Нягледзячы на зэніт лета і масавыя адпачынкі, футбалісты і ня думалі ісьці ў водпуск. На мінулым тыдні пачалося другое кола чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе, а 28 ліпеня два беларускія клюбы пераадолелі першы раўнд Кубку УЭФА. БАТЭ ў Барысаве каменя на камені не пакінула ад кутаіскага «Тарпэда» — 5:0. МТЗ-РІПА па суме двух матчаў абышоў вугорскі «Фэрэнцвараш».

Новы менскі «супэрклюб»

Апошнім часам і журналісты, і футбольныя спэцыялісты праяўляюць да МТЗ-РІПА цікавасьць. Створаная тры гады таму каманда прайшла за два гады шлях ад другой лігі да вышэйшай. Праўда, мінулай восеньню клюб цудам

утрымаўся ў «вышцы», а вынікі некаторых матчаў далі падставу журналістам вінаваціць каманду ў несумленных гульнях. Але ня той злодзей, на каго казалі, а той, каго злавілі. МТЗ-РІПА засьпета не было.

Па сканчэньні сэзону клюб зьведаў якасныя зьмены. Прыйшлі новыя гульцы, на трэнэрскі мосьцік клюбу ўзышоў галоўны трэнэр моладзевай зборнай Юры Пунтус. Ён адразу пацьвердзіў рэнамэ самага пасьпяховага беларускага спэцыяліста: у траўні МТЗ-РІПА заваявала Кубак Беларусі і, як вынік, пуцёўку ў Кубак УЭФА. У ліпені клюб закрануў самы гучны пераход міжсэзоньня. Пры канцы месяца ў каманду перайшоў малодшы брат Аляксандра Глеба — гулец нацыянальнай зборнай Вячаслаў Глеб, які не прыжыўся ў клюбах другога эшалёну Нямеччыны.

Літоўска-цьвярскі мільянэр

Перамены ў МТЗ-РІПА зьвязаны з асобай 58-гадовага Ўладзімера Раманава, кіраўніка літоўскай інвэстыцыйнай кампаніі «Ukio Bankas». Ураджэнец расейскай Цьвяры валодае 98% акцый менскага клюбу, які поруч з трыма літоўскімі клюбамі, у тым ліку чэмпіёнам краіны «Каўнасам», ды шатляндзкім «Хартсам» утварае холдынг. Наяўнасьць холдынгу дае пэўныя перавагі. Так, Вячаслава Глеба МТЗ-РІПА арандуе ў… «Каўнасу», а лідэр менчукоў Гамлет Мхітаран падпісаў кантракт з «Хартсам».

Раманаў мае намер пабудаваць у Заводзкім раёне сталіцы спарткомплекс з новым крытым стадыёнам (МТЗ толькі арандуе «Трактар». — «НН»), пляцоўкі для гульнявых відаў спорту, футбольны манэж, мэдыцынскі цэнтар для спартоўцаў, паркінг, гатэль, канцэртную арэну, выставачны цэнтар. Сума інвэстыцый — 250 млн эўра, а пытаньне абмяркоўвалася на нарадзе ў прэзыдэнта, і кіраўнік дзяржавы даў згоду.

Ня выключана, што менавіта таму, трымаючы ў галаве ініцыятывы Раманава, прэзыдэнт краіны лагодна, без адмысловых маральных настаўленьняў, у мінулую пятніцу прыняў даверчыя граматы ў новага літоўскага пасла Пятраса Вайцякунаса.

Беларускі футбол вымагае сур’ёзных інвэстыцый звонку, бо айчынныя прадпрымальнікі сядзяць як мышы пад венікам. Праяўленьне імі інтарэсу да мясцовага спорту аўтаматычна цягне за сабой цікавасьць з боку органаў дзяржкантролю. Зачараванае кола. А Раманаў — усё ж грамадзянін і жыхар іншай краіны. У найгоршым выпадку згарне тут бізнэс — і ўсё.

Таму стварэньне моцнага клюбу ў сталіцы на грошы братняй Літвы нікому не зашкодзіць. Гледачы на «Трактар» ходзяць з ахвотай. Так, на гульню з «Фэрэнцварашам» сабралася, нягледзячы на невыносную сьпёку, 10 тыс. чалавек. Гэта пры тым, што пасьля гасьцявой вікторыі зь лікам 2:0 пытаньне пра выхад у наступны этап Кубку УЭФА было амаль вырашаным. Інтрыгі ніякае.

Вось толькі каб футбалісты на полі яшчэ падтрымлівалі аўтарытэт клюбу. А тут — нават пры Пунтусу праблемы. МТЗ-РІПА хоць і прайшло ў наступны этап Кубку УЭФА, у розыгрышы чэмпіянату Беларусі загразла ў сярэдзіне табліцы.

Месца для сустрэч

Матч у адказ супраць «Фэрэнцварашу» наведала багата футбольных спэцыялістаў, у прыватнасьці трэнэр нацыянальнай зборнай Анатоль Байдачны, экс-трэнэр Эдуард Малафееў з жонкай. Легенда беларускага футболу трэніруе 250 дзетак у школе МТЗ-РІПА. Міжнародныя матчы ў Менску — найлепшы спосаб спаткацца з тымі, каго даўно ня бачыў. Перад галоўным уваходам я сутыкнуўся з аднакурсьнікам, зь якім ня бачыўся гадоў пяць. І матч паглядзелі, і падзяліліся перажытым. У тым ліку абмеркавалі й працу Сяргея ў БДУ некалькі гадоў таму пад кіраўніцтвам Аляксандра Казуліна. Пасьля гэтай гутаркі мая вера ў чарговага правадыра сацыял-дэмакратаў, якая нарадзілася пасьля Зьезду беларусаў сьвету, зноў пахіснулася.

Нашэсьце насякомых

МТЗ-РІПА з пачатку гульні палезла на вароты. Выдзялялася беларуска-грузінска-армянская троіца Канцавы—Тодуя—Мхітаран. Але ад некалі вядомага «Фэрэнцварашу» засталося толькі імя ды сымпатычныя бела-зялёныя колеры. І тут варта зьняць капялюш перад вугорскімі заўзятарамі, якія,. нягледзячы на адсутнасьць шанцаў, прыехалі ў Менск і на працягу дзьвюх гадзін падтрымлівалі ўлюбёны клюб.

Пры канцы першага тайму «трактаразаводцы» нечакана «сталі», за што і паплаціліся. Спачатку Аляксандар Суліма праз разьдзяўбайства абаронцаў двойчы запар парыраваў удары мадзяраў, аднак праз хвіліну не пасьпеў выратаваць аднаклюбнікаў пасьля ўдару Ліпчэі.

Настрой быў сапсаваны. Паўплывала на яго й нашэсьце ў перапынку нейкіх падазроных насякомых з падоўжанымі крыльцамі, якія хвілін дваццаць атакавалі трыбуны. На наступны дзень дасьведчаныя людзі растлумачылі, што гэта пачаўся сэзон міграцыі ў мурашак.

Беларусы аднавілі раўнавагу на трэцяй хвіліне другога тайму. Пасьля выкананьня стандарту Мхітаранам гол забіў Арцём Канцавы. На 78-й хвіліне Юры Пунтус, відаць, знарок памяняў Гамлета, каб гледачы праводзілі яго авацыяй. Гэта быў апошні матч армянскага легіянэра за менчукоў. Будзем спадзявацца, што ён ня згубіцца ў Шатляндыі, чэмпіянат якой стартаваў 30 ліпеня, а «Хартс» нарэшце ўклініцца ў разборкі паміж «Сэлтыкам» і «Рэйнджэрсам». У мінулым чэмпіянаце адставаньне «Хартсу» ад лідэраў склала 42 (!) балы.

Сапсаванае сьвята

Натуральна, гледачы чакалі ад МТЗ-РІПА перамогі. Апроч пазытыўнага настрою заўзятараў, гэта палепшыла б таксама сумарны каэфіцыент беларускіх клюбаў на міжнароднай арэне. Але пры канцы сустрэчы вугорцы забілі яшчэ адзін мяч — 1:2.

Рабочыя трактарнага заводу, сыходзячы з матчу, не шкадавалі запасу лексыкі. Уладзімер Някляеў спускаўся па лесьвіцы, змрочна пазіраючы пад ногі.

Зрэшты, галоўнае — вынік. МТЗ-РІПА прайшло ў наступны этап, дзе памераецца сіламі з чэскім «Цепліцэ». Першы матч дома — 11 жніўня. Ю.Пунтус так пракамэнтаваў журналістам лёсаваньне: «На мой погляд, у нас зь «Цепліцэ» прыкладна роўныя шанцы. Але ня надта добра, што першы матч гуляем дома». Дадам, што з чэхамі беларусам ня вельмі шанцуе ў эўракубках.

Панядзелкавае дэрбі

У панядзелак, 1 жніўня, МТЗ-РІПА правяло матч зь менскім «Дынама». Своеасаблівае менскае дэрбі, хоць да заўзятых дэрбі накшталт «Рома»—«Лацыё» або «Арсэнал»—«Чэлсі», падчас якіх вымірае жыцьцё на вуліцах у італьянскай і брытанскай сталіцах, нам яшчэ далёка.

Перад матчам падавалася, што гульня з «Фэрэнцварашам» была прыкрай выпадковасьцю і МТЗ-РІПА на роўных пазмагаецца з «Дынама». Прынамсі, пастараецца ўзяць рэванш за паразу ў першым коле.

«Трактарабудаўнікі» валодалі ініцыятывай хвілін з дваццаць. Яны ж першымі адкрылі лік — на 12-й хвіліне спрацаваў стандарт у выкананьні Вячаслава Глеба. Гэта першы мяч Глеба-малодшага ў вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату. Дзіўна, але Вячаслаў у элітным дывізіёне не гуляў — ён правёў некалькі гульняў за першалігавую «Дынама-Юні».

Сяміразовы чэмпіён хутка зьбіў тэмп гульні. На 33-й хвіліне дынамавец Сяргей Кісьляк рэалізаваў пэнальці, а пасьля два галы Леаніда Ковеля канчаткова паставілі МТЗ-РІПА на месца. З сыходам Мхітарана гульня ў клюбу «не пайшла», і стварыць нешта вартае ля брамы Артура Ляська яны ня здолелі.

Хіба толькі вызначыўся Арцём Канцавы, якія зарабіў чырвоную картку. Празь нейкі час чырвоную картку — з трыбуны падалося, несправядлівую — атрымаў і дынамавец Ковель. Заўзятары праводзілі хлопца з поля авацыямі.

Апошнія хвілін пятнаццаць каманды адбывалі нумар. «Дынама» ўтрымлівала лік, «трактарабудаўнікі» падаваліся нейкімі соннымі. Куды цікавей было назіраць за трыбунамі, у прыватнасьці за сэктарам фанаў «Дынама», якія цэлы матч размахвалі велічэзнымі сьцягамі-харугвамі, падганялі каманду наперад. Фаны пачалі гучна падтрымліваць сваіх улюбёнцаў якраз пасьля прапушчанага голу. Пры канцы гульні яны запалілі рознакаляровыя дымавыя шашкі, а пад самы фінальны сьвісток зладзілі сапраўдны фаервэрк. Прыгожа. Шкада, што «Дынама» ня здолела прабіцца ў наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў. Турэцкаму «Трабзанспору» і яго заўзятарам было б чаму падзівіцца на галоўнай арэне Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0