Прадпрымальнік і земляўласьнік палачанін Баляслаў Плясьневіч валодаў зямлёю на тэрыторыі сёньняшняга Расонскага раёну, а сяліба стаяла ў вёсцы Валатоўкі. Апрача вялікай гаспадаркі, Плясьневіч меў фарбавальню, вялікі пчальнік, трымаў конны завод, на якім гадавалі пародзістых рысакоў.

Палачане, якія наведвалі скачкі на іпадроме, часьцяком ставілі на ягонага жарабка Слаўнага. Конь быў такім добрым, што яго выкралі, прычым вельмі арыгінальна: на стайні разабралі страху, частку сьцяны і вывелі каня па кладцы.

Плясьневіч быў і вядомым мэцэнатам — дапамагаў манахіням Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра, пастаўляючы ім тканіну і мёд. Быў зацятым гульцом у карты і вельмі любіў паляўнічых сабак, якіх выпісваў з-за мяжы. Любіў цыганскія сьпевы і нават дазваляў цыганам жыць у сваіх уладаньнях. Вось толькі хварэў на самнамбулізм. Месяцовымі начамі трубіў у рог і сонны ішоў у стайню сядлаць каня, каб ехаць на ловы.

Вакол сядзібы рос парк зь ліпавымі ды дубовымі прысадамі, поруч была выкапана сажалка. Пасьля перавароту 1917 г. у адрозьненьне ад брата Якуба застаўся ў Полацку. У 1930-х сям’ю Плясьневічаў выслалі з родных мясьцін. Прычым самога яго разам з сынамі — у Архангельскую вобласьць, а жонку з дочкамі і малымі дзецьмі вывезьлі на Далёкі Ўсход. З бальшавіцкае катаргі вярнулася толькі ўнучка Ірына.

Чым гісторыя Плясьневіча і ягоная сядзіба не матэрыял для таго, каб вазіць у Валатоўку турыстаў?

Турыстычна-пазнавальныя праграмы, работнікі якіх да самай пэнсіі апавядаюць адну і тую ж гістарычную байку, могуць зьвесьці турбізнэс на нішто. Таму трэба ўражваць і зьдзіўляць. Уявім сабе, як у памяшканьне з адноўленым вучэбным абсталяваньнем і рарытэтнымі рэчамі ўваходзіць выкладчык у строях мніха-езуіта. З сваім адпаведна апранутым вучнем ён дэманструе наведнікам тэхнічныя прыёмы навучаньня цягам дзесяціхвіліннага «занятку», размаўляючы на старабеларускай мове. Турысты робяць запісы гусінымі пёрамі і атрамантам, створаным паводле старажытных рэцэптаў. У якасьці сувэніру ім застаецца аркуш паперы зь пячаткаю навучальнай установы. Музэй з элемэнтамі тэатру — гэта цікавае відовішча, якое рэанімуе гісторыю.

Тое ж тычыць і сядзібаў XVIII—XX ст. У нашых умовах адноўленыя панскія сядзібы-маёнткі Полаччыны з усёй інфраструктурай — паркамі, прысадамі, сажалкамі, альтанкамі — маглі б ператварыцца ў «монплезір» для наведнікаў. Сядзібная культура ў спалучэньні з паслугамі забаўляльнага — накшталт паездак у старых экіпажах і проста на кані — стала б стымулам для аднаўленьня ў рэгіёне конезаводаў. Праехаўшыся на кані і ўбачыўшы маляўнічыя краявіды, турыст мусіць добра паабедаць у адпаведным інтэр’еры і на старым посудзе.

На жаль, нават у самім Полацку турысты дагэтуль практычна не наведваюць старажытны пасад за лукавінай Палаты, зь якога і пачынаўся горад. Месца тое зарасло хмызьняком ды крапівою. Варта было б зрабіць даступнай для агляду частку замкавай гары — ад Чырвонага мосту да вусьця Палаты. Балазе там добра захаваўся гістарычны ляндшафт. Для таго каб зрабіць гэтую пракаветную мясьціну месцам масавых прагулянак, абапал Палаты варта б было пракласьці нешырокія сьцяжыны, перакінуць цераз рачулку пару мастоў. На самой гары варта б было аднавіць (хаця б у выглядзе муляжу) фрагмэнт драўлянай сьцяны і адну з абарончых вежаў.

Культурныя рэсурсы краіны патрабуюць сур’ёзнага вывучэньня і распрацоўкі. Старыя ж ідэалягічныя падыходы ў вызначэньні іх вартасьці наносяць шмат шкоды і прыносяць выключна сымуляцыйныя вынікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0