Жан Крыстоф Гранжэ, аўтар «Барвовых рэк» і «Палёту буслоў», прапанаваў новы пакет францускіх страхаў. «Імпэрыя ваўкоў», пастаўленая паводле яго раману, раскажа пра правалы ў памяці, інтрыгі спэцслужбаў, забойствы і турэцкую нацыяналістычную арганізацыю «Шэрыя ваўкі».
Камісар Поль (Жасьлен Кіўрын) расьсьледуе сэрыйныя забойствы нелегальных імігрантак у турэцкім квартале Парыжу. Па дапамогу малады камісар зьвяртаецца да паліцэйскага-вэтэрана (Жан Рэно), у якога надзвычай кепская рэпутацыя і бандыцкія мэтады.
Аўтары карціны паспрабавалі запіхнуць у фільм усе магчымыя страхі, але так і ня вырашылі, чаго яны баяцца найболей. Кожная лінія патрабуе свайго стылю: тайны агент «успамінае ўсё», з помстаю — калі ласка; ахвяры маньяка — як у найлепшых трупярнях Парыжу; благі паліцэйскі — нож, пальчыкі, адрэзаў.
Рэжысэр Крыс Наон і апэратар Мішэль Абрамовіч затапілі сюжэтную кашу адвечнымі змрочна-шэрымі залевамі, пахавалі ў сьлізкіх падземных калідорах, схавалі ў стэрыльных лябараторыях. Але карціна не набыла ад гэтага паўнавартаснай стылёвай цэласнасьці.
Жан Рэно — як стомлены абскубаны арол, у каляровай кашулі, — разыгрывае звыклую маску годнага садыста-нягодніка (і таленавітага паліцэйскага), каб потым ператварыцца ў ганарова-ўзорнага ваяку, вартага вокладак прапагандысцкіх часопісаў.
Францыя баіцца. Іміграцыя й тэрор выклікаюць страх. Але адпаведнай, завершанай формы для гэтых страхаў ня знойдзена.
∎
«Імпэрыя ваўкоў» («L’Empire des loups»)
Францыя, 2005, каляровы, 128 хв.
Жанр: маньячна-палітычны трылер.
Адзнака: 5 (зь 10).