Гэта нагадвала вучэбнае кіно: АМАП урываецца ў камяніцу Саюзу палякаў, узброеныя людзі пад рукі выводзяць абаяльную Анжаліку Борыс — старшыню СПБ, журналістаў, якія зьехаліся ў Горадню. Унутар адразу заходзіць былы старшыня Тадэвуш Кручкоўскі, якога ўлады лічаць сапраўдным кіраўніком Саюзу. Хутка і вынікова. Ніякага супраціву, пагатоў паказанага мелькам па «яшчыку» арсэналу, дзе былі базукі, мінамёты, кулямёты, скрыні з гранатамі; што там яшчэ паказвалі. Арыштаваных развозяць па пастарунках, а ўначы выпускаюць: настрашылі!

Назва гэтых зацемак толькі напалову пазычаная, можна нават сказаць, што амаль арыгінальная. Бо вось жа Галоўная рада СПБ абуралася «антыпольскім» фільмам БТ пад назвай «Хто замовіў Саюз палякаў?», патрабавала этэру для абвяржэньня, ад пракуратуры — крымінальнай справы супраць аўтараў і ўдзельнікаў фільму «за зьнявагу палякаў, за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці». А на БТ, зважаючы на тое, што «сьцісласьць — сястра таленту», адказалі: фільму «Хто замовіў Саюз палякаў?» на БТ ніколі не было. Карацей, сасьніў Саюз палякаў кіно пра сябе.

Той, хто прыдумаў гэты адказ, з усьмешкай потым растлумачыў: на БТ быў фільм «Аднойчы ў Косаве, або Хто замовіў Саюз палякаў?». Карацей, трэба назву чытаць ад пачатку да канца. Беларускія палякі абураліся: чаму тэлебачаньне «мантажуе» — то Саюз палякаў, то склады зброі, то нацыянальны край Косава? А Галоўная рада СПБ назвала гэты фільм «фальшыўкай» і «правакацыяй».

У гледача можа стварыцца ўражаньне, што «яшчык» не інакш трызьніць пра якое-небудзь Косава, правакацыі, круцячы апэратыўныя відэаздымкі — свой улюбёны «кінажанр». Зласьліва, ледзьве не з задавальненьнем «яшчык» паказвае, як тэрарысты зьнішчаюць у тым жа Іраку старых, дзяцей, цывільных, паліцыянтаў, жаўнераў новай дэмакратычнай улады. Гэты «яшчык» ня можа забыць колішняга нашага сябра Садама. Ах, як шкада, што яго злавілі, быццам дзікага зьвера, і зараз будуць судзіць за масавае забойства людзей. Шкада: такі быў зух-вусач!

Між іншым, БТ страшыла Саюзам палякаў напалам з тым слаўным Косавым, яшчэ калі ў СПБ кіраваў Тадэвуш Гавін. Ну, дарэчы, з Гавіным цяпер адносіны высьветлілі: у аўторак схапілі, завезьлі ў суд, пасадзілі за краты на 15 дзён. Каб не выступаў перад сябрамі СПБ, не абвяшчаў, што ўлада яшчэ адкажа за ўсе свае справункі.

Памятаю, у той год «яшчык» ажно захлынаўся ад непрыхільнасьці да «амэрыканскага агрэсара» і ад замілаваньня да сівога бялградзкага правадыра, які таксама чакае суду сёньня. Хтосьці тады напісаў: дураць галаву чым заўгодна, але ня ведаюць, што Косава — мясьціна беларуская і адзначаная ў гісторыі. Скончылася тагачасная гістэрыя, зазірнулі ў энцыкляпэдыю, стварылі «кінашэдэўр» пра «Аднойчы ў Косаве…». Не зьдзіўлюся, калі яго адзначаць якім-небудзь проста «віцязем», ці «яшчыкам» — якія там у іх яшчэ мастацкія ўзнагароды?

Яшчэ год таму даводзілася чуць, што нібыта на Беласточчыне асобныя беларусы, любячы нашага бацьку праз калючы дрот, пахваляюць: добра дае гэтым палякам касьцельным! Канечне, добра, даўшы спачатку беларусам, выпрабаваўшы гумовую палку. Некаторым чытачам «НН», якія за мяжой адарваліся ад беларускай рэчаіснасьці, нават уявілася, што бацька дае тым, каб спыніць палянізацыю, каб ледзьве не перамагла беларусізацыя. Варта ім нагадаць, што польскамоўная школа ў Горадні яшчэ існуе, а вось беларускіх ніхто ўжо ня памятае. Усё як у добрыя старыя савецкія часы: усё вакол расейскае. Дык няхай жа хоць польская школа застаецца выспай сярод сёньняшняга акіяну русіфікацыі. Дарэчы, вучні гэтай школы добра размаўляюць па-беларуску.

Дык хто ж замовіў Саюз палякаў? Я пацікавіўся гэтым у сваіх сяброў і знаёмых. Адны гаварылі, што ім пляваць на Саюз палякаў, іншыя — што гэта праява маскоўскай палітыкі ў Беларусі: спачатку Масква дамаглася чужымі рукамі максымальнага вынішчэньня беларушчыны, цяпер настала чарга пальшчызны. Нездарма пачалі разь-

дзьмухваць міждзяржаўны скандал з-за выбітага ў Варшаве зуба. Вось такія ў людзей меркаваньні. Нарэшце, вельмі пашыраныя: пра будучыню СПБ спытайце ў Канторы — іхных, маўляў, рук справа. Сапраўды, як любіць казаць Бацька, народ у нас не дурны: усё кеміць, адно маўчыць…

Можна было б яшчэ спаслацца на польскіх палітыкаў: яны заяўляюць, што няма канфлікту паміж беларусамі і палякамі, што гэта не этнічны канфлікт, а канфлікт паміж дэмакратычнай Эўропай і апошняй эўрапейскай дыктатурай, дзе не шануюцца правы і палітычныя свабоды людзей — беларусаў, палякаў, усіх, хто ня згодны з парадкамі паліцэйскай дзяржавы. Гэтая ўлада сама заяўляе, што ёй бяз розьніцы, хто чалавек па нацыянальнасьці, існуе толькі падзел на сваіх і чужых — карацей, поўны інтэрнацыянал. Улада надзвычай здольная, калі гаворка ідзе пра такія справы, як з Саюзам палякаў. Досыць прыгадаць, што нават з камуністычнай партыі здолелі дзьве зрабіць. Вось і з СПБ так учынілі — амаль што без намаганьняў.

У сакавіку ў Горадні на сваім зьезьдзе палякі выбралі новага кіраўніка Анжаліку Борыс. Уладам гэта не спадабалася: яны хацелі, каб другі тэрмін у СПБ кіраваў любы ім чалавек — Тадэвуш Кручкоўскі. Улады думалі дакладна два месяцы і прыдумалі: ваш зьезд несапраўдны, Борыс — ніхто, Кручкоўскі — па-ранейшаму будзе кіраваць. І далі яму адначасова заданьне — вызначыць дату і зноў правесьці зьезд, але такі, каб не выбіралі Борыс і да яе падобных.

У Саюзе палякаў спачатку занэрваваліся, потым крыху супакоіліся: загад Мін’юсту — не закон, хай прысылаюць два папярэджаньні, потым зьвяртаюцца ў суд, каб ліквідаваць СПБ, а мы пазмагаемся, абскардзім судовае рашэньне. Не ўлічылі, што гэта краіна, у якой законы ня толькі ўказы, а нават загады камандзіра міліцэйскага батальёну — не пушчаць у суд журналістаў, асабліва з дыктафонамі і фотаапаратамі. Загад Мін’юсту спадар Кручкоўскі, між іншым, не выконваў два з паловай месяцы, хаця на выкананьне было дадзена два тыдні. Ну, але ўрэшце пры канцы ліпеня ў Шчучыне ўсё ж сабраліся 13 з 35 сяброў старой Галоўнай рады і прагаласавалі — правесьці паўторна зьезд у Ваўкавыску 27 жніўня.

У той жа вечар АМАП штурмам узяў Саюз палякаў. Яго цяпер моцна сьцерагуць, і міліцыя будзе прынамсі месяц стаяць на варце ды ахоўваць спакой «новага-старога» гаспадара сядзібы і паплечнікаў. Ахоўваюць сёньня СПБ зь відэакамэрай, ствараючы новыя кілямэтры будучых кінашэдэўраў для нашага «яшчыка». Ясна, што ў любы час па выкліку можа зноўку прыбыць АМАП, не зьдзіўлюся, калі і бранятэхніка паявіцца на выпадак абароны цытадэлі СПБ ад якіх-небудзь косаўскіх паўстанцаў. «Яшчык» жа паказаў, што ў іх зброі — нібы ў колішніх беларускіх партызан, а «яшчыку» ў гэтай краіне належыць верыць «беспрэкаслоўна».

ХРОНІКА

Позвы для Борыс

26 ліпеня ў кватэру старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс спрабавалі ўварвацца міліцыянты: нарад грукаўся ў 23.00, каб уручыць позву. 28 ліпеня ў міліцыі Борыс паведамілі, што яе абвінавачваюць у фінансавых злоўжываньнях.

Вакол СПБ

27 ліпеня ўвечары адбыўся захоп сядзібы СПБ міліцыянтамі й АМАПам. Былі затрыманы каля 20 чалавек, у тым ліку журналісты. Міліцыянты апісалі маёмасьць у сядзібе. 28 ліпеня зранку сябры СПБ наладзілі калектыўную малітву каля сядзібы.

У захопленым будынку 28 ліпеня экс-старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі даў прэс-канфэрэнцыю, на якую не пусьцілі незалежных журналістаў — кіраўніка Гарадзенскай філіі БАЖ Паўла Мажэйку, рэдактара газэты «Głos znad Niemna» Анджэя Пісальніка, журналістаў Ігара Банцара, Міколу Маркевіча, Івана Романа, карэспандэнта сайту www.hrodna.by Андрэя Кусельчука, журналістаў радыё «RMF-FM».

У Шчучыне 27 ліпеня адбылося пасяджэньне Галоўнай рады СПБ у старым (дазьездаўскім) складзе, дзе было вырашана правесьці VI зьезд арганізацыі паўторна.

Пасол Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк 28 ліпеня быў адкліканы для кансультацый у Варшаву.

Суткі за 3 ліпеня

У Шчучыне 26 ліпеня ўвечары затрымалі намесьніка старшыні СПБ Юзафа Пажэцкага, актывіста СПБ Мечыслава Яскевіча і рэдактара часопісу «Magazyn Polski» Андрэя Пачобута. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў Шчучыне 3 ліпеня (канцэрт арганізаваны мясцовай філіяй СПБ). Пачобуту далі 15 сутак арышту, Пажэцкаму й Яскевічу — па 10.

Затрымалі польскіх журналістаў

27 ліпеня па дарозе з Горадні ў Ліду былі затрыманы журналісты польскай «Gazety Wyborczej» Вацлаў Радзівіновіч і Роберт Кавалеўскі. У іх праверылі дакумэнты, выпісалі штраф. Потым міліцыянтам нехта затэлефанаваў, і яны зьнялі нумары з машыны ды затрымалі Ю.Пажэцкага.

У Шчучыне ў той самы дзень затрымалі журналістку польскага тэлеканалу і TVP1 Агнешку Рамашэўскую: яе абвінавацілі ў адсутнасьці акрэдытацыі МЗС.

«Суткі» журналістаў

Журналістаў А.Пісальніка і І.Банцара ў Горадні 1 жніўня затрымала міліцыя. Банцара затрымалі, калі ён нёс зварот Тадэвуша Гавіна да палякаў Беларусі; зварот канфіскавалі. Пісальніка даставілі ў Шчучын, каб асудзіць за акцыю 3 ліпеня. Суд будзе 4 жніўня, да суду журналіста адпусьцілі пад расьпіску.

Затрымалі Кеўляка

Віцэ-старшыню Саюзу палякаў Вацлава Кеўляка затрымалі 2 жніўня, калі ён з жонкай і хворым дзіцем ішоў у дзіцячую паліклініку.

Малітва за СПБ

У аўторак, 2 жніўня, у Бэрнардынскім касьцёле Горадні 200 чалавек на чале з старшынёй Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікай Борыс маліліся за вырашэньне канфлiкту ў арганізацыі. Пробашч касьцёлу пасьля імшы заклікаў не праводзiць нiякага спатканьня ля будынку, бо баiцца, што сьвятыні не дазволяць арганiзоўваць крыжовы ход на сьвята Божага Цела.

pahonia.promedia.by

Канцэпцыя Кручкоўскага, канцэпцыя Гавіна й канцэпцыя Борыс

Канцэпцыяй першага старшыні СПБ Тадэвуша Гавіна было цеснае супрацоўніцтва зь незалежным грамадзтвам Беларусі, у тым ліку з палітычнай апазыцыяй. У разуменьні Т.Гавіна польская меншасьць, хочучы захаваць сваю самабытнасьць, мусіць уключыцца ў будаваньне грамадзянскай супольнасьці ў краіне, мусіць падтрымаць дэмакратычныя парывы беларускага грамадзтва і курс на дэсаветызацыю ды эўрапеізацыю Беларусі.

Польскасьць у выданьні Тадэвуша Кручкоўскага грунтавалася на адмове ад кантактаў зь незалежнымі грамадзкімі арганізацыямі і цесным кантакце з уладамі. Польскі нацыяналізм спалучаўся зь ляяльнасьцю да рэжыму і… пагардай да беларускай культуры. У прыватнасьці, Т.Кручкоўскі актыўна ўжываў рыторыку «зьнешняга ворага», дзе ворагам аказаўся беларускі адраджэнскі рух! Такая пазыцыя была нэгатыўна ўспрынятая ня толькі беларускімі дэмакратычнымі сіламі, але й польскай грамадзкай думкай.

Зь іншага боку, Т.Гавіну закідалі празьмерную палітызацыю Саюзу палякаў. Канцэпцыя Анжалікі Борыс, настаўніцы па прафэсіі, акцэнтавала першапачатковую сутнасьць СПБ — грамадзка-культурную. На яе думку, Саюзу як грамадзкай арганізацыі трэба захоўваць «здаровую дыстанцыю» ад палітычных працэсаў.

Улады падтрымлівалі Т.Кручкоўскага. Аднак дэлегаты зьезду насуперак ціску падтрымалі кандыдатуру Анжалікі Борыс. Гэтак самая масавая арганізацыя ў Беларусі зрабіла стаўку на адраджэньне польскае культуры ў эўрапейскім, а не ў савецкім варыянце. Паказала, што бачыць Беларусь дэмакратычнай незалежнай краінай, а ня часткай «саюзу Беларусі й Расеі». За што й была неадкладна пакараная.

Паводле: Пётра Рудкоўскі. «Аранжавая рэвалюцыя ўжо адбываецца», «НН» №19, 2005.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0