеўскі піша, што ў сакавіку генэральны сакратар ААН Кофі Анан прапанаваў распачаць маштабную рэформу арганізацыі, пашыраючы колькасьць сябраў Рады бясьпекі.

Рэч у тым, што гэтая ідэя яшчэ ў лістападзе 1999 г. была зафіксаваная ў Парыскай дэклярацыі Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу «Выклікі глябалізацыі»: «Мы прапануем рэформу ААН і яе Рады бясьпекі праз павелічэньне яе складу. Гэта паспрыяе дэмакратызацыі Аб’яднаных Нацый, бо зробіць РБ больш прадстаўнічаю».

Сацінтэрн, разглядаючы на ХХІ кангрэсе праблемы глябалізацыі, падыходзіў да іх з гледзішча адносінаў паміж Поўначчу і Поўднем. Ён прапанаваў таксама «заснаваць пад эгідай ААН Раду эканамічнай бясьпекі» (гл.сайт www.socialistinternational.org). У аўтараў прапаноў (а Дэклярацыю рыхтавала камісія пад кіраўніцтвам экс-прэм’ера Гішпаніі Фэліпэ Гансалеса) і ў думках не было пашыраць Раду бясьпекі ААН праз уключэньне ў яе краін Поўначы. Мелася на ўвазе, што ў склад Рады ўвойдуць прадстаўнікі інтарэсаў Поўдня.

Як сацыяліст я цалкам падзяляю такі падыход. А вось гульні, якія пачаліся пасьля ХХІ кангрэсу СІ, прафанавалі гэтую шляхетную ідэю.

Дзіўна было б бачыць сярод пастаянных сяброў Рады бясьпекі Нямеччыну ды Японію — падпальшчыкаў ІІ сусьветнае вайны, супраць якіх і паўсталі Аб’яднаныя Нацыі. Ня меншаю «павагаю» да правоў чалавека і нацменшасьцяў славіцца яшчэ адзін пастаянны сябар Рады бясьпекі — КНР. Не хапала, каб да іх далучылася Індыя, у якой штогод толькі на каставай глебе забіваюць тысячы людзей.

Малайцы амэрыканцы. Яны, карыстаючыся правам вета, спынілі прафанацыю добрае ідэі і прыкрылі пытаньне пра пашырэньне РБ на няпэўны тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0