У арыгінале капітан Нэма быў каліноўцам, які помсьціў расейцам за сьмерць сям’і і задушэньне вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Аднак выдавец Этцэль быў супраць: так вымагала палітычная каньюнктура. Францыя больш сябравала з Расеяй, чым з Брытаніяй. Невядомыя старонкі біяграфіі вядомага пісьменьніка.

Французы гучна адзначаюць стагодзьдзе сьмерці Жуля Вэрна — пісьменьніка, чые кнігі ведаюць усе, але пра саму асобу вядома няшмат. Нават у найноўшыя часы здараюцца сэнсацыйныя адкрыцьці, такія, як знаходжаньне рукапісу раману «Парыж у XX стагодзьдзі». Кім жа быў стваральнік Філеаса Фога, капітана Нэма, інжынэра Сайраса Сьміта і дзяцей капітана Гранта?

За часамі СССР адзінай дазволенай біяграфіяй пісьменьніка была праца навукоўца Кірылы Андрэева «Трайное жыцьцё Жуля Вэрна», у якой клясык навуковай фантастыкі паказваўся як адданы прыхільнік сацыяльнага прагрэсу, амаль сацыяліст (галоўным сьведчаньнем — сяброўства зь некалькімі ўльтра-левымі). Але рэальны Вэрн ставіўся да дэмакратыі ў лепшым выпадку абыякава і значную частку жыцьця падтрымліваў розныя манархічныя ці аўтарытарныя тэндэнцыі. Але самае галоўнае — усё жыцьцё быў антысэмітам.

Знаходжаньне ў 1989 г. рукапісу раману «Парыж у XX стагодзьдзі», у сваю чаргу, пахіснула стэрэатыпнае ўспрыманьне Вэрна як энтузіяста тэхнічнага прагрэсу. Агульнапрынятым быў погляд, згодна зь якім толькі пад канец літаратурнай дзейнасьці Вэрн пачаў сумнявацца ў тым, што гэты прагрэс прынясе добры плён. Выявілася, што на досыць раньнім этапе творчасьці, адразу пасьля заканчэньня пераломнага раману «Пяць тыдняў на паветраным шары», Вэрн напісаў змрочную антыўтопію пра Парыж 1960 году, у якім усюдыісная тэхніка забіла культуру і здольнасьць да перажываньня пачуцьцяў.

Тагачасныя каштоўнасьці французаў

Парадоксаў не зразумець, калі ня ведаць часоў, у якія жыў Вэрн. Сымбалем эпохі зьяўляецца Эйфэлева вежа — праява інжынэрскай дзёрзкасьці, помнік, узьведзены сталі, пары і электрычнасьці. Сам канструктар Гюстаў Эйфэль на ўрачыстым адкрыцьці ў сакавіку 1889 г. не прысутнічаў — ён ужо месяц як сядзеў у турме. Эйфэля вінавацілі ва ўдзеле ў афэры Таварыства будаўніцтва Панамскага каналу — жульніцкай біржавой кампаніі, якая замест таго, каб будаваць канал, плаціла журналістам, паслам і міністрам, каб тыя сьведчылі аўтарытэтам, нібыта будаўніцтва сапраўды вядзецца.

У афэры былі замяшаны інжынэры — апроч Эйфэля, за кратамі апынуўся таксама Фэрдынан Лесэпс, праекціроўшчык Суэцкага каналу. Высьветлілася, што хабар бралі члены сям’і прэзыдэнта Жуля Грэві; выдатныя публіцысты і маральныя аўтарытэты, як будучы прэм’ер-міністар Жорж Клемансо ці тагачасны старшыня парлямэнту Шарль Фляке.

Афэра яскрава прадэманстравала квінтэсэнцыю каштоўнасьцяў, якімі жылі людзі часоў Вэрна і сам пісьменьнік: тут спляталіся біржа (і нявер’е ў яе сумленнасьць), дэмакратыя (і нявер’е ў яе эфэктыўнасьць), тэхніка (і страх перад злоў-жываньнямі, зьвязанымі зь ёй), а таксама чэкі з многімі нулямі, якіх адначасова прагнулі і якімі пагарджалі за тое, што яны робяць зь людзьмі.

І яшчэ важны элемэнт — габрэі. Адзін з галоўных афэрыстаў, барон Рэйнак, быў натуралізаваным габрэем. Панамская афэра засьведчыла, што антысэмітызм — пазыцыя, якой раней саромеліся, — зрабіўся модным поглядам, які тлумачыў усе хваробы францускай эканомікі і палітыкі. Некалькімі гадамі пазьней гэта прывяло да «справы Дрэйфуса», калі быў пакараны за шпіёнства афіцэр-габрэй. Хоць Дрэйфуса саслалі на Д’ябальскі востраў у францускую Гвіяну, контравыведка працягвала перахопліваць паведамленьні, што паходзілі ад той самай крыніцы, якою ў сапраўднасьці быў маёр Вальсэн Эстэргазі.

Нягледзячы на пераканаўчыя довады, многія французы лічылі, што Дрэйфус павінны застацца ў высылцы, бо гонар арміі быў важнейшы за нясправядлівасьць, учыненую ў дачыненьні да нейкага габрэя. Сярод іх быў і Жуль Вэрн, удзельнік групы інтэлектуалаў, якія супраціўляліся перагляду справы.

Сіла перакананьня выдаўца

Як жа сталася ў выніку, што, нягледзячы на ўсё, Вэрн так рэдка прыадкрываў уласныя погляды ў сваёй прозе? Адказ гучыць коратка і ясна: П’ер Жуль Этцэль, ягоны выдавец. Яны пазнаёміліся адзін з адным у 1862 г. Этцэль меў за сьпінай ідэалістычную маладосьць. Перакананы дэмакрат, ён эміграваў у Бэльгію пасьля дзяржаўнага перавароту Люі Напалеона, каб выдаваць там апазыцыйныя газэты. Па меры лібэралізацыі рэжыму вярнуўся ў краіну і шукаў для сябе нейкага прыбытковага і апалітычнага занятку.

Вэрн стаўся для яго літаральна маннай нябёснай, але і будучаму фантасту патрэбен быў нехта такі, як Этцэль. У момант сустрэчы Вэрну было 35 год (Этцэлю было пад пяцьдзясят), ён зь пераменным посьпехам гуляў на біржы ўласнымі сродкамі і грашамі сваіх кліентаў, а таксама бяз посьпеху спрабаваў сілы як празаік і драматург (ён апублікаваў жахліва антысэміцкі твор «Марцін Паз»). Яму быў патрэбны пералом, якім сталася напісаньне для Этцэля «Пяці тыдняў на паветраным шары» — найвялікшага бэстсэлеру 1863 году.

Можа, упершыню ў гісторыі поп-культуры Этцэль і Вэрн утварылі тандэм, які потым рэплікаваўся ў розных краінах, сытуацыях і жанрах. «Бітлз» і Браян Эпстэйн. Элвіс і палкоўнік Паркер. З аднаго боку велізарны талент, з другога — выдатнае адчуваньне таго, што менавіта ў гэты момант патрабуе масавы спажывец.

З гэтага не вынікае, што Этцэль пісаў раманы за Вэрна, як Эпстэйн не сьпяваў за «Бітлз». Але менавіта Этцэль навязаў Вэрну нязьменны аптымізм, які праменіць зь яго раньніх раманаў. Ён адрынуў рукапіс «Парыжу ў XX стагодзьдзі» з той прычыны, што масавы малады чытач не прыняў змрочнага чытва. Вэрн звычайна бяз спрэчак згаджаўся з вэрдыктамі свайго выдаўца проста таму, што ўжо перажыў працяглы пэрыяд, падчас якога пісаў, што хацеў — але ніхто не хацеў гэтага чытаць.

Згодна з Этцэлевымі парадамі Вэрн дабаўляў камічныя элемэнты, мяняў характар героям і нават дадаваў шчасьлівыя фіналы. «Таямнічы востраў» мусіў сканчацца тым, што каляністы сапраўды ратуюцца, але да канца жыцьця іх мучае настальгія па месцы іх колішняга зьняволеньня. Замест гэтага зьявіўся — па ініцыятыве Этцэля — дзіўнаваты хэпі-энд, у якім героі выкарыстоўваюць багацьце памерлага капітана Нэма на тое, каб у сэрцы ЗША рэканструяваць дакладную копію вострава, на якім яны правялі столькі год (што мае цікавыя фрайдысцкія матывы: вызваленыя будуюць копію турмы, каб сядзець у ёй добраахвотна?).

Капітан Нэма быў палякам

Адно з найістотнейшых умяшаньняў Этцэля (найважнейшае для чытача-паляка) тычылася капітана Нэма. У Вэрнавым рукапісе капітан быў палякам, які помсьціў Расеі за сьмерць сваёй сям’і ў выніку рэпрэсій па задушэньні паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Этцэль не згаджаўся: па-першае, меў у Расеі шмат падпісчыкаў, а па-другое, Расея была тады блізкім саюзьнікам Францыі. Аргумэнт з расейскімі чытачамі быў нацягнуты: шмат чытачоў было ў Этцэля і ў Вялікабрытаніі, што не перашкодзіла ў канчатковым выніку зрабіць капітана Нэма індусам, які помсьціў англічанам. Найважнейшай была палітыка, гэта значыць афіцыйная француска-расейская дружба.

Сытуацыя была парадаксальная — Этцэль, яшчэ ня так даўно рэспубліканскі ідэаліст, падвяргаў цэнзуры твор пісьменьніка, які ўвогуле ня меў бунтарскіх схільнасьцяў, але якому такі сюжэт пасаваў проста паводле літаратурнай кампазыцыі (як вядома, у «20 000 лье пад вадой» нацыянальнасьць Нэма застаецца нявысьветленай, не даведваемся мы таксама, за што і супраць каго ён змагаецца; нашмат пазьнейшае тлумачэньне з «Таямнічага вострава» аказваецца бессэнсоўным: калі б Нэма быў індусам, прафэсар Аранакс павінен быў бы, прынамсі, заўважыць яго азіяцкае паходжаньне). Пазыцыя Этцэля як выдаўца бэстсэлераў была, аднак, выдатнай ілюстрацыяй таго, што не бывае большых цынікаў, як учарашнія ідэалісты.

Упершыню Вэрн узбунтаваўся супраць Этцэля сямю гадамі пазьней, рыхтуючы да выданьня ў

1877 г. раман «Гэктар Сэрвадак», у якім ён вярнуўся да свайго ўлюбёнага антысэмітызму. Раман апавядае пра групу падарожнікаў, якія выпадкова пакідаюць Зямлю на блізка пралятаючай камэце. У космасе яны сустракаюць выключна несымпатычную істоту, а менавіта яўрэйскага купца Ісаака Хакабута — пэрсанажа, нібы цалкам змаляванага з карыкатур з пазьнейшай Der Sturmer. Этцэль, для якога Вэрн ужо тады быў курыцай, што нясе залатыя яйкі, гэтым разам не пратэставаў, абмежаваўшыся зьмякчэньнем некаторых акцэнтаў.

Пэсымізм, які зьяўляецца ў позьніх раманах Жуля Вэрна, такіх, як дылёгія «Робур-заваёўнік» — «Валадар сьвету», вынікаў, такім чынам, ня столькі з расчараваньня пісьменьніка тэхнічным прагрэсам, колькі зь яго вызваленьня з-пад уплыву свайго выдаўца (які памёр у 1886 г.). Сам жа Вэрн ад пачатку глядзеў на любы прагрэс — грамадзкі ці тэхнічны — без энтузіязму.

Пахмурны прарок касманаўтыкі

Вэрнава прадбачаньне будучыні было трапным і праніклівым, асабліва на фоне фантастыкі XIX ст. У дылёгіі «З гарматы на Месяц» — «Вакол Месяца» пісьменьнік дакладна прадказаў праграму «Апалён». Ён адзначыў, што ў ЗША два месцы найбольш прыдатныя для старту на Месяц — Флорыда і Тэхас, і выбраў зь іх Флорыду. Два цэнтры НАСА месьцяцца цяпер у Х’юстане і на мысе Канавэрал. Ён прадбачыў, што пасьпяховае вяртаньне астранаўтаў на Зямлю будзе лепш ажыцьцявіць шляхам прывадненьня ў Ціхім акіяне, а таксама неабходнасьць ужываньня ў касьмічным палёце хімічных паглынальнікаў вуглякіслага газу.

Надзвычай цэльным зьяўляецца і апісаньне Парыжу ў XX ст. — Вэрн прадказаў нават тэлефакс («фатаграфічны тэлеграф»), вынаходку, пра якую ня згадвалі нават фантасты дваццатага стагодзьдзя, якія звычайна канцэнтраваліся на нечым абсурдна-непрактычным, як відэафон. Ён таксама прадбачыў мэтро, тэндэнцыю выцясьненьня з цэнтру гораду жылых дамоў на карысьць крамаў ды офісаў.

«Робур-заваёўнік» прынёс аж занадта трапнае, на жаль, прадказаньне першага сур’ёзнага прымяненьня лятальнага апарата, цяжэйшага за паветра, — у якасьці эфэктыўнай зброі.

Вэрн быў моцна аблытаны забабонамі і стэрэатыпамі сваёй эпохі, але ў будучыню глядзеў цьвяроза і глыбока, хоць і без энтузіязму. З большым энтузіязмам мы сёньня зьвяртаемся да вобразу Вэрнавай эпохі ў яго раманах, нават калі гэты энтузіязм астуджвае ўсьведамленьне таго, што іх аптымізм быў вынікам штучнай падфарбоўкі пяром выдаўца. Стагодзьдзе з дня сьмерці пісьменьніка — добрая нагода, каб паразважаць над тым, ці сапраўды гэтыя дзьве эпохі так моцна адрозьніваюцца адна ад адной.

Паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0