Апытаньне «НН»

Валер Булгакаў, галоўны рэдактар часопісу «Arche»:

— Можна, калі гэта робіць Лукашэнка. У Беларусі акурат кампаніі супраць уяўных ворагаў — унутраных ці замежных, а не нармальныя дэмакратычныя працэдуры робяць афіцыйную палітыку відовішчнай. Гэта свайго роду аналяг нармальных выбараў у нармальнай дэмакратыі. Дынамізму палітычнае сыстэмы кіраўніцтва краіны дасягае не праз рэальнае абнаўленьне палітычнага істэблішмэнту, а праз пошукі вядзьмарак. Таму папулярнасьць падобных кампаній пошуку ворагаў — сярод намэнклятуры, сярод беларускамоўных, сярод пратэстантаў і палякаў — будзе захоўвацца датуль, пакуль у нас ня будзе дэмакратыі.

Тадэвуш Гавін, першы старшыня Саюзу палякаў Беларусі (цяпер адбывае 15-дзённы арышт):

— Калі я быў школьнікам, адчуваў з боку беларусаў ня вельмі прыхільнае стаўленьне, калі мяне адсылалі ў вёску на адпачынак. Гэта былі людзі, якія памяталі даваенную Польшчу і пераносілі на мяне сваю крыўду на палякаў. Але гэта было даўно — у 1960—70-я гг. Сёньня няма такіх дачыненьняў паміж беларусамі й палякамі.

І сёньня ёсьць асобы, якія хочуць распаліць варожасьць да палякаў, але плёну яны не атрымаюць. Сытуацыя ў сьвеце ня тая, што была ў 1950-я. Але знойдуцца людзі, якія будуць пляскаць ім у ладкі, што вось яны хочуць з Польшчай нешта зрабіць, асадзіць неяк палякаў. Калі дзяржаўнае тэлебачаньне паказвае асобу, якая заяўляе, што Польшча — палітычная прастытутка, гэта характарызуе дзяржаву. Нармальная дзяржава не дазволіць такога паказваць, нават калі такія настроі ёсьць у некага.

Генадзь Грушавы, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету, прафэсар філязофіі:

— Ніколі гэтага не адбудзецца ў Беларусі. Для большасьці нашага насельніцтва гэта — фальшывая карта. Я з 1989-га займаюся дабрачыннасьцю і магу сказаць, што палякі першымі адгукнуліся на нашу Чарнобыльскую трагедыю: у 1990 г. яны прынялі 1,5 тыс. дзяцей Беларусі. Я падкрэсьліваю — Беларусі, а не паводле нацыянальнай прыкметы.

Алесь Міхалевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ:

— Залежыць ад таго, на якім баку гуляць. Гітлер казаў, што нацыю лепш за ўсё аб’ядноўваць супраць якога-небудзь ворага. Калі разглядаць так — «аб’яднацца супраць кагосьці», то Лукашэнка вырашыў аб’яднаць нацыю супраць палякаў. І гэта лягічна: амэрыканцы далёка, іх тут ніхто ня бачыць, супраць украінцаў аб’яднаць таксама цяжка… Лукашэнка можа атрымаць пэўныя палітычныя дывідэнды, гуляючы супраць палякаў. Але гэта яго і зьнішчыць: бальшыня беларусаў разумеюць, што палякі жывуць побач з намі даўно і нічога кепскага нам ня робяць.

Уладзімер Нісьцюк, намесьнік старшыні БСДП («Грамада»):

— Толькі нэгатыў. Вельмі моцна зьвязаны нашы народы. Існуе вельмі вялікі досьвед нашых узаемных стасункаў. І этнічна, і геаграфічна, і гістарычна мы зьвязаны вельмі моцна.

Аляксандар Фядута, публіцыст:

— Не. Я былы гарадзенец і магу сказаць: у Горадні немагчыма растлумачыць, чым беларус адрозьніваецца ад паляка.

Яны ж жывуць побач, і цяжка сказаць, каго там больш — беларусаў ці палякаў.

Каб атрымаць палітычныя дывідэнды, трэба, каб той, супраць каго гуляеш, успрымаўся як іншы, чужы. А палякі — якія ж яны чужыя? Яны ж побач жывуць! Сярод іх, як і сярод беларусаў, ёсьць праваслаўныя і каталікі, людзі прыстойныя і непрыстойныя. Габрэя можна адрозьніць. А паляка — як? Імя «Часлаў» — яно чыё?.. Каб адрозьніць паляка ад беларуса, трэба растлумачыць, у чым гэтая розьніца. Калі б знайшоўся які-небудзь міністар Розэнбэрг, які ўзяўся б гэта растлумачыць, дык і яму, мабыць, не ўдалося б.

Аляксей Марачкін, мастак, кіраўнік МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»:

— Той, хто правакуе гэтыя канфлікты, можа атрымаць зь іх палітычныя дывідэнды. Лукашэнку канфлікт выгадны, асабліва калі ў яго ўцягнецца Расея. З Эўропай у яго ніякіх сувязяў няма, ён сам ізалюецца. А на антыпольскіх пачуцьцях ён яшчэ больш умацоўвае свае сувязі з Расеяй, у якой вельмі моцныя імпэрскія настроі.

Аляксандар Класкоўскі, аналітык, рэдактар штотыднёвіка «Белорусская неделя»:

— Улада крытыкуе пазыцыю афіцыйнай Варшавы і ўсяляк падкрэсьлівае, што простыя палякі не падзяляюць гэтай пазыцыі. Таму вельмі акуратна трэба ставіцца да ўжываньня тэрміну «антыпольскія настроі».Улада якраз хоча атрымаць палітычныя дывідэнды ў выкрыцьці пазыцыі афіцыйнай Варшавы, якая нібыта ідзе ў рэчышчы амэрыканскай палітыкі. Але варта зрабіць дзьве рэмаркі. Па-першае, гэта гульня на агульна антызаходнім і ксэнафобскім мэнталітэце пэўнай часткі насельніцтва. І гэта вельмі кепска, бо кансэрвуе такія настроі ў грамадзтве. Па-другое, у пляне міжнародных адносін гэта гульня з агнём. У пабытовых адносінах яшчэ існуе непрыязнасьць да палякаў. Магчыма, яшчэ з часоў Пілсудзкага. І вельмі недальнабачна — дзьмуць на гэтыя «галавешкі»…

Анжаліка Борыс, старшыня Саюзу палякаў Беларусі:

— Я не палітык, каб даваць такія камэнтары, хаця зь мяне робяць вялікага палітыка і ворага. Той, хто спрабуе гуляць на антыпольскіх настроях, робіць глупства.

Апытваў Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0