Сюньцзы і шлях

Назву кніг паэзіі эпохі Тан «Пастаянства шляху» ўкладальнікі зрабілі з выказваньня старажытнага мысьляра Сюньцзы (ІІІ ст. да н.э.): «Высакародны чалавек захоўвае пастаянства шляху, нікчэмныя людцы імкнуцца адно да ўласных выгод». Пры стварэньні назвы быў выкарыстаны прыём «усечаная цытата». Мяне вельмі зацікавіў гэты прыём, і я паспрабаваў перанесьці яго на беларускую паэтычную глебу. Адразу згадаліся тры рэчы: «Мой родны кут…», «Маладыя гады…», «Партызаны, партызаны…». Напэўна, выкарыстоўваць «усечаную цытату» ў беларускай літаратуры можна, абапіраючыся толькі на трох паэтаў — Коласа, Багдановіча і Купалу.

20.01.2005, 17:06

Гарэцкі і 2, або Як беларусы любяць лічбу два

Калі Максім Гарэцкі пісаў аповесьць «Дзьве душы», пэўна ж, ён і думаць ня думаў, што ў беларуса будуць ажно два Дні Незалежнасьці: 25 сакавіка і 3 ліпеня. Дзьвюхдушнасьць беларуса пашырылася на ўсё чыста. У беларуса дзьве сталіцы: Мінск і Менск, ці Менск і Вільня, ці Мінск і Масква. Усё залежыць ад перакананьняў, але ж і дзяржавы ў яго дзьве — БНР і РБ, РБ і Саюзная дзяржава. Круці ўлева ці ўправа, а дзяржавы будзе дзьве. І мовы дзьве. І граматыкі дзьве. Гербаў два — конь і капуста. Сьцягоў два. Веры дзьве, таму і Хрыстос уваскрасае ў беларускай сьвядомасьці двойчы. Новы год таксама двойчы надыходзіць. Калі беларусу сказаць: «Адзін цар, адна вера, адзін народ!» — ён адкажа: «Адна-адна, адзін-адзін, ага-ага…» Беларус — паэт, на тэзу ён знойдзе антытэзу ў простых паўторах. Таму і вялікіх паэтаў у беларуса два — Колас і Купала, Пушкін і Міцкевіч, Шэксьпір і Быкаў… Дзьве нагі ў беларуса, дзьве рукі і два вокі. Дзьве жонкі, дзьве каханкі, два сыны — разумны і дурань, дзьве дачкі — бабіна дачка і дзедава дачка, два браты — багаты і бедны. У беларуса адзін нос, і ён страшэнна праз гэта перажывае, але супакойвае сябе тым, што ў носе дзьве дзіркі.

Прышвін ды Інтэрнэт

Майстар лірычна-філязофскай прозы Міхаіл Прышвін, каб пазбавіцца гладкапісу і хуткапісу, часам знарок псаваў пёры сваіх асадак. Пакуль прыстасуеш надламанае пяро, колькі разоў перадумаеш, ператрасеш і пераўзважыш тэкст. Так цяпер, пішучы на форумах у Нэце, адчуваеш супраціўленьне чужых думак і меркаваньняў. Яны спыняюць гладкапіс. Даводзіцца хоцькі-няхоцькі чытаць і дурноту чужую, і разумныя заўвагі. Прадзіраючыся праз зарасьнікі графаманіі, я, нібыта той Прышвін, пішу сапсаваным пяром.

25.07.2003, 21:55

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0