Найтаўсьцейшы за апошнія гады — мае 376 старонак. Ён апісвае тэхналёгію стварэньня афіцыйнай беларускай прапаганды.

Літоўскі палітоляг Нерус Прэкявічус і яго беларускія калегі Андрэй Казакевіч ды Пётра Рудкоўскі разглядаюць ня толькі звычайны «газэтны», але і тэлевізійны прапагандысцкі дыскурс, па костачках разьбіраючы сумнавядомыя «шэдэўры» апошняга часу — сэрыялы «Найноўшая гісторыя», «Кансьпіралёгія», а таксама драбнейшыя прапагандысцкія рэпартажы і ролікі накшталт «Дарогі ў нікуды» і сакрэты падрыхтоўкі матэрыялаў газэтай «Беларусь сегодня».

Адкрываюць нумар аналізы сёньняшніх палітычных працэсаў — Уладзімера Мацкевіча і Андрэя Ягорава «Перамога над рэжымам або сьмерць нацыі: дылема будучых прэзыдэнцкіх выбараў» і палітычнага аглядальніка The International Herald Tribune Уільяма Пфафа «Што засталося ад Эўрапейскага зьвязу?». Гвозд нумару — аналіз японскага палітоляга Кімітакі Мацузаты «Рэжым Лукашэнкі як выспа папулізму ў акіяне кланавай палітыкі».

Віталь Сіліцкі крытыкуе апошнюю кніжку Аляксандра Фядуты, Даніла Жукоўскі — творчасьць Барыса Пятровіча, амэрыканскі гісторык Тэадор Уікс — сьвежыя публікацыі аб ідэнтычнасьці ў позьнеімпэрскай Расеі.

Палітолягі Тымаці Гартан Эш і Дамінік Арэль разважаюць пра парадоксы Аранжавай рэвалюцыі. Філёзафы Эрык Гобсбаўм і Фрэнсіс Фукуяма пішуць пра самыя небясьпечныя ідэі ў сьвеце.

Увагу аматараў айчыннай літаратуры безумоўна прыцягне падборка тэкстаў пра Анатоля Сыса, а айчыннай гісторыі — дасьледаваньне Алеся Пашкевіча і Андрэя Чарнякевіча пра нямецкую агентуру ў беларускім нацыянальным руху.

У нумары таксама публікуецца апошняя маштабная праца нядаўна памерлага перакладчыка Карласа Шэрмана — пераклад раману Габрыеля Гарсіі Маркеса «Каханьне падчас халеры». Аматары паэзіі без сумневу атрымаюць вялізную асалоду ад твораў двух паэтаў зь непаўторнымі галасамі — Аляксея Знаткевіча і Андруся Храпавіцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0